|
|
|
№
2(76)/2016
Год Міласэрнасці
Юбілеі
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ
АДРАДЖЭННЕ КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА Ў БЕЛАРУСI ЯК ДАР БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ (У КАНТЭКСЦЕ ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗII) Вялікія містыкі
Падзея
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Мастацтва
In memoriam
Вобразы і сімвалы
Пераклады
Паэзія
Мемуары
Ювеналій ХАРКЕВІЧ
ДЫЯРЫУШ ІСПАНСКАГА ПАДАРОЖЖА З ВІЛЬНІ Ў ГОРАД ВАЛЕНСІЮ НА ГЕНЕРАЛЬНЫ КАПІТУЛ ОРДЭНУ <...> БЭРНАРДЫНАЎ У 1768 Г. Прэзентацыя
|
Увабралася ў сілу вясна. Не спыняецца бег часу, а боль не цішэе… Ад вялікай страты, ад роспачы, ад усведамлення віны. Як сваёй уласнай, так і нашай агульнай: бо не заўсёды чулі, адзываліся на голас яго душы, занятыя сваімі клопатнымі справамі. Асабістыя праблемы, якія так выяўна абазначыліся, калі Ніл Сымонавіч Гілевіч цягнуў нялёгкі воз абавязкаў першага сакратара Праўлення Саюза пісьменнікаў, ён перажываў мужна і годна, не шукаючы падтрымкі ў Бога (яшчэ не выкупіў усе свае грахі), не прадаючы сумлення (а гэта ад д’ябла), не спяшаючыся да людзей з балючай споведдзю пра крыўды, боль ці здраду тых, каму бясконца давяраў. Сапраўды, як кажуць, свет не без добрых людзей, але ім самім у гэтым жыцці так няпроста: «У іх над галовамі німбы // Уласных пакут. Ім не лепш!». Таму і выспявае такое вось катэгарычнае, чыста Гілевічава, рашэнне:
А заставалася адно: тварыць і спадзявацца, што дойдзе яго слова да беларускага жыхарства. Сам жа пісьменнік заўсёды адгукаўся на сугучнасць думак, настрояў, якія адкрываў у артыкулах, публіцыстыцы, выступленнях пісьменнікаў, навукоўцаў або журналістаў на старонках перыядычнага друку ці на хвалях эфіру. Зусім нечаканым стаўся для мяне вось гэты ліст народнага паэта, дасланы на рабочы адрас: «Добры дзень, паважаная Тамара Сяргееўна! Зусім выпадкова па беларускім радыё пачуў гутарку з Вамі аб сучаснай літаратуры, у якой (гутарцы) было згадана і імя аднаго старога філфакаўца. З таго часу, з 12 чэрвеня (беларус! тыповы!), жыву ідэяй паслаць Вам свае кніжачкі апошніх гадоў, але хацеў бы дзеля пэўнасці — на дакладны хатні адрас. Дык паведаміце, калі ласка (мой тэлефон — 2271219 або лістом). Вось пакуль і ўсё. Буду чакаць. З павагай Ніл Гілевіч. 14.6.06. P.S. А можа, збіраецеся быць у Мінску? Аддаў бы з рук у рукі. НГ». Нават адзін такі кароткі ліст можа нямала сказаць пра Ніла Гілевіча — чалавека, творцу, настаўніка: па-беларуску сціплы, далікатны, удзячны, іранічны і бясконца самотны. Яму так не хапала непасрэдных кантактаў з жыццём! Пазбаўлены магчымасці сустракацца з шырокай чытацкай аўдыторыяй, удзельнічаць у розных літаратурных і грамадскіх мерапрыемствах (было афіцыйнае табу на выступленні ў дзяржаўных установах), ён жыве творчасцю, працуе да знямогі над літаратурнымі планамі, над выданнем кніг. І ўсё за кошт здароўя, бяссонных начэй і ўласных сродкаў. І ўсё дзеля аднаго: будзіць сваім неспадманным словам душу, свядомасць, памяць беларуса, варушыць «разумок» сучаснай моладзі, шукаць адказ на многія пытанні, якія, дзе б ні быў творца, заўсёды вярэдзілі яго душу. Пісьменнік і яго лірычны герой прымушаюць чытача, напрыклад, задумацца: чаму ў нас усё не так у духоўным жыцці ў параўнанні з іншымі народамі?
Над пакутлівым, ахвярным шляхам продкаў і многіх сучаснікаў паэт думаў заўсёды. Ён пісаў гісторыю роднага краю, крывіцкай зямлі, гісторыю быцця народа цягам доўгіх стагоддзяў.
Повязь з сучаснасцю, мінуўшчынай і вечнасцю ў жыццёвым лёсе і мастацкім мысленні Ніла Гілевіча — з’ява пастаянная. Існуе ў розных праявах, формах і выяўленнях. Гэта і далеч, «дзе лес пракаветны», і далягляд з той «сівою смугой», і бясконцы сусвет, і суровае слова з нябёсаў, што трапіла стрэмкай балючай у сэрца яму. Ніхто і ніколі «не выме той стрэмкі». Гэты Боскі знак служэння непадкупнай ісціне быў дадзены яму да самага астатку дзён зямных. Відаць, таму і не было разліку ва ўсім, чым жыў паэт, аб чым мроіў, на што надзею меў. Вышэй за ўсё цаніў сумленне, гонар творцы, яго свабоду і права: «Паспрачаўся трохі з [братам Міколам. — Т.Н.] наконт стылістычных дробязей. Даўно не цярплю ўмяшання і дабавак у выглядзе дробязей! Пачні ўступаць у дробязях — кончыцца ўступкамі ў вялікім… Вядома, там, дзе адчуваеш за сабой праўду» [Т. 21, с. 29]. Запіс ад 31 красавіка 1978 года, зроблены Нілам Гілевічам з нагоды публікацыі часопісам «Маладосць» яго чытацкага дзённіка, прысвечанага асэнсаванню новых вершаў Пімена Панчанкі. І ў творчасці, і ў жыцці пісьменнік быў здольны на сапраўдны ўчынак: зняць матэрыял, зусім не друкаваць, калі тупа рэзаўся рэдактарам твор, адмовіцца ад прэміі, ад звання беларускага акадэміка ў небеларускай акадэміі… Вядома, за ўсё трэба плаціць у нашым жыцці. За прынцыповасць — душэўным і фізічным болем. За шчырае слова ўвагі, павагі, за радасць з’яўлення таленавітых беларускіх кніг ён малітоўна прасіў для творцаў ласкі Усявышняга — «Паздароў яго, Божа», «Дапамажы яму, Божа». Калі ж самому станавілася нясцерпна жыць і дыхаць, калі кашмары даймалі на яве і ў снах («Сон», «Кашмар», «Сон у бяссонніцу» і інш.), калі часта сніліся могліцы, клады, пагосты, калі ў снах бачыліся постаці пісьменнікаў, якія даўно адышлі ў вечнасць, калі гаркота біла цераз край душы, тады прасіў адхлання ў высокіх сіл нябесных:
Неба не спяшалася выканаць просьбу, не спяшалася даць магчымасць зазірнуць за небакрай. Хоць і адчуваў паэт, «як сіверам клятым // Да сэрца крадзецца зіма», але ў 1992 годзе, калі пісаліся гэтыя радкі (верш «На ўзгорку»), яму не дадзена было права ведаць адказ на пытанне «А што там, за даляглядам?». Ён быў патрэбны тут. Патрэбна была яго прысутнасць, каб іншым «не ўпасці ў бязвер’е і зман». Цяпер ён там, куды не дайсці жывым. Не пазваніць. Не запытацца. Застаецца толькі думаць разам з ім, наталяцца яго сумленным словам, вучыцца жыць з ім і без яго. ...Гартаю старонкі сваіх запісаў, перачытваю пытанні, якія ўзнікалі ў час пражывання жыццёвага і творчага шляху Ніла Сымонавіча Гілевіча паводле яго мемуарна-дзённікавай прозы, паэтычных твораў, публіцыстыкі. Не ўсё паспела ўдакладніць, расшыфраваць з дапамогай аўтара. Засталося безліч пытанняў, здагадак, сумненняў. І адчуванне перасцярогі самой сабе: ніякіх фантазій, нацяжак, ніякіх адвольных трактовак таго, што не выверана жыццёвым фактам або логікай яго мастацкага мыслення. Творчасць народнага паэта Ніла Гілевіча — гэта высокае жыццё. Гэта апостальская дарога, гэта ўкрыжаванасць лёсу талентам і Боскім наканаваннем. Іначай і быць не магло: «А мама мяне нарадзіла на сене ў калёсах, // Край бітай дарогі ў восеньскі вечар дажджлівы». Той «даруначак боскі» стаў сапраўды народным паэтам. Не па званні, а па самой сутнасці. І сёння, калі душа паэта належыць нябёсам вечнасці, бязмежна кранаюць прарочыя словы Ніла Сымонавіча Гілевіча, звернутыя да нас у вершы «Добрыя людзі» (1993):
Гл. таксама:
|
|
|
|