|
|
|
№
2(76)/2016
Год Міласэрнасці
Юбілеі
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
АДРАДЖЭННЕ КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА Ў БЕЛАРУСI ЯК ДАР БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ (У КАНТЭКСЦЕ ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗII) Вялікія містыкі
Падзея
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Мастацтва
In memoriam
Вобразы і сімвалы
Пераклады
Паэзія
Мемуары
Ювеналій ХАРКЕВІЧ
ДЫЯРЫУШ ІСПАНСКАГА ПАДАРОЖЖА З ВІЛЬНІ Ў ГОРАД ВАЛЕНСІЮ НА ГЕНЕРАЛЬНЫ КАПІТУЛ ОРДЭНУ <...> БЭРНАРДЫНАЎ У 1768 Г. Прэзентацыя
|
Вось ужо восем дзён, як Гётэ знаходзіцца ў Браўншвайгу. У якасці міністра і пратакаліста ён суправаджае свайго сябра Карла Аўгуста, герцага Сакс’н-Веймарскага і Эйзенахскага, у тайнай місіі. Гэтае заданне прывязвае Гётэ да браўншвайгскага прыдворнага цырыманіялу; яно амаль не пакідае яму часу, каб агледзець горад і наваколле. «Гэтыя жахлівыя шэсць гадзінаў, якія я кожны дзень мушу праводзіць за прыдворным сталом», — піша ён фраў фон Штайн. Але сёння, у гэты бясхмарны летні дзень, у яго нарэшце застаюцца вольныя гадзіны: няма святочнага банкету, няма сустрэчы манархаў ці якой іншай абавязковай праграмы. Уладары яшчэ стомленыя пасля балю-маскараду, што адбыўся ў нядзелю. Аднак жа малады Гётэ выспаўся, у ім абудзілася прага дзейнасці. Нішто не можа ўтрымаць трыццаціпяцігадовага ў герцагскім замку, тым больш што будынак на вуліцы Больвег, які таксама завецца Шэрым Дваром, са сваім цэнтральным корпусам і бакавымі крыламі робіць незразумелае, даволі змрочнае ўражанне, і, апрача таго, яшчэ патыхае нечым затхлым. Паэт устае рана. У той час як ягоны слуга Зайдэль прычэсвае яго, у пакой уваходзіць мастак Георг Мельхіёр Краўс. Раней, чым яго чакалі, прыбыў ён у Браўншвайг назад па дарозе з Гослара. Ён паказвае Гётэ малюнак: гранітны ўцёс у гарах Гарца. Паэт у захапленні. Карціна абудзіла ўспаміны пра даліну ракі Окер, уцёс Рострапэ і архаічны хаос уцёсаў на гары ведзьмаў. Гётэ зараз жа загадвае сядлаць двух коней, бо адчувае неадольнае жаданне ўбачыць гару Брокен — хоць бы і здалёк. Абодва мужчыны вярхом на конях выязджаюць з горада. Каля брамы герцага Аўгуста вартавыя аддаюць ім чэсць. Краўс стрымлівае свайго буланага каня і кажа: «Адсюль усяго пяць хвілінаў язды да могілак святога Магні, дзе пахаваны пісьменнік Лесінг. Наведаем яго магілу?». Гётэ адно імгненне вагаецца, пасля прышпорвае свайго жарабца і скача да замка Рычманд. З гары Цукерберг ужо відаць Гарц. Гэтая панарама ўдалечыні вабіць мужчынаў, яны імкнуцца бліжэй да гораў і галопам імчацца на поўдзень. Каля Кляйн Штокхайма пачынаецца Гаспадарскі шлях – алея, якая вядзе проста ў Вольфэнбютэль. Яна служыць шляхце для выезду і хвальбы. Дарогу простаму народу перагароджвае шлагбаўм. Каля яго стаяць узброеныя гусары. Яны бачаць на аброці коней герцагскі герб і адкрываюць вершнікам дарогу. Алея злёгку падымаецца ўгару да Лехэльн Хольтца. Гётэ і Краўс скачуць навыперадкі, пакуль ад коней не пачынае ісці пара. У самай высокай кропцы дарогі, дзе Гаспадарскі шлях спускаецца да Вольфэнбютэля, яны спыняюцца, каб даць коням перадыхнуць. Недалёка ад іх месца адпачынку яны бачаць Штэрнхаўс, зорны дом, —пабудаваны строга геаметрычна павільён. Знадворная лесвіца з шаснаццаццю прыступкамі вядзе ў васьмібаковую люстраную залу, упрыгожаную залатымі фігуркамі анёлаў і ляпнымі аздобамі. Шляхта ў час іх прывольнай прагулкі можа тут адпачыць; а калі яны падарожнічаюць парачкамі, то ў чатырох мэбляваных пакоях у пастэльных колерах знойдзецца магчымасць для ўсялякіх забаваў. Тут якраз пад’язджае ландо і спыняецца каля вялікай лесвіцы. Вазніца ў блакітна-жоўтым сукне кіруе карэтаю, запрэжанаю чацвёркай коней. Два лёкаі ў ліўрэях саскокваюць з задняй падножкі. Яны адчыняюць дзверцы карэты і дапамагаюць выйсці нейкай разадзетай даме ў крыналіне. Гэта Генрыета фон Хартфэльд, каханка герцага Браўншвайгскага. Гётэ мімаволі нахіляецца за кустом: калі б Хартфэльд убачыла яго, яна яго не адпусціла б, і ён мусіў бы гадзінамі слухаць апошнія прыдворныя плёткі.
Гётэ кажа Краўсу: «Я сярдзіты на гэтую даму, яна ўзяла верх над разумнай Бранконі. І што ў гэтай Хартфэльд такога, што прываблівае герцага?». Мужчыны выпраўляюцца ў дарогу — скачуць напрасткі на ўсход да замка Зальцдалум. Мясцовасць узвышаная, вока дастае ажно да грады ўзгоркаў Асэ. Толькі той, хто набліжаецца да замка з захаду, з Атцумер Хольтца, можа адзіным позіркам ахапіць парк і палац ва ўсёй раскошы. Сёння ў сонечным святле ззяе золата флюгераў і разлятаецца беласнежнымі пырскамі вада з фантанаў. Гэты французскі парк з ягонымі алеямі, жывымі агароджамі з самшыту, з Парнасам, з ягонымі гротамі і фігурамі з алебастра — проста чароўны сад. Яшчэ больш раскошным адкрываецца воку замак. Аранжарэя і галерэя размяшчаюцца па баках галоўнага палаца ў стылі барока. Будынкі стаяць ступенямі. Блішчыць пакрытая палівай чарапіца на дахах. Эркеры, франтоны і карнізы – сапраўднае багацце колераў: зялёны, жоўты, пурпуровы і зноў, і зноў залаты. Здзіўлены і захоплены Краўс усклікае: «Вэльфы, чорт бы іх пабраў, бяруць прыклад з Караля-Сонца!». Гётэ ўсміхаецца і адказвае: «Гэта падман, сцены зроблены з дрэва, а фасады — толькі тэатральна-дэкаратыўнае мастацтва». Каля галоўных брамаў стаяць адна насупраць адной дзве вартавыя будкі. Калі вартавыя салдаты бачаць вершнікаў, кожны з іх бярэ свой карабін «на каравул». У першым унутраным двары насустрач вершнікам спяшаюцца слугі, якія пытаюць, чаго жадаюць госці. Гётэ перадае ім коней, у яго ў думках перш за ўсё адно: ён хоча ўбачыць легендарную калекцыю карцін. Заходзячы ў Зялёны двор, ён толькі мімаходзь глядзіць на гадзіннікавы павільён. Цяпер, зблізку, палац выглядае заняпалым: чуеца шоргат, цэлыя кавалкі тынку ападаюць са сценаў. Але ў вялікай галерэі ўсё яшчэ заўважная былая раскоша замка. Вялізная зала з яе бакавымі кабінетамі — сапраўдная скарбніца сусветна вядомых карцін. На сценах вісяць палотны Рубенса, Тыцыяна і Рафаэля, Рэмбрандта, Дзюрэра, Кранаха і іншых мастакоў. Краўс у захапленні замірае перад карцінаю з сукаватымі дрэвамі. Гэта «Дубы ля Кверума» пэндзля Ёгана Фрыдрыха Вайча «Пашы»1. Гётэ прагне ўбачыць пэўную карціну — «Партрэт шаснаццацігадовай дзяўчыны» галандца Цэзара ван Эвэрдзінгена. Пасля нядоўгіх пошукаў ён знаходзіць яе. На карціне — маладая жанчына з высокім ілбом, дзіцячым позіркам і цнатлівым выглядам. Яна нагадвае яму Ганну Амалію, герцагіню Вэймарскую. Зачараваныя карцінамі, мужчыны забываюць пра месца і час. Толькі калі ключнік бразгае ключамі, яны думаюць пра ад’езд. Коні напоеныя, мяшкі з кормам знятыя. Краўс і Гётэ шчодра плацяць слугам і скачуць прэч. Перад Машэродэ яны яшчэ раз азіраюцца. Парк і палац, залітыя вечаровым сонечным святлом, здаюцца казкаю з «Тысячы і адной ночы»...
Заўвага Па загадзе герцага Антона Ульрыха Браўншвайгскага і Люнэбургскага ў 1688 годзе па планах Ёгана Бальтазара Лаўтэрбаха і Германа Корба пачалося будаўніцтва замка Зальцдалум. Палац быў пабудаваны з дрэва ў стылі фахверк, але дзякуючы роспісу будынкі выглядалі як каменныя. Раскошны загарадны замак усяго толькі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў быў цэнтрам прыдворнага жыцця. У 1733 годзе тут адбылося вяселле Фрыдрыха Вялікага з браўншвайгскай прынцэсай Элізабэтай Крысцінай. Ужо ў 1790 годзе замак прыйшоў у заняпад і ў 1813 годзе яго знеслі. Вялікія часткі каштоўнай Зальцдалумскай калекцыі карцін цяпер знаходзяцца ў музеі герцага Антона Ульрыха ў Браўншвайгу.
Пераклад з нямецкай мовы
Літаратура:
|
|
|
|