Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(76)/2016
Год Міласэрнасці

«ІМЯ БОГА — МІЛАСЭРНАСЦЬ»
Юбілеі
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Падзея
Мастацтва

АДЗІНСТВА Ў РАЗНАСТАЙНАСЦІ
Літаратуразнаўства
Мастацтва
In memoriam

НІЛ, ЯКІ ЖЫВІЎ ПУСТЫНЮ
Вобразы і сімвалы

СВЯТЫЯ РУЖЫ
Пераклады
Паэзія

ПАД ЗОРКАЮ ХРЫСТА

СПЫНЯЮ ЧАС...
Мемуары
Прэзентацыя

Ганна СЕРЭХАН

«СТОЛЬКІ ЛЮБОВІ Ў СЭРЦЫ...»

Пра кнігу Хрысціны Лялько «Адвячорак». —
Мінск, «Pro Christo», 2016.

Прачытала кнігу Хрысціны Лялько «Адвячорак» на адным дыханні — і нібы віхор пачуццяў, болю і радасных імгненняў пранёсся ў душы, нібы ў момант пражыла чыёсьці жыццё ці сасніла трывожны сон, які не магу забыць дый не хачу адпускаць з памяці… Чаму адна кніга пакідае цябе зусім абыякавым, а другая — вось так узварушвае? Адказ просты: шчырасць аўтара ў агранцы мастацкай руплівасці над словам нараджае дыямент сапраўднай паэзіі.

Кніга Хрысціны Лялько, прымеркаваная да юбілею аўтаркі, выйшла нядаўна ў выдавецтве «Pro Christo». Першую частку кнігі склалі арыгінальныя вершы розных гадоў, другую — пераклады паэтычных твораў Караля Вайтылы (Яна Паўла ІІ), кс. Яна Твардоўскага, Чэслава Мілаша, кс. Яна Соханя, кс. Ежы Шыміка, кс. Вацлава Бурылы і іншых майстроў польскай паэзіі.

Па словах самой спадарыні Хрысціны, назва зборніка «Адвячорак» для яе сімвалічная: у гэтым слове гучыць пяшчота мамінага голасу, музыка самабытнай беларускай мовы, яно стварае спакойную атмасферу ціхага летняга дня, які яшчэ не схаваў у вечаровым змроку ўсе свае чароўныя гукі і пахі, але ўжо скінуў з сябе спёку паўдзённага сонца… Гэтак жа і з жыццёвым шляхам чалавека: трэба ўмець «пасмакаваць» сваю раніцу і дзень, адвячорак і вечар, знайсці ў кожным моманце жыцця яго непаўторнае хараство. Кнігу адкрывае верш, аднайменны з яе назваю, — у ім аўтарка свядома падкрэслівае адметнасць гэтага жыццёвага перыяду:

Адвячорак — гэта яшчэ не вечар.
Сініцы на сліве збяруцца на веча.
Надвечар, калі сонца якраз садзіцца,
ў сакавіцкі мой сад прылятаюць сініцы.

Першая частка кнігі складаецца з трох невялікіх раздзелаў, у кожным з якіх вершы аб’яднаныя сваёй тэматыкаю, пафасам, настраёвасцю і пачуццём.

«Столькі любові ў сэрцы да ўсяго тут спрадвечна-блізкага…» — так гучыць эпіграф да першага раздзела, у якім лірычная гераіня, вяртаючыся ў родную хату, у сваю «старану лясную і ціхую», крочыць па родным падворку, прыпадае да «парэпаных вуснаў» рачулкі і ўспамінае светлыя гады маленства. Вершы гэтага раздзела пераважна рэтраспектыўныя, бо амаль у кожным з іх — малюнак памяці. Вобразы сучаснасці абуджаюць яскравыя ўспаміны пра былое, і нават сны пераносяць гераіню вершаў у мінулае, дзе побач была матуля, дзе наваколле напаўняў шум густога дзедавага лесу, які потым быў жорстка спілаваны...

Кветак бялюткіх вясновая замець
сыпле пялёсткі-ўспаміны…
Мярэжыць балюча трывожную памяць
водар салодкі язміну.

(«Водар язміну»)

Як бачым, тое, што раней было знакам радасці, спакою і матулінай любові, сёння стала для лірычнай гераіні знакам болю і вялікага смутку: пра гэта ж гаворыць пустая хата на Каляды, якая ў маленстве напаўнялася святочнаю казкаю, гэткія ж успаміны прыносіць водар настуркі, што зацвіла ў сярэдзіне лета, маміны «дываны з пералівамі вясёлкі» і многія іншыя сімвалічныя рэчы і знакі…

Перажываючы гэты смутак, гераіня часам не знаходзіць сабе месца сярод краявідаў, якія раней давалі сілы і былі надзеяй на паратунак, бо за час яе сталення родная прырода змянілася да непазнавальнасці, была даведзеная чалавекам амаль да знішчэння: на месцы дзядулевага лесу «трухлеюць пні» — «шчымлівы напамінак аб бярозах», рачная вада, жывая калісьці, цяпер мае пратухлы пах, а з роснага лісця сыплюцца кроплі кіслотных дажджоў. Але горш за ўсё тое, што такі стан прыроды выяўляе «клопат» чалавека пра самога сябе, і з дапамогаю паралелізму Хрысціна Лялько плаўна пераводзіць вобразы пейзажнай лірыкі ў сферу філасофскай, паказваючы тым самым стан душы сучаснага чалавека:

Трухлеюць пні. Прырода не абудзіць
лістоту на спілованых камлях…
Я так баюся, што трухлеюць людзі,
мне так балюча за цябе,
                                          зямля.

(«Боль»)

Толькі ў адным вершы напрыканцы гэтага раздзела, прысвечанага ўсяму «спрадвечна-блізкаму» на малой радзіме, лірычная гераіня нібы для ўласнага суцяшэння, каб зняць «жорнавы камень» з душы, прыходзіць да высновы, што «чапляцца за прывіды — недарэчна, <...> нічога не вернеш, не перайначыш», таму трэба проста жыць цяперашнім жыццём, «у светлай журбе». Але праз старонку аўтарка зноў піша:

Трымаюся за ўспаміны,
як за парэнчы на хісткім мосце,
як за саломінку на глыбокай вадзе,
як за сяброў у раптоўнай бядзе,
як за промень сонца на дальнім пагосце…

Што ж, хоць успаміны-прывіды і прыносяць боль незваротнай страты, але калі яны даюць такі паратунак у жыцці, то гэта сапраўднае багацце для збалелай душы, гэта ласка Божая, за якую і трэба трымацца…

Другі раздзел першай часткі кнігі, папярэджаны эпіграфам «Сустрэнемся вачыма на імгненне, і стане гэты міг як вечнасць…», — самы напружаны па сіле пачуцця. Гэтае напружанне ўзнікае, па-першае, ад няспоўненасці народжанай у душы любові, якая робіць чалавека «бяссільным перад лёсам» і спавівае сэрца адчаем. Адсюль і «бясконцы дождж», які ў памяці лірычнай гераіні распачаўся аднойчы падчас незабыўнай сустрэчы; адсюль таксама і вечнае падарожжа «на старым Віленскім шляху…», якому яна наіўна не дае адбыцца.

Па-другое, гэтае напружанне ўзнікае ад таго, што лірычная гераіня ў сваім глыбокім пачуцці, ад якога душа «ўзмывае ў паднябессе», становіцца шчасліваю толькі на кароткае імгненне або толькі праз самападман: «Адчуць сябе на міг зусім шчаслівай, // сябе на міг шчасліва падмануць» («Прысвячэнне»); «І зноў забыць пра ўсё на свеце, // і волю мроям даць на міг…» («Трэці»); «…Хвіліна побач з табою // прыгожай бясконцасцю стала» («А ў Порто — зімой, як летам…»). Гэтае шчаслівае імгненне потым доўга яшчэ «душу пакутліва мярэжыць». Менавіта антытэза шчаслівай хвіліны і балючага ўсведамлення таго, што ніводны міг не паўторыцца, перадае чытачу стан напружанага перажывання.

Трэцяя крыніца гэтай напружанасці — неабходнасць маўчаць, хаваць пачуццё ад чужых вачэй, ад усяго свету, і перамагаць саму сябе, як гэта апісана ў вершах «А скрыпка ведала пра ўсё…», «Шапэн. Туга. І адзінота», «Буду кахаць цябе моўчкі…»:

Буду кахаць цябе моўчкі,
свет не пачуе ні слова.
Сумею схаваць адмыслова
пачуццяў сваіх вугалёчкі.

І зноў жа ў гэтым — другім — раздзеле душа лірычнай гераіні жывіцца памяццю пра былое — шчаслівае і тужлівае, спраўджанае і няспраўджанае, выказанае і змоўчанае… Памяць нават з далёкай Грэцыі вяртае яе ў шчаслівы вечар у «азёрнай Івесі», памяць «застаецца збіраць рудыя бліскучыя каштаны на старых вулачках Фрайзінга», урэшце, памяць забывае адчужэнне і гоніць крыўды прэч…

Увогуле, катэгорыі часу і памяці ў паэзіі Хрысціны Лялько выкарыстоўваюцца вельмі своеасаблівым чынам: гэта адзін з асноўных сродкаў стварэння моцнага мастацкага вобраза, бо ў вершах не раз супастаўляюцца катэгорыі «раней–цяпер», «імгненне–вечнасць», дый душа лірычнай гераіні блукае па розных часавых перыядах, якія адцяняюць, узмацняюць ці, наадварот, супакойваюць яе пачуцці. Дарэчы, адзін з першых вершаў кнігі прысвечаны менавіта разважанню пра час, які «заблытаўся ў старым пакурчаным голлі. // Зваліўся апошнімі яблыкамі // на скалелыя грудзі зямлі. // Залёг пад апалым лісцем…» Менавіта вобраз часу пераходзіць як жывы ў трэці раздзел першай часткі кнігі, прысвечаны пераважна філасофскай і духоўна-рэлігійнай лірыцы. У якасці эпіграфа да раздзела выбраныя радкі: «І аб самым таёмным маліцца, і аб самым цяжкім забываць…», таму, натуральна, што многія вершы ў гэтым раздзеле нагадваюць паэтычныя малітвы з развагамі пра асабіста перажытае («Маці», «Нарэшце…», «Час вяртання», «Папяльцовая серада» і інш.). І час у гэтых развагах — таксама адзін з галоўных «персанажаў», з якім трэба абыходзіцца вельмі далікатна і мудра: дзесьці — «не спяшыць запрагаць і ехаць», а дзесьці, наадварот, паспяшацца, бо «смерць зусім не разумее жартаў», бо «tempus breve est» («час кароткі»).

Час — лесаруб майстравіты:
абсякае галіны, агаляе ствол —
самую сутнасць —
пазбаўляе магчымасці «шумець»,
пакідае маўчанне.

І ўсё ж, нягледзячы на смутак, які пакідае ў душы пражыты час, забраўшы з сабою самае дарагое, нягледзячы на «вострыя лёсу лёзы», гэты раздзел лірыкі наскрозь пранізаны нязгасным святлом веры ў Божую міласэрнасць, прабачэнне і падтрымку, у тое, што «паўстане сад. І голле з небыцця // працягне ў анямелую самоту», што мы «адшукаем дарогу да Божай Святыні». Калі дачытваеш трэці раздзел кнігі, заўважаеш, што гэтае духоўнае святло, упэўненасць у тым, што Хтосьці над табою няспынна чувае, адцяняе і вершы з іншых раздзелаў, асвятляе іх журбу, ажыўляе немату, дождж робіць цёплым, а камень на душы — ужо лёгкім.

Пераходным «мосцікам» ад першай часткі кнігі да другой стаў сімвалічны верш «Адвячоркі бываюць розныя…». Сапраўды, у кожнага чалавека — свой асаблівы адвячорак, і ў кожнага паэта — свая вершаваная стыхія, сваё непаўторнае пачуццё, увасобленае ў слове. Пераклады з польскае мовы, якія склалі другую частку кнігі Хрысціны Лялько, вельмі гарманічна дапаўняюць той паэтычны аповед, якім яна дзеліцца з чытачамі ў першай частцы. У многім сугучныя з яе вершамі, гэтыя творы таксама прысвечаныя роздуму пра шлях чалавека ў вечнасць, пра тое, якую каштоўнасць у перспектыве вечнасці мае ўсё перажытае намі ў зямным жыцці; пра бег часу, з якім «мінаеш сам, прыміраны з усім» (Караль Вайтыла); пра тое, што трэба «палюбіць чалавека, каб стаць адзінокім» (кс. Ян Твардоўскі). Хрысціна Лялько выбрала для перакладу пераважна творы духоўна-рэлігійнай тэматыкі, але гэта не звычайнае паэтычнае «мудрагеленне» пра тэалагічныя праблемы і марнасць зямнога жыцця. У кожным з гэтых вершаў лірычны герой — нават створаны паэтам-святаром — перажывае боль страты і пакуты любові, страх і адзіноту, і гэтак, як уласціва самой перакладчыцы ў яе арыгінальных вершах, выводзіць для сябе формулу спакою і суцяшэння: «тое, што нас спатыкае, // прыходзіць незалежна ад нас» (кс. Ян Твардоўскі); «ведаю: апошні шанец — гэта жыццё»; «Ты адзінокі, — кажа свет. // Гэта нічога, — кажа Бог. // Церпім жа мы разам» (кс. Ян Сохань). Па-майстэрску перакладзеныя, усе гэтыя творы істотна ўзбагачаюць скарбніцу духоўнай лірыкі беларускай паэзіі.

Хоць кніга Хрысціны Лялько «Адвячорак» і складаецца з вершаў розных гадоў, а ў другой частцы — з перакладаў твораў розных аўтараў, але дзякуючы прадуманай кампазіцыі яна чытаецца як адзін завершаны аповед пра пошук адвечнай праўды, пра ўласны шлях да Бога.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY