Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(76)/2016
Год Міласэрнасці

«ІМЯ БОГА — МІЛАСЭРНАСЦЬ»
Юбілеі
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Падзея
Мастацтва

АДЗІНСТВА Ў РАЗНАСТАЙНАСЦІ
Літаратуразнаўства
Мастацтва
In memoriam

НІЛ, ЯКІ ЖЫВІЎ ПУСТЫНЮ
Вобразы і сімвалы

СВЯТЫЯ РУЖЫ
Пераклады
Паэзія

ПАД ЗОРКАЮ ХРЫСТА

СПЫНЯЮ ЧАС...
Мемуары
Прэзентацыя

Ювеналій ХАРКЕВІЧ

ДЫЯРЫУШ ІСПАНСКАГА ПАДАРОЖЖА З ВІЛЬНІ Ў ГОРАД ВАЛЕНСІЮ НА ГЕНЕРАЛЬНЫ КАПІТУЛ ОРДЭНУ <...> БЭРНАРДЫНАЎ У 1768 Г.

16 дзень красавіка. Раніцай мы выехалі грамадой з Балонэ1 і доўга перабіраліся праз Пірэнейскія горы ў Іспанію. Хаця дарога была шырокая і ўезджаная, я і іншыя ішлі пешшу, бо з-за вялікай вышыні страшна было глядзець уніз. Тут, паміж гор, на высокай гары пры самай французскай мяжы, стаіць [вялікая] — як ахапіць вокам — французская фартэцыя з моцным узбраеннем, а сярод гор унізе пад ёю — вялікая каменная мытня, дзе мы прад’явілі пашпарты, узятыя ў Перпіньяне. Праехаўшы тую мытню і пакінуўшы ўбаку фартэцыю, мы апынуліся каля вялікага слупа з цясанага каменя, на якім з аднаго боку быў французскі герб «Лілеі», а з другога — іспанскі; за гэтым слупом пачалося ўжо Іспанскае Каралеўства. Калі спусціцца з гор, аказваешся ў блізкім іспанскім мястэчку, званым Хункерас2, па прамой праз горы адлеглым ад Балонэ на добрыя 3 лье. Тут мы паабедалі і падвергліся дагляду, але ў мяне не было нічога, апрача меха з валасяніцамі. <...>

Тут, у Іспаніі, як у Францыі — ліўры ці франкі або ў нас — тынфы, грашыма служаць песеты, якіх даюць 10 за # 1 галандскі. Тыя песеты маюць у сабе 50 з лішкам на нашыя грошы. Ёсць тут таксама чырвоныя паўзалатыя, малыя, як шэлег, называныя шкуды , за два якіх даюць адзін галандскі чырвоны залаты.

З Хункераса выехалі па абедзе і на ноч прыбылі ў вялікае мястэчка, званае Фігерэс, дзе каля 10 дэлегатаў начавалі разам з намі ў кляштары нашых айцоў абсэрвантаў, якія нас ласкава прынялі і ўсім далі па асобнай келлі, часова перавёўшы сваіх манахаў у іншае месца.

Тут, у Іспаніі, нашы і іншыя айцы адрозніваюцца ад французскіх, як неба ад зямлі. Тут ужо назіраюцца манаская сціпласць і любоў, рэгулярныя набажэнствы ў касцёле, прытрымліванне статуту. Іспанскія габіты скроены такім манерам, як у італьянскіх абсэрвантаў, але светла-шэрага колеру, бліжэй да светла-блакітнага; носяць плеценыя з пянькі сандалі. <...>

17 дзень красавіка. Другая нядзеля па Вялікадні. Раніцой а 3-й гадзіне адправілі мы ў Фігерэсе св. Імшу, а 4-й гадзіне выехалі і праз 7 іспанскіх міляў прыбылі ў горад Жырона. <...> Абедалі мы ў Жыроне ў нашых айцоў абсэрвантаў.

Жырона — горад, размешчаны ў перадгор’і, на рэках Аньяр і Тэр. Яе фартэцыі размяшчаюцца побач, на гарах. Кажуць, што тут ёсць свой біскуп.

З Жыроны мы выехалі па абедзе, а начавалі за 4 лье ў аўстэрыі, званай Маджарына.

18 дзень красавіка. Рана выехаўшы з Маджарыны, праехалі 6 лье і перадыхнулі ў нейкай аўстэрыі каля моцнага і высокага каменнага моста. Непадалёку, убок ад маста, віднеўся кляштар айцоў капуцынаў3. Тут мы не абедалі, але айцец правінцыял Калабрыі меў з сабой італьянскі сальцісон, якога мы з’елі па кавалку і запілі бутэлькай віна, развёўшы яго вадой.

Перадыхнуўшы, рушылі далей і праз 4 або 5 лье спыніліся на начлег у аўстэрыі, званай Рэкулу .

19 дзень красавіка. З Рэкулу выехалі а 4-й гадзіне раніцы і праз 4 лье а палове на дзясятую прыбылі ў Барселону.

Дарога да Барселоны, пачынаючы ад іспанскай мяжы, была месцамі скалістая, месцамі камяністая. Будынкі па вёсках каменныя, вокнаў не маюць, толькі замыкаюцца аканіцамі з-за вялікай спякоты, якая пануе ў тым высакагорным краі. Многа ляжыць аблогам неапрацаванай зямлі, бо іспанцы гультаяватыя да гэтага. Нідзе не маюць сена і лугоў, бо паўсюль скалістая мясцовасць. Коней кормяць саломай, парубанай на сечку, змешваюць яе з сабранымі з дрэва бабамі, якія даўжэйшыя за нашу фасолю, але саладзейшыя. Дрэва4, на якім растуць, накшталт дуба, толькі меншае і разложыстае, як яблыня. Аўстэрыі паўсюль малыя і бедныя, рэдка дзе можна здабыць пасцелю — спяць на сенніках, таму тут лёгка можна падхапіць каросту, бо з-за вялікай спякоты нямала іспанцаў пакрытыя каростай. У Барселонскім Каралеўстве яшчэ магчыма здабыць ежу ў аўстэрыях, бо тут часта праязджаюць французскія купцы. Але далей, напрыклад, у Каралеўстве Валенсіі, нічога нельга здабыць: трэба ў адным месцы — віно, у другім — хлеб, у трэцім — мяса або рыбу купляць і гатаваць самому; да таго ж у аўстэрыі трэба плаціць за стол, за якім ясі. <...>

