Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(76)/2016
Год Міласэрнасці

«ІМЯ БОГА — МІЛАСЭРНАСЦЬ»
Юбілеі
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Падзея
Мастацтва

АДЗІНСТВА Ў РАЗНАСТАЙНАСЦІ
Літаратуразнаўства
Мастацтва
In memoriam

НІЛ, ЯКІ ЖЫВІЎ ПУСТЫНЮ
Вобразы і сімвалы

СВЯТЫЯ РУЖЫ
Пераклады
Паэзія

ПАД ЗОРКАЮ ХРЫСТА

СПЫНЯЮ ЧАС...
Мемуары
Прэзентацыя

У ВЯНОК ПАМЯЦІ НІЛА ГІЛЕВІЧА


Выступленне Ніла Гілевіча на свяце паэзіі ў Мікалаеўшчыне.
1978 г. Фота з фондаў БДАКФФД.

Васіль ЗУЁНАК

ЛЮБОЎ ПРАСВЕТЛАЯ

Над кнігаю Ніла Гілевіча

І натхнёны, і адмысловы,
Чарадзей у прасветлай сяўбе,
Улюбёны ў роднае слова,
Дык і слова любіць цябе.

З ім да Бацькаўшчыны дарогу
Лёс адольваць наканаваў,
Каб адступнік сваю перамогу
Запраданскую не святкаваў.

Каб душа не згасала ў народзе,
Слова роднае ты акрыліў,
Праз жыццё з ім у добрай згодзе
Летуценныя думы спяліў.

Непахіснае слова-празорца —
Як паходня веры тваёй:
Вечна ззяць беларускай зорцы —
Мове нашай быць вечна жывой!

Данута БІЧЭЛЬ

КАЛІ ПАМІРАЮЦЬ ПАЭТЫ

Калі паміраюць паэты –
у зацьменне заходзяць планеты.
Вершамі плачуць палеткі,
ў снапкі збіраюцца кветкі,
каб у роднай сталіцы
Паэту ў дол пакланіцца.
Ад слёз разліваюцца рэкі.
Як ад горкай рэдзькі
праслязіўшыся, родныя слоўцы
прыжмурваюць вочы на сонцы…

Наш народны Паэт Ніл
на хвілінку прылёг за небасхіл.
Бессмяротнае слова,
як і памяць пра Ніла,
не пахаваем за небасхіл!

15 красавіка 2016 г.

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

АПОШНІ З МАГІКАН

Нілу Сымонавічу

                Пакінуў нас
Апошні з магікан —
                наш волат духу,
абаронца мовы,
                што выкрываў аблуду і падман
Класічным вершам,
нескароным словам.

                Маленькая — ля Гайны — Слабада
Такога патрыёта нарадзіла!
…Усіх нас прыгаломшыла бяда.
Нам хоць бы кроплю
ад ягонай сілы.

2016 г.

Хрысціна ЛЯЛЬКО

ЯК БЫЦЬ?

Нілу Гілевічу,
апошняму народнаму паэту Беларусі

Як быць народу без сваіх народных, —
без мудрых, мужных і высакародных?

Як быць народу, што губляе мову —
Душу сваю і сутнасці аснову?

Як быць народу, што сваіх прарокаў
ніколі не трымаў навідавоку?

Як быць народу, каб не стаць жыхарствам? —
Чытаць і шанаваць іх спадчыну, спадарства!

30 красавіка 2016 г.

Язэп ЯНУШКЕВІЧ

БЯЗЛІСТЫ ГАЙ

Памяці Ніла Гілевіча

У шэрым небе сіратлівым
        Сем паркаў злева, справа — тры...
        Крыляюць порстка, так імкліва
        Імкнуць дадому журавы!
А паміж імі, адзінока,
        Стары, што колісь важаком
        Прыводзіў выраі здалёку,
        Каб не забылі родны дом.
Адстаў ад клінаў крэўных птахаў,
        «Ку-у-рл-ы-ы-ы!» — крычыць, і той адчай
        З-пад стомленых натужных узмахаў
        Спрабуе ўчуць бязлісты гай...
Той гай, дзе белыя бярозы
        Гайдалі, поўныя задум,
        Ягоны веснавыя крозы,
        Высокі ўзлёт,
        Высокі ўзлёт,
        Высокі ўзлёт — жыцця і дум...
«... Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы,
        Асыпайце, мілуйце ціхай ласкай зямлю.
        А я лягу-прылягу край гасцінца старога,
        Я здарожыўся трохі, я хвілінку пасплю...»
... У шэрым небе сіратлівым
        Дзве паркі злева, справа — тры...
        Крыляюць порстка, так імкліва
        Імкнуць дадому,
        Імкнуць дадому,
        Імкнуць дадому — журавы!
Адстаў ад клінаў крэўных птахаў,
        Крычыць — «Ку-у-рл-ы-ы-ы!», і той адчай,
        З-пад стомленых тужлівых узмахаў
        Хоча пачуць,
        Хоча пачуць,
        Хоча пачуць
        бязлісты гай...

РАКАЎ, 30-31 сакавіка 2016 г.

Алесь ЧОБАТ

Я ЗНАЮ…

Я знаю даўно, што калі паміраюць людзі
і неба прымае нябачныя душы іх,
то нічога не робіцца ў свеце, бо іншыя людзі
гэтаксама жывуць і бягуць па справах сваіх.

Гэтаксама смяюцца, снедаюць і абдымаюцца,
ідуць на закупы, на дачах паляць галлё.
У лазнях мыюцца і на службах маюцца.
Свет не рушыцца – кожнаму месца сваё.

Але кожны раз я чую, што нешта рушыцца
ў тое імгненне і нейкая рвецца ніць –
неба рушыцца, зямля рушыцца…
і толькі бяспамятным гэты боль не баліць.

Аксана ДАНІЛЬЧЫК

* * *

мае беларускія словы
бітыя бітыя словы
ужо не стогнуць
а сцяўшы зубы кладуцца
дошкамі
па-над багнай

ступаю па іх
і прашу каб патрывалі
яшчэ яшчэ і яшчэ

і я некалі стану
мастком
каб пайшлі
праз мяне
мае беларускія словы

далей
у будучыню

Лідзія КАМІНСКАЯ

НІЛУ ГІЛЕВІЧУ

На развітанне

Слова свабоднае, слова жывое
Вамі — за Багушэвічам і Цёткаю —
Падхоплена і прамоўлена як самае дарагое.

Слова роднае, слова народнае
Вамі — услед за Купалам і Коласам —
Услаўлена прыгожа і годна.

Слова мудрае, слова вячыстае
Вамі — за Багдановічам і Гарэцкім —
Пранесена высока і чыста.

Слова шчымлівае, слова балючае
Вы нам пакінулі, як крыніцу гаючую, —
Словы ўдзячныя, словы світальныя
Прыміце ад нас, Ніл Сымонавіч, —
На развітанне.

30 сакавіка 2016 г.

Юлія ШЭДЗЬКО

НІЛУ ГІЛЕВІЧУ

Значэнне імя вымярае значэнне асобы
— гэта, прынамсі, можа быць слушна адносна таго,
хто сапраўды, як рака, нёс жывыя шырокія воды
жывога крышталю радка, каб насыціць пясок берагоў.

Законы ракі, як і ўсё, падуладны спрадвечным законам,
прырода не можа застыць, і не можа рака не цячы
з крынічных вытокаў і ўсцяж праз парогі да водаў
большых, чым можна ўявіць і ўвабраць у памкненнях душы.

І так, як рака безупынна імкнецца да мора,
імкнецца паэт у нябёсы, бо там яго вырай і край.
Ціха люляе на хвалях бязмежнай блакітнай прасторы
срэбраны човен з ветразем — за небакрай.

Гл. таксама:
Радзім ГАРЭЦКІ :: ЗМАГАР ЗА БЕЛАРУСЬ І МОЙ СЯБАР ::
Арсень ЛІС :: ПАМЯЦІ ПАЭТА-ГРАМАДЗЯНІНА, ЗМАГАРА ::
Міхась СКОБЛА :: НІЛ, ЯКІ ЖЫВІЎ ПУСТЫНЮ ::
Тамара НУЖДЗІНА :: «Я МАРНА НЕ ЗГІНУЎ, БЯССЛЕДНА НЕ ЗНІК...» ::
Ірына ЖАРНАСЕК :: СУСТРЭЧЫ, РАЗМОВЫ, УСПАМІНЫ... ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY