Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(76)/2016
Год Міласэрнасці

«ІМЯ БОГА — МІЛАСЭРНАСЦЬ»
Юбілеі
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Падзея
Мастацтва

АДЗІНСТВА Ў РАЗНАСТАЙНАСЦІ
Літаратуразнаўства
Мастацтва
In memoriam

НІЛ, ЯКІ ЖЫВІЎ ПУСТЫНЮ
Вобразы і сімвалы

СВЯТЫЯ РУЖЫ
Пераклады
Паэзія

ПАД ЗОРКАЮ ХРЫСТА

СПЫНЯЮ ЧАС...
Мемуары
Прэзентацыя

Міхась СКОБЛА

НІЛ, ЯКІ ЖЫВІЎ ПУСТЫНЮ

Апошнім часам кнігі Ніла Гілевіча выходзілі пераважна ў недзяржаўных выдавецтвах мізэрнымі накладамі і ў гандлёвую сетку «Белкнігі» не траплялі.

Ды і якая там «сетка» — кнігарні хутка застануцца толькі ў абласных цэнтрах, у раённых кніжныя крамы амаль паўсюль ціхенька пазачыняліся, а астатнія перайшлі на больш рэнтабельны тавар. Але ж чытачы беларускай літаратуры там засталіся, і забывацца пра іх пісьменнікі не маюць права. Ніл Сымонавіч не забываўся. Ведаючы, што я кудысьці збіраюся з выступам, прасіў зайсці па надпісаныя кнігі і ўручыць тым, хто іх чакаў у Зэльве і Лунінцы, у Мастах і Гародні, у Слоніме і Вілейцы, у Лідзе і Полацку…

Людзі прымалі Гілевічавы кнігі (заўсёды — з трапнымі непаўторнымі аўтографамі) як узнагароды за сваю дзейнасць на ніве беларускай культуры. І было відно, як высока цаніліся імі тыя кнігі-ўзнагароды. Апошні «кніжны медаль» ад Ніла Гілевіча — зборнік «Эпіграмы» — я ўручыў старшыні Гарадзенскага аддзялення СБП Валянціну Дубатоўку 25 сакавіка 2016 года, калі адзначаліся 70-я ўгодкі абласной пісьменніцкай суполкі.

Назаўтра Валянцін патэлефанаваў мне і сказаў, што цяпер ведае, як адбівацца ад мясцовых графаманаў, якія нясуць і нясуць яму свае вершаваныя опусы. Адбівацца ён будзе Гілевічавымі радкамі:

Над вершам трэба мець уладу.
Таму хачу, каб быў мой верш —
Як хата, зрубленая ў лапу,
Дзе ні вянца не разарвеш!

Не ведаю, ці дапамог той чатырохрадковы рэцэпт гарадзенскім вершапісцам, ці будуць яны пісаць гэтак беспахібна, як калісьці рубілі хаты майстры-цесляры. У любым выпадку ведаць яго нікому не зашкодзіць.

Увогуле, Ніл Гілевіч — адзін з самых цытаваных айчынных паэтаў. У гэтым мне даводзілася шматкроць пераконвацца ў самых розных месцах і кампаніях. Безліч разоў ад людзей разнастайных прафесій (неабавязкова гуманітарыяў) чуў я афарыстычныя радкі з «Родных дзяцей», са «Сказа аб незвычайнай эпідэміі ў краіне Тутэміі», з паэмы «Сказ пра Лысую гару», якая доўгія гады лічылася ананімнай. Апошняя ў машынапісных копіях хадзіла па руках не толькі ў сталічных творчых асяродках, але была вядомая і ў нашай Дзярэчынскай сярэдняй школе — дзякуючы ўлюбёнаму ў беларускую паэзію настаўніку-русісту Пятру Мікалаевічу Марціноўскаму. Дзіўна — Гогаля ці Маякоўскага ў ягоным выкладзе не памятаю, а Гілевіча — так! І памятаю не толькі я…

Аднойчы тэлефонны званок з Дзярэчына заспеў мяне ў кватэры Ніла Сымонавіча. Даведаўшыся, з кім я сяджу і размаўляю, мой стрыечны брат Уладзімір Бартош папрасіў перадаць слухаўку паэту і з ягонай згоды прачытаў на памяць ці не ўсю лысагорскую паэму. Думаю, аўтару было прыемна — смяяўся ён так, быццам чуў тую паэму ўпершыню…

Нярэдка і мне за бяседным сталом ці ў радыёгутарках выпадала выкарыстоўваць дасціпныя вершапрыказкі Ніла Гілевіча, як і дасканалыя паэтычныя формулы Рыгора Барадуліна, з якім у Ніла Сымонавіча, колькі памятаю, адносіны былі далёка не сяброўскія. Не ведаю, як ставіліся да гэтага іншыя, але я ўспрымаў тую непрыхаваную варажнечу як балючую недарэчнасць. І мне вельмі хацелася памірыць іх — двух сапраўды народных паэтаў, якія атрымалі гэтае званне ўжо ў незалежнай Беларусі і шматкроць даказалі сваю глыбінную народнасць у найскладанейшы для краіны час. Прычым, з якой падваротні тая «чорная котка», што паміж імі прабегла, выскачыла, яны і самі прыгадаць не маглі. Ці то Рыгор Барадулін напісаў крыўдную эпіграму на Ніла Гілевіча, ці то Гілевіч на Барадуліна (абодва ж былі непераўзыдзенымі эпіграмістамі). Карацей кажучы, жыць у стане нейкага ўзаемнага супрацьстаяння двум народным было не да твару, што я ім па чарзе і даводзіў. Ды, відаць, дыпламат з мяне быў дрэнны — Ніл Сымонавіч і Рыгор Іванавіч так і не памірыліся.

Помню, як раўніва ўспрыняў Ніл Гілевіч маю прадмову да «кнігазбораўскага» тома Барадуліна. Маўляў, геніяльнасць паэта бывае відна з дыстанцыі часу, а вы яго прыжыццёва ледзь не ў почат святых запісалі… Я не пярэчыў, усведамляючы, што неспадзявана для сябе падкінуў паленца ў вогнішча тае, не прыгаслай з гадамі, варажнечы. А праз пэўны час і Ніл Гілевіч звярнуўся да мяне з той самай просьбай — напісаць прадмову да яго новай кнігі, што я і зрабіў, не крывячы душой і думаючы, што хоць такім чынам я іх сімвалічна набліжу. Сімвалічна, бо Барадуліна на той час ужо не было ў жывых.

Цяпер яны памірацца там і без маёй дапамогі. Абавязкова. Бо што значаць нейкія жыццёвыя драбніцы адтуль, з вечнасці...

Ігар Гардзіёнак, Ніл Гілевіч і Міхась Скобла —
мастак, аўтар кнігі і рэдактар кнігі «Эпіграмы». 2015 г.

Нілу Гілевічу было наканавана стаць апошнім народным паэтам Беларусі. Яму самому гэтага хацелася. Ён нават змог адгаварыць яшчэ аднаго выдатнага паэта, свайго сябра, ад прэтэнзіі на гэтае званне, падмацаванай і талентам, і падрыхтаванай ужо ўсёй неабходнай дакументацыяй. Ды так адгаварыў, што яны па-ранейшаму засталіся сябрамі! Зрэшты, мне невядома, чыя тут большая заслуга — ці настойлівага адгаворшчыка, ці ўсё ж некрыўдлівага сябра. У любым выпадку, перамаглі дружба і чалавечая годнасць, а яшчэ адна «чорная котка» з падціснутым хвастом мусіла вярнуцца туды, адкуль вылезла.

Апошнім часам з-за хваробаў Ніл Гілевіч практычна не пакідаў сваёй кватэры ў знакамітым пісьменніцкім доме на Карла Маркса, 36, але самотным не быў. Да яго ўвесь час прыходзілі наведнікі, цэлыя дэлегацыі прыязджалі з іншых гарадоў. Мяне асабліва ўражвала, колькі яму прыносілі кніг. Аўтары і выдаўцы, стараючыся зрабіць прыемнае паэту-кніжніку, шчодра дарылі яму сваю прадукцыю, якая акуратна складвалася на канапе, — усё вышэй і вышэй, нагадваючы ўзвядзенне нейкай абарончай сцяны з кніг. Відаць, паэту за гэтай сцяной было ўтульна і спакойна, ён любіў пагаварыць пра кніжныя навінкі. Але чытаць амаль не мог, прасіў сястру.

Аднойчы і мне давялося пабыць у ролі чытальніка. Праўда, не кнігі, а лістоў Зоські Верас. Ніл Сымонавіч перадаваў іх для публікацыі і паскардзіўся, што вось хацеў перачытаць, ды не здолеў — зрок слабы і почырк складаны. А я да таго часу расчытаў ужо лістоў з васямсот. Думаю, прачытаю ліст-другі. Але Ніл Сымонавіч аказаўся слухачом надзіва пільным, і пакуль я ўсю перапіску не агучыў (лістоў з дваццаць), з хаты не адпусціў, а за цярплівае чытанне ўзнагародзіў гісторыяй пра тое, як ён прымаў Зоську Верас (рaдную БНР!) у савецкі яшчэ Саюз пісьменнікаў.

Фармальна прыняць яе не маглі — не была грамадзянкай Беларусі (жыла ў лесе пад Вільняй). І тады («і та-а-а-ды» — падкрэслена расцягваў слова апавядальнік) нікому невядомую бабульку Людвіку Антонаўну Сівіцкую часова прапісаў у сваёй маладзечанскай хаце Генадзь Каханоўскі. У выніку Зоська Верас атрымала пісьменніцкі білет і неабходную для пражыцця пенсію, а першы сакратар Саюза пісьменнікаў БССР Ніл Гілевіч — вымову ад ЦК КПБ за страту палітычнай пільнасці. І ўжо другога Гілевічавага пратэжэ — паэта і былога «эсбээмаўца» Кастуся Шавеля — і блізка да таго саюза не падпусцілі.

Захаваў Ніл Сымонавіч для гісторыі і лагерныя вершы Ларысы Геніюш. Ведаючы пра мае даследчыцкія зацікаўленні, без усякіх умоваў перадаў іх для публікацыі. Сам ён атрымаў тыя вершы з рук Васіля Быкава, а той у сваю чаргу ад самой аўтаркі ў Зэльве ў 1971 годзе. Больш за сорак гадоў перахоўваліся яны за нейкую сотню метраў ад установы, дзе часта мяняюцца гаспадары кабінетаў, але дзе нязменна вялікую нацыянальную паэтку лічаць злачынцаю, не падлеглай рэабілітацыі.

Як і кожнага творцу, Ніла Гілевіча клапаціла, як адгукнулася яго слова, ці ўзышло пасеянае, ці спажыта яно, ці прынесла карысць. І тут была яго болевая кропка. Ён неаднаразова згадваў, што на яго раман у вершах «Родныя дзеці» (першы і апошні пакуль у беларускай літаратуры) у друку так і не з’явілася ніводнай рэцэнзіі, як не з’явілася і ніводнага сур’ёзнага водгуку на Збор твораў у 23-х тамах (апрача публікацыі ў «Нашай веры»). Гэтае маўчанне крытыкаў не дадавала паэту спакою. І яго можна зразумець.

Не забудуся, як усцешылі Ніла Сымонавіча словы Ларысы Геніюш, адшуканыя мною ў адным з лістоў з Зэльвы: «Ніл Гілевіч — гэта жывіцель пустыні». Ён нават перапытаў у слухаўку: «Як-як яна мяне назвала? Жывіцелем пустыні? Але ж і ёмка, але ж і трапна». І пазней, ведаю, падабаліся яму параўнанні з вялікай і паўнаводнай ракой, якая жывіць зялёныя аазісы ў афрыканскіх пясках.

І гэтае параўнанне, у адрозненне ад многіх іншых, не кульгае. Калі азірнуцца на зробленае Гілевічам у далёка не спрыяльных умовах, то сапраўды — ён той Ніл, які жывіў пустыню. І ад нас ужо залежыць, ці будуць памнажацца ў гэтай пустыні аазісы беларушчыны, ці ўсё ізноў засыплюць сухія і абыякавыя пяскі.

Здымкі з архіва аўтара.

Гл. таксама:
У ВЯНОК ПАМЯЦІ НІЛА ГІЛЕВІЧА ::
Радзім ГАРЭЦКІ :: ЗМАГАР ЗА БЕЛАРУСЬ І МОЙ СЯБАР ::
Арсень ЛІС :: ПАМЯЦІ ПАЭТА-ГРАМАДЗЯНІНА, ЗМАГАРА ::
Тамара НУЖДЗІНА :: «Я МАРНА НЕ ЗГІНУЎ, БЯССЛЕДНА НЕ ЗНІК...» ::
Ірына ЖАРНАСЕК :: СУСТРЭЧЫ, РАЗМОВЫ, УСПАМІНЫ... ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY