|
|
|
№
2(76)/2016
Год Міласэрнасці
Юбілеі
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
АДРАДЖЭННЕ КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА Ў БЕЛАРУСI ЯК ДАР БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ (У КАНТЭКСЦЕ ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗII) Вялікія містыкі
Падзея
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Мастацтва
In memoriam
Вобразы і сімвалы
Пераклады
Паэзія
Мемуары
Ювеналій ХАРКЕВІЧ
ДЫЯРЫУШ ІСПАНСКАГА ПАДАРОЖЖА З ВІЛЬНІ Ў ГОРАД ВАЛЕНСІЮ НА ГЕНЕРАЛЬНЫ КАПІТУЛ ОРДЭНУ <...> БЭРНАРДЫНАЎ У 1768 Г. Прэзентацыя
|
Людміла СІЛЬНОВА
«А ЛЮДСКІЯ ВЫСІЛКІ ЗНОЎ КВІТНЕЮЦЬ РУЖАМІ…»
Рэцэнзія на кнігу паэзіі Мар’яна Дуксы
У выдавецтве «Чатыры чвэрці» нядаўна выйшла кніга вядомага беларускага паэта, шчырага католіка Мар’яна Дуксы «Птушка вечнасці — душа». Важкі том у цвёрдым пераплёце зялёнага колеру, як малахітавы куфэрак, запаветны, дарагі, у які так і хочацца зазірнуць... Падымем верхняе «вечка» пераплёту — а там стос важкіх белых папераў паэта, счэпленых разам — для парадку і памяці, на доўгія гады. Можна сказаць, каштоўных папераў знанага паэта. З чорным жэмчугам літарынак, нанізаных на нябачныя ніткі вершаваных радкоў. Яго своеасаблівы запаветны ружанец, які дастаўся ў спадчыну ад маці, бацькі і ўсёй вялікай нашай чалавечай радні, бо Мар’ян Дукса згадвае ў кнізе імёны Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Максіма Танка, Васіля Быкава, Казіміра Сваяка, Ларысы Геніюш, Рыгора Семашкевіча і іншых беларускіх пісьменнікаў, святароў, даследчыкаў непаўторнай духоўнасці нацыі. Згадвае ў вершах «Ляўкі», «Ларыса Геніюш у Празе», «Памяці Максіма Танка», «Голас Багушэвіча», «Айцец Віталій», «Музыка Агінскага», «Максім Багдановіч» і іншыя. У адным месцы, нібы прыпыніўшыся «месячнай ноччу» ля шапатлівай кніжнай паліцы, аўтар нават піша пра гэтыя «маркотныя цені» абагульнена: «нашы гарэцкія, нашы зарэцкія».
Ён спачувае іх кароткім зямным шляхам, часта «гвалтоўна і здрадна» пераараным чырвоным трактарам рэпрэсій 20-30-х гг. мінулага стагоддзя. У вершы, прысвечаным слыннаму беларускаму паэту, святару і грамадскаму дзеячу Заходняй Беларусі Казіміру Сваяку (1896–1926), Мар’ян Дукса робіць пераканаўчае вызначэнне высакародных высілкаў і патрыятычнага подзвігу гэтай асобы:
Паэтавай маці ў кнізе прысвечана шмат кранальных радкоў і слоў падзякі. Лепшыя, бадай, вершы на гэту вечную тэму-ружу (бо праз жанчыну як Найчысцейшую Браму прыйшоў у наш свет і Баранак Божы; і фрагмент узнёслай дыскусіі герояў рамана «Імя ружы» Умбэрта Эка на вечную тэму сыноўняга доўгу і жалю: «Зноў ты прыходзіш…», «Ад маці мне застаўся боль…», «Ніколі ад роднай матулі пагроз…», «На сцэне на адной хіба…» і інш.
Паэт не толькі пытаецца пра гэта ў самога сябе з прыпозненым дакорам і ў той жа час з нейкім прасветленым здзіўленнем вясковага дзіцяці, але ў іншым вершы па-даросламу разводзіць гэтыя вобразы ў розныя бакі «нябеснай іерархіі».
Чытач можа знайсці нават верш, дзе натуральна для вобразнай сістэмы Мар’яна Дуксы, для яго непаўторнага светапогляду ўзнікае вобраз «Матулі неба» як велічнай Царыцы нябеснай.
Як сказана ў анатацыі да кнігі, у яе ўвайшлі вершы, напісаныя апошнім часам. Усяго іх некалькі сотняў, самых розных па жанры, метадзе рыфмоўкі, паэтычных памерах. Ёсць рамантычныя замалёўкі, філасофскія разважанні, зарыфмаваная літаратурная палеміка, публіцыстычныя вершы, байкі, вершы-дыялогі, вершы-прысвячэнні вядомым асобам, вольныя ад рыфмаў верлібры, вершы-малітвы. Гэта пэўнае падсумаванне творчых высілкаў Мар’яна-майстра, «смаргонскага самотніка» і ў той жа час «Ганаровага грамадзяніна Смаргонскага раёна», сёння падаецца вельмі важным. Ён нарадзіўся ў 1943 г. на хутары каля вёскі Каракулічы на Мядзельшчыне і мае багаты жыццёвы досвед як паэт, педагог, арганізатар пазакласнай і пазашкольнай работы, настаўнік беларускай і рускай моваў і літаратураў. Праца з дзецьмі і моладдзю, нераўнадушша да самых розных праяваў навакольнага жыцця далі яго паэтычнаму голасу асаблівыя інтанацыі, пашырылі лексічны склад сучаснымі словамі, якія некаторыя строгія літаратурныя крытыкі могуць палічыць і недапушчальнымі для паэтычных радкоў, а тым больш — для назваў. Напрыклад, такія словы як «кантракты», «камерцыя», «трыбуны», «інтэрнэт», «хаўрус», «фініш» або прастанародныя «карак» і «свісцёлкі», шматлікія дыялектызмы. Але гэта ўсё — жывая плынь жыцця, жывыя рыбкі-словы, якія раз-пораз вынырваюць з яе і тут жа робяцца чароўным «смеццем» (паводле Ахматавай), з якога растуць вершы... Паэт мае права не толькі ўпрыгожваць сваімі вершамі наша жыццё, але, калі трэба, і паправіць Яго, выказаць сваю пазіцыю, свой асаблівы погляд на тую ці іншую складаную з’яву жыцця. Напрыклад, у вершы «Інтэрнэт» (як мы ўжо добра ведаем, ён можа стаць і зброяй у руках мярзотнікаў) паэт піша:
Мар’ян Дукса завяршае верш радкамі: «Багаты велізарны сметнік, // дзе мы падобны на курэй». На дурных, непераборлівых свойскіх птушак. Каб жа і нас непрыкметна не прыручылі, не «прысвоілі» чужыя гаспадары! Гэта папярэджанне, прадказанне чуйнага чалавека, яго горыч… Кніга невыпадкова называецца «Птушка вечнасці — душа». Менавіта пра душу, пра высілкі чалавека ў імя яе ўратавання і ідзе гаворка ў большасці вершаў гэтае паэтычнае кнігі ў малахітавым пераплёце, своеасаблівай бібліі ад Мар’яна Дуксы. Так і напісана ў анатацыі на першым лісце, першай «каштоўнай паперы» ў запаветным куфэрку сівагаловага беларускага паэта: «Аўтар выяўляе чалавечы вопыт спасціжэння Бога, сцвярджаючы, што Бог з’яўляецца не толькі жыватворнай крыніцай ісціны, мудрасці, этыкі, але і актуальнай філасофскай праблемай, якая тычыцца кожнага з нас». Ужо самі назвы вершаў, часцей за ўсё — па першым радку, чытаюцца як хрысціянскі каталог, важкі кантрапункт: «А Слова — у Бога…», «Прыйсці да алтара», «Ці ўзвысіцца мой кволы галасок…», «Крэда», «Воля», «Айцец Віталій», «Наблізіцца да аблічча Бога…», «Казімір Сваяк», «Касцельныя вежы», «Ёсць на свеце Ты і мы…», «Без Цябе, Езус», «Пасля споведзі», «Архангела трубіць труба…», «О душы тых, каго няма…», «Чырвоны касцёл у Мінску», «Неспасцігальны Ён стратэг і тактык…», «Адвэнт» і іншыя. У свой папяровы ці які электронны блакнот можна выпісаць з кнігі шмат афарызмаў «ад дзеда Мар’яна». Мне да душы прыйшліся такія, жыццесцвярджальныя і прыгожыя: «А людскія высілкі // зноў квітнеюць ружамі» (с. 5); «Ах, беларускамоўны верш, // ты годна выжыў — // і жывеш!» (с. 5); «Шчаслівы той, хто чуе над сабой // любімай веры вогненны штандар» (с. 10); «А праўды няма // без ахвярнай любові» (с. 11); «І п’ецца ноч, як дзіўнае віно. // Ды ўжо Анёл на ціхі кліч любові, // трымаючы душу напагатове, // садзіцца непрыкметна на акно» (с. 17); «Нібыта ў стозе, ў кнізе заначую, // дзе сэнс, як неба ў поўнач, палыхае» (с.48); «Паэт — самотны адвакат» (с. 59); «Паэзія, ці не занадта рана, // пакрыўджаная, ты пайшла з экрана?» (с. 108); «Зрадніцца ў чаканні Тварца» (с. 126); «А праўда даймае, што ёсць варыянты…» (с. 205); нават казачнае параўнанне «Крадзецца кот між дрэў, як гномік» (с. 222) (раскажу ўнучцы Яначцы!). Восень — улюбёная пара Мар’яна Дуксы. Зімы ён не любіць. Нехта скажа — узрост, асацыяцыі з «Белым бязмоўем» (метафара Джэка Лондана) — гэта значыць, са Смерцю, якая ўсё высцюжвае, робіць здранцвелым і пакрывае белымі пялёнамі… Але хрысціяне вераць у вялікую любоў Бога, якая ўсё пераможа, нават прыроду з яе бязлітаснымі законамі чаргавання пакаленняў. І кожны можа час ад часу паўтараць услед за святой сястрой Фаўстынай Кавальскай: «Божая Міласэрнасць у маёй душы…» Метафарычны стыль кнігі — паэтычнага дзённіка, які мы толькі што з вамі пагарталі, прыйдзецца да душы ўдумлівым чытачам як маладога, так і сталага веку. Як паэтка-калега, зямлячка, даследчыца рэдкіх кніг і бібліёграф па прафесіі, закаханая ў зялёную Вясну і белую Зіму (дарэчы, зялёны і белы — два пераможныя колеры гэтай кнігі: пераплёт і папяровы блок), хачу прызнацца паэту ў зачараванасці ягоным адметным паэтычным майстэрствам, яго трывалым этычным кодэксам, вернасцю сабе, нягледзячы ні на якія абставіны чалавечага жыцця. Таму і закончу сваю прэзентацыю кнігі «Птушка вечнасці — душа» Мар’яна Дуксы выбранымі строфамі з яго верша «Свята незалежнасці».
Дык будзем жа такімі, па Яго вобразе і падабенстве! Ад пачатку і да канца дзён, пакуль з нас, Божых дзяцей, не выляціць на волю, у неба, «птушка вечнасці — душа».
|
|
|
|