 |
|
У родным мястэчку
Мая з крыжамі фотка:
вунь за званіцай справа
прычыненая фортка,
расчыненая брама.
З абдымкамі падзея.
З малітваю сустрэчы.
— Выпускнікі! І дзе я?
— Пры дружбе нестарэчай!
Спыняю час: на здымку
расквечаны пагляды.
Я не знікаю ў дымку, —
пераступаю ляды…
…Бажніца, помні зімку!
А я запомню — святы!
|
|
Да арэшанькі
Мой продак – не мядзведзіна,
а моцны, як арэх.
І да яго ў адведзіны
хадзіць баяўся грэх.
Я чуў, як бабка ў кужалі
на мужыкоў дуньдзіць:
— Вы ўсемярых нядужыя
і петуха скруціць.
Сарваць арэх з ляшчыніны
мяне сусед прасіў.
І вось нарэшце шчыльненькі
арэшак надкусіў.
Каго клясьці? Арэшыну
ці бабкі нагавор?
Здаецца, дзед не грэшны быў, —
заместа зуба — створ.
Хто слабенькі, хто грэшненькі —
не зразумець нутром.
А я, скажы, арэшанька,
з тваім жыву ядром?
|
|
Плынь памяці
Лета ў Лету пераліць
спрабавалі грэкі…
Хтосьці з нас мог паруліць,
ды канцы з канцамі звіць
не маглі няўмекі.
Калыму і Варкуту
хто запоўніў? На бяду
люд закрыў павекі?
Мы ці помнім здзекі?
Пакаяння — не, няма.
А забыўлівасць — турма,
дзе трасуцца штрэкі,
паглынаюць рэкі…
Апускаецца карма
Памяці…
Н а в е к і ?
|
|
Казка пра Падкову
— Вы Падковай
выпадкова?
— Не! Зірні!
Хто ахвочы, —
носіць вочы на кані.
І я помню
не супоню, —
шорах шор.
Меч нязлючы —
мой калючы
ухажор.
Так, Падкова
не ахова
ад гайні…
— Ну а цокат?
— Цокат — клопат.
— Гэта чуеце мой допыт:
— «Пад канём вы?
— На кані?».
Верш, ты вершніка з «Пагоняй»
і мой вопыт — барані,
каб застацца нам, дамчацца
да стрыножанай радні.
|
|
Дзве дзяржавы
Наталцы Пазняк
з паэтычнага Кіева
прысвячаецца.
Дзве дзяржавы не ў прырэччы:
мы ўзнялі да Неба плечы!
Дзве дзяржавы хвалім мы,
бо ў іх самі — хвалямі.
А над хвалямі — званіцы.
Дзве дзяржавы — дзве сястрыцы.
І навошта нам граніцы?
Мы сябруем — далямі!
|
|
У злюбе
Нябёсаў гнуткая тканіна
намолена
для ўсіх-усіх.
Краёў не мае і раўніна:
там сонца зіх,
тут ветра звіх…
Прызнай, раўнівая Краіна:
Нявеста — ты,
я твой жаніх.
Злюб не прыціх.
І кожны міг
журчыць журботная даліна:
— Ты — акіян,
я ручаіна.
Ты — вечнасць.
Я — твая хвіліна
сярод хваінак несухіх.
|
|
 |