Калі мы заехалі ў гарадскую браму Барселоны, нам загадалі спыніцца і зрабілі дагляд рэчаў, а паколькі я нічога не меў, то да да мяне паставіліся менш сурова. Аднак куфар калабрыйскага правінцыяла праверылі цалкам. Айцец кусташ Марсэля, як француз, маючы магчымасць гаварыць з віцэ-каралём, сабраўшы ва ўсіх нас пашпарты, пайшоў разам з іспанцамі ў палац, а мы тым часам паехалі ў кляштар нашых айцоў абсэрвантаў. Тут мы і абедалі, і начавалі.

20 дзень красавіка. Бавіў час у Барселоне.

Барселона — іначай называецца Barcinone — сталічны горад Каралеўства Каталоніі, размешчаны на Міжземным моры, вялікі, вельмі прыгожы, вясёлы, людны, гандлярскі, мае розныя мануфактуры, асабліва па вырабе ядвабу і металу. Стрэльбы, брытвы і іншыя цырульніцкія інструменты тут найлепшыя ў Еўропе, бо тут самае якаснае жалеза. Таксама ў крамах дастаткова дарагіх камянёў на продаж з Азіі, Амерыкі. Вуліцы горада брукаваныя гладкім каменем. Увесь горад аточаны мураванымі, засыпанымі ўнутры валамі, над якімі ўзвышаюцца прыгожыя вежы. Вялікага прадмесця не мае, ёсць толькі нешматлікія будынкі. Гарадскія муры знаходзяцца на аддаленні ад валоў. Касцёлы і кляштары цудоўныя. Нашы абсэрванты маюць тут два кляштары: адзін вялікі на самым узмор’і (тут бераг умацаваны высокай сцяной з цясанага каменя і мае насып з боку горада, на якім размяшчаюцца жаўнерская стража і вялікія гарматы, скіраваныя на мора), другі кляштар — углыб горада. Той, што знаходзіцца каля порта5, па працягласці бадай пераўзыходзіць усе нашы палацы ў Польшчы, бо паздзелены на 3 квадратныя ўнутраныя галерэі, у кожнай з якіх на газонах, разбітых на квадраты, мілыя і чыстыя садочкі, сярод якіх б’юць пекныя фантаны. Колькі разоў лімонныя, апельсінавыя дрэвы служылі для тых, хто бачыў іх упершыню, увасабленнем зямнога раю! Сам кляштар, хоць збудаваны на два паверхі, аднак унізе і ўверсе мае працяглыя — для шпацыраў браціі ўлетку падчас гарачыні — унутраныя галерэі, якія абапіраюцца на цясаныя каменнныя калоны. І хаця тады быў яшчэ красавік, я дзівіўся, што лімоны і апельсіны на дрэвах настолькі выспелыя, што падаюць самі, лісце іх пахучае і шырокае. <...> Другі кляштар абсэрвантаў знаходзіцца глыбей у горадзе, ён меншы, і тут маецца вучэльня. У першым — таксама нашы манахі, акрамя ордэнскіх школаў, вучаць малых дзяцей чытанню і пісьму, і лаціне, бачыў я тут мноства такіх дзяцей, што прыходзяць з горада. У першым, вялікім кляштары, за галерэяй знаходзіцца асобны эрэміторый6, прыгожа збудаваны ў садзе, дзе знаходзіцца келля нашага айца св. Францішка, у якой ён жыў, калі прыходзіў сюды, у Іспанію, прапаведаваць Евангелле. Цяпер гэтая келля ператворана ў капліцу, у якой Бог мне дазволіў пабываць і памаліцца. У першым кляштары заўсёды жыве паўтары сотні манахаў. Таксама меў шчасце пабываць у катэдры7, якая надзвычай прыгожая, каменная, вялікая і старажытная, толькі цёмная <...> (старажытныя касцёлы паўсюль цёмныя — з-за велічыні; нават і ў светлых вокны фіранкамі з матэрыі засланяюць — і з-за спякоты, і дзеля большай сузіральнасці). У катэдры пад вялікім алтаром знаходзіцца саркафаг св. Эўлаліі8 (дзевы і мучаніцы, замучанай у часы імператара Дыяклетыяна; цела святой знаходзіцца ў мармуровай труне), да якога трэба спусціцца па прыступках у склеп. Тут гарыць мноства лямпаў на аліве. У езуіцкім касцёле9 прыгожы, з мармуру і каменя фасад, але на той час касцёл быў апячатаны і пры ім стаяла варта, бо езуітаў пераследавалі, і таму я не змог пабываць у ім. <...>

У дні перад ад’ездам мы мелі вялікі клопат з атрыманнем пашпарта ад віцэ-караля, які заключаўся ў тым, што выйшаў строгі каралеўскі загад, каб ніхто з выгнаных езуітаў не з’яўляўся ў нашым габіце (гэта здалося мне благой палітыкай, бо тыя манахі загінулі на моры нявіннымі ахвярамі). Таксама падвяргалі нас больш строгаму агляду, каб не дазволіць айцу Бонавэнтуру — генеральнаму дэфінітару, неапалітанскаму абсэрванту — ступіць на іспанскі бераг, бо і кароль, і генерал ордэну забаранілі яму з’яўляцца. Аднак наш айцец з таго кляштара стараўся хутчэй зрабіць нам пашпарты, якія, прынёсшы, аддаў нам. <...>

21 дзень красавіка. Па абедзе выехалі з Барселоны, а начавалі за 4 лье ў гарадку, званым Мартарэль. Вячэра была добрая, яшчэ па-французску, і плата такая ж.

22 дзень красавіка. Выехаўшы раніцай з Мартарэля, праехалі блізу 5 лье, абедалі ў вялікім мястэчку, званым Віла Франка, у нашых айцоў абсэрвантаў, дзе прынялі нас добра. У тым мястэчку стаіць каралеўская драганерыя.

Начавалі ў аўстэрыі, званай Фіжэрэтта, штосьці каля 6-7 лье ад мора.

23 дзень красавіка. Выехаўшы раніцай з Фіжэрэтта, ехалі ўздоўж мора і прыбылі ў горад Таррагона, у якім хаця і нядоўга прабылі, аднак, вяртаючыся з капітула, цэлы дзень прабавіў я час у нашых айцоў абсэрвантаў і агледзеў горад і валы, па якіх прайшоўся.

Таррагона — горад, размешчаны на самым беразе мора. У даўніну быў прызначаны рымлянамі сталіцай Hispaniae Tarragonensis10, быў моцны і амаль непрыступны, але цяпер вельмі зруйнаваны. Ад старажытнасці засталіся толькі руіны. Аднак прыемны, бо, размяшчаючыся на гары, адкрывае прыгожы выгляд на мора. Мае невялікі порт і цудоўныя касцёлы. Горад найбольш вядомы тым, што тут, паводле гісторыкаў, імператар Аўгуст выдаў эдыкт на перапіс насельніцтва ўсяго свету, як пра тое піша св. Лука (Лк 2, 1–3) . Тут, у порце, размяшчаюцца гарматы і каралеўскі гарнізон. Вядомы горад і тым, што тут маўры11 паслалі на неба мноства мучанікаў, пра што часта чытаем у Maртыралогу Tarraconae in Hispania або in Hispania Tarragonensi . <...> У тым горадзе ёсць свой біскуп ці арцыбіскуп.

Праехаўшы Таррагону, паабедалі пракладна за 5 лье ад начлегу, у гарадку Віла Сэка, пасля чаго слухалі ў мясцовай фары Імшу з нагоды свята Юр’я, паколькі тут гэта ўрачыстае свята. За абед на дваіх заплацілі на нашыя 2 злотых і 9 грошаў, але елі адну марскую рыбку, якую самі ж і падсмажылі на кратцы.

З Віла Сэка выехалі па абедзе і амаль увесь час ехалі праз скалы і дзікую, неабжытую мясцовасць, праз кусты размарыну, якія густа раслі па скалах. З правага боку былі высокія горы, а з левага — блізкае мора, так што ахапляла нейкая жудасць. На ноч прыбылі ў аўстэрыю, што стаяла ля самага мора і называлася Шпіталет.

24 дзень красавіка. Трэцяя нядзеля па Вялікадні. Паколькі побач з аўстэрыяй Шпіталет над самым морам знаходзіцца замак з высокімі — для абароны ад маўраў — сценамі, а ў ім ёсць капліца і жыве свецкі ксёндз, жаўнерскі капелан, то з яго дазволу раніцай а 3-й гадзіне айцец кусташ з Марсэля адправіў св. Імшу, а мы ўсе з фурманамі прысутнічалі на ёй і адразу пасля св. Імшы выехалі са Шпіталета. Ехалі мы таксама праз дзікія скалістыя мясціны над морам і паміж гор, дзе не было ніводнага абжытага месца, але на паўдарозе паказаўся вялікі замак і фартэцыя на высокай гары, аб якую мора разбівае свае хвалі. На той фартэцыі відно шмат гарматаў, скіраваных на мора на выпадак нашэсця сарацынаў, якія рыскаюць па моры. Гэта тая фартэцыя, якую мы згадвалі ўчора, апісваючы Таррагону. Паміж гор, уніз ад той крэпасці, стаіць аўстэрыя для жаўнераў і падарожных. Праз тыя скалістыя горы доўга і з цяжкасцю ішлі мы пешшу, і невыносна дакучала нам спякота. Затым прыбылі мы пад абед у мястэчка Перэльё, адлеглае ад начлегу на 6 лье, і тут, у фары, з айцом правінцыялам Калабрыі адправілі св. Імшу. <...>

З Перэльё выехалі па абедзе і праз 4 лье прыбылі на начлег у горад Тартоса, недалёка ад якога спаткалі біскупа з хлопчыкам, што ішлі да вільі12; біскуп благаславіў усіх, хто пакланіўся яму з вазоў. Я бачыў, што тут іншыя стан рэчаў і пакора, чым у нашых біскупаў. Прыбыўшы ў горад і пакінуўшы фурманаў у аўстэрыі, пайшлі мы пешшу праз мост на рацэ ў кляштар нашых айцоў абсэрвантаў, які мясціўся недалёка ад горада. На мосце нас дагнаў айцец прaвінцыял Каталоніі, які вяртаўся з горада ў кляштар, і ўжо разам мы прыбылі ў кляштар, дзе ён прыняў нас добра, як бы мы былі ў сваім кляштары. Вячэралі ў рэфектарыі, ён частаваў нас добрым віном. Кляштар тут вялікі і прыгожы, аднак у той час яшчэ завяршалася ўзвядзенне муроў. <...> Гэты горад мае свайго біскупа і акадэмію.

25 дзень красавіка. З Тартосы мы выехалі раніцай і праз 4 лье прыбылі на абед у гарадок Вайдэкона13. І тут у аўстэрыі нічога не знайшлі паесці, толькі, дастаўшы з меха, з’елі па кавалку свайго сыра і сальцісона, дакупіўшы віна; аднак заплацілі паўпесеты за стол. У аўстэрыі бедна і неахайна, і аж да самой Валенсіі ўсе аўстэрыі тут такія. <...>

26 дзень красавіка. <...> Праехалі два гарадкі, назвы аднаго дапытацца не мог, а другі завецца Алькала. Вяртаючыся, начавалі ў тым гарадку ў нашых айцоў дыскалцэатаў, у якіх тут hospitium14. Паколькі дэлегатаў было многа, айцец прэзідэнт15 завёў нас праз вуліцу да сындыка16, дом якога знадворку выглядаў убога, але ўнутры меў вельмі чыстыя памяшканні з даволі прыгожымі пакоямі; у яго нам з айцом, турынскім кусташам, на ядвабных ложках добра спалася, бо тут ядваб распаўсюджаны, хапае яго і ў Алькале. Вельмі прыгожая фара, якую я наведаў на зваротным шляху. Пасярэдзіне — вялікі купал, які высіцца над дахам, а па краях — капліцы з купаламі, і ўсе гэтыя купалы знаходзяцца пад дахам, адны ліхтары ўзвышаюцца над ім.

Ад’ехаўшы ў той дзень на 7 лье ад начлегу, на абед прыбылі мы ў аўстэрыю Ласаньета, дзе ўжо здабылі яйкі і рыбу, з якіх складаўся наш абед у мясны дзень. Заплацілі мы на нашыя 27 грошаў.

Выехаўшы па абедзе з Ласаньеты, праехалі 4 лье і прыбылі ў гарадок Кастэльён17 — вялікі, размешчаны на ўзмор’і. Тут знаходзіцца вельмі прыгожы, вялікі і маляўнічы кляштар нашых айцоў абсэрвантаў. Тут, у гэтым кляштары, месцяцца таксама філасофскія штудыі. У гэтым кляштары мы начавалі, а вяртаючыся — абедалі. Прынялі нас пачціва і міла. У той час знаходзіўся там айцец Карлас — лектар, які жыў у Ерузалеме з нашым айцом Бурніцкім18 і якому праз мяне перадаў іспанскую хустачку.

27 дзень красавіка. Выехаўшы раніцай з Кастэльёна, праз лье прыбылі мы ў вялікі гарадок Вілья Рэаліс19, дзе жывуць нашы айцы рэкалекты, а ў касцёле ляжыць цела св. Пасхаліса20. Мы хацелі застацца тут на абед, але не дазволілі фурманы, адно што, высеўшы з воза, схадзілі ў касцёл і, прачытаўшы колькі пацераў перад алтаром св. Пасхаліса, вярнуліся на вазы, каб ехаць далей. Аднак калі я ўжо вяртаўся з капітулы, дазволіў мне міласэрны Бог пабачыць саркафаг св. Пасхаліса, бо тут, у кляштары, мы правялі амаль дзень. Той касцёл св. Пасхаліса мае форму крыжа, тут, у капліцы з левага боку ад уваходу ў касцёл, ляжыць на ўзвышэнні, над алтаром, г.зн. над мэнсай, дзе адпраўляецца св. Імша, цела слугі Божага; калі ўздымуць ззаду выяву на шрубах, якая засланяе цела, за шклом людзі бачаць труну св. Пасхаліса, што мае шкляныя шліфаваныя бакі. Паколькі знізу разгледзець яе складана, адамкнуў нам ксёндз дзверы побач з алтаром, з кута эпісталы21, увайшоўшы ў якія, апынуўся я ў іншым пакоіку накшталт сакрыстыі; у тым пакоіку з левага боку ідуць прыступкі за алтар і там знаходзіцца капліца з якаснага мармуру, аздобленая мастацкай разьбой, цалкам пазалочаная, а таксама алтар зверху, ззаду алтара, які бачны з касцёла. Вось у такой капліцы каля самой мэнсы ляжыць цела святога. Аднак яно не было бачна, пакуль айцец, сышоўшы ўніз, не крутануў механізм і не апусціў заслону (усе гэтыя прылады знаходзяцца пад замкамі), тады зблізу ўбачылі мы за шклом цела св. Пасхаліса. Тое святое цела несатлелае, бачныя найменшыя суставы пальцаў і прысохлая да косці скура, як вэнджаная. Відаць, што гэты святы быў невысокага росту. На святым целе — габіт са светла-блакітнай матэрыі. Памаліўшыся перад святымі рэліквіямі, мы паехалі. Кажа брація, што і цяпер часам чуваць ціхі шолах у труне (як апісана тое ў жыціі святога). Таксама і генерал ордэну Пасхаліса а. Варысьё, едучы на капітул перад тым як стаў генералам, адпраўляючы тут святую Імшу, чуў трымценне ў тым святым целе і яго жылах, пра што распавядала тутэйшая брація.

Вілья Рэаліс ляжыць на прыгожай раўніне, вакол сады; кіпарысавыя, таксама як і пальмавыя дрэвы, якіх тут шмат, стваралі для мяне мілы відарыс.

Выехаўшы з Вілья Рэаліс, праехаўшы дужа многа прыгожых вёсак і мястэчак, прыбылі мы ў горад Mарв’едра 22. <...>

Марвьедра па-іспанску, на лаціне Muri veteres, даўней, з часоў рымлянаў, называўся Saguntium, або Saguntina civitas. Горад разлеглы, знаходзіцца пад гарой. Калісьці рымляне ваявалі тут з карфагенянамі і Ганібалам23. На доўгай гары, бачнай на некалькі міляў, віднеюцца вялікія муры, збудаваныя рымлянамі і карфагенянамі, працяглыя, нібыта вакол якога горада, але цяпер там адны руіны і ніхто не жыве, а новы горад заснаваны ў перадгор’і. Відаць, таму і называюць яго Muri veteres. У касцёле трынітарыяў, дзе раней была бажніца Дыяны, маецца яе жывапісная выява і надпіс, прысвечаны ёй у старажытнасці. Кляштар нашых абсэрвантаў прыгожы і зручны. Вяртаючыся, мы начавалі ў гэтым кляштары.

Пакідаючы па абедзе Марв’едра (паколькі часу да капітулы заставалася многа, нават задужа, а Валенсія была толькі за 4 мілі), параіліся мы з браціяй, у якім кляштары пачакаць, і паведамілі нам, што за паўтара лье ёсць кляштар Валліс Езу, ад якога да Валенсіі застаецца яшчэ 3 лье. Пастанавілі мы там спыніцца. <...> Едучы да таго месца, бачылі з правага боку ад дарогі, каля гор, кляштар у садах. Ссеўшы тады з вазоў, пайшлі мы пешшу — я са спадарожнікам, правінцыял Калабрыі з спадарожнікам і кусташ з Марсэля. Убачыўшы, што мы ідзем, выйшлі з кляштара нам насустрач 3 браты і прынялі нас з радасцю: кожнаму з нас далі па асобнай келлі, тут мы і начавалі.

28 дзень красавіка. Ад гэтага дня аж да 9 мая прабавілі мы час у тым кляштары Валліс Езу.

Валліс Езу — кляштары нашых айцоў абсэрвантаў Валенсійскай правінцыі, дом рэкалектаў. Тут жыве каля 15 чалавек, сярод якіх 3 браты, якія гатуюць есці, апрацоўваюць сады, прыносяць міласціну, нават самі вазамі ездзяць на мулах, возяць грузы, падобна як у нас свецкія найміты, і не саромеюцца гэтага.

Па правым баку ад уезду з Марв’едра ў той кляштар высяцца горы, і таму ўлетку трывае невыносная спякота, бо цяпло адбіваецца ад гор. З левага боку ў колькіх стаях мора і мястэчка яго вялебнасці ягамосці арцыбіскупа Валенсійскага. Сам жа кляштар размешчаны асобна, далёка ад гарадка. <...> З высокай галерэі таго кляштара ўбачылі мы Валенсію, ад аднаго погляду на якую ўнутраная прырода, прыгнечаная столькімі цяжкасцямі ў час прыкрага падарожжа, напоўнілася адчуваннем ведання, расплываючыся, як воск ад агню, радасцю ад таго, што найвышэйшы Бог, які абяцаў узняць служкаў сваіх на руках анёлаў, каб аб камень ног сваіх не паранілі, дзякуючы паслушэнству, якое абяцалі яму дастойнікі пры прафесіі24, шчасліва давёў да вызначанай мэты і захаваў жывымі. Вакол таго кляштара маюцца таксама разлеглыя аліўкавыя сады. З-за вялікай колькасці манахаў у такіх кляштарах рэкалектаў у Валенсійскай правінцыі абсэрвантаў каля 9. Апрача нас, сюды не скіраваўся ніводны дэлегат — яны, відаць, збаяліся спёкі, таму мы ўпяцёх мелі ўсялякія выгоды. Некаторыя, аднак, прыплывалі морам, прыбывалі да св. Пасхаліса cum voto25. Тутэйшыя манахі ні за якую Імшу ахвяравання не бяруць, але ўсе Імшы адпраўляюць у імя паміраючага на крыжы Хрыстовым, і сюды не плыве ніякі грош, апрача неабходных законнікам ежы і піцця, неабходнага хлеба, мяса, віна і etc.

Непадалёку, за чвэрць нашай мілі, віднеецца кляштар айцоў картузаў, увесь акружаны кіпарысамі і пальмамі; ён даволі прыгожы.

Май

9 дзень мая. У гэты дзень, маючы намер наведаць у тутэйшай ваколіцы яшчэ некаторыя кляштары, падзякаваўшы айцу гвардыяну за ласку, а 5-й гадзіне раніцы мы з айцом кусташам Марсэля, французам, адправіліся пешшу ў кляштар абсэрвантаў у імя св. Дыдака26, размешчаны па правы бок ад Валенсіі, ішоўшы туды спешна тры з чвэрцю гадзіны. Іспанцы, якія ішлі па гэтай дарозе з асламі, прапаноўвалі нам сваіх вослікаў, каб мы селі на іх і ехалі, але мы, падзякаваўшы ім за ласку, прадоўжылі свой шлях. У той кляштар прыбылі перад абедам, увесь шлях прайшоўшы садамі. Праз гарачыню я ледзь змог дайсці да кляштара. У гэтым кляштары сустрэлі мы мноства італьянскіх і карсіканскіх дэлегатаў. Там мы прабылі ўвесь дзень і заначавалі. Кляштар св. Дыдака надзвычай прыгожы, месціцца на раўніне каля вёскі, уся мясцовасць вакол яго на 2-3 нашыя мілі пакрыта аліўкавымі садамі і вінаграднікамі. <...>

10 дзень мая. Раніцай з кляштара св. Дыдака пайшлі мы пешшу ў Валенсію і ішлі 2 з чвэрцю гадзіны. Па дарозе аглядалі мы між садоў кляштар і прыгожы касцёл еранімітаў27. Таксама іспанцы ўвесь час нас разглядвалі, бо мы былі апранутыя ў іншыя строі. Так з Божай дапамогай прыйшлі мы ў Валенсію, а паколькі генерал ордэну загадаў, каб ніводзін дэлегат не ўваходзіў у Валенсію аж да ночы напярэдадні свята Унебаўшэсця Пана, якое прыпадала на заўтра, то мы скіраваліся ў кляштар дыскалцэатаў у імя св. Яна Хрысціцеля, што ляжаў за гарадскімі валамі, дзе сустрэлі каля ста дэлегатаў. Тут мы прабавілі цэлы дзень, будучы прынятыя з вялікай манаскай любоўю. Дыскалцэаты маюць тут вялікі кляштар (аднак у іх паўсюль малыя келлі), цудоўную бібліятэку, у якой пасля абеду ўсіх дэлегатаў частавалі добрым віном <...>.

11 дзень мая. За 2–3 мілі ад Валенсіі ёсць мноства кляштараў нашых абсэрвантаў, такіх як Валліс Езу, Каронэ Езу, Санкці Дыдацы і г.д.

Катэдра ў Валенсіі старажытная, з цясанага каменю, ёсць на што паглядзець; на яе версе можна вольна хадзіць і ўглядацца ў марскую далеч28. Алтар у гэтым касцёле вялікі, з літага металу, пакрыты золатам. Там жа, у скарбніцы, паказалі нам мноства незвычайных рэліквій святых. 1. Келіх з агату, якім карыстаўся Пан Езус на Апошняй Вячэры, зроблены ў выглядзе чашы, па форме падобны да паловы гусінага яйка, разрэзанага ўпоперак, з якога — паводле традыцыі, трымаючы яго на далоні, — пілі Езус Хрыстус і апосталы. І цяпер яшчэ відаць, што да яго дастасаваная падстаўка з таго ж каменя — накшталт нашых келіхаў, а каб падстаўка надзейна злучалася праз ножку з келіхам, яе філігранна прымацавалі залатымі паскамі. 2. Асобныя калючкі з цярновага вянка, якім быў укаранаваны наш Пан. Яны белыя і цвёрдыя, як костка, на канцах чырванаватыя ад Найсвяцейшай Крыві. 3. Няшытая кашулька Немаўляці Есуса, зробленая рукамі Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Таксама валасы Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якія выглядалі бялявымі. Два Юдавы срэбранікі, на якіх з аднаго боку твар, а з другога — цюльпан. 4. Палец св. Лукі і маляваны яго рукой у чвэрць ліста абраз Найсвяцейшай Дзевы Марыі, таксама мноства рэліквій іншых апостaлаў. 5. Цельца аднаго з немаўлятак, замучаных Ірадам. 6. У той жа катэдры бачыў я багатую манстранцыю (званую тут Custodia Corporis Christi), такую вялікую і высокую, што калі я стаў на ўзвышэнні, то яна ў адчыненай шафе была роўная з макаўкай маёй галавы; падчас [свята] Божага Цела яе — на вялікай срэбранай падстаўцы і на срэбраных насілках — нясуць на сваіх плячах восем дыяканаў. У сярэдзіне манстранцыі — ostensorium29 з чыстага золата, пад якім — пакрытая дыяментамі залатая фігурка св. Міхала. На той самай манстранцыі вісіць дыямент памерам з малы італьянскі арэх. Тую манстранцыю пакрывае мноства іншых каштоўных камянёў.

Быў у касцёле і кляштары айцоў дамініканаў30 і наведаў келлю, дзе жыў св. Вінцэнт Ферэр31 . Цяпер з яе зрабілі капліцу ў ніжнім калідоры. Выява гэтага святога намалявана на дошцы, на якой ён спаў. Святы нарадзіўся ў гэтым горадзе. У гэтым жа касцёле ляжыць цела св. Людoвіка Бертрана32 — у капліцы, прыбудаванай злева да касцёла, зробленай на такі ж манер і таксама аздобленай, як апісаная мной [капліца] св. Пасхаліса ў Вілья Рэаліс. Цела святога цэлае і нават скура прысохла да цела — за люстраным шклом добра відно. Габіт на святым аксамітны, чорны. У рэфектарыі айцоў дамініканаў бачыў я месца, дзе шаноўны Мікалай Фактар33 з нашага ордэну абсэрвантаў (працэс беатыфікацыі якога распачаты ў Рыме), абедаючы з айцамі дамініканцамі, бачыў, як святыя aйцы Дамінік і Францішак сядзелі між браціі пры стале. Той цуд на падставе сабраных фактаў святая інквізіцыя прызнала сапраўдным. На месцы, дзе сядзеў шаноўны Мікалай Фактар, і дагэтуль маецца мармуровая табліца з апісаннем цуду.

Быў у касцёле Марыі Пустэльніцы — там, у такой самай капліцы, як св. Людoвіка Бертрана, за шклом знаходзіцца цудоўная статуя Дзевы Марыі.

Таксама ў іншым касцёле аглядаў у прыцемку за алтаром цудоўную статую ўкрыжаванага Хрыста.

Назіраў тут значна адрозную ад нашай працэсію, калі найвялебнейшы новаабраны генерал з усёй капітулай скіраваўся ў катэдру і там адправіў спяваную Імшу. Спачатку клерыкі ў далматыках [і] лаікі ў альбах, абапіраючыся на пазалочаныя кіі, неслі на плячах статуі розных святых Панскіх, такіх як св. Пасхаліс, св. Францішак, Людoвік, Альжбета, Юзаф, Найсвяцейшая Дзева Марыя. Паміж імі па адной касцёльнай харугве неслі вяльможы, слугі якіх трымалі канцы ад харугвы. Таксама ў шэрагах перад імі годныя людзі неслі свечкі. Пасля ўсіх ішлі парамі манахі. За імі — генерал у капе, з срэбраным крыжам у руцэ, пад балдахінам. За генералам ішлі служачыя магістрата ў чырвоных тогах і парыках, папарна несучы залатыя буздыганы34 на плячах. На вуліцах горада было мноства ракетаў і феерверкаў, выпушчаных гарнізонам. <...>

Наогул, калі гаварыць пра Іспанію, яе народ — чорны і непрыгожы, неахайны, як нашы жыды. Замест абутку носяць сандалі, плеценыя з лыка, травы, трыснягу, саломы. Нагавіцы адны носяць шырокія, накшталт жаночай спадніцы, ці ў зморшчкі з якой-небудзь матэрыі, а хтосьці — роўна пашытыя, палатняныя; ногі і лыткі ў іх голыя, абпаленыя на сонцы. На іх палатняная або дымкавая катанка, кароткая, як венгерская, якую ніжэй падвязваюць пасам. Як жанчыны, так і мужчыны носяць на галаве тканыя з шоўку каптуры з вісячым кутасікам; аднак часцей жанчыны ніякага ўбору на галаве не маюць, апрача вэлюму з суровага палатна, які клінам звісае да паса, як нейкі куль, або хусцінку паверх касы ці плахту якую павесяць. Мужчыны ў гарадах носяць доўгія, шырокія плашчы, скроеныя ў цыркуль, і круглыя капелюшы. Гэта адзенне бяднейшых людзей. Заможнейшыя ж носяць французскія строі, а вытанчаныя кабеты злоўжываюць бяліламі, але на галаве, апрача завушніцаў, з упрыгожанняў рэдка якая што мае. Іспанцы — злосныя людзі, хуткія да панажоўшчыны, на дарогах і ў прадмесцях часта сустракаюцца драўляныя крыжыкі велічынёй з локаць, пастаўленыя па забітым там чалавеку. Дужа набожныя, кожны просіць медальёнчык, ружанец, асабліва пергаменныя абразкі, нават вытанчаныя людзі і князі не саромеюцца прасіць, бо тут у іх гэта не вырабляецца. <...>

Апрацаванай зямлі маюць мала, бо люд гультаяваты да работы, кожны з іх хоча звацца кабальера, а не гаспадаром. Большую частку пшаніцы прывозяць караблямі з Італіі. Уробленыя палі засяваюць двойчы на год— раз пшаніцай, другі раз — фасоляй, якую (у ежы) змешваюць з пшанічнай мукой, калі бедныя людзі. Паколькі зямля ў палях цвёрдая, камяністая і гліністая, ды і спякота сушыць празмерна, то маюць мноства студняў з зубчастымі коламі, на якіх вісяць збаны. Завязаўшы мулу вочы аслонамі з пальмавага лісця, прывязваюць вуздэчку да напятай жэрдкі так, каб чалавек здолеў яго вадзіць. І так ён цэлы дзень ходзіць вакол студні і збанкамі налівае ваду ў другую каменную студню, адкуль увечары пускаюць ваду ў сады і на палі ды наталяюць іх вільгаццю. Ураджаі харошыя і, калі ўлетку праходзяць дажджы, адно пшанічнае зерне дае 20 зёрнаў.

Маюць мноства цытрусаў (лімонаў, апельсінаў), фінікаў, дыняў.

Калі гатуюць стравы з мяса, то без усякай прыправы, падаюць адно мяса, добра прасмажанае; пры стале можна яго пасаліць або дадаць лімоннага соўсу. Таму і лыжак да стала не маюць, хіба чужаземцам даюць, бо ўсе стравы сухія. А да ўсяго кураціну, ялавічыну, бараніну, свініну гатуюць разам і ўсе кавалкі кладуць у адну місу, што нам, палякам і немцам, было недасмаку. На закуску падаюць шмат канфіцюраў з рознай садавіны, смажаных у цукры. Імі можна было б насыціцца, але з-за таго, што слодыч іх хутка брыдзіць і ад іх чужаземцы хутка набываюць дыярэю, апетыту імі здаволіць немагчыма.

Вядома, у Валенсіі ўсе атрымалі ад віцэ-караля пашпарты, якія абмянялі ў Барселоне.

 

Дыярыуш <...> вяртання
з Іспаніі на радзіму ў 1768 г.

6 дзень чэрвеня. Бавіў час у Барселоне ў кляштары абсэрвантаў. Тут паўторна наведаў катэдру, а паколькі быў у час праслаўлення Божага Цела, паказалі мне манстранцыю, якую дыяканы носяць на плячах. Яна ва ўсім была падобная да валенсійскай, адно крыху меншая, але з-за мноства дыяментаў выглядала багацей; таксама на ёй вісіць залаты ланцужок ордэна Залатога Руна, ахвяраваны іспанскім каралём Карласам , зроблены з першага золата, знойдзенага ў Амерыцы. У двары таго касцёла — прыгожы фантан пасярод каменнага ўзвышэння, у якім заўсёды плавае колькі гусей. У напамін аб чым, я не мог дапытацца. Сцвярджаюць, што для іх створаны фундуш, але я мяркую, што звычай перанялі ад рымлянаў, якія трымалі гусей у Капітоліі на памяць пра ўратаванне ад ворага дзякуючы гусінаму гогату або для таго, каб паказаць рэдкае для гэтага краю птаства як цікавостку.

Таго ж дня ўвечары бачыў у Барселоне працэсію, зладжаную шаноўнымі айцамі аўгустынамі. На вуліцах, дзе ішла працэсія, з вокнаў камяніцаў былі вывешаны багатыя абіўкі з матэрыі, так што з абодвух бакоў вуліца здавалася пакрытай шпалерамі. Працэсія ж рухалася ў наступнай паслядоўнасці. 1. Спачатку вялі склеенага з паперы вялікага вала з пазалочанымі галавой і рагамі, да самага нізу пакрытага посцілкай, пад якой сядзеў чалавек і кіраваў галавой таго вала: раз падымаючы, раз схіляючы, як бы кланяючыся; вакол яго гурмой бегаюць дзеці, крычучы і сваволячы. 2. Неслі дзве вялікія статуі гігантаў: адна выяўляла сабой мужчыну, другая — жанчыну, якія між сабой нібы віталіся і аддавалі пашану пабочным людзям. 3. Затым на двух мулах ехалі людзі з бубнамі і білі ў іх, іншыя гралі на свісцёлках. 4. За імі ў чорнай тозе ішоў адзін паважаны мужчына са срэбраным жазлом у руцэ, за ім папарна рухаліся іншыя з жэзламі і плеценымі пальмовымі харугвамі. 5. Затым папарна ішлі манахі са свечкамі. 6. За манахамі ішлі тры скрыпачы з басэтляй, граючы штосьці вясёлае, як у аўстэрыі. 7. За імі — малое дзіця, ад пляча да лыткі аперазанае баваўняным пасам, — уласна так, як малююць св. Яна Хрысціцеля ў дзяцінстве, аперазанага вярблюджай скурай, якое вядзе за сабой на муаравым паску ўпрыгожанае стужкамі маленькае, ціхмянае ягнятка. 8. Затым неслі статуі св. Монікі35 і іншых (падобную працэсію я апісаў на прыкладзе Валенсіі). 9. Набліжаюцца музыкі, якія ідуць па баках і граюць — капэла па-нашаму. За капэлай — пашанотныя людзі са свечкамі, паміж якімі адзін абраны нясе касцёльную харугву. Нарэшце, пад балдахінам — высокашаноўныя. Евангелля не спяваюць, як у нас, але больш ціха, з усвядомленай малітвай, ідуць свабодна, а час ад часу адзавецца капэла. Манахі ж спявалі гімн Sacris solemnis і г.д.36 Праспяваўшы колькі радкоў, ідуць далей у поўнай цішыні, і нават капэла маўчыць, пакуль пасля сямі ці больш пацераў зноў заспяваюць страфу. На вуліцах было мноства феерверкаў і ракетаў. Такім чынам выглядае працэсія ў іх, дзе ўсе католікі, але сярод некатолікаў цяжка было б увесці такі звычай <...>.

12 дзень чэрвеня. Абед у aбсэрвантаў у мястэчку Хункерас ля Пірэнейскіх гор. Начлег у Балонэ ў Францыі. Пераехаўшы тут праз горы, знайшлі мы на мытні французскую табаку, і амаль усе дэлегаты павысыпалі з табакерак іспанскую і купілі тае французскай, бо ад іспанскай табакі балелі нам галовы, быў насмарк, цяклі слёзы з вачэй і ледзь вочы не вылазілі <...>.

Пераклад з польскай мовы
і каментар Алены Вальчук.
Паводле: Charkiewicz J. Dyjariusz podróży hiszpańskiej
z Wilna do miasta Walencji na Kapitułę Generalną
Zakonu Mniejszych Braci św. Franciszka,
to jest Bernardynów, odprawionej w roku 1768 /
J. Charkiewicz ; oprac. i wstępem opatrzył Bogdan Rok.
— Wrocław : Wydaw. Uniwersytetu Wrocławskiego, 1998. — 209 s.


  1. Балонэ (Volone) — цяпер Ле-Булу.
  2. Хункерас — цяпер Ла-Жункера (La Jounquera).
  3. Напэўна, кляштар капуцынаў у Сан-Селоні, куды капуцыны прыбылі ў 1582 годзе.
  4. Гаворка ідзе пра лаўровае дрэва.
  5. Сённяшні Capitania General.
  6. Эрэміторый — ізаляванае месца, дзе манах можа пабыць сам-насам.
  7. Збудаваная ў гатычным стылі ў 1298–1450 гг., неагатычны фасад завершаны ў 1892 г.
  8. Культ Эўлаліі з Барселоны з’явіўся ў VII ст.; яе лічаць патронкай катэдры Барселоны і самога горада. Частка мошчаў святой захоўваецца ў катэдры Вроцлава.
  9. Езуіцкі касцёл, заснаваны ў Барселоне ў 1546 г.
  10. Hispania Tarrogonensis — у часы імператара Аўгуста назва рымскай правінцыі. Назва паходзіла ад важнейшага ў тым рэгіёне горада Tarraco (Таррагона).
  11. Маўры — плямёны, якія насялялі Маўрытанію пасля арабскіх плямёнаў, што насялялі Іспанію; сінонім назваў «арабы» і «сарацыны».
  12. Вілья — вёска (ісп.).
  13. Вайдэкома — цяпер Ульдэкона (Ulldecona).
  14. Hospitium — прытулак пры кляштары для падарожнікаў і пілігрымаў.
  15. Кіраўнік кляштара.
  16. Сындык — асоба ў кляштары, упаўнаважаная вырашаць прававыя справы супольнасці.
  17. Кастэльён — цяпер Кастэльён-де-ла-Плана (Castellón de la Plana).
  18. Антоній Бурніцкі (1715–1770) — віленскі бэрнардын, які ў 1762–1766 гг. знаходзіўся на Святой Зямлі.
  19. Вілла Рэаліс — цяпер Віла Рэаль (Vila-real).
  20. Св. Пасхаліc (1540–1592) — Пасхаліc Байлон, беатыфікаваны ў 1618 г., кананізаваны ў 1690 годзе. У 1897 г. папа Леў XIII абвясціў яго патронам эўхарыстычных брацтваў і кангрэсаў.
  21. З правага боку алтара, дзе чыталіся лекцыі, эпісталы.
  22. Марв’едра — цяпер Сагунта (Sagunto).
  23. Горад Сагунта, заміраны з Рымам у 219 г. да н.э., пасля мужнай абароны быў заваяваны Ганібалам і знішчаны, што стала прычынай другой Пунічнай вайны. Пазней рымляне адваявалі Сагунта ў карфагенянаў і адбудавалі. Ганібал Барка (247–183 да н.э.) у 221 г. да н.э. быў галоўнакамандуючым арміяй Карфагена. Ён пачаў падрыхтоўку да новай вайны з Рымам, атрымаў шмат перамогаў у Італіі.
  24. Прафесія — складанне манаскіх абяцанняў.
  25. Cum voto (з вотаю) — прадмет, які вешаецца на алтар ў якасці ахвяравання і падзякі.
  26. Св. Дыдак (каля 1400–1563) — св. Дыега, манах Ордэну Братоў Меншых Канвентуальных, вёў місіянерскую працу на Канарскіх выспах. Кананізаваны ў 1588 годзе.
  27. Манаскі ордэн, заснаваны каля 1350 г. у Луп’яна каля Таледа Пэдра Фернандэсам Печа (пам. у 1374 г.).
  28. Катэдра ў Валенсіі, узведзеная на месцы даўніх рымскіх, вестгоцкіх і мусульманскіх святыняў, яе пабудова доўжылася з 1262 г. да к. XV ст., перабудоўвалася ў 1674–1774 гг. Спалучае элементы готыкі і барока.
  29. Оstensorium — манстранцыя, тут: цэнтральная частка манстранцыі.
  30. Кляштар дамініканаў знаходзіўся ў крэпасці з часоў Карласа І (іспанскі кароль у 1516-1556 гг.).
  31. Св. Вінцэнт Ферэр (1350–1419), дамініканін, вялікі прапаведнік і мучанік Сярэднявечча; здзейсніў важнае месіянерскае падарожжа па Еўропе. Працэс яго кананізацыі закончыўся пры Піі ІІ у 1458 годзе.
  32. Св. Людовік Бертран (1526-1580), дамініканін, місіянер. Расчараваны жорсткасцю канкістадораў, вярнуўся ў Іспанію; беатыфікаваны ў 1606 г., кананізаваны ў 1671 годзе.
  33. Св. Мікалай Фактар (1520–1583), францішканін. Абвінавачаны трыбуналам інквізіцыі за практыкаванне суровай аскезы; беатыфікаваны ў 1783 годзе.
  34. Буздыган — від булавы са сталёвым, звычайна шаравідным навершам.
  35. Св. Моніка (к. 332–387) — хрысціянка з Нумідыі, маці св. Аўгустына, які дзякуючы ёй прыняў хрост; суправаджала сына ў яго місіянерскіх падарожжах.
  36. Sacris solemnis — песня-хвала Богу. Гімн Sacris solemnis выконваўся ў свята Божага Цела, яго аўтарам лічыцца св. Тамаш Аквінскі.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY