Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(76)/2016
Год Міласэрнасці

«ІМЯ БОГА — МІЛАСЭРНАСЦЬ»
Юбілеі
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Падзея
Мастацтва

АДЗІНСТВА Ў РАЗНАСТАЙНАСЦІ
Літаратуразнаўства
Мастацтва
In memoriam

НІЛ, ЯКІ ЖЫВІЎ ПУСТЫНЮ
Вобразы і сімвалы

СВЯТЫЯ РУЖЫ
Пераклады
Паэзія

ПАД ЗОРКАЮ ХРЫСТА

СПЫНЯЮ ЧАС...
Мемуары
Прэзентацыя

Радзім ГАРЭЦКІ

ЗМАГАР ЗА БЕЛАРУСЬ І МОЙ СЯБАР

29 сакавіка на 85-м годзе жыцця адышоў у вечнасць апошні народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. У гэтым нумары нашага квартальніка, шаноўным і заўсёды чаканым аўтарам якога быў Ніл Сымонавіч, мы складаем яму ў вянок памяці свае словы глыбокай павагі і ўдзячнасці.

 

Маё блізкае знаёмства з Нілам Гілевічам, якое пазней перарасло ў сапраўднае сяброўства, пачалося ў дні, калі ў 1993 г. адзначаўся 100-гадовы юбілей з дня нараджэння Максіма Гарэцкага. Камісія Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, старшынёй якой быў Ніл Гілевіч, прыняла пастанову аб шматлікіх мерапрыемствах па святкаванні юбілею. Выдатны паэт і дзяржаўны дзеяч высока цаніў асобу Максіма Гарэцкага і сам прымаў актыўны ўдзел у святкаванні. У Горках у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі адбыліся другія «Гарэцкія чытанні», дзе мы зрабілі даклады; у Палацы культуры прайшоў рэспубліканскі ўрачысты вечар, які адкрыў Ніл Гілевіч; бралі ўдзел у адкрыцці мемарыяльнай дошкі; разам абрэзалі чырвоную стужку на адкрыцці музея Максіма Гарэцкага ў Малой Багацькаўцы. Ва ўсіх гэтых падзеях актыўны ўдзел прымаў Янка Брыль, з якім спачатку Ніл Гілевіч, а троху пазней і я шчыра пасябравалі, прычым па прапанове старэйшага за нас Івана Антонавіча мы нават перайшлі на «ты» — як ён казаў: «сяброўства люблю на роўных».

Мы з вялікай радасцю часта сустракаліся на розных літаратурных вечарах, нарадах, прэзентацыях, іншых імпрэзах, прымалі ўдзел у штогадовых «Гарэцкіх чытаннях», тэлефанавалі адзін аднаму. З прыемнасцю ўспамінаю нашу вандроўку у Крынічнае на Нёмане, на 80-годдзе Янкі Брыля, калі я з жонкай Галінай, з Нілам Гілевічам і яго Нінай Іванаўнай — усе чацвёра — нечакана прыехалі на маіх «Жыгулях». Колькі было радасці, жартаў, добрых сардэчных слоў у гонар юбіляра!

95-годдзе Максіма Гарэцкага.
Музей Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. 11.03.1988 г.
(Справа налева: Ніл Гілевіч, Радзім Гарэцкі,
Дзмітрый Бугаёў, Алесь Пісьмянкоў).

Як заўсёды ў жыцці, добрае чаргуецца з балючым. У 1988 годзе пакінуў нас мой любы Тата, акадэмік Гаўрыла Гарэцкі. Сардэчная ўдзячнасць мая за падтрымку ў маім горы Ніла Гілевіча і Янкі Брыля сёння бязмерная, а ўсхваляваныя і шчырыя словы апошняга выклікалі ў мяне слёзы супакаення.

24 ліпеня 2003 года Ніла Гілевіча напаткала вялікае гора — пасля цяжкай пакутнай хваробы памерла яго Ніна Іванаўна. Іх вялікае каханне — гэта боскае аб’яднанне дзвюх палавінак: волата беларушчыны і «добрага анёла беларускасці». Ніл Сымонавіч страціў самую любую жанчыну, верную, надзейную клапатлівую сяброўку, спадарожніцу ў задачах і нягодах, лепшую дарадчыцу ў творчасці і жыцці. Ад гэтага страшэннага ўдару ён ужо ніколі не мог адысці. Яна жыла ў яго сэрцы, ён у думках працягваў раіцца з ёю і атрымліваў добрыя парады, якія дапамагалі пераадолець усе цяжкасці. Ніл Гілевіч пабудаваў сваёй любай Жанчыне неразбуральны помнік у выглядзе цыклу з дзесяці кніг «Памяці Ніны» — найсветлы гімн любові і вернасці, дзякуючы якому зорка Ніны Іванаўны Гілевіч будзе свяціць вечна.

Успамінаю, як у той час стварэння гэтага цыклу Ніл дрыжачым голасам, амаль са слязьмі, неяк узгадаў той момант, калі Ніна Іванаўна ляжала ў бальніцы і жалосна прасіла яго, каб хоць на адну гадзіну зноў пабыць у роднай хаце.

— Дык ты ж не зможаш узняцца нават на адну ступеньку па лесвіцы!

— Змагу — толькі адвязі да хаты. Хоць трошачку яшчэ раз пабыць там…

«Так шкадую, што не выканаў яе просьбы», — казаў ён...

Ніл Гілевіч заўсёды здзіўляў мяне сваёй шматграннасцю. Безумоўна, ён — унікальная асоба ў беларускай культуры і літаратуры. У сваёй універсальнай творчасці ён стварыў мноства літаратурных жанраў: у паэзіі і ў прозе, публіцыстыцы і перакладзе, літаратуразнаўстве і крытыцы, гісторыі беларускай літаратуры і фалькларыстыцы, журналістыцы і рэдактарстве. Гэта шматгранная літаратурная дзейнасць была справядліва ацэненая: народны паэт Беларусі — апошні, хто працаваў да 2016 г., Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы, лаўрэат Міжнароднай прэміі імя Хрыста Боцева, прэміі Івана Франка. Ён меў ордэн Кірыла і Мяфодзія 1-й ступені, ордэн Югаслаўскай зоркі са стужкай, ордэн князя Яраслава Мудрага.

Ніл Гілевіч — вядомы навуковец і педагог: кандыдат філалагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, на працягу 25 гадоў — выкладчык на філалагічным факультэце БДУ.

Ніл Гілевіч — адзін з самых працавітых і пладавітых пісьменнікаў Беларусі. Толькі ён з беларускіх майстроў прыгожага пісьменства сам на працягу 10-ці гадоў склаў свой «Збор твораў у 23-х тамах», прычым і выдаў амаль усе тамы за свой кошт. Толькі чалавек вялікай волі і мужнасці, працавітасці і мэтанакіраванасці, нягледзячы на розныя хваробы, асабліва моцнае пагаршэнне зроку, змог здзейсніць такую, здавалася б, зусім непасільную задуму. Гэта — подзвіг творцы.

Успамінаю, як у канцы верасня 2011 года зайшоў да Ніла Гілевіча, каб даведацца, як ён адчувае сябе за тыдзень да 80-годдзя. На ўсё ён глядзеў па-філасофску — дзякуй Богу, што даў столькі гадоў! Але жаліўся і надта перажываў, што амаль зусім не бачыць, таму вельмі цяжка працаваць, а яшчэ трэба падрыхтаваць да друку аж 6 тамоў...

Ніл Гілевіч — вядомы дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Ён працаваў Першым сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, старшынёй пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, старшынёй Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны і рэдактарам газеты «Наша слова».

Яшчэ з дзяцінства ў сэрца Ніла Гілевіча глыбока ўвайшла шчырая любоў да роднай зямлі, яе прыроды, людзей, цудоўнай беларускай мовы, таму змаганне за беларускасць, любую Бацькаўшчыну, мара «дайсці да беларускай Беларусі» — сталі галоўнымі ў жыцці гэтага сапраўднага волата беларушчыны. 15-гадовым юнаком ён напісаў верш «Першая клятва (Родная мова)». Вось некаторыя радкі з яго.

Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, роднае слова!
………………………………………
А задумае вораг з чужога далёкага краю
Адабраць у мяне, знішчыць родную мову маю —
Не дазволю.
Не дам.
Не прадам.
Не змяняю.
І да смерці за волю яе пастаю!

З таго часу роднае слова стала галоўным сэнсам жыцця Ніла Гілевіча, яго літаратурнай і грамадскай дзейнасці. У кожнай кнізе паэзіі, прозы, публіцыстыкі пісьменнік з гонарам і болем гаворыць пра беларускую мову. А колькі душэўных сіл паклаў ён у абарону мовы на розных дзяржаўных і грамадскіх пасадах! Дзякуючы ў першую чаргу менавіта Нілу Гілевічу 26 студзеня 1990 г. быў прыняты Закон аб мовах, паводле якога беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай у Беларусі. Сваю любоў да беларускай мовы, вялікі гонар за адну з самых прыгажэйшых, багатых, старажытных славянскіх моў і адначасова боль і горыч за яе прыніжэнне, за здраду ёй многімі беларусамі пісьменнік выказаў у кнізе «Любоў прасветлая: Роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове. Лірыка-публіцыстычная хроніка: 1947–1995» (Мінск: Навука і тэхніка, 1996. — 544 с.).

На 70-гадовы юбілей Ніла Гілевіча, які адбыўся ў Чырвоным касцёле, сабралася такая вялікая колькасць людзей (не менш за 1500), што многія не змаглі ўвайсці ў святыню. Імпрэзу вельмі натхнёна вёў пробашч касцёла Уладзіслаў Завальнюк. Усё было надзвычай урачыста, шчыра і пранікнёна. Свае вершы паэт чытаў з амбоны. Пазней Ніл Сымонавіч сам адзначыў, што ніколі не быў такі шчаслівы, ніколі раней не чуў пра сябе столькі добрых слоў, якіх яму хопіць на ўсё жыццё...

Ніл Гілевіч і Радзім Гарэцкі. 1995 г.

Я вельмі ўдзячны Нілу Гілевічу за тое, што ён заўсёды паважаў і высока цаніў творчасць і дзейнасць Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх. Ён шмат разоў узгадваў Максіма Гарэцкага як класіка беларускай літаратуры. У зборніку «Мой тэстамэнт» (2006) Ніл Гілевіч, для якога галоўным тэстамэнтам з’яўляюцца мова, народ і Беларусь, змясціў свой верш, прысвечаны памяці Максіма Гарэцкага (напісаны яшчэ ў 1974 годзе):

Дзе вы, дбайныя рупліўцы песень родных?
Мы сягоння ў працы побач быць маглі б.
Маладых яшчэ скасілі вас нягоды,
Адарваўшы ад бацькоўскіх гнёзд-сяліб.
Але вера, што калісьці вас натхняла
У вялікаснай сяўбе і на жніве, —
Тая вера не памеркла, не сканала:
Тая вера, тая вера ў нас жыве!

Ніл Гілевіч выступаў на ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных юбілею Максіма Гарэцкага, на «Гарэцкіх чытаннях». У 16-м томе «Збору твораў у 23-х тамах» (2009) ён надрукаваў два эсэ «Велічыня першага раду (Максім Гарэцкі)» — 1993, «Ён ведаў свой народ, як мала хто іншы», — слова на V «Гарэцкіх чытаннях» (1996), «Прывітальнае слова на ХІ „Гарэцкіх чытаннях“» (2003).

Да 80-годдзя Гаўрылы Гарэцкага Ніл Гілевіч прысвяціў яму вялікі верш «Акадэміку Г.І. Гарэцкаму» (1980), які змясціў у 2-м томе «Збору твораў...» (1999). Трэба адзначыць, што і гэты верш, і верш, прысвечаны памяці М.Гарэцкага, ён змясціў у 1-м томе «Збору твораў у 23-х тамах» (2003). Ён выступіў на навуковай канферэнцыі ў НАН Беларусі да 100-годдзя Г.Гарэцкага, а ў «Запісах...» (2006) некалькі разоў успамінаў пра наведванне Г. Гарэцкага ў яго кватэры. У раздзеле «Неўпарадкаваныя нататкі. 1980–2002» («Толькі мы самі...», 2006) ёсць эсэ Ніла Гілевіча «Апошні з магікан» (2006), прысвечанае Г. Гарэцкаму.

Ніл Сымонавіч заўсёды вельмі ўважліва адносіўся і да маіх артыкулаў і кніг, большасць з якіх я яму прэзентаваў. Праз некаторы час ён званіў і выказваў сваю думку. Памятаю, як ён пахваліў мае кнігі: «Браты Гарэцкія», «Гавриил Иванович Горецкий» (па заказе Расійскай Акадэміі навук), «Жыццёвы меланж». Асабліва яго ўзрушыла кніга «Лісты жыцця і кахання», ад якой ён «адарвацца не змог, пакуль не закончыў. […] Якое неверагоднае каханне! Якая дабрыня! Я ў захапленні…» Шчыра мяне павіншаваў. Адгукаўся і на мае артыкулы, прычым выказваў свае заўвагі, што было мне асабліва карысна.

Апошні 23-ці том свайго «Збору твораў» (2008), Ніл Гілевіч абазначыў як «Абрыс пройдзенага шляху ў святле адной мары». У ім ён успамінаў пра свой жыццёвы шлях, стараючыся аб’ектыўна даць яму ацэнку і падсумаваць сваю дзейнасць. Ніл Гілевіч падараваў мне гэты том на дзень майго 80-годдзя з такім цёплым дароўным надпісам: «Слаўны, шаноўны, дарагі Радзім Гаўрылавіч! Я бязмежна ўдзячны лёсу за тое, што падарыў мне такога вернага сябра і паплечніка ў Вялікім змаганні за Бацькаўшчыну. Віншую з высокім юбілеем. Зычу здароўя табе і моцы духу на доўгія-доўгія гады! Сардэчна абдымаю — Ніл Гілевіч. 4.12.08». Гэта быў для мяне найлепшы падарунак ад нашага самага найвыдатнейшага народнага паэта і патрыёта Беларусі, сяброўствам з якім я вельмі ганаруся.

Ніл Сымонавіч у апошняй частцы тома падкрэсліў некаторыя самыя важныя падзеі ў сваім жыцці:

«У маім жыцьці было некалькі сапраўды шчасьлівых дзён. Першы — калі пасля трох гадоў нямецкай акупацыі, жыцьця пад пастаянным страхам сьмерці, я сустракаў у ліпені 1944-га «нашых» («Нашы ідуць! Гэй-гэй! Нашы ідуць!»), разумеючы, што вайну перажыў, ацалеў, не загінуў. Другі — калі ўлетку 1946-га ўбачыў у часопісе «Бярозка» свой першы надрукаваны верш. Трэці — калі ўступіў у шлюб з каханай дзяўчынай. Чаць­верты — калі нарадзіўся сын. Быў і яшчэ адзін дзень — […]нарэшце, беларуская мова запісана як адзіная дзяржаўная ў Канстытуцыі суверэннай незалежнай Беларусі».

На жаль, самыя галоўныя мары Паэта не збыліся, таму Ніл Гілевіч гэтаму 23-му тому даў падзагаловак «Між роспаччу і надзеяй», а замест прадмовы напісаў такія пранізлівыя словы:

Між роспаччу і надзеяй
пражыў усё сваё сьвядомае жыцьцё —
ад маладосьці да старасьці.
Між роспаччу і надзеяй жыву-дажываю і сёньня.
І роспачы, на вялікі жаль, усё больш і больш.
Але надзея застаецца…
2003, ліпень.

З 2012 г. Ніл Сымонавіч бачыў толькі цені і ўжо не мог чытаць — артыкулы з газетаў ведаў толькі праз сястру Святлану ды слухаў навіны з прыёмніка. Аперацыю дактары і ён разам з імі баяліся рабіць у сувязі з хваробаю сэрца і дыябетам. Але з часам вырашылі рызыкнуць.

Ніл страшэнна перажываў, што не дарабіў да друку некалькі тамоў, ды і іншыя задумы роіліся ў думках. Нарэшце, у кастрычніку аперацыя на вачах прайшла, і ўдала. У тыя дні ён казаў мне, што больш вершаў пісаць не будзе, бо ўсё, што хацеў, ужо сказаў. Але ўжо ў снежні, калі Ніл Сымонавіч пазваніў, каб павіншаваць мяне з днём нараджэння, і я яго шчыра павіншаваў з яго вершамі, якія я з прыемнасцю прачытаў, бо ў іх зноў з’явіліся і імпэт, і гумар, і сатыра, і філасофскія роздумы. Ён быў вельмі рады, пачуўшы, што вершы мне спадабаліся, а я ўзрадаваўся, што мой сябра зноў адчуў уздым ад таго, што ўбачыў свет пасля аперацыі.

Нягледзячы на значны ўзрост, з якім прыхо­дзіць усё больш розных хваробаў, а з імі і фізічная слабасць, Ніла Гілевіча не пакідалі светлы розум, добрая памяць, мужнасць, аптымізм, пачуццё гумару. Ён упарта працягваў творчую працу, без якой проста не мог існаваць. Яго жыццю, узяўшы на сябе клопат пра быт, дапамагалі родныя: мілыя жанчыны — сястрычка Святлана і пляменніца, сын Сяргей і інш.

Ніл Гілевіч сабраў свае эпіграмы і выдаў кнігу «Эпіграмы. 1958–2012» (Мінск: Кнігазбор, 2015. — 112 с.). Аўтар прадмовы, Міхась Скобла, справядліва адзначыў: «І вось нарэшце чытацкім набыткам робіцца айчынная аўтарская кніга эпіграмаў. Яе аўтар — народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. […] …Ніл Гілевіч ніколі не хаваўся ў вежу са слановай косці ад надзённых і балючых праблемаў, заўсёды даваў адпор тым, каго Янка Купала назваў „ворагамі беларушчыны“. […] З выхадам гэтай кнігі на беларускім Парнасе з’явіўся яшчэ адзін сад. Калючы і страхотлівы… „Сад эпіграмаў“. Сам аўтар у аўтографе так сказаў пра сябе: „Дарагі Радзім Гаўрылавіч, сведчу гэтай кніжачкай, што паслухмяным, ціхім і безабаронным хлопчыкам я ніколі не быў. З любоўю — Ніл Гілевіч. 14.05.15“».

Калі мы забраліся на 80-ы «паверх» нашага жыцця (спачатку я, затым — Ніл Гілевіч, а праз 1,5 месяцы — Анатоль Вярцінскі — сябра Ніла са студэнцкіх гадоў, а цяпер і мой), даволі часта сустракаліся на кватэры ў Ніла Сымонавіча ў маладзейшыя гады па розных нагодах, пазней там жа абавязкова адзначалі дні нараджэння. Ніл Гілевіч увесь час сядзеў у хаце, стараўся працаваць, мала рухаўся і таму прыкметна слабеў — у сярэдзіне 2013 года мы ўбачылі яго з кійком, бо яму моцна балелі ногі і ён нават баяўся ўпасці. А як устаць, калі ён шмат часу быў адзін у хаце? Безумоўна, да яго прыходзілі родныя, шматлікія сябры, знаёмыя… У самым канцы сакавіка 2015 года Ніла Гілевіча паклалі ў бальніцу Лечкамісіі для прафілактычнага агляду. Я наведаў яго, добра пагаманілі. Я яго павіншаваў з прэміяй часопіса «Дзеяслоў», якую ён атрымаў за кнігу «У віры быцця: новая кніга эсэістыкі». Ён быў бадзёры, някепска выглядаў. Сардэчна развіталіся. У пачатку чэрвеня Сяргей Нілавіч звазіў Ніла Гілевіча на могілкі да Ніны Іванаўны. Пазней, 30 верасня, Анатоль Вярцінскі і я, як заўсёды, адзначылі разам з роднай сястрой Святланай і стрыечнай Ірынай Уладзіміраўнай дзень нараджэння Ніла Гілевіча, а 18 лістапада — 84-годдзе Анатоля Ільіча. Да нас далучыўся паэт Эдуард Акулін, якога Ніл Гілевіч вельмі любіў і з якім таксама сябраваў. Вельмі добра паразмаўлялі на розныя тэмы. Толькі гаспадар хаты адчуваў сябе кепска, быў вельмі слабы і зусім мала еў — жаліўся, што цяжка глытаць. У снежні мой дзень нараджэння адклалі, бо Ніла Сымонавіча паклалі ў бальніцу ў Бараўляны, каб зрабіць аналіз на анкалогію печані. Чакаць вынікі было даволі доўга, таму ён адпрасіўся да хаты. Але мы не сустрэліся, а паспелі толькі пагаманіць па тэлефоне, бо і я трапіў у бальніцу, каб паставіць кардыястымулятар. Павіншаваўшы адзін аднаго з Новым годам і пажадаўшы здароўя, мы яшчэ працягнулі трохі размову, а размова наша была на тэму, якую мы з Нілам згадвалі ўжо некалькі гадоў узімку: «Трэба дажыць да вясны!». Ён не мог забыць тыя пахаванні, на якіх яму даводзілася быць у халодныя зімовыя дні. На яго неверагодна цяжкае ўражанне рабілі гучныя ўдары аб века труны мёрзлых кавалкаў зямлі... Ён з сумам казаў, што ні ў якім выпадку не хоча памерці ўзімку, бо калі пачуе гэтакі грукат над сабою, дык перавернецца ў труне ад жудасці. «Хачу толькі чуць над сабой цёплы ласкавы пясочак...» Таму і сабе і мне пажадаў абавязкова дажыць да вясны…

15 студзеня 2016 года мы сабраліся ў Ніла Сымонавіча, каб разам сустрэць па-старому Новы год і адзначыць два дні нараджэння — мой (яшчэ снежаньскі мінулагодні) і Эдуарда Акуліна (7 студзеня гэтага года). Ніл мне прызнаўся, што ў яго аналізы дрэнныя — анкалогія ў печані. Нечакана прыйшоў Мікола Сымонавіч, а за гаспадыню, як заўсёды, была Святлана Сымонаўна. Шчыра і зацікаўлена размаўлялі на розныя тэмы, у тым ліку і пра будучыя юбілеі гэтага года — 85-годдзе Ніла Гілевіча і Анатоля Вярцінскага, 80-годдзе Міколы Гіля. Эдуард Акулін папрасіў двух юбіляраў даць інтэрв’ю, каб змясціць іх у часопісе «Верасень». Яны згадзіліся. Ніл Сымонавіч быў усцешаны новай грунтоўнай манаграфіяй Тамары Нуждзі­най «Ніл Гілевіч: маштабнасць таленту і веліч асобы» (Мінск: Про Хрысто, 2015) і з гонарам паказаў яе нам. Мы былі рады, што Ніл Сымонавіч працягваў шмат працаваць, але ён жаліўся на значную слабасць, і нас дужа непакоіла тое, што за такім святочным сталом з рознымі прысмакамі ён амаль нічога не еў не толькі з-за адсутнасці апетыту, але і цяжкасці глытання. Мікола Гіль на развітанне пакінуў брату тры экзэмпляры верша «Тры волаты», якія пазней дайшлі і да нас. Верш мае падзагаловак «Падчас запозненай сустрэчы старога Новага года ў слаўнай кампаніі».

Гляджу на трох сяброў-волатаў —
І сціскаецца з жалю сэрца:
Не цьмянее з часам золата,
Ды сам час — пад ногі каберцам.

Крывіцкага духу сейбіты —
Гарэцкі, Гілевіч, Вярцінскі...

У другую палову студзеня і большую частку лютага Ніл Гілевіч так кепска сябе адчуваў, што мог хадзіць толькі з дапамогай спецыяльнай перасоўкі, больш сядзеў ці ляжаў, адчуваў болі ў паясніцы. На прапановы Вярцінскага і маю наве­даць яго, каб дапамагчы, адказаў адмоўна. Думаў, што ачуняе і тады пакліча нас да сябе. І праўда, 24 лютага Ніл Гілевіч прызначыў у 12:15 нам сустрэчу. У яго па чарзе ўвесь час былі сястра і пляменніца, якія і адчынілі нам дзверы. Ніл ся­дзеў на канапе, выглядаў нават лепш, чым калі мы бачылі яго ў апошні раз. Мы не толькі добра размаўлялі на розныя тэмы мінулага і сучаснага, але і выпілі па чарачцы каньяку... Ніл Гілевіч трымаўся вельмі мужна і, нягледзячы на зусім цяжкі стан, працаваў. Якраз у гэты дзень у «Народнай Волі» з’явілася яго выдатная падборка з запісаў «У віры быцця», якую мы вельмі хвалілі. Ніл з прыемнасцю слухаў гэта, ён быў рады нашай гамонцы, але праз гадзіну вельмі стаміўся, і мы сардэчна развіталіся.

На жаль, Ніл Сымонавіч адчуваў сябе ўсё горш. Калі я блізка да 25 сакавіка пазваніў яму, каб даведацца пра яго адчуванне, павіншаваць са святам і паведаміць некаторыя навіны, спытаў: «Ты можаш гаманіць ці пазваніць пазней?». Ён ледзь адказаў зусім слабым голасам і ўзрадаваўся маёй прапанове: «Лепш пазней, лепш пазней».

29 сакавіка 2016 г. у 20:20 увечары пазваніў мне Сяргей Нілавіч і паведаміў страшную вестку: адышоў у іншы свет Ніл Гілевіч. Раніцою паклалі ў Лечкамісію, а ўвечары сэрца спынілася. Як сказала сястра Святлана — нарадзіўся ўвечары і памёр увечары. Сяргей казаў, што прыблізна ў 18:30 ён схіліўся да бацькі, які ўвесь час быў непрытомны, і звярнуўся да яго: «Бацька! Гэта я, твой сын». У адказ — маўчанне. Сяргей зноў яго паклікаў. Раптам голас бацькі: «Ціха!». Сяргей Нілавіч узрадаваўся, што Тата ачуняў, і выйшаў з палаты. Праз 10-15 хвілін званок ад доктара: «Ніл Гілевіч памёр». Гэта было ў 18:55.

31 сакавіка родныя ў хаце развітваліся са сваім дарагім Нілам Сымонавічам, каб назаўтра канчаткова, ужо разам з яго сябрамі, прыхільнікамі яго творчасці, беларускім народам пахаваць на Кальварыйскіх могілках. Сяргей Нілавіч запрасіў Анатоля Вярцінскага і мяне далучыцца да родных. Прыходзілі шматлікія родзічы з вянкамі і кветкамі, сядзелі, паціху размаўлялі, успаміналі добрае і сумнае мінулае, выпадкі з нябожчыкам. Сум і гора былі ў хаце…

Ніл ляжаў у труне вельмі бледны, як быццам спаў, і зусім супакоены, таму што ведаў — зрабіў для Бацькаўшчыны ўсё, што мог. Нам здавалася, што ён дае нам апошні свой запавет: «Дарагія сябры, працягвайце той шлях, на якім вы так падтрымлівалі мяне, рабіце ўсё магчымае для беларушчыны, дэмакратыі, незалежнасці і не губляйце аптымізму, бо «ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы да Беларусі!..»

1 красавіка развітацца з Нілам Гілевічам у Свята-Петра-Паўлаўскі сабор прыйшлі тысячы людзей. Усе газеты (нават многія дзяржаўныя) далі вялікія раздзелы пра апошняга народнага паэта Беларусі, выдатнага навукоўца, педагога, палітычнага і грамадскага дзеяча.

Былі ўскладзеныя кветкі і вянкі ад імя розных інстытуцый і арганізацый: Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтра, Таварыства беларускай мовы, ЗБС «Бацькаўшчына», Міністэрства культуры Рэспублікі Бе­ларусь, Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Бела­русь, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і іншых.

Жалобную службу на беларускай мове правялі тры святары: а. Георгій Латушка, а. Юры Залоска і клірык Свята-Духава сабора а. Сергій Гардун. Пасля заканчэння малітвы настаяцель Свята-Петра-Паўлаўскага сабора протаіерэй Георгій Латушка зачытаў спачувальныя лісты ад Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі і Мітрапаліта Філарэта, ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

З развітальнымі словамі на грамадзянскай паніхідзе выступілі старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, палітыкі і грамадскія дзеячы Станіслаў Шушкевіч, Пётр Краўчанка, пісьменнікі Анатоль Вярцінскі, Віктар Казько, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, дэкан філалагічнага факультэта БДУ, прафесар Іван Роўда, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры HAH Беларусі Іван Саверчанка і я.

Развітанне і грамадзянская паніхіда працягнуліся на Кальварыйскіх могілках. Каля труны выступілі Сяргей Законнікаў, Уладзімір Арлоў, Генрых Далідовіч, Аляксей Каўка, Эду­ард Акулін, Вячаслаў Рагойша, старэйшы з пляменнікаў Ніла Гілевіча Валер Маслаў. Першы намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч зачытаў спачувальныя тэлеграмы ад Часовага Паверанага ў справах Каралеўства Вялікабрытанія ў Рэспубліцы Беларусь, Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі, ад Саюза пісьменнікаў Швецыі, ад Героя Украіны, паэта Дмытра Паўлычкі.

Пад гімн «Магутны Божа» сотні чалавек правялі Ніла Сымонавіча ў апошні шлях...

Калі цябе назаўсёды пакідае сябар, сэрца ахопліваюць сум і нуда, адчуваеш невыносны боль (нават калі ніколі не звяртаўся да кардыёлагаў), а ад душы, якая таксама найбольш чулая да такой згубы, адвальваецца нябачны кавалак і замест яго з’яўляецца пустэча... Калі твой сябар, які пайшоў ад цябе ў іншы свет, быў вялікаю асобаю, згуба якога не толькі тваё гора, а бяда для ўсяго народа, усёй краіны, дык гэтая жудасная страта адчуваецца ўдвая. Чым даўжэй жывеш, тым больш перажываеш страты блізкіх людзей. Так і цяпер стаіць у душы боль ад адчування пустэчы — і ў сяброўстве, і ў грамадстве. І не зменшыўся ён і пасля саракавінаў, у час якіх можна было пачуць ад блізкіх, родных і ад сяброў такія шчырыя словы любові, падзякі за дабрыню, дапамогу, сяброўства, вялікую паэтычную творчасць (асабліва раман «Родныя дзеці» як сучасны працяг коласаўскай «Новай зямлі»), за цудоўную публіцыстыку, яркія гумар і сатыру, навуковую і педагагічную дзейнасць, за працу ў Вярхоўным Савеце, Таварыстве беларускай мовы і многае іншае. Усе жадалі, каб душа Ніла Гілевіча трапіла на нябёсы, каб злучылася з душою яго каханай Ніны Іванаўны. Спадчына і імёны такіх вялікіх творцаў нашай Бацькаўшчыны, як Ніл Гілевіч, а таксама адданых сыноў Беларусі, якія адышлі перад ім, — Васіля Быкава, Янкі Брыля, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна — будуць жыць вечна, як вечна будзе жыць і наша родная Беларусь..

Гл. таксама:
У ВЯНОК ПАМЯЦІ НІЛА ГІЛЕВІЧА ::
Арсень ЛІС :: ПАМЯЦІ ПАЭТА-ГРАМАДЗЯНІНА, ЗМАГАРА ::
Міхась СКОБЛА :: НІЛ, ЯКІ ЖЫВІЎ ПУСТЫНЮ ::
Тамара НУЖДЗІНА :: «Я МАРНА НЕ ЗГІНУЎ, БЯССЛЕДНА НЕ ЗНІК...» ::
Ірына ЖАРНАСЕК :: СУСТРЭЧЫ, РАЗМОВЫ, УСПАМІНЫ... ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY