Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(35)/2006
Галерэя
Год Яна Паўла ІІ

ПАД ЗНАКАМ СВЯТАСЦI

СВЯТЫ АЙЦЕЦ
На кніжнай паліцы
In memoriam

ВЕРШЫ
На шляху веры
Працяг размовы

ІЗНОЎ – РЭКЛАМА...
КАМУ Ж ЯНА ПАТРЭБНА
Постаці

РОДАМ З БЕЛАСТОЧЧЫНЫ
Культура

СПАДЗЯВАННЕ НА ВЕЧНАСЦЬ
Проза

З НОВЫХ ЗАПІСАЎ

МАЛЕНЬКІЯ ТАЯМНІЦЫ
Нашы святыні
На кніжнай паліцы

ПАКЛIКАННЕ
Слова святара

СВЯТАР СЁННЯ... НАВОШТА?
На кніжнай паліцы
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва

Валеры БУЙВАЛ

НУНУ ГОНСАЛВЭШ.
АЛТАР СВЯТОГА ВIСЭНТЭ

Шэдэўр партугальскага мастацтва быў адкрыты ў выніку шчаслівага выпадку. У 1882 г. (у перыяд, калі еўрапейскія народы жылі на ўздыме свайго нацыянальна-культурнага Адраджэння і актыўна шукалі карані сваёй тоеснасці) адраджэнцы знайшлі ў лісабонскім кляштары Сан Вісэнтэ дэ Фора створкі раней невядомага алтара. Уражаныя прыгажосцю і духоўнай сілай паліптыха, даследчыкі пачалі актыўныя пошукі імя мастака. Згадаем, што хімікі паводле прынцыпу Мендзялеева вызначылі наперад якасці неадкрытых яшчэ элемэнтаў, а астраномы ў пустым небе прадбачылі з’яўленне новай планеты, вылічыўшы яе арбіту. Так і даследаванне аўтарства алтара вялося на тэарэтычнай аснове, на пераглядзе і сінтэзе дакументальнага матэрыялу. Ж. Дэ Вашконсэлуш ужо ў 1895 г. ідэнтыфікаваў тэму і галоўных дзейных асобаў твора. Пазней навукоўцы звярнуліся да трактата партугальскага мысляра Франсішку дэ Оланда «Da Pintura Antigua», надрукаванага ў 1548 г. Аўтар трактата ўславіў жывапісца Нуну Гонсалвэша (каля 1403 — каля 1492), прыдворнага мастака караля Афонсу V, які стварыў сярод іншага і алтар святога Вісэнтэ. Аднак згаданы алтар загінуў у саборы Лісабона, ушчэнт разбураным падчас землятрусу ў 1755 г. Таму навукоўцы прыйшлі да высновы, што знойдзены твор з’яўляецца яшчэ адной работай майстра, выкананай для кляштара Сан Вісэнтэ дэ Фора. А калі былі больш уважліва даследаваны дакументы і манаграма на адной са створак, — «GN», — то ідэнтыфікацыя аўтарства ўжо не выклікала сумневаў.

Навукоўцы таксама прапанавалі шэраг розных камбінацый размяшчэння шасці створак алтара, але з часам зацвердзілася менавіта яго цяперашняя агульная кампазіцыя. Адарацыя (прыняты ў літаратурнай мове адпаведнік «пакланенне святому» не перадае ва ўсёй паўнаце містычнага сэнсу дзеі) святога Вісэнтэ, патрона Лісабона і ўсёй Партугаліі — тэма вялікага твора Гонсалвэша. У цэнтральнай частцы алтара фігура святога паказана двойчы (характэрны яшчэ для сярэднявечнага мастацтва кампазіцыйны прыём і вобразная трактоўка). Св. Вісэнтэ, апрануты ў святарскае адзенне, з’яўляецца аб’яднальным цэнтрам шматграннага і велічнага твору. Прадстаўнікі вышэйшых станаў тагачаснага партугальскага грамадства, увасобленыя ў непаўторных партрэтах сучаснікаў мастака, атачаюць святога пратэктара краіны. Рыцары, святары, інтэлектуалы, каралеўская сям’я — гонар і слава рэнесансавай Партугаліі. Яны не мысляць свайго жыцця і дзейнасці без удзелу Боскай моцы. У той жа час гэта — сімвалічны партрэт хрысціянскага грамадства, значна шырэйшы за канкрэтныя нацыянальныя рамкі.

Не выпадкова марксісцкае псеўдамастацтвазнаўства прыклала столькі намаганняў, каб зацерці гэты глыбінны сэнс шэдэўра Гонсалвэша. Для іх «твар святога нежыццёвы», а «гістарычная рэальнасць важней за рэлігійнасць». Але фальсіфікатары бязмоцныя супраць праўды каталіцкага мастака, сучасніка Залатога Века партугальскай дзяржавы. Каралеўства Партугалія ўзнікла даволі позна на карце Еўропы пад бэрлам новай каралеўскай дынастыі бургундскага роду. У 1143 г. граф Афонсу Энрыкэ прыняў каралеўскі тытул, а ў 1147 г. аб’яднанае войска еўрапейскага рыцарства вызваліла ад маўраў Лісабон. Фармаванне партугальскай мовы і адметнай культуры пачалося, такім чынам, пад знакам Рэканкісты. У другой палове XV ст. магутная Партугалія вядзе змаганне ў Паўночнай Афрыцы, адсылае караблі ў далёкія заморскія падарожжы. Вядома, што значная частка вялікіх геаграфічных адкрыццяў — справа бясстрашных партугальскіх мараходаў, прадстаўнікоў параўнальна нешматлікага народу.

Угледземся ў твары людзей той пасіянарнай эпохі. «Гэта ёсць фенаменальная і, безумоўна, адна з найзнакаміцейшых у свеце галерэя партрэтаў. Твары сапраўды партугальскія, якія яшчэ і сёння можна сустрэць на кожным кроку, паўсюль: у гарадах і вёсках, у гарах, на раўнінах і прыморскіх прасторах, нібыта ў іх крышталізаваліся найчысцейшыя, найбольш аўтэнтычныя рысы ўсёй партугальскай нацыі», — натхнёна напісаў лісабонскі гісторык мастацтва Флорыду дэ Вашконсэлуш»1. Св. Вісэнтэ (левая выява) трымае Евангелле і гартае ягоныя старонкі перад каралём Афонсу V, які ўкленчыў перад святым і чытае, натхняецца Пісаннем. За каралём стаіць інфант (прынц) Жоао. Гэта адзін з найпрыгажэйшых дзіцячых партрэтаў у гісторыі мастацтва. Пяшчотныя рысы хлапчуковага твара, ягоныя не па ўзросце сур’ёзнасць і задуменнасць — ва ўсім адкрываецца шчырая чалавечнасць і рэалізм творчасці жывапісца. У кантрасце з гэтым партрэтам намалявана постаць прынца Энрыкэ Марахода ў чорным адзенні і характэрным галаўным уборы, чорная маса якога выразна адцяняе твар найзнакаміцейшага дзеяча той эпохі. Менавіта нястомная дзейнасць гэтага будаўніка партугальскага флота і натхняльніка марской экспансіі паклала пачатак магутнасці невялікага пірэнейскага каралеўства. На твары Энрыкэ чытаецца кожная зморшчына, як радок біяграфіі працавітага і актыўнага народнага генія. І колькі яшчэ выдатных партрэтных вобразаў! Перад правай выявай святога Вісэнтэ ўкленчылі рыцары-мараходы, і ён благаслаўляе іх на подзвіг. Ля ног святога мастак намаляваў скручаны карабельны канат.



У гэты перыяд партугальская культура таксама жыла ў актыўным творчым узаемадзеянні з замежнымі цэнтрамі. Вядома, што ў 1428 г. Партугалію наведаў вялікі нідэрландскі жывапісец Ян ван Эйк. Даследчыкі ўпэўнены, што Гонсалвэш бачыў ягоныя творы, якія паслужылі яму крыніцай натхнення ў працы над алтаром св. Вісэнтэ. Манеру Гонсалвэша-партрэтыста суадносяць таксама з творчасцю ягонага сучасніка французскага мастака Жана Фукэ. Прычым, не трэба забывацца, што да Гонсалвэша ў Партугаліі практычна не існавала развітай жівапіснай традыцыі. «Першым вялікім жывапісцам XV стагоддзя быў Нуну Гонсалвэш, — пісаў класік партугальскага мастацтвазнаўства Рэйналду Душ Сантуш. — Першы па часе і першы па велічы. Залаты цыкл пачаўся з гэтага найвышэйшага і найбольш яскравага прадстаўніка нацыянальнага жывапісу ўсіх часоў. І не трэба здзіўляцца адсутнасці ягоных непасрэдных папярэднікаў, таму што адной з характарыстык генія ёсць імпэтны рух, абнаўленне ідэяў і формаў»»2.

Успрыняўшы дасягненні і ўрокі нідэрландскага і французскага мастацтва, Гонсалвэш пакідае гатычную традыцыю і смела накіроўвае карабель партугальскага жывапісу ў стыхію Рэнесансу. Рытмічная пластыка складак адзення, якая падкрэслівае аб’ёмы, і рэальная трактоўка фігур — гэта новыя для партугальскага мастацтва якасці. Мастак яшчэ не дасягае прарыву ў прасторы, але адваёўвае ў трэцяга вымярэння некалькі крокаў углыб. Фон за постацямі ягоных персанажаў нейтральна-цёмны (што ўзмацняе выразнасць жывых твараў). Рухі людзей натуральныя і сведчаць пра натурную практыку мастака. Найбольш уражвае па каларыце фігура святога Вісэнтэ ў дзвюх іпастасях. Багата расшытае святарскае адзенне стварае вытанчаную гаму чырвонага, белага і залатога (галоўны каларыстычны цэнтр усёй кампазіцыі, дамінанта твора). У адлюстраванні фактуры прадметаў мастак дасягнуў нябачанага дагэтуль майстэрста. Бляск даспехаў, маляўніча расшытыя каралеўскія і біскупскія шаты, грубая тканіна манаскіх габітаў — і ўсё гэта ў майстэрскім суладдзі з гульнёй святлаценю.

Манументальны жывапісны твор Нуну Гонсалвэша — гэта ўвасоблены акт саманазірання партугальскага народа на адной з вяршыняў ягонага гістарычнага развіцця. У цэнтры паліптыха — Кніга, Слова Боскае, якое прымае ўсёй душой укленчаны манарх, якое знаходзіць свой водгук у сэрцах усіх тагачасных герояў. Назаўжды адлюстраваны саюз людзей і Веры.

І хаця гэта забаронены ў мастацтвазнаўстве прыём, але перад вачыма паўстае Залаты Век яшчэ аднаго народа з супрацьлеглай мяжы кантынента. Было б цудоўна, калі б у нашым сталічным Нацыянальным мастацкім музеі захоўваўся шэдэўр якога-небудзь равесніка Скарыны — партрэтны вобраз эліты беларускага Рэнесансу: Радзівілы, Сапегі, Пацы, Глябовічы, Астрожскія вакол патрона Вільні святога Крыштафа...

 
Нуну Гонсалвэш. Алтар святога Вісэнтэ.
1465–1467 гг. Дрэва, алей. Лісабон,
Нацыянальны музей старажытнага мастацтва.

 


  1. Florido de Vasconcelos. Historia da Arte em Portugal. Lisboa, 1975. C. 79.
  2. Reynaldo Dos Santos. Historia del Arte Portugues. Barcelona, 1960. C. 171.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY