|
|
|
№
2(76)/2016
Год Міласэрнасці
Юбілеі
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
АДРАДЖЭННЕ КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА Ў БЕЛАРУСI ЯК ДАР БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ (У КАНТЭКСЦЕ ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗII) Вялікія містыкі
Падзея
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Мастацтва
In memoriam
Вобразы і сімвалы
Пераклады
Паэзія
Мемуары
Ювеналій ХАРКЕВІЧ
ДЫЯРЫУШ ІСПАНСКАГА ПАДАРОЖЖА З ВІЛЬНІ Ў ГОРАД ВАЛЕНСІЮ НА ГЕНЕРАЛЬНЫ КАПІТУЛ ОРДЭНУ <...> БЭРНАРДЫНАЎ У 1768 Г. Прэзентацыя
|
Рым для беларусаў — горад не чужы. Для многіх з нашых продкаў вера ў Хрыста прыйшла менавіта з Вечнага горада. Своеасаблівым сімвалам сувязі з хрысціянскім Рымам з’яўляецца абраз Маці Божай «Пратэктаркі рымлянаў» з базылікі Санта-Марыя-Маджорэ, паўторы якога разышліся па Беларусі ад Гродна да Хоцімска. Варта згадаць, што Жыровіцкі цудатворны абраз набыў вядомую ўсім жывапісную іканаграфію ў Рыме як насценная фрэска. Шмат якія абразы Маці Божай у нашых касцёлах іконаграфічна паходзяць ад рымскіх першаўзораў, але набылі цалкам мясцовае аблічча... Барунская ікона Маці Божай звязана з манахам базыліянінам Язафатам Бражыцам, ігуменам Полацкага манастыра, які ў 1671 г. убачыў Маці Божую ў мроі такою, якою Яна паказаная на Барунскім абразе. Перадаўшы яго дабрачэснаму Мікалаю Песляку, Бражыц у 1683 г. памёр. У 1692 г. Пясляк заснаваў у Барунах кляштар і перадаў туды ікону, якая адразу стала вядомай сваімі цудамі. У 1712 г. протаархімандрыт закону базыліянаў Леў Кішка надрукаваў у Супраслі кнігу з вопісам засведчаных ад яе цудаў. Дарэчы, гэтая ікона ацалела падчас пажару драўлянай царквы і ў новай царкве ў 1715 г. была змешчаная ў асобным алтары. У XVIII–XIX стст. Барунская ікона стала адною з самых шанаваных ва ўніяцкім асяроддзі. Іконаграфічна яна падобная да Адзігітрыі беларускай школы іканапісу. На ёй Дзіцятка Езус у белым хітончыку паўляжыць на левай руцэ Панны Марыі, апранутай у хітон вішнёвага колеру і ў сіне-зялёны мафорый. Вакол іх галоваў — німбы ў выглядзе прамяністага ззяння, на фоне кірыліцаю нанесеныя манаграмы Маці Божай і Збавіцеля. Абразоў Маці Божай Барунскай захавалася нямнога. Той, што з-пад Кобрына, — гэта значна паменшаная копія, аднак яна дакладна перадае іканаграфію пратографа. Яго з’яўленне, досыць далёкае ад Барунаў, напэўна, звязана са старажытным манастыром Святога Спаса ў Кобрыне, ад пачатку XVIII ст. базыліянскім. Абраз XVIII ст. Маці Божай Пясковай трапіў у музей з царквы св. Параскевы ў Старых Дзявяткавічах, што на Слонімшчыне. Цудатворны пратограф «Пясковай» знаходзіцца ў кракаўскім касцёле кармэлітаў. У Вялікім Княстве Літоўскім кракаўскі абраз стаў вядомы пасля выдання ў Вільні (1687 г.) кнігі прафесара Яна Дрэўса пра 12 цудадзейных абразоў Маці Божай у Рэчы Паспалітай з медзярытамі Лявонція Тарасевіча. Абраз з Дзявяткавічаў — сапраўдная рэдкасць для Беларусі. Цікава, што ён быў выяўлены не ў каталіцкім касцёле, але ў калісьці ўніяцкай царкве ў 1820 г. у Старых Дзявяткавічах. Магчыма, абраз быў падараваны ў храм сямействам Слізеняў, уласнікаў вёскі ў XVIII ст. «Маці Божая Адзігітрыя» з царквы св. Параскевы ў вёсцы Вербавічы Рэчыцкага павета была перададзеная ў 1912 г. святаром у Мінскі царкоўна-археалагічны музей. Пасля перавароту 1917 г. новыя гаспадары Беларусі зачынілі гэты музей, але незвычайная ікона знайшла прытулак у БДМ (Беларускім дзяржаўным музеі). У 1944 г. экспанаты гэтага музея былі эвакуяваныя ў Германію, і, магчыма, хоць частку іх гэта ўратавала ад бомбаў і пажараў. У 1948 г. вербавіцкі абраз разам з іншымі быў вернуты ў Мінск і з 1957 г. захоўваецца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Час ад часу гэты абраз з’яўляецца на выстаўках як сапраўды ўнікальны твор беларускага мастацтва, выкананы не ў жывапісе, а ў выглядзе барэльефа, выразанага з дрэва ліпы. На гэтым абразе Багародзіца трымае Дзіця Езуса на левай руцэ (абое прадстаўлены амаль франтальна). Своеасаблівай рысаю іканаграфіі Адзігітрыі з’яўляецца досыць буйная сфера — сімвал сусвету, на якую Езус усклаў руку (Ён не трымае яе знізу, як на цудатворных Мінскім і Бялыніцкім абразах). Мафорый Дзевы Марыі і пазалочаны хітон Езуса выразаны плаўнымі рэльефнымі складкамі. Праставатая, але выразная пластыка, характэрны тыпаж святых твараў сведчаць пра работу мясцовага выканаўцы. Гісторыя абраза з вёскі Чарнякава на Брэстчыне мае цудадзейны пачатак. Больш за тры вякі назад у мясцовага селяніна раптам прапалі валы. Шукаючы іх, ён доўга хадзіў па лесе аж да вечара, заблудзіўся і страціў надзею ў цемнаце знайсці дарогу дадому, хоць і без валоў. І раптам ён заўважыў нейкае святло наперадзе. Пайшоўшы на яго, селянін убачыў, што яно сыходзіць ад абраза на вершаліне сасны, а побач спакойна пасвяцца яго валы. Людзі пачалі хадзіць да гэтай сасны з абразком, а потым паставілі там каплічку і ўнеслі ў яе абраз. Уласнік той мясцовасці Юрэвіч у 1725 г. пабудаваў царкву, у якую перанеслі яўлены абраз. У Першую сусветную вайну абраз, як і некаторыя іншыя шанаваныя абразы, з Беларусі быў вывезены ў Расію. Амаль усе яны зніклі ў гады бальшавіцкага перавароту. Вярнуліся на радзіму толькі Жыровіцкі і Чарнякаўскі — яны перажылі Другую сусветную вайну. А ў 1960-я гады камуністычныя ўлады аб’явілі новую вайну з «опіумам для народа» (рэлігіяй), пачалі зачыняць цэрквы і касцёлы, знішчаць абразы і там, дзе не маглі гэтага зрабіць у 1930-я гг. — на захадзе Беларусі. У гэты перыяд бясследна знік Свержаньскі абраз Маці Божай, які за 450-гадовую гісторыю непарушным перажыў усе войны і пажары. Чарнякаўскі абраз, на шчасце, людзі захавалі і неўзабаве перадалі ў Дзяржаўны мастацкі музей (для храма была выканана даволі дакладная яго копія). Абраз мае ўнікальную двух’ярусную шматсюжэтную кампазіцыю: уверсе прадстаўлена Маці Божая, падобная да Барунскай, і св. Мікалай (Чарнякаўская царква асвечаная ў яго гонар). Унізе — невядомы святы, свяціцелі Васіль Вялікі, Рыгор Багаслоў, Іаан Златавусны і св. Параскева. У канцы ХІХ ст. брэсцкі епіскап Іосіф (Сакалоў) меркаваў, што на Чарнякаўскім абразе паказаны маскоўскія мітрапаліты, але такой ідэнтыфікацыі пярэчыць іх іканаграфія. Выключнае месца ў праваслаўным храме і ў гісторыі іканапісу належыць іканастасу; у ім у нагляднай форме лаканічна выкладзена ўся гісторыя Новага Запавету. Беларускі іканастас найчасцей складаецца з трох ярусаў: мясцовага з царскімі і дыяканскімі варотамі, абразамі Спаса і Маці Божай, тытулу храма, Дэісуснага (з абразамі Спаса і апосталаў) і святочнага, у якім паказаныя галоўныя падзеі евангельскай гісторыі Хрыста. Гэты рад можна чытаць як Евангелле ў фарбах. Намаганнямі атэістаў з сякерамі ў 1930-я гады абразы ва Усходняй Беларусі былі татальна знішчаныя. Заходняя Беларусь знаходзілася па-за межамі атэістычнай савецкай імперыі, таму і захаваліся два святочныя цыклы з іканастасаў, цяпер выстаўленыя ў ватыканскім музеі. 12 абразоў сярэдзіны XVIII ст. у стылі позняга барока паходзяць з царквы Уздзвіжання Святога Крыжа ў сяле Аброва (дакладней — у Вульцы Аброўскай). Бліжэйшым царкоўным і мастацкім цэнтрам быў і цяпер з’яўляецца Пінск: хутчэй за ўсё, адтуль паходзіў таленавіты майстар абразоў для Аброўскага іканастаса, на жаль, імя яго засталося для нас невядомым. У старажытным мястэчку Шарашова здаўна існавалі дзве царквы: драўляная — Нараджэння Багародзіцы (Прачысценская) і мураваная — св. Мікалая. У ахвяру нячыстай сіле ўлады прынеслі драўляную, якую лягчэй было разламаць, але ад яе засталася званіца — цудоўны помнік беларускай драўлянай архітэктуры 2-й паловы XVIII ст. Разабраны ікананастас удалося ўратаваць — ён быў вывезены ў Дзяржаўны мастацкі музей у Мінску. Святочны рад у ім мае ажно 24 абразы; гэта незвычайная колькасць, бо праваслаўны каляндар налічвае ўсяго 12 асноўных («двунадзясятых») святаў, прадстаўленых у іканастасе. У Шарашоўскім іканастасе яны адлюстраваныя больш разгорнута, лаканічнымі кампазіцыямі і некаторымі дапаўняльнымі сюжэтамі. Тытульнае свята храма паказана ў дзвюх выявах: «Сустрэча Яўхіма і Ганны пры Залатых варотах» і «Нараджэнне Багародзіцы», далей — «Уводзіны Марыі ў храм», а затым «Св. Яўхім і Ганна з Марыяй на каленях», «Нябеснае благаслаўленне Марыі», «Сустрэча Марыі і Альжбеты», «Дабравешчанне», «Нараджэнне Хрыста і пакланенне вешчуноў», «Стрэчанне», «Абразанне», «Хрышчэнне», «Перамяненне», «Уваскрашэнне Лазара», «Уваход у Ерусалім», «Укрыжаванне», «Уваскрашэнне-Сыходжанне ў пекла», «Узнясенне», «Сыходжанне Св. Духа на апосталаў», «Успенне Багародзіцы», «Паднясенне крыжа» і ў канцы загадкавая выява св. Іосіфа (?), які нібыта ідзе ў горы. Усе выявы належаць працы невядомага самабытнага мастака, магчыма, з Бярэсця, але даказаць гэта метадам параўнання нельга, таму што ў 1830-я гады старажытны Брэст з храмамі розных канфесій быў разбураны дзеля пабудовы на яго месцы крэпасці. Заўважым, што Італія ў ХVII–XVIII стагоддзях зрабіла вельмі прыкметны ўплыў на беларускую архітэктуру і мастацтва, і наведвальнікі выставы нашых абразоў у ватыканскім музеі змогуць заўважыць у іх знаёмыя рысы.
|
|
|
|