|
|
|
№
2(76)/2016
Год Міласэрнасці
Юбілеі
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
АДРАДЖЭННЕ КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА Ў БЕЛАРУСI ЯК ДАР БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ (У КАНТЭКСЦЕ ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗII) Вялікія містыкі
Падзея
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Мастацтва
In memoriam
Вобразы і сімвалы
Пераклады
Паэзія
Мемуары
Ювеналій ХАРКЕВІЧ
ДЫЯРЫУШ ІСПАНСКАГА ПАДАРОЖЖА З ВІЛЬНІ Ў ГОРАД ВАЛЕНСІЮ НА ГЕНЕРАЛЬНЫ КАПІТУЛ ОРДЭНУ <...> БЭРНАРДЫНАЎ У 1768 Г. Прэзентацыя
|
У далёкія сямідзясятыя гады ў святой для мяне Зэльве на днях народзінаў Ларысы Геніюш я пазнаёмілася з навукоўцамі, якія летам у экспедыцыях па Беларусі вывучалі наша сакральнае мастацтва. Сярод іх былі мастацтвазнаўцы Вольга Церашчатава, Элеанора Вецер, Віктар Шматаў, фізікі Аляксандр Ярашэвіч і Юры Хадыка. Гэтае знаёмства далей перарасло ў сяброўства і супрацоўніцтва. Яны мяне навучылі, як збіраць музейныя экспанаты, паказалі мне шмат цікавага з прыгожай духоўнай сакральнай спадчыны, якая захавалася, нягледзячы на пажары, разбурэнні і раскраданні. Яны захоплена апісвалі, вывучалі самабытныя абразы і карціны ў касцёлах і цэрквах Беларусі, струхлелыя, панішчаныя, якія яшчэ можна было выратаваць, бо заўсёды жывыя выявы Езуса Хрыста і святых. Яны знаходзілі іх на гарышчах, у прыдарожных капліцах, на могілках. Захоўвалі ад далейшага разбурэння, рэстаўравалі, а калі было каму аддаваць, вярталі. Так яны стварылі ў Мінску Музей старажытнабеларускай культуры пры Акадэміі навук. Езус Хрыстус у скульптурах народных разьбяроў па дрэве — проста цудоўны. Нашы беларускія самавукі не капіравалі майстроў Рыма і Візантыі, не бачылі самую высокую скульптуру Езуса-Адкупіцеля на гары Каркаваду ў Рыа-дэ-Жанэйра ў Бразіліі, не ведалі пра аграмадныя каменныя скульптуры з вострава Пасхі. Пэўны час майстры ўсяго свету займаліся разьбярствам паасобку, ізалявана. Беларусы стваралі Бога па падабенстве добрага бацькі — чалавека ціхага, разумнага, па-свойму прыгожага, уважлівага, удумлівага, сур’ёзнага, часам строгага. Пастуха авечак. Вандроўніка. Часам беларускі Бог адпачывае на хмарцы… Беларускі Бог не ўсміхаецца. Часам плача. Схіляецца ў скрусе... Езус Хрыстус у катэдральным касцёле св. Францішка Ксавэрыя ў Гродне, прывезены майстрам Ёганам Шмітам з Рэшаля на Варміі (Польшча) у верасні 1736 года, — гэта дасканалы ўзор еўрапейскага разьбярства. Мы молімся ў гэтым касцёле да прыгожага Езуса ў цэнтры барочнага алтара...
…Калі Казімір Місюра, пазваніўшы мне, сказаў, што ў аўторак 15 сакавіка прывязе да сябра Антона Ляшчынскага на фатаграфаванне скульптуру Езуса Валадара Сусвету, якую выразьбіў для правага праёма алтара для бабруйскага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, я пачала ўяўляць, якога ж Езуса выразьбіў Казімір Місюра. Хлопцы з Літвы на пленэры ў Гродне называлі Казіміра «акадэмікам», бо ён стварае сапраўды класічныя вобразы ў дрэве, дасканалячы кожную дэталь, думаючы аб прапорцыях цела, аб памерах. Гледзячы, як гэты скульптар выгладжвае складкі на разьбяным адзенні, я думала пра тое, што яго можна назваць краўцом-мадэльерам, а прычоскі святым скульптурам у дрэве Казімір робіць так, што пазайздросцяць цырульнікі... Трэба было арыентавацца на левы бочны алтар у бабруйскім касцёле, дзе ўжо знаходзіцца створаная Казімірам Місюрам скульптура Маці Божай Будслаўскай з Дзіцем Езусам. Пробашч Андрэй папрасіў выразьбіць Сына Божага на 10 сантыметраў вышэй, а ўся вышыня скульптуры складае два метры. Калі скульптар працаваў над вобразам Маці Божай Будслаўскай, у думках укладваў і вобраз Езуса Хрыста па другі бок цэнтральнага алтара, таму над гэтай скульптурай працаваў больш смела — усё было ўкладзена ў галаве. Працаваў у натхненні і з усёй аддачаю — бывалі такія дні, што меў сілы працаваць па 17 гадзін! Казімір Місюра зрабіў знутры бервяно ліпкі пустым, каб яно было лягчэйшым. Уся праца заняла паўгода... Бог, якога ён «вымольваў» з ліпы, відавочна кіраваў яго разцом. Талент і праца стварылі скульптуру Езуса Хрыста, Божага Сына, які адкупіў грахі людзей і навечна валадарыць светам. Ён увойдзе ў адзін з пакрыўджаных людзьмі касцёлаў — там да будынка святыні ў 1968 годзе прыбудавалі адміністрацыйны дом на пяць паверхаў, «утапіўшы» неаготыку ў пачварным будынку. Але Бог не пакінуў Бабруйск… Скульптар выразьбіў вобраз Сына-Бога, Валадара Сусвету. Мы нарэшце маем нашага Караля ад Воранава да Бабруйска праз Гродна і Мінск! Ён добры, сур’ёзны, разумны, не штучны. У Яго выразныя вочы, тутэйшыя вусны, злёгку ўпалыя шчокі, ямка на падбародку. Пра валасы я ўжо сказала — у Бога на галаве шмат валасоў. Дочкі скульптара, Вера і Алена, рабілі заўвагі бацьку: «Даклей носа, прыбяры падбародак». А Бог маўчаў, таму Казімір не слухаў сваіх разумных дачок. Бог стаіць моцна на абедзвюх, не сагнутых у каленях нагах, правая крыху выступае наперад. У левай руцэ трымае бэрла, ім і кіруе ўсім белым светам (бэрла з арэхавага кійка), а правай рукой благаслаўляе нас на жыццё, дарогу і праўду. Залатая карона — з двух ярусаў. Белая кашуля і барвовы плашч натуральнымі хвалямі аблягаюць постаць звычайнага чалавека, бо Ён стаўся Чалавекам, але галоўнае ў скульптуры — гэта сэрца, якое б’ецца паверх рэбраў, паверх грудзей, паверх кашулі. Сэрца палае полымем укрыжаваным… Я гавару пра колеры, якія накладуцца ўжо пасля… У сучасных касцёлах любяць паліхромію. Накладваць паліхромію на гэты раз прыедзе з Кракава Чэслаў Колышка, ксёндз і былы вучань Казіміра Місюры родам з Ліды. У той вечар Казімір, які звычайна ахвотна гаворыць сам, быў маўклівы, і выцягнуць з яго нейкае слова прызнання было немагчыма. Яго сябра, з якім вучыліся ў віцебскім інстытуце, кіраўнік кафедры, прафесар Гродзенскага ўніверсітэта Антон Ляшчынскі, працаваў з фотаапаратамі і рознымі прыладамі — падсветкамі, лямпамі, а я назірала з кутка, як мяняецца аб’ёмны вобраз ад таго, куды накіраванае святло. Антон сказаў, што святло на скульптуру Езуса Хрыста павінна падаць з неба, але там было шмат ліхтароў, матавых экранаў і шэры парасон… Нарэшце каля Езуса Антон паставіў Казіміра, спачатку злева, пасля справа… Не хацеў перасылаць мне здымак Езуса з Казімірам, казаў, што разьбяр надта стомлены і дрэнна выглядае, але я зразумела: адбыўся такі падман вачэй — твар разьбяра мае падабенства да Аблічча Бога, а выглядае нібы такім заклапочаным, стомленым, простым... Калі фотасесія была скончаная, гаспадар майстроўні пакінуў ключы і паехаў дадому ўкладваць спаць свайго яшчэ малога сына, а Казімір з Віктарам, сябрам па бабруйскім ПТВ, дзе яны вучыліся працаваць з дрэвам, дачкой Верай і зяцем Юрам прыселі перакусіць. Я на іх крыху палюбавалася — на іх сумоўе, міласэрнае ў сваім братэрстве. Казік моцна трымаецца за людзей, якіх яму дае Бог, беражэ іх, як родных дзяцей, служыць ім духоўнай падтрымкай, а яны служаць яму. Аднойчы я нечакана апынулася ў яго майстроўні, калі ён працаваў над скульптурамі згарэўшых у нашай катэдры апосталаў, і атрымала на ўсё жыццё такога магутнага добрага сябра, і ягоных сяброў у дадатак! Хочацца, каб чытачы часопіса, асабліва ў Бабруйску, ведалі, што Маці Божую Будслаўскую і Езуса Хрыста стварыў у дрэве майстар выключнай дабрыні, а чыстае сэрца майстра адкрытае перад людзьмі на чыстае сумоўе, і б’ецца паверх яго будняга адзення на падабенства Міласэрнага Божага Сэрца… Адпачыўшы, Казімір сказаў, што ў Воранаве ён пакінуты на адзіноту ў кантэмпляцыі з дрэвам, бо ніхто яго там не вучыць і не збівае з панталыку. — У Воранаве няма чужых свежых вачэй, там усе мяне хваляць. У мяне яшчэ ёсць дні тры, каб звузіць крылы носа, прыбраць складку ў рукаве… Тры дні буду чысціць, гладзіць, папраўляць, а пасля спынюся, каб да Вялікадня накласці паліхромію… Я выразьбіў Бога-Сына, такога, як Айцец, але які служыць Айцу і людзям адначасна, які паслухаў Айца, прайшоў праз усё найгоршае, што могуць прыдумаць Чалавеку людзі, якія дарваліся да ўлады, Чалавеку, якога асудзілі несправядліва, прыбілі да крыжа і пакінулі паміраць на крыжы, і адступіліся ад Яго амаль усе … І цяпер Ён валадарыць сусветам. І на Беларусі таксама. …У цёмнай майстроўні, дзе скульптура засталася нанач, я паразмаўляла з Езусам Хрыстом, пагладзіла шурпатыя складкі Яго адзення, прытулілася шчакой і папрасіла ў Божага Сына здароўя свайму хвораму сыну, дачцэ, усім маім духоўным сёстрам і сябрам, за якіх малюся, папрасіла апекавацца маімі ўнукамі. І падзякавала Езусу за Казіміра Місюру і яго духоўных братоў і маіх сябровак. …Я ведаю, што скульптуру павінен асвяціць святар, і толькі тады Езус Хрыстус сапраўды ўвойдзе ў драўляны вобраз, утаемніцца ў ім, каб постаць Бога ў дрэве атрымала сваю цудоўную сілу… Уночы ў мяне пачала балець галава, але я зразумела, што гэты боль — падарунак, «аванс» за маю просьбу, якую Езус пачуў і прыняў. Можа, гэта Божы знак… Такая адбылася ў мяне падзея ў маім Вялікім посце.
Данута Бічэль,
|
|
|
|