Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(76)/2016
Год Міласэрнасці

«ІМЯ БОГА — МІЛАСЭРНАСЦЬ»
Юбілеі
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Падзея
Мастацтва

АДЗІНСТВА Ў РАЗНАСТАЙНАСЦІ
Літаратуразнаўства
Мастацтва
In memoriam

НІЛ, ЯКІ ЖЫВІЎ ПУСТЫНЮ
Вобразы і сімвалы

СВЯТЫЯ РУЖЫ
Пераклады
Паэзія

ПАД ЗОРКАЮ ХРЫСТА

СПЫНЯЮ ЧАС...
Мемуары
Прэзентацыя

АДРАДЖЭННЕ КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА Ў БЕЛАРУСI ЯК ДАР БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ (У КАНТЭКСЦЕ ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗII)


З даклада арцыбіскупа Тадэвуша КАНДРУСЕВІЧА
на Нацыянальным эўхарыстычным кангрэсе,
які адбыўся ў Гродне 24-26 мая 2016 г.

Год Надзвычайнага Юбiлею Божай Мiласэрнасцi адначасова з’яўляецца годам сярэбранага юбiлею адраджэння структураў Каталiцкага Касцёла ў Беларусi, што 25 гадоў таму стала надзвычайным праяўленнем Божай мiласэрнасцi на выпаленай скварам атэізму i знішчанай духоўным Чарнобылем зямлі.

Пасля пераследу трох пакаленняў прыйшла доўгачаканая свабода веравызнання. У нашай краiне распачаўся працэс духоўнага адраджэння, у вынiку чаго ў 1991 годзе была заснавана Мiнска-Магiлёўская мiтраполiя, у якую ўвайшлі аднайменная архiдыяцэзiя, наваствораная Гродзенская дыяцэзiя i адроджаная Пiнская дыяцэзiя.

Хрысціянства на нашы землі прыйшло яшчэ напрыканцы X стагоддзя. Вядома, што ў 986 годзе ў Полацку былі заснаваныя царква і кляштар усходняга абраду св. Яна Хрысціцеля, а ў 1005 годзе ў Тураве быў заснаваны касцёл лацінскага абраду1. Такім чынам, як само хрысціянства, так і Каталіцкі Касцёл у нашай краіне існуюць ужо больш за тысячу гадоў.

Яго гісторыя няпростая. Гэта гісторыя росквіту i адначасова гісторыя жорсткіх ганенняў. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на пераследы веры ў царскія часы i часы атэістычнага рэжыму, які панаваў на ўсходзе Беларусi цэлыя тры пакаленні, а на захадзе – каля двух. Да гэтага таксама неабходна далучыць няпростую сітуацыю Касцёла падчас гітлераўскай акупацыі нашых земляў.

Часам здавалася, што Касцёл ужо ніколі не адродзіцца і ніколі на нашай зямлі не будзе абвяшчацца Евангелле, на вежах касцёлаў не зазвоняць званы, а дзецi не пазнаюць вечна жывой Божай праўды. Але тое, што немагчыма чалавеку, становіцца магчымым Богу, сведкамі i ўдзельнікамі чаго мы з’яўляемся.

Шлях да адраджэння быў доўгі i складаны. Сёння трэба дзякаваць бязмежнаму ў сваёй міласэрнасці Богу, які ў сваім неспасцiгальным Провiдзе вёў Касцёл у Беларусі шляхам адраджэння праз многія выпрабаванні. Трэба дзякаваць нешматлікім святарам, якія ў часы ганенняў «дваіліся» i «траіліся», каб толькі падтрымаць агеньчык веры ў людзях. Трэба дзякаваць нашым бацькам i дзядам, якія ўзялі на сябе цяжкі i складаны абавязак перадаваць веру маладому пакаленню ў простых малітвах, лiтанiях i хрысціянскіх традыцыях. Трэба згадзіцца са словамі святой памяці выдатнага тэолага i філосафа, Мітрапаліта Люблiнскага арцыбiскупа Юзафа Жыцiнскага, які падчас першага Сiнода Бiскупаў Еўропы ў 1991 годзе сказаў, што для захавання i перадачы веры больш зрабілі простыя бабулi, чым вучоныя тэолагi.

Гісторыя станаўлення і адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Беларусі вельмі складаная. Як вядома, у XIII–XVIII стагоддзях Беларусь была часткаю Вялікага Княства Літоўскага, у якiм у часы Рэчы Паспалітай былі дзве дыяцэзіі: Жмудская для рэгіёна Жмудзі і заснаваная ў 1388 годзе Віленская2. Гэта азначае, што ўжо ў XIV стагоддзі на нашых землях iснавалi сталыя структуры Каталіцкага Касцёла, і менавіта з таго часу каталіцызм стаў актыўна распаўсюджвацца на нашай зямлі.

У 1773 г. імператрыца Кацярына II самавольна ўстанавіла Беларускае біскупства. Гэта быў не адпаведны нормам кананічнага права акт царскага ўраду Расіі. Пасля доўгіх дыпламатычных перамоваў папа Пій VI у 1783 г. зацвердзіў яго са статусам Магілёўскай дыяцэзіі. Першым яе ардынарыем стаў біскуп Cтаніслаў Богуш-Сестранцэвіч. У 1798 годзе статус Магiлёўскай дыяцэзii быў падняты да ўзроўню архiдыяцэзii, а яе ардынарый стаў першым Магiлёўскiм Мітрапалітам з рэзідэнцыяй у Санкт-Пецярбургу, што само па сабе павышала статус Каталіцкага Касцёла ў Расійскай імперыi. Магілёўскаму Мітрапаліту падпарадкоўваліся ўсе католікі Расіі.

Асаблівай увагі заслугоўвае вельмі складаная гісторыя Мінскай дыяцэзіi, якая была заснавана папам Пiем VI у 1798 годзе. Першым яе біскупам стаў вельмі энергічны Віленскі канонік Якуб Дадэрка, пад кіраўніцтвам якога дыяцэзiя развівалася вельмі добра. Аднак яе лёс, таксама як i лёс Каталіцкага Касцёла ва ўсёй Беларусi, пачаў вельмі моцна змяняцца, прычым у горшы бок, пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалiтай у 1795 годзе i паражэння паўстання Кастуся Калiноўскага ў 1863 годзе. Тады Касцёл спазнаў новы пераслед: зачыняліся касцёлы i кляштары, лiквiдавалiся семінарыі i іншыя касцёльныя ўстановы. Каля трохсот святароў былі высланыя ў Сiбiр.

У 1868 годзе царскія ўлады без згоды Апостальскага Пасаду ліквідавалі Мінскую дыяцэзію, у выніку чаго мінскі Касцёл быў падпарадкаваны Віленскай дыяцэзіі, якую таксама не заўсёды ўзначальвалі біскупы3.

Дзейнасць Мінскай дыяцэзіі была адноўленая толькі пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года. Яе ардынарыем стаў Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі, які, аднак, у 1921 годзе з-за пераследу павінен быў пакінуць дыяцэзію.

У выніку Рыжскай мірнай дамовы 1921 года на ўсходзе Еўропы змяніліся межы дзяржаваў. Менавіта тады ў 1925 годзе Апостальскі Пасад заснаваў Пінскую дыяцэзію, тэрыторыя якой у той час належала Польшчы. Яе першым ардынарыем стаў вышэйзгаданы Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі.

Палітыка камуністычных уладаў была прасякнутая духам нянавiсцi да рэлiгii, якая, паводле Карла Маркса, з’яўляецца «опiумам для народа». У выніку савецкая ўлада распачала нябачаныя дагэтуль ганенні на рэлігію i паступова разбурала структуры Каталіцкага Касцёла ў былым Савецкім Саюзе. У Мiнску не было бiскупа. Магiлёўскi арцыбiскуп Ян Цепляк апынуўся на лаве падсудных на славутым працэсе над каталіцкім духавенствам у сумна вядомай маскоўскай Лубянцы i быў асуджаны на кару смерці. Толькі міжнародныя пратэсты ўратавалі яго жыццё. Смяротнае пакаранне было замененае на дзесяць гадоў вязніцы. Пазней ён быў высланы ў Польшчу.

Разам з ім быў асуджаны на смерць кс. Канстанцiн Буткевiч, якi быў расстраляны ў пасхальную ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка 1923 года. Гэтым самым атэісты хацелі паказаць, што не ўваскрослы Хрыстус, а яны з’яўляюцца валадарамі свету.

З мэтаю, па магчымасці, падтрымаць жыццё Касцёла i яго пастырскую дзейнасць папа Пій XI у 1926 годзе падзяліў Магілёўскую архідыяцэзію на пяць апостальскіх адміністратураў: у Магілёве, Маскве, Ленінградзе, Харкаве і Казані, Самары і Сімбірску. Мінскім і Магілёўскім Апостальскім адміністратарам быў прызначаны біскуп Баляслаў Слосканс, які пасля шматлікіх арыштаў у 1933 годзе быў высланы ў Латвію.

Такім чынам, на пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя Каталiцкi Касцёл у Беларусi быў абезгалоўлены.

Важным у гісторыі каталіцызму ў Беларусі з’яўляецца 1939 год. У той час на далучаных да Беларусi заходніх тэрыторыях знаходзілася 446 касцёлаў і 14 кляштараў, працавалі 617 святароў4. З аднаго боку, гэта было якасна значнае ўзмацненне знішчанага савецкімі ўладамі Касцёла ў Беларусi. З іншага ж, i на гэтых тэрыторыях Касцёлу быў падрыхтаваны лёс пераследу. Прыкладам можа служыць гісторыя кардынала Казiмiра Свёнтка. Будучы маладым святаром, ён у 1941 г. быў арыштаваны i асуджаны на смяротнае пакаранне, выканання якога чакаў у Брэсцкай вязніцы.

Падчас гітлераўскай акупацыі ў часы Другой сусветнай вайны ў некаторых раней ліквідаваных касцёлах распачаліся набажэнствы, як, напрыклад, у мiнскай катэдры Iмя Найсвяцейшай Панны Марыi ці касцёле святых Сымона i Алены ў Мiнску. Аднак у той жа час немцы арыштоўвалі святароў i нават расстрэльвалі іх. Прыкладам можа служыць трагічны лёс кс. Вiнцэнта Гадлеўскага, якога немцы арыштавалі ў мiнскiм касцёле святых Сымона i Алены i ў вiгiлiю Божага Нараджэння ў 1942 годзе расстралялі ў Трасцянцы пад Мiнскам. Падобных прыкладаў можна назваць значна больш.

Пасля Другой сусветнай вайны частка Віленскай архідыяцэзіі, якая знаходзілася на тэрыторыі Беларусі, засталася без біскупа. Пераслед, які спазнаў Каталiцкi Касцёл на ўсходзе Беларусi яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя, стаўся яго лёсам i на захадзе краiны.

Людзей арыштоўвалі ні за што. Я быў малы, але добра памятаю арышты ў маёй роднай вёсцы Адэльск. Аднойчы ноччу арыштавалі сям’ю, якая жыла на нашай вуліцы i была, можа, крыху больш заможнай за іншых, i вывезлі ў Казахстан. Я прачнуўся, моцна перапалохаўся, не ведаю, чаму, але выскачыў праз акно i пабег да суседзяў, у якіх часта бываў i кампанаваў з iх дзецьмi. Нехта пачаў страляць у мой бок. Памятаю, які перапалох агарнуў усіх жыхароў вёскі. Усе пыталіся, хто наступны.

Да малога Адэльска таксама даходзілі чуткі пра арыштаваных святароў. У тыя часы нават была такая прыказка: «Дайце нам святара, а артыкул мы знойдзем». Некаторыя святары выехалі ў Польшчу. Усё гэта азначае, што вернікі заставаліся без духоўнай апекі.

Такім чынам, у выніку распачатых яшчэ ў 20-я гады мінулага стагоддзя ганенняў, якія працягнуліся i пасля Другой сусветнай вайны, Каталіцкі Касцёл у Беларусі застаўся без біскупаў, а колькасць адчыненых касцёлаў i святароў з кожным днём катастрафічна змяншалася. Былі зачынены ўсе кляштары, у выніку чаго ў Магілёўскай i Гомельскай абласцях не засталося ніводнага дзейнага касцёла i ніводнага святара, які мог бы афiцыйна там служыць.

Часам нельга знайсці рацыянальнага вытлумачэння дзейнасці аслепленых атэістычнай iдэалогiяй уладаў. Бо калi iм не падабалася дзейнасць Касцёла i яны ліквідоўвалі і зачынялі касцёлы, перараблялі іх у клубы i фабрыкі, то нашто ж трэба было iх руйнаваць? Іх блізарукасць стала прычынай знішчэння шматлікіх помнікаў сакральнай архiтэктуры.

Возьмем цэнтр Гродна. Насупраць бэрнардынскага касцёла Узвышэння Святога Крыжа знаходзіўся кляштар сясцёр бэрнардынак. Падчас Другой сусветнай вайны ён быў даволi моцна пашкоджаны. Аднак улады замест таго каб перадаць яго Касцёлу або нават самім адбудаваць, разбурылі яго. На яго месцы быў пабудаваны драматычны тэатр, архітэктура якога абсалютна не адпавядае стылю гродзенскай гістарычнай архітэктуры.

Насупраць катэдры св. Францішка Ксавэрыя знаходзіўся самы стары ў горадзе касцёл — фара Вiтаўта. Велізарны сакральны будынак XIV стагоддзя па сваім гістарычным і сакральным значэнні можна параўнаць з полацкай Сафіяй. Аднак і ён таксама быў узарваны.

Добра памятаю той дзень глыбокай восенню 21 лістапада 1961 года. Я ехаў на аўтобусе ў школу, якая знаходзілася на вуліцы Кiрава, i на Савецкай плошчы нехта сказаў: «Всё, костёла нет». Усе зразумелі, аб чым ішла гаворка, бо ў горадзе пэўны час былі чуткі аб тым, што ўлады хочуць узарваць гэты касцёл. Пасля школы я пайшоў на плошчу і ўбачыў руіны разбуранай святыні. Вакол стаялі людзі і плакалі, а ў вушах гучалі словы: «Всё, костёла нет». Гэта была сапраўдная духоўная i адначасова культурная катастрофа.

Горад страціў свой гістарычны выгляд. На месцы фары Вiтаўта застаўся пустыр, а драмтэатр ніяк не ўпісваецца ў архітэктуру старажытнага горада над Нёманам.

Асаблівай увагі заслугоўвае гісторыя змагання за фарны касцёл св. Францiшка Ксавэрыя, сённяшнюю катэдру. Яго таксама хацелі зачыніць. Калi мясцовым уладам гэтага не ўдалося, то прыехалі эмісары з Масквы. Але калi яны зайшлі ў касцёл, то ўбачылі крыж з чалавечых целаў на падлозе. Яны махнулі рукой i выйшлі.

Цягам 28 гадоў там не было святара. Людзі самі плацілі падаткі, рамантавалі касцёл і праводзілі набажэнствы. З дазволу ўладаў святар прыязджаў толькі некалькі разоў у год. Упаўнаважаны па справах рэлiгii на просьбу вернікаў мець пастаяннага святара адказваў, што хутчэй на яго далоні вырастуць валасы, чым у фары будзе пастаянны святар. I толькі праз 28 гадоў, у 1988 годзе, мне дазволілі служыць там пробашчам.

Аднак, нягледзячы на такiя абставіны, дзякуючы старэйшаму пакаленню, народнай пабожнасці і нешматлікім святарам, якія «дваіліся» і «траіліся», каб толькі абслужыць вернікаў, вера засталася. Захавалася, у пэўным сэнсе, таксама і касцёльная ўлада. Касцёлам у тыя часы на Беларусі кіравалі генеральныя вікарыі. Іх прызначалі біскупы дыяцэзій, якім належалі паасобныя часткі Касцёла на тэрыторыі Беларусі. Генеральныя вікарыі маглі перадаваць сваю ўладу сваім пераемнікам5.

Колькасць генеральных вікарыяў змянялася ў залежнасці ад абставінаў. На 1989 год, калі распачалося адраджэнне Касцёла ў Беларусі, іх было тры. Генеральным вікарыем у Гродзенскай вобласці быў ксёндз прэлат Міхал Арановіч. У Мінскай і Віцебскай абласцях – ксёндз прэлат Станіслаў Кучынскі. У Брэсцкай вобласці – ксёндз Казімір Свёнтэк, які незадоўга перад гэтым замяніў вельмі шаноўнага ксяндза прафесара Вацлава Пянткоўскага, выхавацеля некаторых святароў, сярод якіх біскуп Антоні Дзям’янка і біскуп Казімір Велікаселец.

Як бачна, не было генеральных вікарыяў у Магілёўскай і Гомельскай абласцях. Там не засталося касцёлаў, але засталіся вернікі, i ім таксама патрабавалася духоўная апека. Час ад часу да іх прыязджалі святары з іншых мясцінаў Беларусі і з Літвы.

Каталіцкая іерархія ў былым Савецкім Саюзе ў тыя часы заставалася толькі ў Літве і Латвіі. Пры гэтым Рыжскі біскуп меў юрысдыкцыю на ўвесь Савецкі Саюз, акрамя Масквы, якая знаходзілася ў юрысдыкцыі Віленскага біскупа. З гэтага можна зрабіць выснову, што юрысдыкцыя ў Магілёўскай і Гомельскай абласцях належала Рыжскаму біскупу. Адказ на гэтае пытанне павінны даць гісторыкі.

Прызначэнне на парафіі ў Беларусі нешматлікіх на тыя часы выпускнікоў Рыжскай семінарыі, якія паходзілі з нашай краіны, даваў таксама Рыжскі біскуп. Аднак непасрэдную ўладу над імі мелі вышэйзгаданыя генеральныя вікарыі. Зразумела, што іх правы былі вельмі абмежаваныя, бо нават нешматлікіх святароў, якія ў тыя часы засталіся на Беларусi, яны не маглі самастойна, без згоды ўпаўнаважанага па справах рэлiгii, прызначаць на парафii.

Такая вельмі складаная сітуацыя трывала аж да прызначэння Янам Паўлам II Апостальскага адміністратара Мінскай дыяцэзіі для католікаў лацінскага абраду Беларусі, якім стаў ваш пакорны слуга.

Наступныя паўтара года перад адраджэннем структураў паказалі, што былая палітычна-сацыяльная сістэма ўжо зжыла сябе i надыходзяць новыя часы. У выніку за гэты час удалося вярнуць каля 100 раней ліквідаваных касцёлаў. Была заснавана Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне. Пачаў дзейнічаць касцёльны суд. Было выдадзена 50 тысяч экзэмпляраў «Абраду святой Імшы» i 90 тысяч — малога Катэхізіса на беларускай мове. Удалося дамовіцца з уладамі аб прыбыцці ў Беларусь 50-ці святароў з Польшчы, бо сваіх было толькі каля 60-ці. Пачалі адраджацца манаскія супольнасці.

Усё гэта разам з вялікай колькасцю вернікаў, якім патрабавалася нармальная духоўная апека, паслужыла базай для стварэння адпаведных касцёльных структураў.

Нарэшце прыйшоў доўгачаканы фацімскі дзень 13 красавіка 1991 г., калі святы Ян Павел II адрадзіў адпаведныя структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Булаю «Nos autem» ён заснаваў Мінска-Магілёўскую мітраполію. У яе склад увайшлі аднайменная Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Гродзенская і Пінская дыяцэзіі. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія была створана ў межах Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей, Гродзенская – у межах Гродзенскай вобласці і Пінская – у межах Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Гэта было правідэнцыйнае рашэнне святога Яна Паўла II, які своечасова распазнаў знакі часу i імгненна адказаў на iх.

Сёння, калі мы адзначаем юбілей 25-годдзя адраджэння структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, трэба звярнуць увагу на тэкст булы святога Яна Паўла II «Nos autem». У ёй ён, між іншым, піша, што ў змрочныя часы ганенняў на веру на тэрыторыях Савецкага Саюза ён бачыў вернікаў і цяпер з радасцю спяшаецца да іх з дапамогаю. Гэтыя словы перадаюць занепакоенасць і клопат Пантыфiка пра веруючых, якія доўгія часы заставаліся без пастыраў, і адначасова радасць ад таго, што, нарэшце, Божы Провiд дае магчымасць ім дапамагчы6.

