|
|
|
№
2(76)/2016
Год Міласэрнасці
Юбілеі
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
АДРАДЖЭННЕ КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА Ў БЕЛАРУСI ЯК ДАР БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ (У КАНТЭКСЦЕ ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗII) Вялікія містыкі
Падзея
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Мастацтва
In memoriam
Вобразы і сімвалы
Пераклады
Паэзія
Мемуары
Ювеналій ХАРКЕВІЧ
ДЫЯРЫУШ ІСПАНСКАГА ПАДАРОЖЖА З ВІЛЬНІ Ў ГОРАД ВАЛЕНСІЮ НА ГЕНЕРАЛЬНЫ КАПІТУЛ ОРДЭНУ <...> БЭРНАРДЫНАЎ У 1768 Г. Прэзентацыя
|
У гэтым годзе асоба і творчасць Генрыка Сянкевіча прыцягваюць да сябе асаблівую ўвагу літаратуразнаўцаў і чытачоў, найперш — адданых аматараў гістарычнага рамана: 5 мая польская і сусветная грамадскасць адзначылі 170-годдзе з дня нараджэння слыннага пісьменніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Генрыка Сянкевіча, а 15 лістапада споўніцца 100 гадоў, як ён пайшоў з жыцця. У Польшчы гэты год аб’яўлены Годам Генрыка Сянкевіча. Нарадзіўся будучы пісьменнік 5 мая 1846 года ў мястэчку Воля Акшэйска на Падляшшы, непадалёк ад Лукава (цяпер гэта Сядлецкае ваяводства). Продкі Генрыка Сянкевіча, паводле біяграфічных крыніцаў, мелі татарска-беларускае паходжанне. З боку бацькі яны традыцыйна знаходзіліся на вайсковай службе; у ХVIII ст. змянілі мусульманскае вераспавяданне на каталіцкае і набылі шляхецтва. Вайскоўцам быў і прадзед Міхал Татар, і дзед, які ў афіцэрскім чыне браў удзел у напалеонаўскіх войнах, а пазней уладкаваўся рабіць ляснічым. Бацька ж, Жозеф Сянкевіч, быў небагатым арандатарам. Больш знатнае паходжанне мела маці: род Цецішкоўскіх, да якога належала Стэфанія, лічыўся адным з самых старых і знакамітых. Варта заўважыць, што яна сама не была абдзеленая літаратурным талентам: пісала вершы і прозу. Напярэдадні паўстання 1863 г. сям’я Сянкевічаў (Генрык меў старэйшага брата Казіміра і трох малодшых сясцёр — Зоф’ю, Анэлю і Хэлену) перабралася ў Варшаву. Генрыка Сянкевіча звязвае з Беларуссю не толькі паходжанне. Ужо вядомым пісьменнікам ён наведваў у маёнтку Дубнікі (цяпер тэрыторыя Астравецкага раёна) дзядзьку сваёй першай жонкі Браніслава Мінейку; тут ён адпачываў, паляваў, гэтымі мясцінамі, іх гісторыяй і краявідамі яму былі падказаны многія эпізоды раманаў «Патоп» і «Пан Валадыёўскі». «Што я рабіў па шляху да Маладзечна? Абдумваў сцэны з „Валадыёўскага“», — пісаў у адным з лістоў Г. Сянкевіч. У Варшаве Генрык Сянкевіч закончыў гімназію, вучыўся ў Варшаўскай Галоўнай школе (з 1869 г. — у Варшаўскім універсітэце), аднак у 1871 г. пакінуў вучобу і пачаў актыўна супрацоўнічаць са сталічнай прэсай як аглядальнік тэатральных падзеяў, рэпарцёр і фельетаніст, а пасля — як выдавец і рэдактар. У 1872 г. выйшла яго аповесць з жыцця студэнтаў «Дарэмна», якую ўхваліў Юзаф Крашэўскі; у шэрагу газет з’явіліся і апавяданні Г. Сянкевіча, падпісаныя псеўданімам «Літвас». У 1876 г. Г. Сянкевіч едзе ў Злучаныя Штаты Амерыкі, маючы на мэце, па-першае, даслаць на радзіму цыкл карэспандэнцый аб жыцці гэтай краіны (пазней яны выйдуць асобнай кнігай «Лісты з падарожжа»), па-другое, узяць удзел у ажыццяўленні сацыяльнай задумы (утапічнай, як аказалася) — стварэнні ў штаце Каліфорнія польскай сельскагаспадарчай камуны. Час знаходжання ў Амерыцы (да сакавіка 1878 г.) быў багаты на незабыўныя сустрэчы з самымі рознымі людзьмі — польскімі эмігрантамі, белымі амерыканцамі, індзейцамі; пазней драматычныя лёсы многіх з іх знойдуць мастацкае ўзнаўленне ў творах пісьменніка. Дарэчы, у Каліфорніі Генрык Сянкевіч пазнаёміўся і пасябраваў з беларусам Юльянам Гарайнам, пра якога распавёў наш вядомы вучоны Адам Мальдзіс у артыкуле «Беларускі сябар Сянкевіча» («Літаратура і мастацтва», 26.02.1966). Родам з-пад Радашковічаў, Гарайн закончыў Мінскую гімназію, вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, затым (верагодна, пасля паўстання 1863 г.) эміграваў у ЗША, дзе, апроч гандлю канцылярскімі таварамі, займаўся і літаратурнай дзейнасцю (у прыватнасці, пісаў пра Уладзіміра Сыракомлю і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча). Ёсць сведчанні, што менавіта Гарайн распавёў Сянкевічу пра выпадак, які той паклаў у аснову свайго апавядання «На маяку»: галоўны герой гэтага твора, закінуты лёсам у далёкую Панаму стары ліхтарнік Скавінскі, прататыпам якога паслужыў беларус-эмігрант Сялява з Віцебшчыны, быў так узрушаны пачаткам паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» («Літва! Бацькоўскі край…»), што забыўся запаліць ліхтар маяка. Варта зазначыць, што Сянкевіч і надалей будзе шмат падарожнічаць, наведае розныя куткі свету — ад Італіі, Францыі, Іспаніі і іншых заходнееўрапейскіх краін да вострава Занзібар, але працавалася яму найлепей дома, на радзіме. На жаль, асабістае жыццё пісьменніка нельга назваць шчаслівым. Першая яго жонка, Марыя Шаткевіч (родам з Віленшчыны), з якой ён пазнаёміўся ў Венецыі і ў 1881 г. узяў шлюб, памерла ў 1885 г. ад сухотаў, пакінуўшы сына Генрыка-Юзафа (1882 г. н.) і дачку Ядвігу (1883 г. н.). Разрыў з другой жонкай, Марыяй Валадкевіч, адбыўся амаль адразу пасля вянчання, хаця толькі больш чым праз два гады Рымская Курыя прызнала іх шлюб несапраўдным. У 1904 г. Г. Сянкевіч ажаніўся з пляменніцай Марыяй Бабскай, з якой пражыў да канца сваіх дзён. Слава польскага пісьменніка на мяжы ХIХ—ХХ стст. сталася насамрэч сусветнай. У 1900 г., у час святкавання 25-годдзя літаратурнай дзейнасці Сянкевіча, юбілейны камітэт набыў і падараваў яму маёнтак Абленгорак (цяпер там працуе музей Генрыка Сянкевіча). Пісьменнік вельмі любіў гэтае месца, але ў 1914 г., з пачаткам Першай сусветнай вайны, калі Абленгорак захапілі аўстрыйцы, мусіў з’ехаць за мяжу, у швейцарскае мястэчка Вевей. Тут 15 лістапада 1916 г. Генрык Сянкевіч і памёр. У 1924 г. удзячныя суайчыннікі перавезлі яго прах у Варшаву і пахавалі ў катэдральным саборы святога Яна. Дзеля больш глыбокага разумення творчасці Генрыка Сянкевіча і яго паплечнікаў — Элізы Ажэшкі, Баляслава Пруса, Марыі Канапніцкай — неабходна ўсведамляць, што іх станаўленне як мастакоў слова адбывалася ў перыяд асэнсавання характару і наступстваў нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 года. У літаратуры 1860–1880-х гг. у вострай палеміцы з рамантызмам, але нярэдка не без яго ўплыву (асабліва рамантычнай паэзіі Адама Міцкевіча і Юльюша Славацкага) усталёўваецца рэалістычны напрамак. Працякаў гэты працэс інтэнсіўна і меў выразныя нацыянальныя рысы, абумоўленыя падзеленасцю Польшчы на тры часткі, у кожнай з якіх былі свае варункі для літаратурнага развіцця. У польскай культурнай прасторы атрымаў шырокае распаўсюджанне «варшаўскі пазітывізм», што, у адрозненне ад заходнееўрапейскіх варыянтаў літаратурнай рэцэпцыі пазітывізму, насіў не так эстэтыка-філасофскі, як ідэйна-грамадскі характар. Польскія пазітывісты апелявалі да народа з заклікам аб супрацоўніцтве ў імя будучыні Польшчы, эканамічна-сацыяльнага і духоўнага ўзвышэння краіны. Паводле пазітывісцкай праграмы, гэтая «арганічная праца» павінна была суправаджацца актыўнай асветніцка-выхаваўчай дзейнасцю польскай інтэлігенцыі. «Варшаўскі пазітывізм» наклаў адбітак на мастацкую свядомасць цэлай генерацыі польскіх пісьменнікаў. На новым этапе развіцця, у 1890—1900-я гг., польская літаратура набывае новыя якасці, рэалізм у ёй усё часцей сінтэзуецца з нерэалістычнымі напрамкамі. Гэтай з’яве паспрыяла публікацыя ў 1898 г. цыкла артыкулаў Артура Гурскага пад агульнай назвай «Маладая Польшча», якая паслужыла найменнем для цэлага кірунку ў польскай літаратуры (прыблізна ад канца 1890-х да 1918 г.). Яго прадстаўнікі арыентаваліся на абнаўленне і пашырэнне праблемна-тэматычнай палітры літаратуры, на пошук новых жанравых формаў, новых вобразна-выяўленчых сродкаў, звярталіся да эстэтычных адкрыццяў натуралізму і сімвалізму, імпрэсіянізму і эстэтызму. Менавіта на гэты складаны час і прыпала літаратурная дзейнасць Генрыка Сянкевіча. У першых яго творах знайшлі адлюстраванне тагачасная рэчаіснасць (апавяданні «Эскізы вугалем», «Янка-музыка», «Па хлеб», «Бартак-пераможца»), уражанні ад паездак у Амерыку (аповесць «Праз стэпы», апавяданні «Орса», «У краіне золата», «Сахем» і інш.) і Францыю («Лісты Літваса з Парыжа»). Ранняя творчасць Сянкевіча сведчыла пра яго вялікія патэнцыяльныя магчымасці. Для ўсіх твораў пісьменніка, пра што б ён ні распавядаў: пра смерць таленавітага сялянскага хлопчыка Янкі («Янка-музыка», 1879) або блуканні і гібелі бедных эмігрантаў Тапорака і яго дачкі Марысі («Па хлеб», 1880), пра палітыку гвалтоўнай германізацыі палякаў («Бартак-пераможца», 1882) або бязлітаснае знішчэнне каланістамі індзейцаў («Сахем», 1883) — характэрна арганічная сувязь патрыятычнага пафасу з трагічным светаадчуваннем аўтара. Мастацкая сіла, з якой Сянкевіч узнаўляў малюнкі рэальнага жыцця, была гэткай моцы, што чытачы ў сваім асэнсаванні падзеяў часам прыходзілі да высноваў нават больш радыкальных, чым меў на ўвазе сам пісьменнік. Ці не самы вядомы ў нас твор Сянкевіча з усёй яго малой прозы — апавяданне «Янка-музыка». У Расіі яно займела гучны розгалас ужо на мяжы ХIХ—ХХ стст. Даследчыкі канстатуюць, што толькі да 1917 г. «Янка-музыка» вытрымаў каля 40 выданняў на рускай мове. Што датычыцца перакладу апавядання на беларускую мову, то ўпершыню ён з’явіўся ў 1904 г. і належаў Марыяну Фальскаму (1881—1974), беларускаму перакладчыку (родам з Ляхавіцкага раёна), польскаму педагогу і грамадскаму дзеячу. У 1924 г. апавяданне «Янка-музыка» надрукавала заходнебеларуская газета «Грамадскі голас», а ў 1938 г. яно (у перакладзе з рускай, аднак без указання прозвішча перакладчыка) выйшла асобным выданнем у Мінску. Патрапіла яно і ў склад зборніка «Апавяданні» (1955) Г. Сянкевіча ў перакладзе на беларускую мову Міхася Машары (у кнізе змешчаны яшчэ сем твораў, у тым ліку вышэйзгаданыя «Эскізы вугалем», «Па хлеб», «Орса», «Сахем»). Апавяданне «Янка-музыка» непасрэдна прымыкае да «Эскізаў вугалем», якія ў свой час былі прыняты крытыкай неадназначна: надта ўражвала апавяданне непрыхарошаным адлюстраваннем беспрасветнага сялянскага жыцця і злачыннай абыякавасці сацыяльных вярхоў. Аўтара папракалі ў грубасці, песімізме, прадузятасці. У абарону пісьменніка выказаўся Баляслаў Прус. Сам Сянкевіч не бачыў неабходнасці апраўдвацца. У адным з лістоў ён, у прыватнасці, пісаў: «Я маю смеласць гаварыць пра рэчы, якія да гэтага часу ніхто не кранаў, я ствараю першую сялянскую аповесць, у якой пададзены не ідэалізаваны селянін, а сапраўдны мужык і яго жыццё…». Гэткі ж сапраўдны, непрыхарошаны сялянскі побыт паказаў пісьменнік і ў апавяданні «Янка-музыка». Сюжэт твора бясхітрасны: гэта расповед пра сялянскае дзіця, шчодра надзеленае музычным талентам, якому, аднак, з-за нечалавечых умоваў так і не суджана было раскрыцца. Здаецца, насуперак самому лёсу з’яўляецца хлопчык на свет: нараджаецца ён такім кволым, такім слабенькім, што прысутныя гатовы адразу ж справадзіць няшчасную «душу хрысціянскую» туды, «адкуль прыйшла». Але не пажадала тая развітацца з худзенькім целам. Усе дзесяць гадкоў, што наканавана было малому правесці на гэтым свеце, прайшлі ў голадзе ды холадзе. Ні чужыя людзі, ні родная маці не спадзяваліся, што калі-небудзь хлопчык стане падтрымкай і ўцехай, вельмі ж непрыдатны ён быў да працы ды і жыцця наогул. Між тым у знясіленай дзіцячай душы гняздзілася тое, што выклікала ў людзей раздражненне, — прага музыкі, гуку, мелодыі. Не было ў дзіцяці іншага настаўніка, апроч прыроды, і іншага выканаўцы, апроч яе; музыку прыроды Янка слухаў дзень і ноч: «…да аднаго ў яго была вялікая ахвота — гэта да музыкі. Усюды ён яе чуў, а як толькі Янка крыху падрос, дык ні аб чым іншым і не думаў… Сосны, букі, бярозы, івалгі — усё іграла; увесь лес іграў. І рэха таксама…» (апавяданне тут і далей цытуецца ў перакладзе Міхася Машары). Вёска, вецер, вераб’і і былінкі, жукі і жабы гучалі суцэльным чароўным канцэртам. Ад музыкі ж, якую Янка мог пачуць у касцёле, на вяселлі або на дажынках, ён ледзь не траціў прытомнасць: «…у яго так туманіліся вочы, нібы глядзелі яны з нейкага іншага свету». Ці ж дзіўна, што прадметам яго гарачай любові стала скрыпка — сапраўдная, а не змайстраваная ім самім з гонты ды конскага воласу, хоць і граў Янка на ёй з раніцы да вечара. Тая ж, сапраўдная, была «недасягальнай для яго святыняй»: належала яна іншаму, а лунала «нейкім сярэбраным ззяннем» для Янкі, клікала яго да сябе. Не адолеў у сабе хлопчык жадання завалодаць цудоўнай рэччу ці хоць бы дакрануцца да яе, патрымаць у руках, — і стаў ахвярай нечуванай чалавечай жорсткасці. Пад адзіную даступную яму мелодыю — мелодыю штодзённага вясковага жыцця, пад песні птушак памірае пасля жудаснага пакарання музыка Янка, памірае з надзеяй, што Бог дасць яму «на небе сапраўдную скрыпку». Гісторыя Янкі наўрад ці пакіне каго абыякавым. Стварэнню ж пранікнёна-шчымлівай, трагічнай атмасферы твора спрыяе не толькі сама яго фабула, але і кампазіцыя. Важная функцыя ўскладзена аўтарам на своеасаблівы эпілог: лаканічны, усяго ў некалькі радкоў, ён паглыбляе драматызм сюжэта і разам з тым пашырае змест апавядання, дазваляе вывесці яго дзеянне за межы канкрэтнай сітуацыі і надаць апошняй абагульнена-сімвалічны сэнс. Далучэнне эпілога да асноўнай часткі адбываецца па прынцыпе кантрастнага мантажу: з сялянскай хаты і з маленькага нябожчыка аўтарскі погляд перамяшчаецца ў панскі двор, а адтуль — на могілкі, дзе над свежым грудком ужо шумяць бярозы. Значную ролю выконвае ў творы сімволіка. У сістэме сімвалаў, бадай, адным з галоўных з’яўляецца вобраз-матыў птушкі. Ён, як і вобраз музыкі, традыцыйны не толькі для літаратуры, але і для вуснай народнай творчасці. Ні музыканту, ні птушцы існаванне ў няволі не абяцае ні песняў, ні жыцця наогул. Вобразы птушак прасякаюць усё апавяданне: маці, «бедная падзёншчыца… як ластаўка пад чужым дахам»; пра ўсё на свеце забывае Янка, слухаючы птушыны спеў; птушкі суправаджаюць яго на шляху да запаветнай мары — скрыпкі; спачуваючы яму, «добры, паважны казадой» папярэджвае аб небяспецы, салавей жа спакушае, але і ён у драматычны момант прыпыняе свой спеў; сам Янка, якога пасля прысуду войта вартаўнік нясе падпахі ў гумно на пакаранне, «толькі глядзеў, як злоўленая птушка». Невялікія памеры апавядання не сталі перашкодай для этыка-эстэтычнай ёмістасці, глыбокага раскрыцця асноўнай тэмы — лёсу народа ў найцяжэйшых сацыяльных варунках. Звяртаюць на сябе ўвагу строгае, ашчаднае стаўленне пісьменніка да слова, стрыманасць, давер да чытача: аўтарскія дэкларацыі ў творы адсутнічаюць, высновы павінны рабіць мы самі. Адзінае, што дазваляе сабе апавядальнік, — гэта горкую іронію: «Ну як тут судзіць такога гаротніка, калі яму ўсяго толькі дзесяць гадкоў ды на нагах ледзь трымаецца?.. Трэба ж пры гэтым мець крыху літасці да дзяцей. Няхай вартаўнік возьме і адлупцуе яго розгай…». Той і «махнуў з пляча» — біў, нават калі дзіця ўжо перастала падаваць прыкметы жыцця. У сярэдзіне ХХ ст. вялікі нямецкі пісьменнік Томас Ман у дачыненні да свайго рамана «Доктар Фаўстус», цэлыя старонкі якога з’яўляюцца «партрэтамі» музычных твораў, а галоўны герой — кампазітар, напіша, тым не меней, што «музыка… была тут толькі першым планам, толькі прыватным выпадкам, толькі парадыгмай больш агульнага, толькі сродкам…». Тое ж, відавочна, можна сказаць і пра маленькае апавяданне Г. Сянкевіча. Вобраз музыкі мае ў сусветнай літаратуры грунтоўную традыцыю, узыходзіць да антычных міфаў, да фальклору розных народаў і можа паслужыць прадметам найцікавейшага параўнальна-тыпалагічнага даследавання. У розныя часы звярталіся да гэтага вобраза творцы рознай нацыянальнай прыналежнасці, у тым ліку беларусы: Роберт Бёрнс і Тарас Шаўчэнка, Гіём Апалінэр і Уладзімір Караленка, Янка Купала і Якуб Колас, Францішак Багушэвіч і Змітрок Бядуля, Васіль Быкаў і інш. У сувязі ж з апавяданнем Г. Сянкевіча міжволі ўспамінаецца верш Максіма Багдановіча «Вы, панове, пазіраеце далёка…», упершыню надрукаваны ў 1913 г. у газеце «Наша Ніва». Чаму менавіта ён? Ёсць жа ў М. Багдановіча творы, дзе цэнтральным з’яўляецца якраз вобраз-матыў Музыкі. Напрыклад, яго першы апублікаваны твор — лірычная мініяцюра «Музыка», галоўны герой якой, што хадзіў «між бедным людам і граннем сваім будзіў ад цяжкага сну», увасобіў трагедыю станаўлення беларускай нацыі, мару пра яе адраджэнне. Або «Апокрыф» (1913), дзе вуснамі Хрыста выкладзена сутнасць найвышэйшай місіі музыкі і мастацтва наогул: «…не схіляй нізка галавы твае і не хавай аблічча ад вачэй людскіх. Бо няма праўды ў тым, каторы кажа, што ты — лішні на зямлі… пад песні кладуць чалавека ў калыску і з спевамі ж апушчаюць у магілу яго… Шануйце ж песні свае». У той жа час у вершы «Вы, панове, пазіраеце далёка…» музыка зусім не згадваецца. Аднак прачытайма твор уважліва:
Студня, што «даўно… счарнела і згнівае», — ці ж гэта не сімвал гаротнай народнай душы («загляніце ў душы — студні са слязамі»), якой накаваны не шчасце і воля, а пакуты ў «норах падзямельных»; зоры ж, якія гэтая «студня» «ў вадзе люстранай…адбівае», — ці гэта не метафарычнае ўвасабленне хараства, красы, таленту, які даецца Богам незалежна ад саслоўнага звання? Наўрад ці ёсць падставы гаварыць пра арыентаванне М. Багдановіча на твор Г. Сянкевіча, але аб’ектыўна верш гучыць амаль парафразам апавядання, прычым супольнасць твораў праяўляецца на ўзроўнях як праблематыкі, так і паэтыкі: у абодвух аўтараў прысутнічае паняцце душы, у абодвух гаворыцца пра яе пакуты, абодва сцвярджаюць, кажучы словамі Тамары Чабан, «гуманістычную думку аб далучанасці да неба, да зораў, да глыбінных ісцін быцця», «зняважаных і пагарджаных», толькі ў вобразна-выяўленчай структуры верша функцыю, ускладзеную Г. Сянкевічам на вобраз промня, у М. Багдановіча выконвае (як і ў шматлікіх іншых яго паэтычных творах) вобраз зорак. І, нарэшце, яшчэ адна відавочная паралель. Успомнім фінал апавядання Г. Сянкевіча пра паноў, якія вярнуліся на радзіму з падарожжа па Італіі: «Малады чалавек сказаў на французскай мове: — Што за цудоўная краіна Італія! — І што за музычны народ! Якое шчасце вышукваць там таленты і дапамагаць ім, — дадала паненка». А цяпер перачытайма М. Багдановіча: уражанне такое, нібы «панове» з яго верша, што пазіраюць «далёка», ды не бачаць «блізка», — гэта тыя ж Сянкевічавы «паны з іх крывадушнай „дабрачыннасцю“ і „спагадлівасцю“». З паўстагоддзя таму Сцяпан Александровіч, маючы на ўвазе апавяданне «Янка-музыка», прамовіў словы, з якімі нельга не пагадзіцца: «Ёсць творы, якія застаюцца ў памяці на ўсё жыццё». Словы гэтыя могуць быць цалкам аднесены і да эпічнай прозы Сянкевіча. Дынамізм дзеяння і пластычнсць характараў, экспрэсіўнасць і дзіўная кампазіцыйная зладжанасць, уласцівыя малой прозе Г. Сянкевіча, праявіліся і ў яго раманах пра сучаснасць, з якіх найбольшую цікавасць уяўляе раман «Без догмату» (1890), напісаны ў форме дзённіка героя. Матывавана і пераканаўча, з псіхалагічнай глыбінёй мастак стварае тып гэтак званага «лішняга чалавека». Такі тып паўстаў у свой час у творах Джорджа Байрана, Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Лермантава, Юльюша Славацкага. Генрык Сянкевіч акцэнтуе ўвагу на генезісе «лішняга чалавека», дэтэрмінаваным новай рэальнасцю, што пазбаўляе героя якіх бы то ні было ідэалаў або догматаў. «Бяздогматцам» і з’яўляецца галоўны персанаж рамана — Ляон Плашоўскі. Адукаваны, звышчуйны, здольны, ён асуджаны на бяздзейнасць, на паразітычнае існаванне «вясёлага звера». Ляон цалкам усведамляе ганебнасць уласнага жыцця, бясконца рэфлексуе, дакарае сябе і іншых і ў рэшце рэшт канчае самагубствам. Аўтар паклапаціўся, каб чытач зразумеў, што лёс героя абумоўлены яго бездухоўнасцю, і атрымаў урок з гэтай гісторыі. «Раман павінен быць і будзе папярэджаннем — да чаго вядзе жыццё без догмату розум крытычны, вытанчаны, пазбаўлены…апірышча, — падкрэсліваў Г. Сянкевіч. — Праўда, гэта не ўратуе Плашоўскіх, але зверне ўвагу на прычыны, якія спараджаюць Плашоўскіх». Ёсць у рамане і персанаж, які кіруецца ў сваіх думках і ўчынках выключна догматам. Гэта Анэлька, якая палка кахае, глыбока пакутуе, аднак — паводле надта спрошчанага разумення хрысціянскіх запаведзяў — заглушае ў сабе пачуцці. Так Сянкевіч развенчвае другую крайнасць, бо не можа быць духоўным апірышчам тое, што змушае чалавека гвалтаваць у сабе чалавечае, уласную прыроду, натуральныя памкненні і жаданні. Асноўнай жа формай асэнсавання рэчаіснасці стаў для Сянкевіча гістарычны раман, які быў характэрнай з’явай польскай літаратуры гэтага перыяду, дасягнуўшы ў ёй свайго апагею. Польская гістарычная проза прадстаўлена цэлым шэрагам бліскучых імёнаў: Баляслаў Прус, Стэфан Жаромскі, Уладзіслаў Рэймант і інш. Што да Генрыка Сянкевіча, то да якіх бы сюжэтаў з мінулага ён ні звяртаўся, у іх лёгка прачытваюцца прыкметы сучаснасці, аналогіі з рэальнасцю другой паловы ХIХ ст. Першы гістарычны твор Сянкевіча, аповесць «Татарская няволя», убачыў свет у 1880 годзе. Аднак надзвычайны поспех пісьменніку прынёс яго гістарычны раман «Агнём і мячом» (1884), што склаў разам з раманамі «Патоп» (1886) і «Пан Валадыёўскі» (1888) знакамітую трылогію, прысвечаную гісторыі войнаў Рэчы Паспалітай у ХVII ст. Менавіта з трылогіяй даследчыкі звязваюць праблему рэцэпцыі твораў Сянкевіча, да сённяшняга дня не вырашаную канчаткова: саступаючы іншым кнігам пісьменніка па гістарызме і пераканаўчасці, трылогія ўспрымаецца як адно з яго найвышэйшых дасягненняў. Вельмі экспрэсіўнае выказванне на гэты конт належыць польскаму пісьменніку Вітальду Гамбровічу: «Магутны геній! І ніколі, бадай, не было такога першаразрадна-другараднага пісьменніка. Гэта Гамер другой катэгорыі, гэта Дзюма-бацька першага класа. Дальбог, праўда, цяжка знайсці ў гісторыі літаратуры іншы прыклад такога зачаравання народу, больш магічнага ўздзеяння на ўяўленне масаў… Калі б гісторыя літаратуры прыняла ў якасці крытэрыя ўплыў мастацтва на людзей, Сянкевіч (гэты дэман, гэтая катастрофа нашага розуму, гэты шкоднік) павінен быў бы заняць у ёй у пяць разоў вышэйшае месца, чым Міцкевіч». Адзін з самых значных гістарычных твораў Г. Сянкевіча — гэта, бясспрэчна, раман «Крыжакі» (1900), прысвечаны падзеям з эпохі Сярэднявечча, — гераічнай барацьбе славянаў з Тэўтонскім ордэнам, ад жорсткіх набегаў якога доўга пакутавалі ўсходнія землі. Апісанне гэтай барацьбы ўвенчанае ў рамане шырокай панарамай славутай Грунвальдскай бітвы 15 ліпеня 1410 года, у якой аб’яднаныя сілы палякаў і чэхаў, мараваў і літоўцаў, украінцаў і беларусаў разграмілі нямецкіх рыцараў, паклалі канец «бедствам і пакутам», прынеслі сваім народам доўгачаканы і благаслаўлёны мір. Кампазіцыйным стрыжнем расповеду з’яўляецца гісторыя кахання юнага шляхціца Збышкі да рыцарскай дачкі Данусі, якая стала, як яе маці і бацька, «магутны і мужны» граф Юранд, ахвярай вераломства крыжакоў. У рамане дзейнічаюць шматлікія гістарычныя асобы — ад знатных вяльможаў да шляхціцаў і сялянаў: кароль Уладзіслаў Ягайла, яго стрыечны брат Вітаўт і князь Януш Мазавецкі, каралева Ядвіга і гросмайстры ордэну Конрад і Ульрых фон Юнгінгены, рыцары Завіш і Зындрам, шляхціцы Мацька і Зых і іншыя. Бліскучае валоданне словам, псіхалагізм, мастацкая вобразнасць дазволілі пісьменніку стварыць прадметную, гістарычна дакладную карціну жыцця свайго, польскага, і іншых народаў на мяжы ХIV—ХV стст. Кожным радком рамана аўтар ушаноўвае, калі казаць яго ж словамі, «вялікую, свяшчэнную мінуўшчыну» сваіх продкаў (на беларускай мове твор, перакладзены Міхасём Кенькам, быў выдадзены ў 1997 годзе). І ўсё ж асаблівае месца ў творчай спадчыне Генрыка Сянкевіча займае апублікаваны 120 гадоў таму (1896) гістарычны раман «Quo vadis», за які ў 1905 г. пісьменнік быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй і які літаральна адразу ж пераклалі ледзь не на ўсе еўрапейскія мовы. У перакладзе на рускую мову твор упершыню выйшаў у 1896 г. пад назвай «Quo vadis» і пасля перавыдаваўся больш за 20 разоў, у тым ліку пад назвамі «Куда идешь» і «Камо грядеши». На беларускую мову раман Г. Сянкевіча лацінкаю пераклаў у 1956 г. у Рыме кс. Пётра Татарыновіч. У 2002 г. Вітаўт Мартыненка, які нядаўна адышоў у вечнасць, перавыдаў кірыліцаю раман «Quo vadis». (Цяпер урыўкі з рамана гучаць у праграме беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. — Заўвага рэд.). У рамане ўваскрэшаны адзін з самых драматычных перыядаў рымскай гісторыі — апошнія чатыры гады (64—68 гг. н. э.) праўлення Нерона, што давялі некалі магутную імперыю да стану поўнага заняпаду. «Ніхто не быў спакойны за сваё жыццё і маёмасць. Закон перастаў ахоўваць. Зніклі чалавечыя годнасць і дабрачыннасць, аслаблі сваяцкія сувязі, і спадлелыя сэрцы не рашаліся нават на спадзеў… Увесь свет паўставаў суцэльнай крывавай і блюзнерскай оргіяй…». У рамане, паводле слоў аўтара, даецца «мастацкае проціпастаўленне… двух светаў, адзін з якіх уяўляў з сябе ўсёмагутную ўладарную сілу адміністрацыйнай машыны, а другі — сілу выключна духоўную». Нерон (Луцый Даміцый Агенабарб; імя Нерона Клаўдзія Друза ён прыняў пасля ўсынаўлення імператарам Клаўдзіем), «камедыянт» і «вылюдак» — плоць ад плоці першага свету. Забойца маці, першай і другой жонак, мноства падданых, ён да самай сваёй жахлівай смерці працягвае здзяйсняць злачынствы, ад якіх кроў стыне ў жылах. Кульмінацыйныя часткі рамана прысвечаны апісанню пажару, які ператварыў Рым у «мёртвую пустыню» і пацягнуў за сабою незлічоныя бедствы для гараджанаў. Спаліць горад загадаў імператар Нерон, віну ж за падпал ён усклаў на хрысціянаў, якіх падвергнуў жудаснаму публічнаму пакаранню. Кінутыя на разарванне галоднымі ільвамі і сабакамі, сцякаючы крывёю, пад шалёнае скавытанне звяроў і лямант натоўпу спявалі гэтыя нязломныя духам людзі «Pro Christo! Pro Christo!» (лац. «За Хрыста!»). «Імператар купаўся ў крыві, Рым і ўвесь язычніцкі свет вар’яцеў. Але тыя, для каго ліхадзействы і шаленства сталі нясцерпнымі, каго зневажалі, чыё жыццё было суцэльным горам і рабствам, усе прыгнечаныя, усе самотнікі, усе пакутнікі ішлі слухаць дзіўную вестку пра Бога, які з любові да людзей аддаў сябе на ўкрыжаванне дзеля выкуплення іх грахоў». Менавіта з тымі людзьмі, якія прынялі хрысціянства, пакутавалі за свае перакананні, мужна ішлі за іх на катаванні і смерць, аўтар звязвае надзеі на будучыню Рыма і ўсяго свету, на новае жыццё, заснаванае на духоўных каштоўнасцях і гуманнасці. Да ліку такіх персанажаў адносяцца Аўл Плаўцій і яго жонка Пампонія Грацына, іх юная выхаванка Лігія і многія іншыя — і патрыцыі, і прадстаўнікі простых саслоўяў, і рабы; усе яны — духоўна прыгожыя, гатовыя на любыя ахвяры стоікі — праз неймаверныя высілкі садзейнічалі пашырэнню хрысціянства. Пакутніцкую смерць прымаюць у Рыме і апосталы Пётр і Павел. Паводле аднаго з апокрыфаў, адданыя хрысціянству гараджане наважыліся ўратаваць апостала Пятра ад пераследу Нерона і вывелі яго ўначы з горада. Аднак за гарадской брамай ён нечакана сустрэў Езуса Хрыста, у якога папытаўся: «Quo vadis, Domine?» («Куды ідзеш, Пане?»). Хрыстус прамовіў у адказ: «У Рым, каб зноў прыняць укрыжаванне» — і на вачах Пятра ўзнёсся да нябёсаў. Пётр жа, убачыўшы ў словах Настаўніка свой вырак, вярнуўся ў Рым, дзе ў хуткім часе быў укрыжаваны ўніз галавою. Тое ж адбываецца і ў рамане Г. Сянкевіча. Хрыстус на пытанне Пятра: «Куды ідзеш, Пане?» — адказвае: «Раз ты пакідаеш народ мой, я іду ў Рым, на новае ўкрыжаванне» — і пазбаўляе апостала апошніх сумненняў, умацоўвае яго ў жаданні падзяліць трагічны лёс горада і тым самым ператварыць Рым у сталіцу, адкуль будзе пашырацца на ўвесь свет («Urbi et orbi!»; лац. «Гораду і свету!») Хрыстова ўлада над людскімі сэрцамі. Як ніколі раней, Пётр, разумее, «што ні імператару, ні ўсім яго легіёнам не адужаць жывой ісціны, што ні слёзы, ні кроў не зальюць, не пагасяць яе». Менавіта на месцы помнай сустрэчы Пятра з Хрыстом і дзеля яе ўвекавечання і была, згодна з паданнем, узведзена ў Рыме, на Via Apia, капліца пад назвай «Quo vadis», якая не толькі дала назву раману, але і падказала аўтару агульную канцэпцыю твора. Персанажы, прыналежныя да двух розных лагераў, рэзка палярызаваныя. Разам з тым у рамане нямала герояў складаных, што мяняюцца, па ходу дзеяння перайначваюцца, як гэта здарылася са старым грэкам Хілонам ці маладым трыбунам Вініцыем; пакручасты шлях апошняга да веры пачынаецца са звернутых да яго выратавальных слоў хрысціяніна Крыспа: «…Бог не дазволіў табе здзейсніць злачынства, але захаваў табе жыццё, каб душа твая абудзілася». Трагічнай фігурай з’яўляецца і Петроній, «сябар, сатрапезнік і наперснік» Нерона. Вядомы сваёй спешчанасцю «арбітр вытанчанасці», гэты арыстакрат-эстэт пагарджае «чэрню», аднак народ любіць яго за шчодрасць і заступніцтва. Адыход з жыцця таленавітага, незалежнага ў сваіх меркаваннях, не здатнага на даносы і здраду Петронія прызначаны сімвалізаваць знікненне «паэзіі і прыгажосці» са свету татальнага зла. Раман, займеўшы гучны рэзананс ва ўсім свеце, быў ухвалены і Каталіцкім Касцёлам, і ў 1900 г. сам Папа Рымскі павіншаваў Генрыка Сянкевіча з 25-годдзем літаратурнай дзейнасці. Творчасць Г. Сянкевіча паўплывала на многіх еўрапейскіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя; бясспрэчна, зведалі гэты ўплыў і беларускія майстры гістарычнага рамана. Да прыкладу, Уладзімір Караткевіч у адным з інтэрв’ю, кажучы пра сваіх улюбёных айчынных і замежных мастакоў слова, прызнаваўся, што чытае тых або іншых у залежнасці ад настрою, і калі ён роўны — перавагу аддае, апроч кніг Аляксея Талстога, добрым гістарычным раманам Генрыка Сянкевіча.
|
|
|
|