 |
|
* * *
Мая мама верыла ў Бога.
Не скажу, каб мяне прымушала маліцца.
Толькі ўзяў я з матуліных вуснаў,
Нібы гром, энергічнае,
бы маланка, імклівае
Слова г р э х.
Гэтак проста яна асуджала,
Ушчувала, бывала, яна:
Грэх з гора чужога смяяцца!
Грэх не ведаць ніякае працы!
Грэх птушыныя гнёзды бурыць!
З гэткім кодэксам рос я, вырас,
З ім падняўся ў свой першы вырай,
Не расстаўся й да гэтай пары.
Сыне мой, ты сыночкаў гадуеш,
Сэрца ім цеплыні не шкадуеш,
Ды запамятай, што пры нагодзе
Аніколі, нідзе не зашкодзіць
Словы мамы маёй паўтарыць:
Грэхз гора чужога смяяцца!
Грэх не ведаць ніякае працы!
Грэх птушыныя гнёзды бурыць!
|
|
Любоў
Любоў бязмежная, як і душа.
Маю душу ўсё існае хвалюе.
І мастака, і жабрака люблю я,
І зорку, і пчалу, і мураша.
Любоў не патрабуе ні граша —
Яна сабой ніколі не гандлюе.
Любові не зракуся, не згублю я,
Калі і шлях свой буду завяршаць.
Ад Маці, Неба і Зямлі любоў,
Яна — сястра, напэўна, прыгажосці,
Супрацьстаіць нянавісці і злосці,
Распнутая, уваскрасае зноў…
«Любоў — міраж», — магчыма, скажа хтосьці.
Яна ж трымае свет спакон вякоў.
|
|
Прырода
Люблю цябе і слухаю, прырода,
Такая вабная парой любой!
Зачараваны змалку я табой,
Тваёй жывой красой, тваёй лагодай.
Я да цябе прыходжу то з журбой,
То з добраю душэўнаю пагодай,
З табой сустрэчы — сэрцу асалода,
З табой разлуку назаву бядой.
Ты ўся — ад жоўтай зоркі дзьмухаўца
Да сонца і да просіні нябёснай —
Вялікі цуд вялікага Тварца.
Няхай мільгаюць восені і вёсны,
Мяне натхняе гэты свет дзівосны,
Няма якому краю і канца.
|
|
Малітва за родную мову
Ойча наш міласэрны нябёсны,
О, пачуй просьбы горкае словы:
Адвядзі, Божа, глум невыносны
Ты ад нашай прачыстае мовы.
Ўсім людзям з жывою душою,
Як паветра, вада, зямля плодная,
Трэба слова, але не чужое,
А навекі вякоў слова роднае.
Адвядзі ад яго занядбанне,
Ад знявагі яго захіні,
Ды благое яго існаванне
Паўнакроўным жыццём замяні.
Ойча наш цудадзейны нябёсны,
На людскія учынкі зірні:
Нам зямлю палівалі агнём і крывёю,
І Чарнобыль пакінуў свой след смертаносны,
Нам бракуе аховы Тваёй.
Шматвяковых пакутаў і болю
Нам даволі, даволі, даволі!
Спаконвечнае наша памкненне да волі —
Костка ў горле натоўпам варожым.
Наша мова ім так замінае!
Заступіся за нас, моцны Божа, —
Слова продкаў хай гора не знае!
Не пусці яго, Божа, на звод,
Памажы, памудрэў каб народ,
Каб святыні свае ён бярог…
О, магутны, о праведны Бог!
Нас бяспамяцтвам Ты не карай,
Сябе самі бязбожна караем,
Цябе молім: краіне Ты стацца не дай
Зноў Паўночна-Заходнім краем!
|
|
Багоўка пасля зімы
Багоўку ўбачыў на праталінцы,
Падняў, паклаў на даланю.
Яна ледзь-ледзь заварушылася
Каля гаючага агню.
— Жывая! Вось твая праталінка…
Яшчэ мо ўбачымся з табой.
Ты сонцу радуйся, баговачка.
Віншую, мілая, з вясной!
|
|
Пад зоркаю Хрыста
Хай у жыцці пануюць вечна
Любоў і мір, і пекната;
Палюбім бліжняга сардэчна —
Мы ўсе пад зоркаю Хрыста!
Не быць сумленню ў паняверцы.
Нянавісць, прэч, і пустата!
Напоўнім верай нашы сэрцы —
Мы ўсе пад зоркаю Хрыста!
Збліжае нас духоўным хлебам
Да храмаў верная вярста.
У нас адны зямля і неба —
Мы ўсе пад зоркаю Хрыста!
Не перастаньма верыць, людзі:
Зло пераможа дабрата.
Няхай у нашых душах будзе
Заўсёды зорачка Хрыста!
|
|
 |