|
|
|
№
2(76)/2016
Год Міласэрнасці
Юбілеі
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
АДРАДЖЭННЕ КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА Ў БЕЛАРУСI ЯК ДАР БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ (У КАНТЭКСЦЕ ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗII) Вялікія містыкі
Падзея
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Мастацтва
In memoriam
Вобразы і сімвалы
Пераклады
Паэзія
Мемуары
Ювеналій ХАРКЕВІЧ
ДЫЯРЫУШ ІСПАНСКАГА ПАДАРОЖЖА З ВІЛЬНІ Ў ГОРАД ВАЛЕНСІЮ НА ГЕНЕРАЛЬНЫ КАПІТУЛ ОРДЭНУ <...> БЭРНАРДЫНАЎ У 1768 Г. Прэзентацыя
|
У палісадніку маёй праваслаўнай бабулі Зосі ружаў не было. На маленькай палосцы зямлі пад нізкімі вокнамі хаты раслі ў большасці сінія «боцікі», пышныя вяргіні і ўрачыста-высокія мальвы, якія мы, «гарадскія дзяўчаты», акуратна зрывалі, каб зрабіць кветкавы «баль-знаёмства». Затое хатнія ружы ў вялікіх драўляных кадках красаваліся-цвілі амаль у кожным доме. Другая мая бабуля, Ганна, якая памерла маладою пасля вайны, пакінуўшы Божай апецы чатырох дзетак, была каталічкаю, і менавіта ў хаце сваёй каталіцкай радні, на Шуміліншчыне, я ўбачыла іншую ружу — прымацаваную да распяцця з паніклым Езусам. Не ведаю, з чаго яна была зробленая, але памятаю, што я ўчапілася ў яе вачыма, не асмельваючыся сказаць сваёй мітусліва-гаманкой маці, што я нядаўна чытала пра такую (?) ружу каля распяцця Езуса… у апавяданні Канстанціна Паўстоўскага. (Маці магла б сказаць, што я занадта шмат чытаю…) У рускага пісьменніка Паўстоўскага, дасканалага стыліста, рамантыка, ёсць цыкл апавяданняў, аб’яднаных назваю «Залатая ружа». Праўда, пад «залатою ружаю» ён меў на ўвазе пісьменніцкую творчасць, але, насуперак вядомаму ахматаўскаму «когда б вы знали, из какого сора растут стихи…», лічыў, што яна, творчасць, збіраецца з залатога пылу, як бедны ювелір паступова, часам гадамі, збірае яго для сваёй адмысловай, магчыма, адзінай, ружы. У апавяданні К. Паўстоўскага «Каштоўны пыл» (яго падзеі разгортваюцца ў каталіцкай Францыі) згадваецца пра старую рыбачку, у якой была залатая пачарнелая ружа, прымацаваная да распяцця. «Усе ў пасёлку дзівіліся, што старая не прадае сваё багацце. Яна магла б атрымаць за яе вялікія грошы. Адна толькі маці Шамета сцвярджала, што прадаваць залатую ружу — грэх, бо яе падарыў старой „на шчасце“ яе каханы, калі старая, тады яшчэ смяшлівая дзяўчына, працавала на сардзінавай фабрыцы ў Ад’ерне. — Такіх залатых ружаў мала на свеце, — гаварыла маці Шамета. — Але ўсе, у каго яны завяліся ў доме, абавязкова будуць шчаслівымі. І не толькі яны, але і кожны, хто дакранецца да гэтай ружы». Са старою так і здарылася — яна дачакалася свайго шчасця (да яе вярнуўся сын!), а вось іншы герой апавядання, бедны і непрыгожы Шамет, які шмат часу збіраў залаты пыл у ювелірных майстэрнях (ён быў смецяром), каб зрабіць з гэтага пылу ружу для сваёй каханай Сузанны, памёр, нічога не дачакаўшыся, затое яго напоўнены спакоем і горыччу твар пасля смерці раптам стаў прыгожым, бо, «чаго не дае жыццё, прыносіць смерць»… Таму я глядзела на ружу пры распяцці ў хаце шумілінскіх сваякоў запытальна… Магчыма, ужо тады я пачынала здагадвацца, што дасканалая прыгажосць ружы, у любым выглядзе, звязаная з абавязковаю таямнічаю ахвяраю, не заўсёды зразумелаю людзям… Працытую радкі з казкі О. Уайльда «Салавей і ружа». « — Адну толькі чырвоную ружу — вось усё, чаго я прашу, — усклікнуў Салавей. — Адну- адзіную чырвоную ружу! Ці ведаеш ты спосаб атрымаць яе? — Ведаю, — адказаў Ружовы Куст, — але ён такі страшны, што ў мяне не хапае духу адкрыць яго табе. — Адкрый мне яго, — папрасіў Салавей, — я не баюся. — Калі ты хочаш атрымаць чырвоную ружу, — прамовіў Ружовы Куст, — ты павінен сам стварыць яе з гукаў песні пры святле месяца, і ты павінен пачырваніць яе крывёю свайго сэрца. Ты павінен спяваць мне, прыціснуўшыся грудзьмі да майго шыпа. Усю ноч ты павінен мне спяваць, і мой шып будзе працінаць тваё сэрца, і твая жывая кроў перальецца ў мае жылы і зробіцца маёю крывёю…» Прызнацца, калі я прачытала гэтую казку ў першы раз, мне было вельмі шкада Салаўя (як было шкада і вясёлую Страказу з байкі Крылова), але, падарослеўшы, я пачала разумець, што Ахвяра роўная Любові, а хіба можна шкадаваць таго, хто яе спазнаў? Таму — «печаль моя светла»… У гэтай прасторы «светлой печали», ужо, мабыць, назаўсёды, для мяне самым светлым стаў вобраз Маленькага прынца, створаны светлай фантазіяй Экзюперы. Яму не патрэбна было мноства ружаў, яму патрэбна была адна ружа, яго ружа — Абранніца. Зразумела, што католік Экзюперы такім чынам падкрэсліваў значнасць аднаго з самых важных сімвалаў Касцёла, звязанага з вобразам Маці Божай, сярод мноства імёнаў якой — Ружа містычная, Ружа духоўная. Клапоцячыся пра сваю адзіную ружу, Маленькі прынц педантычна змагаўся з дурным насеннем баабабаў — не з дрэвамі, а ўжо з самім насеннем, бо на яго планеце, як і на кожнай іншай, раслі карысныя і шкодныя травы, а значыць было насенне добрага і злога. «Але ж насенне нябачнае, — гаворыць Экзюперы. — Яно спіць глыбока пад зямлёю, пакуль адна з семачак не надумае прачнуцца. Тады яна пускае парастак; ён распраўляецца і цягнецца да сонца, спярша такі мілы і бяскрыўдны. Калі гэта будучая радыска ці ружовы куст, няхай сабе расце на здароўе. Але калі гэта якаясьці дурная трава, трэба вырваць яе з коранем, як толькі распазнаеш яе. <...> А калі своечасова не распазнаць баабаб, потым ад яго ўжо не пазбавішся. Ён завалодае ўсёй планетаю. Ён можа працінаць яе наскрозь сваімі каранямі. І калі планета вельмі маленькая, а баабабаў шмат, яны разарвуць яе на кавалкі… Дзеці! Беражыцеся баабабаў». А яшчэ, дзеці і дарослыя, някепска было б чысціць свае вулканы, як гэта рабіў Маленькі прынц. «Калі вулканы акуратна чысціш, яны гараць роўна і ціха, без усялякіх вывяржэнняў», — запэўнівае Экзюперы. Убачыўшы на зямлі кветкі, падобныя да яго ружы, Маленькі прынц сказаў ім: «Вы прыгожыя, але пустыя. Дзеля вас не захочацца памерці…» І мудры Ліс патлумачыў Маленькаму прынцу, не гаворачы слова «любоў», што яго ружа дарагая яму таму, што ён аддаваў ёй усю сваю душу, — «тое, чаго не ўбачыш вачыма». Самае галоўнае… І што «відушчае — толькі сэрца». «Зірніце на неба. І запытайцеся ў сябе: Ці жывая тая ружа, ці яе ўжо няма? <...> І вы ўбачыце: усё стане іншым», — сцвярджае Экзюперы. У «Маленькім прынцы» не сказана, якога колеру была яго ружа. Сказана толькі, што яна клапатліва падбірала сабе фарбы і пялёсткі, напаўняючы сваім водарам усю планету. Між тым, у хрысціянскіх паданнях пра ружы патлумачаныя і іх колеры. Паводле аднаго з паданняў, белыя ружы абавязаныя сваім паходжаннем Панне Марыі, бо выраслі на кусце, дзе Яна прасушвала пялюшкі малога Езуса. Белыя ружы яшчэ называюцца ружамі Магдалены, бо яны страцілі колер з-за пралітых ёю слёз раскаяння.
У адной з легендаў пра крыж Збаўцы гаворыцца пра чырвоную ружу, якая вырасла з кропляў крыві распятага Хрыста, што ўпалі на мох каля падножжа Яго крыжа. Кроў гэтая, гаворыцца ў легендзе, бруілася па крыжы, і анёлы збіралі яе ў залаты посуд, каб зберагчы ад ганьбы, але некалькі кропляў усё ж трапілі на мох… Паводле падання, тры вянкі з ружаў рознага колеру для Найсвяцейшай Панны зрабіў арханёл Габрыэль. Вянок з белых ружаў абазначае Яе радасць, з чырвоных — Яе пакуты, а з жоўтых (залатых) — Яе славу, і таму на многіх старажытных іконах Божая Маці з Дзіцем абкружаная трыма вянкамі з ружаў. Між тым, лічыцца спрэчным пытанне пра тое, ці ведалі старажытныя габрэі, што такое ружа. Некаторыя вучоныя гавораць, што занатаванае ў Бібліі габрэйскае слова «шошамъ», перакладзенае Лютарам як «ружа», абазначае не ружу, а чырвоную лілею. Пра гэта я прачытала ў кнізе Н. Залатніцкага «Кветкі ў легендах і паданнях» (1994) — цікавым рэпрынтным выданні на рускай мове. Зазірнуўшы ў «Біблейскую энцыклапедыю» (1995), у раздзел «Раслінны свет Палестыны», я не ўбачыла нічога, што нагадвае ружу (як, напрыклад, наша шыпшына) — схілы галілейскіх гор стракацяць крокусамі, макамі, нарцысамі, хрызантэмамі, анемонамі. У гэтым жа раздзеле сказана, што ў Старым Запавеце лілеяй маглі называць таксама дзікарослы сіні гіяцынт. (Затое ў Палестыне расце мой любімы гаркаваты палын і «наш» сіні лён.) Аднак, паводле Талмуда, чырвоная ружа вырасла з бязвінна пралітай крыві Абэля, і таму яна была ўпрыгожаннем для габрэйскай маладой у дзень яе вяселля. Хутчэй за ўсё, старажытныя габрэі «пазнаёміліся» з ружаю пасля вяртання з егіпецкай няволі, бо да VII ст. да Н.Х. няма адлюстравання ружы на папірусах і ў егіпецкіх помніках культуры. Самыя першыя згадкі пра ружы занатаваныя ў старажытных паданнях індусаў. Чароўная дасканалая кветка ўзяла ў палон увесь Усход. Найбольш апісваў ружу знакаміты персідскі паэт Гафіз, які нават быў пахаваны ў адным з самых вялікіх у свеце садзе ружаў у мястэчку Кесер. Ад персаў любоў да ружаў перайшла да турак, а дакладней, да ўсіх магаметанаў. Паводле Карана, белая ружа вырасла з кропляў поту Магамета, калі ён узыходзіў на неба, таму ніводны магаметанін не дазволіць сабе наступіць на ружу. Грэкі лічылі ружу падарункам багоў, і менавіта слынная грэцкая паэтка Сафо дала ружы назву Каралевы кветак. Гэта быў сімвал прыгажосці і любові. З Грэцыі ружа была перанесеная каланістамі ў Рым, дзе яна набыла іншае значэнне, стаўшы сімвалам высокай маралі і ўзнагародаю за выдатныя заслугі, знакам мужнасці і храбрасці ваяроў. У рымлянаў першай Рэспублікі ружа стала сакральнаю, і кожны год у Рыме, не раней за 19 красавіка і не пазней за 19 чэрвеня, у памяць аб памерлых наладжваліся ўрачыстасці, якія мелі назву ружанцовых дзён, — «Dies rosationis». Падчас падзення Рыма, таленавіта апісанага Генрыкам Сянкевічам у рамане «Quo vadis» (1896), калі на баляваннях Нерона на багатых распуснікаў сыпаліся мільярды свежых пялёсткаў ружы, прыгожая кветка стала для хрысціянаў знакам людской заганнасці і прадметам раскошы, на які траціліся шалёныя грошы. Тады патрыцыі ўпрыгожвалі ружамі статую Венеры-Пандэмас — багіні плоцевай любові. У гэты ж час белая ружа набыла яшчэ адно значэнне — яна стала сімвалам маўчання, спарадзіўшы вядомае лацінскае выслоўе «sub rosa dictum», — «сказанае пад ружаю», г.зн. пад сакрэтам (штучная белая ружа падвешвалася да столі падчас рымскіх баляванняў). Прайшло некалькі стагоддзяў пасля ўпадку Рыма, і толькі тады святыя айцы абвясцілі ружу райскаю кветкаю і прысвяцілі яе Божай Маці. З гэтага часу з ружаю пачалі звязваць мноства паданняў і легендаў. Калі ж вярнуцца да рэальнай гісторыі, варта згадаць, што з XI ст. папа Леў ІХ устанавіў звычай Ружавай нядзелі («Domіnica in rosa») — урачыстага дня, калі Папа ў саборы св. Пятра ў прысутнасці поўнага сходу кардыналаў асвячаў залатую ружу, упрыгожаную каштоўнымі камянямі, каб узнагародзіць ёю тую асобу, якая найбольш годна праявіла сваю дзейнасць за прамінулы год. Выраб залатой ружы давяраўся мастаку з шаноўнага роду. З гістарычных асобаў такую ружу атрымалі: Людовік Малады — ад папы Аляксандра ІІІ у 1160 годзе; Іаана Сіцылійская — ад папы Урбана V; Фрыдрых Саксонскі, германскі імператар Генрых ІІІ; а ў больш блізкія да нас часы — мексіканская імператрыца Шарлота, іспанская каралева Ізабэла (больш падрабязна пра гэта можна прачытаць у кнізе Н. Залатніцкага «Кветкі ў легендах і паданнях»). Наўрад ці гэтая традыцыя дайшла да нашых дзён, бо вядомыя нам Папы Рымскія, жыццё якіх супала з нашым па часе, вылучаліся вялікай аскезаю. Мая сяброўка, мастацтвазнаўца Тамара Габрусь, расказвала мне, што ў 2004 годзе, падчас сваёй паездкі ў Чэнстахову, каля слыннага абраза Маці Божай яна бачыла агромністую (каля паўметра) залатую ружу, падараваную папам Янам Паўлам ІІ. Гэта найвышэйшая адзнака, якою Ватыкан уганароўвае санктуарыі ва ўсім свеце. Святы Айцец Ян Павел II прывёз залатую ружу на Ясную Гару падчас сваёй першай пілігрымкі на радзіму ў1979 г. У 2006 г. папа Бэнэдыкт XVI ахвяраваў санктуарыю другую ружу. Цяпер абедзве папскія ружы ўпрыгожваюць алтар з цудадзейным абразом Маці Божай. Цудоўна, што традыцыя ўганаравання залатою ружаю прадоўжаная менавіта такім чынам. Гаворачы пра ружу, нельга абмінуць увагаю і ружанец. Французы называлі яго le rosaire — ад назвы ружаў, бо першыя шарыкі для ружанца рабілі з цёртых пялёсткаў ружаў, змацаваных гуміарабікам. Ружанец быў уведзены ў каталіцкае малітоўнае жыццё заснавальнікам дамініканскага ордэну Дамінікам дэ Гузманам, але яго «ідэя», выгляд і форма перанятыя ад усходніх народаў, у якіх ружанцам карысталіся ламайскія манахі — ад іх гэтая традыцыя была пазычаная туркамі, хоць яны рабілі шарыкі з зямлі, узятай з Меккі. На землях Расійскай імперыі ружа як упрыгожванне садоў з’явілася толькі пры Пятры І і асабліва распаўсюдзілася пры Кацярыне ІІ. Чайныя ружы былі завезеныя з Еўропы, ружовыя — у 1860 г. з Ост-Індыі, а жоўтыя (залатыя!) — у 1824 г. з Кітая. Беларускія пісьменнікі не апявалі ружаў, іх улюбёныя кветкі — васількі, а ружамі ў нас часта называюць шыпшыну, якая, здаецца, усюды расце сама па сабе («О Беларусь, мая шыпшына!»). Янка Купала, паводле ўспамінаў яго сучаснікаў, вельмі любіў менавіта ружы. Якуб Колас, як вядома, каля свайго дома ў Мінску вырошчваў жыта, а Іван Дамінікавіч — ружы (ён жа быў католікам!). …Маючы звычку выпадкова гартаць кніжкі са сваёй невялікай хатняй бібліятэкі, я знайшла ў зборніку лірыкі «Пара любові і жалю» (1983 г.) Яўгеніі Янішчыц (дарэчы, з яе аўтографам!) верш «Ружы Купалы»:
Цікава, што менавіта Яўгенія Янішчыц заўважыла (падчас ўдзелу ў сесіях ААН), што ў статуі Свабоды, якую французскі скульптар Фрэдэрык Агюст Бартольдзі ляпіў… са сваёй маці, — ружанец замест ружаў («Але, мадам Бартольдзі, // Як мне паверыць Вам?!»)… Назва беларускага мястэчка Ружаны, відавочна, звязаная з ружанцам і ружамі. У «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 6, 2001 г.) напісана, што з 1552 г. гэты населены пункт меў назву Ражаная, і пры гэтым жа артыкуле змешчана выява герба Ружанаў (1637 г.), на якім унутры авальнага вянка з чырвоных ружаў намаляваны св. Казімір з крыжам у правай руцэ і белай лілеяй у левай. Ну а паколькі згаданае імя святога Казіміра, не магу не назваць імя яшчэ аднаго чалавека, сапраўднага святара, пакутніка сталінскага Гулагу — першага кардынала Каталіцкага Касцёла на Беларусі Казіміра Свёнтка. Будучы прыкладам Марыйнай пабожнасці, ён вельмі любіў менавіта ружы — як знак Святой Марыі, увасабленне Яе духоўнай дасканаласці. Ён таксама вырошчваў іх у сваім агародчыку ў Пінску, а галоўнае — у садзе сваёй душы… Літаратура
|
|
|
|