|
|
|
№
2(76)/2016
Год Міласэрнасці
Юбілеі
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
АДРАДЖЭННЕ КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА Ў БЕЛАРУСI ЯК ДАР БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ (У КАНТЭКСЦЕ ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗII) Вялікія містыкі
Падзея
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Мастацтва
In memoriam
Вобразы і сімвалы
Пераклады
Паэзія
Мемуары
Ювеналій ХАРКЕВІЧ
ДЫЯРЫУШ ІСПАНСКАГА ПАДАРОЖЖА З ВІЛЬНІ Ў ГОРАД ВАЛЕНСІЮ НА ГЕНЕРАЛЬНЫ КАПІТУЛ ОРДЭНУ <...> БЭРНАРДЫНАЎ У 1768 Г. Прэзентацыя
|
Мяне заўсёды па-добраму здзіўляла, уражвала і захапляла, як Ніл Сымонавіч вёў размову са сваімі чытачамі. На самых розных літаратурных сустрэчах, у вялізнай зале Дома літаратара на Фрунзе, 5, на кніжных кірмашах, проста на вуліцах розных гарадоў. Мне заўсёды было цікава слухаць яго, але адначасна я радавалася таму, як людзі слухалі яго, якія задавалі яму пытанні. Сярод іх часта былі і даволі няпростыя пытанні, для адказу на якія патрабаваліся не толькі нейкія канкрэтныя веды, але і мужнасць, выяўленне жыццёвай пазіцыі, сумленнасць. Памятаю, як я так і не змагла дачакацца, калі паменее каля Паэта чарга ў полацкім скверы, на Скарынавым свяце кнігі. Было трохі сумна, што ў той дзень не змагла перакінуцца з ім хоць бы некалькімі словамі, але адначасна было і радасна за гэтую доўгую людскую чаргу з кнігамі да любімага Паэта, выкладчыка, прафесара і проста сумленнага чалавека. Затое іншым разам пашчасціла цэлы дзень пабыць з ім, паблукаць па вуліцах Полацка, наведаць нашы музеі, святыні… У той дзень у Полацку ладзіліся дзве сустрэчы з Нілам Сымонавічам і супрацоўнікамі выдавецтва «Про Хрысто», а мне пашчасціла не толькі быць удзельніцай тых сустрэчаў, але і папрацаваць экскурсаводам для шаноўных гасцей і маіх добрых сяброў. Добра памятаю словы Ніла Сымонавіча, якія ён сцішаным голасам прамовіў у Спаскай царкве святой Еўфрасінні Полацкай. — Падумаць толькі: дзе мы знаходзімся!.. — сказаў ён. Памятаю, як у пабудаваным напрыканцы ХХ стагоддзя касцёле святога Андрэя Баболі Ніл Сымонавіч уважліва слухаў расповед святара Францішка Кіселя. А калі той распавёў, як полацкія вернікі ў свой час вымушаныя былі купляць білеты ў кіно, каб трапіць на святую Імшу, якую з дазволу мясцовай улады цэлебраваў наш кардынал Казімір Свёнтак у былым кінатэатры, на вачах Ніла Сымонавіча заблішчэлі слёзы. З удзячнасцю прыгадваюцца і сустрэчы ў Полацку — ва ўніверсітэце і ў гарадской бібліятэцы. Паўсюль абавязкова знаходзіліся ягоныя былыя студэнты, якія ўжо самі працавалі настаўнікамі, выкладчыкамі ўніверсітэта, работнікамі ўстановаў культуры. Ніколі не забуду, як на сустрэчы са студэнтамі Ніл Сымонавіч гаварыў пра маю кнігу «Будзь воля Твая» і раптам ягоны голас задрыжэў, бо ён згадаў пра расстрэл вязняў беразвецкай турмы каля вёскі Мікалаеўшчына. «Кроў трэба там сабраць…», — паўтарыў ён некалькі разоў словы адной гераіні. І далей наш шаноўны госць разважаў, як гэта важна для нас, беларусаў, сабраць кроў нявінна забітых суайчыннікаў, знішчаных нялюдскімі ўладамі, якія ў розныя часы панавалі на нашай зямлі.
Іх было некалькі, запамінальных сустрэчаў, размоваў з Паэтам — у розныя часы, у розных гарадах. Цяпер яны з далечыні мінулых гадоў напаўняюцца нейкім новым, асаблівым зместам. Гартаю ягоныя кнігі, зборнікі вершаў, перакладваю выразкі з газет, часопісаў. Пасля адной такой публікацыі, здаецца, у «Народнай Волі», у снежні 1997 года я напісала ліст Нілу Сымонавічу — захацелася мне тады адгукнуцца на ягоны верш, у якім так выразна прачытваецца зварот да маіх землякоў, пакутнікаў-патрыётаў з Саюза беларускіх патрыётаў:
Падзякавала яму за тыя вершы і з даўкім камяком у горле напісала, што можа й няварта шкадаваць, што «саюз быў бы большым на аднаго», бо затое мы маем Паэта Ніла Гілевіча. Ніл Сымонавіч адказаў мне цёплым, удзячным лістом. …У маёй хатняй бібліятэцы ёсць некалькі кніг Ніла Гілевіча з аўтографамі Паэта. Вельмі шкадую, што няма ягонага аўтографа на кнізе «Лысая гара» — такую назву носіць гэтая кніга ў мяне, адрозную ад аўтарскай. І не таму, што яе выдаўцы нахабна парушылі аўтарскае права, а з мэтаю простай эканоміі месца на вокладцы. Надрукаваная гэтая кніга была недзе напрыканцы сямідзясятых гадоў на маёй друкарскай машынцы «Масква». «Выдаўцом» папрацавала я сама, а саматужны пераплёт зрабіў (за тое, што я дазволіла яму пачытаць гэты твор) мой калега, былы супрацоўнік наваполацкай гарадской газеты «Химик» Аляксандр Папко. Ён жа і вокладку аформіў, выкарыстаўшы для яе вокладку штодзённіка. Цяпер думаю пра тое, што гэтая мая саматужная кніга — выразны доказ папулярнасці Ніла Гілевіча. Тады, калі я друкавала для сябе паэму «Сказ пра Лысую гару», я асабіста яшчэ не ведала яго, дый не вельмі важна мне было тады, хто яе напісаў. Важней было тое, што яна была. І таму мне захацелася мець яе ў сваёй бібліятэцы, каб, зразумелая рэч, пры нагодзе даць яшчэ камусьці пачытаць. Колькі разоў хацела пахваліцца Нілу Сымонавічу сваім рарытэтам і ўсё забывалася гэта зрабіць пры нашых не надта й шматлікіх, але такіх запамінальных сустрэчах, размовах. Напэўна, таму забывалася, што заўсёды хацелася пра штосьці пагаварыць…
Гл. таксама:
|
|
|
|