У той жа дзень папа Ян Павел II адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла ў Расіі, а таксама ў Казахстане і Сярэдняй Азіі. Тады ён устанавіў Апостальскія адміністратуры для католікаў лацінскага абраду ў еўрапейскай і азіяцкай яе частках, у Казахстане і Сярэдняй Азіі. Аб гэтым рашэнні Пантыфіка з даручэння Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа Франчэско Каласуонна – першага прадстаўніка Апостальскага Пасаду ў былым Савецкім Саюзе – мне было даручана аб’явіць у гродзенскім фарным касцёле святога Францішка Ксавэрыя. Таксама з яго даручэння за некалькі дзён перад аб’яўленнем рашэння Папы я праінфармаваў дзяржаўныя ўлады ў Мiнску i праваслаўнага Мітрапаліта Мінскага і Гродзенскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Фiларэта.

Першым Мінска-Магілёўскім Мітрапалітам быў прызначаны пробашч пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз прэлат Казімір Свёнтэк. Адначасова ён стаў Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Наваствораную Гродзенскую дыяцэзію ўзначаліў яе першы ардынарый біскуп Аляксандр Кашкевіч, які да гэтага быў пробашчам віленскай парафіі Святога Духа.

Яны разам з многімі святарамі, семінарыстамі, кансэкраванымі асобамі і вернікамі прысутнічалі пры абвяшчэнні рашэння папы Яна Паўла II. Доўгачаканая і радасная вестка з Ватыкана стала знакам таго, што завяршаецца «зіма» ганенняў і наступае сапраўдная вясна адраджэння. <...>

Добра памятаю той дзень 13 красавіка 1991 г., які, нягледзячы на яшчэ не зусім увайшоўшую ў свае правы вясну, выдаўся сонечным і цёплым. Гэта быў як быццам знак з неба, што фацімскія аб’яўленні аб навяртанні нашых земляў да Бога ажыццяўляюцца. Пачалі спаўняцца словы Евангелля паводле Яна — цемра не агарнула Божага святла7. Яно прабілася праз цёмныя хмары атэізму, каб асвятліць людзей Божай праўдай. Схаваная ў падземных катакомбах рака веры вырвалася наверх, каб утаймаваць духоўную смагу людзей і паіць іх ажыўляючай душу Божай ласкай.

Успамінаючы словы чалавека, які ў далёкім 1961 г. у аўтобусе на Савецкай плошчы сказаў: «Всё, костёла нет», трэба сцвердзіць: «Нет, он есть!». Ёсць i будзе, бо збудаваны на Пятры, як кажа Хрыстус, i брамы пекла яго не перамогуць8.

Такім чынам, дзень 13 красавіка 1991 г. стаў гістарычным для Касцёла ў былым СССР. Сёння мы дзякуем Богу і схіляем свае галовы перад святым Янам Паўлам II за яго мудрасць і рашучасць і за правідэнцыйныя рашэнні, якія далі новыя магчымасці для адраджэння і ўмацавання духоўнага жыцця пасля жорсткага перыяду пераследу. Сапраўды, «Fortuna variabilis, Deus mirabilis» – «Лёс пераменлівы, Бог надзвычайны», – як казаў пісьменнік, навуковец і гісторык Вялікага Княства Літоўскага Шыман Старавольскі, які жыў у XVI–XVII стагоддзях9.

Святкуючы 25-годдзе адраджэння структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусi, асаблiвую ўвагу неабходна звярнуць на доўгую i складаную гісторыю новапаўсталай Гродзенскай дыяцэзii. Яшчэ ў 20-я гады мінулага стагоддзя прадпрымалiся першыя спробы заснавання Гродзенскай дыяцэзii шляхам вылучэння яе з Віленскай, вельмі вялікай тэрытарыяльна i па колькасці вернікаў. За яе заснаванне прамаўляла тое, што на гэтых тэрыторыях у тыя часы жыло шмат католiкаў. Не апошнюю ролю адыгрываў i той факт, што з 1900 г. iснавала Гродзенская праваслаўная епархiя.

Аднак стварэнне Ламжынскай i Пiнскай дыяцэзiй, у выніку чаго тэрыторыя Віленскай дыяцэзii моцна зменшылася, разам з іншымі, у тым лiку i фінансавымі, праблемамі стала прычынай таго, што справа яе заснавання была адкладзеная. З новай моцай ідэя заснавання Гродзенскай дыяцэзii адрадзілася ў другой палове 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Яе натхняльнікам быў Віленскі Мітрапаліт арцыбiскуп Рамуальд Ялбжыкоўскi, які вельмі пазітыўна паставіўся да просьбы тагачасных гродзенскіх уладаў. Аднак ажыццяўленню яго амбiцыйных планаў перашкодзіла Другая сусветная вайна10.

Трэба было чакаць наступных 50 гадоў да гістарычнага дня 13 красавіка 1991 года. Мне як Апостальскаму адміністратару Мінскай дыяцэзii для католікаў лацінскага абраду Беларусi, разам з прадстаўніком Апостальскага Пасаду ў былым ужо Савецкім Саюзе арцыбiскупам Франчэско Каласуонна, непасрэдна давялося займацца падрыхтоўкай планаў стварэння Мiнска-Магiлёўскай мiтраполii i ўстанаўлення межаў дыяцэзiй.

Усё адбывалася на плябанii гродзенскай парафii Маці Божай Анёльскай па вуліцы Чырвонапартызанскай, 1, кв. 2. У маім спальным i адначасова працоўным пакоі на стале ляжала карта Беларусi, i мы вызначалі межы дыяцэзiй. Дарэчы, у тым самым пакоi былі акрэсленыя межы Апостальскiх адмiнiстратураў для католікаў лацінскага абраду еўрапейскай i азіяцкай частак Расii.

Гродзенская дыяцэзiя была заснаваная булай папы Яна Паўла II «Qui operam». У ёй ён падкрэсліў мэту яе заснавання, а менавіта — духоўную карысць для вернікаў на тэрыторыі Гродзенскай вобласці11. Так шчасліва завяршыўся доўгі шлях стварэння Гродзенскай дыяцэзii i адначасова распачалося яе станаўленне i развiццё.

13. Трэба прызнаць, што заходняя частка Беларусi з’яўляецца найбольш каталіцкай у нашай краіне. Гістарычна тут заўсёды было шмат католікаў. Важнае значэнне мае i той факт, што пераслед веры на Гродзеншчыне працягваўся не тры, а два пакаленні. Падчас яго тут было найбольш дзейных касцёлаў i працавала асноўная колькасць святароў. Усё гэта дазволіла, нават ва ўмовах пераследу веры, захаваць яе больш жывой.

З раней ліквідаваных касцёлаў найбольшая іх колькасць вярталася вернікам менавіта ў заходніх раёнах Беларусi. І сам працэс вяртання тут быў менш складаным, чым у іншых месцах.

На дзень заснавання Гродзенскай дыяцэзii у 1991 г. у яе склад увайшло 119 парафій з Віленскай архідыяцэзіі, 4 – з Пінскай дыяцэзіі і 7 – з Ламжынскай, усяго — 130. Колькасць касцёлаў тады дасягала 85-ці. У той час у ёй служылі 38 інкардынаваных святароў i 12 з іншых дыяцэзiй, а таксама 33 з манаскіх супольнасцяў. Так што на пачатку дзейнасці Гродзенскай дыяцэзii ў ёй працавалі 83 святары. Дзейнічалі заснаваная ў 1990 годзе духоўная семінарыя i касцёльны суд, таксама распачалося дабрачыннае служэнне i рэгулярная катэхiзацыя. Усё гэта, разам з вялікай колькасцю актыўных вернікаў, утварала падмурак i стварыла новыя перадумовы для дынамічнага адраджэння Касцёла на Гродзеншчыне. Гродзенскі Касцёл 25 гадоў таму пачаў пiсаць сваю гісторыю, якая прыемна здзiўляе.

14. Пасля 25 гадоў адраджэння i станаўлення Гродзенская дыяцэзiя цвёрда стала на ногі i можа служыць прыкладам для іншых. З яе гісторыі i дасягненняў неабходна падкрэсліць наступныя.

Сімвалічным з’яўляецца зацверджаны Апостальскім Пасадам выбар апекуноў дыяцэзii. Галоўная апякунка – гэта традыцыйна вельмі шанаваная на Гродзеншчыне Мацi Божая Вастрабрамская — Мацi Міласэрнасці, што з’яўляецца знакам прызнання дзеяння Божай міласэрнасці ў адраджэнні Касцёла ў нёманскiм краi. Другасныя апекуны – святы Казiмiр, чыё жыццё было звязанае з горадам над Нёманам, дзе ён таксама нарадзіўся для неба, і святы Максiмiльян Кольбэ – уцелаўленне любові да бліжняга аж да мучаніцкай смерці. Да гэтай сваёй мiсii ён рыхтаваўся ў Гродне.

Гродзенская дыяцэзiя вызначаецца добра арганiзаванай курыяй з усімі патрэбнымі для яе функцыянавання аддзеламі.

Ужо 25 гадоў дыяцэзію ўзначальвае Яго Эксцэленцыя біскуп Аляксандр Кашкевiч. Цяпер яму дапамагае Яго Эксцэленцыя біскуп Юзаф Станеўскi, выпускнік Гродзенскай духоўнай семінарыі.

На сённяшні дзень колькасць парафій дасягнула 193-х.

З мэтаю больш якаснай арганізацыі пастырскай працы тэрыторыя дыяцэзii падзеленая на тры пастырскія рэгіёны – Гродзенскі, Лідскі i Смаргонскі. Кожны з іх узначальвае прызначаны ардынарыем i адказны за пастырскую дзейнасць біскупскі вiкарый. Паасобныя парафii ўваходзяць у адпаведныя дэканаты, агульная колькасць якіх складае 16.

Колькасць дзейных касцёлаў — 146, з якiх 27 адбудаваныя i 34 новапабудаваныя. На сённяшні дзень у дыяцэзii будуюцца 3 касцёлы. Акрамя парафіяльных касцёлаў, было пабудавана 6 філіяльных. У дыяцэзii таксама дзейнічаюць 84 капліцы. Усё гэта сведчыць аб тым, што ў дыяцэзii налічваецца каля 240 месцаў Божага культу, дзе цэлебруецца Эўхарыстыя, абвяшчаецца Божае слова i ажыццяўляецца іншая касцёльная i дабрачынная дзейнасць.

Паводле касцёльных крыніцаў, у 2015 годзе 35-40% з мільёна жыхароў вобласці з’яўляюцца рыма-католiкамi. <...>

Выдатна дзейнічае Вышэйшая духоўная семінарыя, у якой, нягледзячы на існуючы крызіс паклiканняў, яны ёсць. Семінарыя ўжо падрыхтавала больш за 200 святароў, якія працуюць не толькі ў Гродзенскай, але i ў іншых дыяцэзiях Беларусi i таксама ва Украіне. <...>

Неабходна асаблiва падкрэсліць шырока развітую сферу душпастырства, узровень якога можа служыць прыкладам для іншых дыяцэзій. Гэта найперш агульнае душпастырства, каардынатарамі якога ў пастырскіх рэгіёнах з’яўляюцца бiскупскiя вікарыі, пастырства сем’яў, пастырства моладзі i студэнтаў «Open», iнтэлiгенцыi, службы здароўя, глуханямых, вязняў, настаўнікаў i выхавацеляў, пілігрымаў, цвярозасцi, чыгуначнікаў.

Вельмі важнае значэнне для развіцця тэалагічнай думкі мае альманах «Studia Teologica Grodnensia», у якiм друкуюцца навуковыя артыкулы і працы тэолагаў.

Дзейнасць гродзенскага дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas» вядомая не толькі ў дыяцэзii, але таксама далёка за яе межамі.

Гродзенская дыяцэзiя вядомая і шматлікімі папулярнымі сярод пілігрымаў санктуарыямі — Каралевы сем’яў у Тракелях, Езуса Журботнага ў Росі, Маці Божай Цярпліва Слухаючай у Капцёўцы, Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах, Маці Божай Шкаплернай у Гудагаi, благаслаўлёных сясцёр мучаніц у Навагрудку. <...>

15. Жыццё не стаіць на месцы, у ім з’яўляюцца ўсё новыя выклікі, якія маюць вельмі вялікі ўплыў i на арганiзацыю душпастырства. Гэтыя праблемы таксама стаяць як перад Касцёлам у Беларусі, так i перад Касцёлам на Гродзеншчыне.

Перш за ўсё Касцёл павінен звяртаць самую сур’ёзную ўвагу на наступаючую дэсакралізацыю свету. Сучасны чалавек усё часцей жыве так, як быццам Бога зусім няма. Гэтыя працэсы ідуць таксама і да нас, i неабходна быць гатовымі ў час i адпаведным чынам на іх адказаць.

Цешачыся развіццём душпастырства моладзі, нельга заплюшчваць вочы на праблемы, з якімі яна сустракаецца. Моладзь – гэта будучыня свету i будучыня Касцёла. Нашым неадкладным заданнем з’яўляецца пошук адпаведных пастырскіх метадаў, каб моладзь не згубілася ў мітусні сучаснага секулярызаванага свету.

Свет i Касцёл занепакоеныя крызісам сям’і, а яна з’яўляцца галоўнай ячэйкаю кожнага грамадства. Таму крызіс сям’і вядзе да крызісу як грамадскага жыцця, так i рэлігійнага. Праблемамі сям’і i пошукам шляхоў іх вырашэння займаўся Сінод Біскупаў на сваіх пасяджэннях у 2014 i 2015 гадах. Па іх выніках Святы Айцец распрацаваў Апостальскую адгартацыю «Amoris Letitiae», якая дае напрамкі для пастырства сучаснай сям’і. Галоўная ўвага надаецца згоднай з духам Евангелля ацэнцы сужэнскай любові, падрыхтоўцы маладых людзей да сужэнства, суправаджэнню іх у першыя гады сямейнага жыцця. Не абышоў Папа сваёй увагай разбітыя i кананічна не ўрэгуляваныя сем’і i неабходнасць арганізацыі адпаведнага іх статусу пастырства. Яны не экскамунiкаваныя, застаюцца членамі Касцёла i маюць права на адпаведную кананічнаму праву пастырскую апеку12.

У нашай краіне адбываецца нябачаны дагэтуль працэс міграцыі насельніцтва з вёсак у горад. Яшчэ зусім нядаўна мы будавалі касцёлы ў вёсках. Ці не прыйдзе, i прычым ужо хутка, час, калi там не застанецца вернікаў? Што тады рабіць з касцёламі? Зачыняць, як гэта робяць на Захадзе, ці выкарыстоўваць для іншых касцёльных мэтаў, i якіх? Да гэтага трэба рыхтавацца, i таму неабходна вельмі асцярожна падыходзіць да інвестыцый у вясковыя парафii.

У той жа час большую ўвагу неабходна звяртаць на арганiзацыю душпастырства ў гарадах i стварэнне для яго адпаведных умоваў. Малая колькасць гарадскіх парафій вядзе да таго, што многія вернікі, асаблiва моладзь, застаюцца ананімнымі i паступова губляюць сваю веру i сувязь з Касцёлам.

Не да канца вырашаная праблема міжнацыянальных адносінаў у жыцці Касцёла. Для нас крытэрыем павінны быць словы святога апостала Паўла, што няма ні грэка, ні юдэя <...>, але ўсё і ва ўсім — Хрыстус13. Кожны народ мае права на духоўную апеку, i Касцёл павінен яе забяспечыць.

Адным з найбольш актуальных выклікаў сучаснага свету з’яўляюцца працэсы міграцыі, якія практычна не кантралююцца. Касцёл прымае актыўны ўдзел у вырашэнні гэтай праблемы, дапамагае мігрантам, але адначасова заклікае палітыкаў, дзяржаўных i грамадскіх дзеячаў да выкаранення прычыны гэтай праблемы.

Пакуль што ў Беларусi бежанцы i перасяленцы ў сваёй абсалютнай большасці з Украіны. Але ніхто не можа даць гарантыі, што ў будучыні iх не будзе i з Блізкага Усходу. Ці гатовы Касцёл у Беларусі i «Caritas» да працы з людзьмі, якія належаць да іншай культуры i рэлiгii, бо асноўная маса бежанцаў – гэта не хрысціяне? Аб гэтым мы таксама павінны памятаць.

Гродзенская дыяцэзiя мае найбольшы святарскi патэнцыял i павінна больш актыўна дзяліцца ім з церпячымі. Святы Айцец Францiшак у сёлетнім ужо 53-м Пасланні на Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях, які праводзіўся 24 красавіка пад дэвізам «Касцёл – Маці пакліканняў», вельмі справядліва заўважае, што ніхто не пакліканы выключна для нейкага адасобленага рэгіёна, групы ці касцёльнага руху, але для Касцёла i свету14. Таму фармацыя духавенства павінна праводзіцца ў такім духу, каб духоўныя асобы адчувалі адказнасць таксама i за ўвесь Касцёл у Беларусi. <...>

16. Сёння гродзенскі Касцёл спявае «Te Deum» за 25 гадоў сваёй новай гісторыі, уступае ў новы перыяд свайго існавання i пачынае пісаць новую старонку сваёй гісторыі. Мінулыя чвэрць стагоддзя існавання i станаўлення Гродзенскай дыяцэзіі можна ахарактарызаваць як час пераходу ад стану духоўнага і матэрыяльнага спусташэння, але адначасова стану захаванай веры, да стану адраджэння касцёльных структураў i дынамiчнай душпастырскай дзейнасці. Дадзены Богам час ласкi не быў змарнаваны, у выніку чаго Касцёл адрадзіўся i стаў на ногі. На якасна вышэйшы ўзровень паднялося яго рэлігійнае жыццё, каб ён мог сапраўды быць сакрамэнтам паўсюднага збаўлення15.

Выказваю надзею, што новы час, у які ён уваходзіць, стане часам яшчэ больш дынамічнага яго развіцця i служэння людзям.

У новы час з новай надзеяй, гродзенскі Касцёл! I няхай табе благаславіць Бог! Як магутны Нёман нясе свае воды, таксама i ты нясі святло Евангелля сучаснаму свету, каб у пераменлівым яго лёсе заўсёды паказваў надзвычайнасць міласэрнага i вечнага Бога i вёў людзей да Яго. <...>


  1. II Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл «Lumen gentium».
  2. Ян Павел II. Була «Nos autem».
  3. Ян Павел II. Була «Qui operam».
  4. Францішак. Апoстальская адгартацыя «Amorіs Letitiae».
  5. Францішак. Пасланне на 53-ці Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях.
  6. Ks. Antoni Gremza, Studia Teologica Grodnensia, 6-ы выпуск.
  7. Э.С. Ярмусік. «Католический Костёл в Белоруссии в годы Второй мировой войны». – Гродно, 2002.
  8. A. Hlebowicz. «Kościół w niewoli». — Warszawa, 1991.
  9. https://en.wikiquote.org/wiki/Szymon_Starowolski. https://ru.wikipedia.org/wiki/Католицизм_в_Белоруссии.
  10. http://kurierwilenski.lt/2012/10/19/kosciol-katolicki-w-wilnie-biskupstwo-wilenskie-od-1925-r-archidiecezja-1/.
  11. http://media.catholic.by/nv/n22/art7.htm.

  1. Пар. https://ru.wikipedia.org/wiki/Католицизм_в_Белоруссии.
  2. Пар. http://kurierwilenski.lt/2012/10/19/kosciol-katolicki-w-wilnie-biskupstwo-wilenskie-od-1925-r-archidiecezja-1/.
  3. Пар. http://media.catholic.by/nv/n22/art7.htm.
  4. Пар. Э.С. Ярмусік. «Католический Костёл в Белоруссии в годы Второй мировой войны». – Гродно, 2002, с. 34.
  5. Пар. A. Hlebowicz. «Kościół w niewoli». – Warszawa, 1991, c. 9-10.
  6. Пар. Ян Павел II. Була «Nos autem».
  7. Пар. Ян 1, 5.
  8. Пар. Мц 16, 18.
  9. Пар. https://en.wikiquote.org/wiki/Szymon_Starowolski.
  10. Пар. ks. Antoni Gremza, Studia Teologica Grodnensia, 6 выпуск, с. 267-274.
  11. Ян Павел II. Була «Qui operam».
  12. Пар. Францішак. Апoстальская адгартацыя «Amorіs Letitiae».
  13. Пар. Клс 3, 11.
  14. Пар. Францішак. Пасланне на 53-ці Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях.
  15. Пар. II Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл «Lumen gentium».


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY