Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(76)/2016
Год Міласэрнасці

«ІМЯ БОГА — МІЛАСЭРНАСЦЬ»
Юбілеі
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Падзея
Мастацтва

АДЗІНСТВА Ў РАЗНАСТАЙНАСЦІ
Літаратуразнаўства
Мастацтва
In memoriam

НІЛ, ЯКІ ЖЫВІЎ ПУСТЫНЮ
Вобразы і сімвалы

СВЯТЫЯ РУЖЫ
Пераклады
Паэзія

ПАД ЗОРКАЮ ХРЫСТА

СПЫНЯЮ ЧАС...
Мемуары
Прэзентацыя

Надзея УСАВА

ВЫСТАВА БЕЛАРУСКІХ АБРАЗОЎ
У ВАТЫКАНЕ

2016 год у Беларусі, як вядома, абвешчаны Годам культуры, а Папам Рымскім Францішкам у паўсюдным Касцёле — Надзвычайным Юбілейным Годам Міласэрнасці пад дэвізам «Міласэрныя, як Айцец». Пад гэтымі дэвізамі культурнай разнастайнасці і міласэрнасці праходзяць знакавыя падзеі нашага духоўнага жыцця.

Сімвалічна, што выстава «Іканапіс Беларусі XVII–XXI стст. з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея адкрылася ў будынку пінакатэкі музеяў Ватыкана менавіта ў Міжнародны дзень музеяў — 18 мая. На адкрыцці выставы прысутнічалі міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Вялікабрытанія, Паўночнай Ірландыі і Святога Пасаду Сяргей Алейнік, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, настаяцель мінскага прыходу Усіх Святых протаіерэй Фёдар Поўны, Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў, дырэктар музеяў Ватыкана прафесар Антоніо Паолучы, супрацоўнікі музеяў Ватыкана, прадстаўнікі еўрапейскіх амбасадаў, журналісты. Адкрыццё выставы ўпрыгожыла выступленне праваслаўнага хору мінскага прыходу Усіх Святых, а твор «Ave Maria», які выканала Патрыцыя Курганава, беларуская ўдзельніца праекту «Голас», выклікаў слёзы ўзрушэння і авацыі ўсіх прысутных.

21 мая ў час афіцыйнага візіту ў Ватыкан выставу наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў суправаджэнні Дзяржаўнага Сакратара Апостальскай Сталіцы кардынала П’етра Параліна. Прэзідэнт Беларусі перадаў у дар музею Ватыкана копію крыжа Еўфрасінні Полацкай і сучасную беларускую ікону. Выстава будзе доўжыцца да 25 ліпеня 2016 года.

Мы папрасілі расказаць пра выставу галоўнага яе арганізатара — Генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь У.І. Пракапцова і яе куратара — загадчыцу аддзела старажытнабеларускага мастацтва музея А.У. Карпенку.

— Уладзімір Іванавіч, як узнікла ідэя выставы ў Ватыкане? Хто з’яўляецца яе ініцыятарам?

У. Пракапцоў: З ініцыятывай такой унікальнай выставы выступіў беларускі бок. Ідэя нарадзілася яшчэ 9 гадоў таму, у 2007 годзе. У чэрвені 2014 года ў Беларусь падчас правядзення IV Еўрапейскага праваслаўна-каталіцкага форуму прыехалі арцыбіскуп Эстэргомскі і Будапешцкі, прэзідэнт Савета Біскупскіх канфэренцый Еўропы, кардынал Пэтэр Эрдэ, кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва, Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Па маім запрашэнні яны наведалі выставу «Праваслаўны свет. Вобраз Хрыста ў іканаграфіі краін Усходняй Еўропы» і высока ацанілі майстэрства беларускіх іканапісцаў. Пасля візіту ідэя правядзення выставы стала больш рэальнай. Выстава арганізавана пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры і Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь з удзелам прыходу Усіх Святых горада Мінска. Упершыню беларускія абразы дэманстраваліся ў Італіі ў галерэях Мілана і Трыеста ў 2004–2005 гадах. Ужо тады стала зразумела, што нашы іконы выклікалі вялікую цікавасць да сакральнага мастацтва Беларусі, зусім не вядомага ў Італіі. Італьянскія спецыялісты адзначылі, што беларуская ікона вельмі адрозніваецца ад рускай, мае сваю адметнасць, якая перадае ментальнасць і характар нацыі. Задача выставы ў Ватыкане — пазнаёміць шматлікіх турыстаў з усяго свету і мастацтвазнаўцаў з найлепшымі творамі беларускай сакральнай культуры. Працэс падрыхтоўкі быў вельмі няпростым, бо даводзілася ўлічваць асаблівасці дзейнасці гэтага аднаго з самых багатых і знакамітых музеяў свету. У апошнія гады музеі Ватыкана не прымалі міжнародныя выставы з-за адсутнасці вольных памяшканняў. Для Беларусі было зроблена выключэнне: наша выстава размешчаная ў адным з залаў пастаяннай экспазіцыі пінакатэкі — «Візантыйскае мастацтва XV стагоддзя».

— Дзе менавіта выстаўленыя абразы ў музеях Ватыкана?

У. Пракапцоў: Нашай выставе адведзена вельмі статусная пляцоўка — іконы дэманструюцца ў зале з грэцкім іканастасам, у непасрэднай блізкасці ад залы Рафаэля. Штодня праз гэтыя залы праходзяць каля 30 тысяч турыстаў з усяго свету. Больш удалае месца для дэманстрацыі выставы цяжка было б знайсці. Мы, арганізатары, адчувалі гонар ад таго, што творы нашага музея, абразы народных беларускіх майстроў з сельскіх забытых цэрквачак і касцёлаў знаходзяцца побач з самымі знакамітымі карцінамі свету.

— У калекцыі нашага Нацыянальнага мастацкага музея больш за 500 абразоў. Які быў прынцып выбару твораў?

У. Пракапцоў: Адбор экспанатаў дыктаваўся ўмовамі залы. Спачатку быў падрыхтаваны адзін камплект выставы з сарака абразоў, але потым ён быў зменены, бо ўдакладнілася месца размяшчэння выставы. Цяпер іконы невялікага памеру дэманструюцца на шчытах у невялікіх вітрынах. Давялося прыдумаць спецыяльную канструкцыю шчытоў, якая выглядае вельмі годна. Пад кожную шкляную вітрыну прыстасавалі па тры пары металічных падпорак, каб ад цяжару нашых іконаў не разламалася шкло вітрынаў. Некаторыя з размешчаных на іх абразоў спецыяльна адрэстаўраваныя для гэтай выставы і экспануюцца ўпершыню.

Падчас адкрыцця выставы.

— Раскажыце, калі ласка, аб знакавых экспанатах выставы.

А. Карпенка: На выставе прадстаўлены 29 абразоў беларускіх іканапісцаў са збору музея і 2 чаканныя аклады, а таксама два абразы сучаснага іканапісца Андрэя Жарова. Усе яны па-свойму цікавыя. Яны адносяцца да часу фарміравання нацыянальнай школы іканапісу і ўзлёту нацыянальнай культуры ва ўсіх яе праявах: беларускія майстры хутка асвойваюць перадавыя заходнееўрапейскія стылі, складаную арнаментыку і сімволіку барока, а пасля — ракако.

Выстава складаецца з некалькіх комплексаў: 12 твораў святочнага шэрагу іканастаса Крыжаўздвіжанскай царквы (1754–1757) сяла Аброў Івацэвіцкага раёна на Брэстчыне, сюжэты з жыцця Маці Божай на абразах з Шарашова Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці, а таксама выбраныя выявы мясцовашанаваных святых. Прадстаўлены некалькі іконаграфічных тыпаў Маці Божай, апякункі Мінска. Многія цудатворныя іконы Маці Божай — як знакамітая Жыровіцкая або прадстаўленая на выставе Маці Божая Барунская з Кобрынскага раёна — шануюцца абедзвюма канфесіямі. Вобраз Маці Божай адлюстроўвае народнае разуменне прыгажосці — менавіта такая Маці Божая Адзігітрыя XVII стагоддзя з царквы вескі Галынка Мінскай вобласці. Яна нядаўна, у 2011 годзе, была адрэстаўраваная Аркадзем Шпунтам. Жывыя, быццам выпраменьваючыя духоўны свет абліччы Маці Божай і Дзіцяткі, увасабляюць народны ідэал жаноцкасці. Колеравая гама твора яркая, насычаная. Абраз намаляваны невядомым майстрам з каларыстычнай вытанчанасцю і гарманічнасцю, адухоўленай цеплынёю вобразаў. На выставе дэманструецца і створаны для абраза металічны залачоны аклад, упрыгожаны раслінным арнаментам у стылістыцы барока.

Лёсы многіх нашых твораў іканапісу драматычныя. Быў вывезены ў Германію ў пачатку вайны «Арханёл Міхал». Такі ж лёс напаткаў і абраз Маці Божай Адзігітрыі XVII ст. смаленскага тыпу з вёскі Вербавічы Рэчыцкага павета Гомельскай вобласці, які да вайны захоўваўся ў Беларускім дзяржаўным музеі. На шчасце, яны былі вернутыя ў 1948 годзе. Маці Божая Адзігітрыя зноў паступіла ў Беларускі дзяржаўны музей Мінска, а праз 6 гадоў была перададзена ў Дзяржаўную карцінную галерэю БССР.

— Алена Уладзіленаўна, у чым адметныя асаблівасці беларускай школы іканапісу?

А. Карпенка: Культура ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай, дзе дамінаваў Каталіцкі Касцёл, была арыентаваная на вышэйшыя дасягненні італьянскага Рэнесансу і Барока. Адкрытасць і гарманічнасць, якія ўласцівыя іх мастацкай мове, ляжаць у аснове большасці нацыянальных помнікаў нашага сакральнага мастацтва. Беларускія майстры ў ХVIII– пачатку XIХ стагоддзя ствараюць асаблівыя, непаўторныя вобразы святых. У большасці сваёй — гэта канкрэтныя асобы з яркай індывідуальнасцю. На беларускіх землях адначасова развіваліся сакральны і партрэтны жывапіс. Індывідуальнымі і выразнымі рысамі адметныя іконы Маці Божай Пясковай, Маці Божай Мінскай, выбраныя святыя на трохчасткавай іконе з царквы вёскі Чарнякава Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Нацыянальныя асаблівасці беларускай іканапіснай школы праяўляюцца ў выкарыстанні арнаментальных разьбяных пазалочаных фонаў, упрыгожванні абразоў масіўнымі рамамі з дэкаратыўнымі накладкамі, роспісам у народным стылі. Беларускія мастакі ўзбагацілі кананічныя сюжэты апавядальнымі матывамі. Выявы народных касцюмаў, бытавых прадметаў, гарадскіх і сельскіх пейзажаў надаюць часам нашым абразам рысы жанравых карцінаў, а іх прыгажосць і дэкаратыўнасць падкрэсліваюць чаканныя металічныя аклады, часта пазалочаныя або пасярэбраныя, таксама прадстаўленыя на выставе. Царкоўны жывапіс Беларусі значна адрозніваецца ад рускай іконы, у якой даўжэй культываваліся візантыйскія традыцыі ў непарушнай сімвалічнасці сакральных вобразаў.

Падчас выступлення мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча
на адкрыцці выставы.

— Ці ёсць на выставе іконы, якія шануюцца і католікамі, і праваслаўнымі?

А. Карпенка: Такіх іконаў некалькі. Гэта вобраз Міхала Арханёла, Маці Божай Кракаўскай (Пясковай), Маці Божай Барунскай, трохчасткавая ікона з выявамі Маці Божай Барунскай, свяціцеля Мікалая, Параскевы Пятніцы і выбраных святых з сяла Чарнякава. Вельмі цікавая гісторыя Маці Божай Пясковай з царквы святой Параскевы Пятніцы ў Старых Дзявяткавічах Слонімскага раёна. Навуковая экспедыцыя музея вывезла гэтую ікону з закрытай падчас барацьбы з рэлігіяй царквы ў 1975 годзе. Пратограф іконы знаходзіцца ў кракаўскім касцёле кармэлітаў, заснаваным Уладзіславам Ягайлам і каралеваю Ядвігаю ў 1395 годзе. У канцы XVI – пачатку XVII стагоддзя на сцяне над уваходам у храм манах кармэліт пачаў пісаць вобраз Маці Божай. Ён паспеў абмаляваць толькі Яе контур, бо ўжо цямнела, але раніцаю манахі ўбачылі цалкам намаляваны абраз, і чуваць было спевы анёла. Да выявы пачаў збірацца народ, адчуваючы цудоўную дапамогу ад Божай Маці. Для захавання іконы да царкоўнай сцяны прыбудавалі капліцу. У 1655 годзе касцёл быў паўразбураны шведскім войскам, але абраз застаўся цэлым. У 1683 годзе кароль Ян Сабескі, збіраючыся на бітву пад Венаю, прыходзіў да гэтай іконы на малебен. У 1764 годзе Рым даў дазвол на каранацыю абраза як цудатворнага, але ўрачыстасць адбылася толькі ў 1882 годзе. Назва «Пясковая» паходзіць ад месца, дзе стаіць касцёл у Кракаве («На пяску»). Згодна з легендаю, у XI стагоддзі тым пяском вылечыўся ад ранаў кароль Уладзіслаў Герман. У 1610–1673 гадах у Кракаве выдаваліся гісторыі з’яўлення і цудаў кармэліцкай іконы. У Вялікім Княстве Літоўскім кракаўская ікона стала вядомая пасля выхаду кнігі пра 12 цудатворных іконаў у храмах Польшчы. Кніга напісаная прафесарам Янам Дрэўсам, з гравюрамі Лявонція Тарасевіча (Вільня, 1687). Ікону можна лічыць рарытэтам, мабыць, адзіным прыкладам такой іканаграфіі ў Беларусі. Цікава, што абраз паходзіць не з каталіцкага касцёла (як яго прататып), а з царквы святой Параскевы Пятніцы. Верагодна, яна згадваецца ў галоўным алтары царквы ў вопісе ад 1784 года. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што вобраз Маці Божай любімы і шанаваны і католікамі, і праваслаўнымі.

— На выставе экспануюцца дзве сучасныя іконы. У якіх традыцыях яны напісаныя? Якую ролю адыгрываюць на выставе?

А. Карпенка: Гэтыя абразы напісаў малады іканапісец Андрэй Жараў з Мінска. Узорамі для напісання абразоў «Унебаўзяцце Багародзіцы» і «Косма і Дам’ян» паслужылі старажытныя помнікі хрысціянскага мастацтва: мазаікі Рыма і Равэны, а таксама іконы VI стагоддзя, выкананыя ў тэхніцы энкаустыкі. Асновай творчасці Андрэя Жарава з’яўляецца стварэнне сучаснай іконы праз пранікненне ў традыцыі ўсходнехрысціянскага мастацтва, пачынаючы з роспісаў першых хрысціянскіх катакомбаў, аж да іконы XXI стагоддзя. Агульная кампазіцыя і мастацкія вырашэнні — іканаграфія лікаў Космы і Дам’яна, малюнак Хрыста ў цэнтры кампазіцыі, сіні фон з аблокамі — шмат у чым адпавядаюць вобразу святых лекараў у алтары базылікі святых Космы і Дам’яна ў Рыме (VI стагоддзе). Андрэй Жараў маладым далучыўся да свету царкоўнага мастацтва праз свайго бацьку — іканапісца Паўла Жарава. Да таго ж, ён атрымаў фундаментальную адукацыю на іканапісным аддзяленні Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі (майстэрня В.Т. Жданавай) і ў маскоўскім Праваслаўным Свята-Ціханаўскім гуманітарным універсітэце (майстэрня дацэнта кафедры іканапісу, протаіерэя Мікалая Чарнышова). Іконы ён выконвае ў розных тэхніках: васковага жывапісу, яечнай тэмперы, а таксама насценнага казеінавага і сілікатнага жывапісу. Цяпер Андрэй Жараў уваходзіць у склад Архітэктурна-мастацкай рады пры Мінскім епархіяльным упраўленні, піша іконы для праваслаўных храмаў і манастыроў. У 2007–2016 гадах ён распрацаваў праект іканастаса і напісаў частку іконаў для Спаса-Праабражэнскага храма Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку. Як вядома, гэтая царква з’яўляецца помнікам са спісу сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэтыя абразы дэманструюць трансфармацыю традыцыйнага іканапісу ў сучасны жывапіс Беларусі, а таксама жывую пераемнасць іканапісцаў.

— Якая была рэакцыя на выставу спецыялістаў і наведвальнікаў музея?

У. Пракапцоў: Адкрыццё выставы праходзіла ў зале Рафаэля і выклікала вялікую цікавасць. За першыя два дні працы выставы старонкі «Кнігі водгукаў» напоўніліся захопленымі радкамі на некалькіх мовах свету. Выставу з цікавасцю наведалі і ўдзельнікі канферэнцыі біскупаў, якая праходзіла ў гэтыя дні ў Ватыкане, і спецыялісты-мастацтвазнаўцы. Дырэктар музея Ватыкана, буйны італьянскі вучоны, знаўца сусветнага сакральнага мастацтва, некалькі разоў даваў інтэрв’ю журналістам. У гэты раз мы не змаглі паказаць з усёю паўнатою беларускі іканапіс і вырашылі арганізаваць такую выставу ў Мінску напярэдадні Трэцяга Нацыянальнага музейнага форуму, які адбудзецца ў Магілёве. Я, як Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея, запрасіў свайго калегу — прафесара, дырэктара музеяў Ватыкана спадара Антоніо Паолучы — наведаць Мінск у верасні гэтага года для знаёмства з нашым Нацыянальным мастацкім музеем, абмеркаваннем сумесных выставачных праектаў у сферы абмену спецыялістамі і стажыровак рэстаўратараў. Да гэтага часу будзе падрыхтавана вялікая выстава іканапісу, будуць выпушчаныя маркі з выяваю Маці Божай, напісанай у каталіцкай і праваслаўнай традыцыях.

— Уладзімір Іванавіч, на Ваш погляд, якую ролю адыграе гэта першая выстава ў Ватыкане для беларускай і еўрапейскай духоўнай культуры?

У. Пракапцоў: Для беларускага народа заўсёды была важная духоўная аснова існавання. Яна дазволіла нам захаваць сваё нацыянальнае адзінства, мову і культуру ў складаны перыяд заваявальных войнаў і тэрытарыяльных падзелаў. Гэтая выстава — своеасаблівая маніфестацыя беларускай духоўнай культуры, дэманстрацыя мастацкай адметнасці нашага іканапісу, нацыянальнай ідэнтычнасці беларускага народа ў еўрапейскай сям’і народаў. Гэтая дэманстрацыя беларускага іканапісу сярод шэдэўраў сусветнага мастацтва паказала, што беларуская ікона развівалася ў кантэксце агульнаеўрапейскай мастацкай культуры. Для еўрапейцаў — гэта адкрыццё ў шырокім сэнсе духоўнай культуры Беларусі, яе яркага і самабытнага феномену. Гэты праект мае не толькі музейны характар — гэта дзяржаўны рэлігійна-палітычны праект, які ставіць, у тым ліку, і задачу ўмацавання іміджу нашай краіны як талерантнай поліканфесійнай міратворчай дзяржавы. Хрысціянскі абраз — гэта «акно ў веру», і наша выстава стала такім своеасаблівым «акном у Еўропу».

Размаўляла Надзея Усава —
загадчык аддзела навукова-асветніцкай працы
Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Фота Аляксандра Панчанкі.

Гл. таксама:
Аляксандр ЯРАШЭВІЧ :: АДЗІНСТВА Ў РАЗНАСТАЙНАСЦІ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY