* * *
Весела гаваркая настаўніца па тэлефоне з вёскі пытаецца ў старога шаноўнага земляка пра яго пажылую дачку:
– А як там мая дарагая равесніца? Божа, як мы, малыя, гулялі тут у нас, у бабуляў!.. Недзе згубіўся ў мяне яе нумарок. Дайце мне, калі ласачка, запішу. І ёй таксама пазваню – во палялякаем!..
І слова вясёлае, зусім жа блізка да рускага покалякать, а такое ж, ну свежа сваё, як быццам упершыню яго пачуў.
* * *
Ціхан Кісялёў, і мне сімпатычны сваёй натуральнай беларускасцю, быўшы прэм’ерам, вёў доўгую і нудна мудрагелістую нараду рэспубліканскага актыву пра неабходнасць карэннага павышэння надояў малака. А закончыў яе так:
– Словам, паважаныя таварышы, каб малака было больш, карову трэба карміць, паіць і даіць.
Расказваў мне гэта ў бальніцы адзін з пажылых, спакойна інтэлігентных супалатнікаў.
* * *
«Спадзяваўся мядзведзь на мёд, дый так спаць лёг!»
Якая падзея, падумалася, і якая карціна, каб у кіно!..
* * *
Пра талент і так:
Са слоў яго адчувальна капае духмяная жывіца, якая ў вечнасць увойдзе бурштынам.
* * *
«Яны жывуць у грамадзянскім шлюбе». Дзіўным, амаль недарэчным здаецца мне гэта, падкрэсленае. Вёска кажа прасцей, дакладней: «Яны жывуць напавер».
* * *
Многія таксама ж сядзяць доўгімі вечарамі дома, адны самі, і чакаюць, каб нехта ім пазваніў...
Так падумалася, нават і весела, з такім дадаткам: замест таго, каб самому ці самой узяць ды пазваніць камусьці блізкаму.
* * *
У тэлефоннай гутарцы з Валодзем Васілевічам пасмяяліся зноў жа з народнага, грубавата мудрага ў сваёй прастаце: «Ногі кажуць: «Хадзем!», а с...: «Сядзем!»
Пачутае ўпершыню, яно і мне пасуе ў штодзённых бульварных праходках.
* * *
Не памятаю, ці чытаў гэта дзе-небудзь, або запісана яно ў мяне, ці памяць вось сама прынесла:
«Не канешня папу яешня».
Як і такое, матчына, калі яна пачынала нейкую важную справу, перахрысціўшыся:
«Дай, Божа, час добры, гадзіну шчаслівую!»
Або і такое яшчэ, зноў жа ад мамы пачутае:
«Благі, як з крыжа зняты». «Маўчыць, і шчылінкі прыняўшы».
* * *
Ад недахопу цікавейшага зноў узяўся за таўшчэзны том «Собрания рассказов» Фолкнера, куплены ў канцы 70-х, да якога я прыступаўся некалькі разоў і ўсё адкладваў на далей... І вось на гэты раз аж некалькі апавяданняў прачытаў з цікавасцю. Вялікія, няспешна грунтоўныя, аднак і чытачу ў іх застаецца нямала для дадумвання, удзячнага разгадвання глыбінна значнай недагаворанасці.
* * *
Прачытаў тры аповесці Адольфа Дыгасіньскага: «As», «Zajęc», «Gody życia» (клічка сабакі «Туз», «Заяц», «Свята жыцця»). Зноў жа і ён, куплены даўно, дачакаўся ў мяне свайго часу, яшчэ адной чытацкай удзячнасці. І належнага разумення пісьменніка, якога я так доўга і лёгка лічыў толькі дзіцячым, са школьнага часу цьмяна памятаючы мілыя апавяданнейкі пра свойскіх жывёлінак і дзікіх звяркоў.
* * *
Чытаю кнігу незнаёмага Сяргея Пінаева пра Максіміліяна Валошына з надзеяй займець, нарэшце, правільнае ўяўленне пра яго жыццё і творчасць. Прачытаў палавіну тоўстага тома, больш за трыста старонак, і не шкадую, што нырнуў і ў гэтую азярыну, – многа цікавага і патрэбнага. Хоць ёсць і нудота, асабліва ў літаратуразнаўчых лабірынтах аўтара манаграфіі.
...Кніга адгэтуль, з дачы, адаслана ў Мінск, і нельга праверыць, ці правільна мне падумалася, што ў грамадзянскую вайну ён, Валошын, заступаўся перад белымі за чырвоных і наадварот з пазіцый больш агульнарасійскіх а не агульналюдскіх, ці тут было ў яго і адно, і другое?..
Так ці інакш, аднак жа як гэта жахліва – масавыя расcтрэлы нядаўніх студэнтаў, маладзенькіх урангелеўскіх афіцэраў, якім чырвонымі за здачу паабяцана была амністыя...
А яшчэ і тое, як Бэла Кун, ці нехта іншы з чырвоных камісараў, як сумняваецца аўтар кнігі, даў Валошыну вялікі спіс тых, каго павінны былі зусім неўзабаве расстраляць, і прапанаваў – паэту, мастаку, філосафу – выкрасліць па сваім меркаванні кожнага дзесятага... Во сітуацыя!..
Самога Валошына гэты венгр выкрасліў раней.
* * *
Игорь Бунич. «Операция „Гроза“. Ошибка Сталина».
Надоело мне общество этих особей: грузина и немца!.. После четырёхсот страниц. А ещё сверх двухсот недочитанных к чёрту отбросил.
Нават і водгук гэты ад абурэння сам накінуты па-руску.
* * *
Мой колішні часовы сацрэалізм вінаваты яшчэ і ў тым, што напісаў я мала, залішне ходзячы, як кот вакол гарачай місы, каля якое-небудзь новай задумы, – а ці тое? а ці так? – замест таго, каб проста пісаць, «что Бог на душу положит». Як пісалі, скажам, Чэхаў ці Шолам-Алейхем... Бо якраз чытаючы яго весела жывучыя апавяданні яшчэ раз падумалася пра маё малапісанне.
* * *
Хай мне даруецца, калі гэта нясціпла, калі памыляюся, аднак і самому мне бачыцца, што каб я з канца 80-х не выдаў шэсць кніг новага, не падрыхтаваў належным чынам трохтомніка выбраных твораў і некалькі іншых перавыданняў, а праматаў гэты час сякім-такім «палітыкам», было б – не лепш.
А да таго ж яшчэ былі і выступленні на актуальныя тэмы, у друку і на сустрэчах з чытачамі.
Кожнаму – сваё?
* * *
А можа, і варта зайсці неяк куды трэба ды на ўсякі выпадак спытацца:
– Скажыце, а дзе тут у вас запісваюць у чаргу на атрыманне нобелеўскай прэміі?..
* * *
Маладзенькая паэтка (прозвішча не запомнілася), у якое бяруць ці не першае ў жыцці інтэрв’ю, з птушынай упэўненасцю ў шчэбеце заяўляе, што цяпер, маўляў, у літаратуры найважней – рэкляма! Націскам на апошнім слове выразна прыглушваецца, проста здымаецца значэнне слова іншага – талент.
Добра, што хоць затоенай самарэкламы ў дзяўчаці менш, чым бывае, дый нярэдка, у некаторых старэйшых.
* * *
– Вашы Талстыя, Купалы, Міцкевічы – усё гэта ўжо безнадзейна састарэла!..
– Ну вам, малады чалавек, такое, можна думаць, не пагражае.
* * *
Не жывыя пачуцці, не ўзлёты думкі, а нуднае прастарэканне, натужна зарыфмаваныя пераказы даўно вядомага, кульгавыя паўторы літаратурных штампаў. Такое «паэзіі» ў нас – нудная процьма. І ў маладых, і ў пажылых, і ў сямейных ідылічных парах з іхнім хатнім вязаннем вершаў... Пад мурлыканне ката ці кошачкі.
* * *
Ёсць і такія ўдовы, у якіх толькі адно, толькі былое пасцельнае права распараджацца творчаю спадчынай мужа, па прымаўцы польскай – «нібы шэрая гуска». Што ў тых паперах прачытаўшы на свой лад, што прыхаваўшы невядома навошта, а што і спаліўшы, як сямейны інквізітар...
* * *
Бомы-званочкі на лёгкім хамуціку, якія ў нас, на Міршчыне, называюцца не бомы, не шарахаўкі, як у Максіма Танка, а шаламэ. Як жа іх не любіла калісьці за шолам наша быстрая Каштанка! Спачатку проста капрызіла, дарэмна трэсла галавой, а потым дадумалася несці яе на рысях так роўненька, што званочкі змаўкалі. Бялюткі снег, ціхуткі бег...
Тым маўчаннем яны мне і прыгадаліся.
* * *
З грады высокіх, густых бярозак начны буран выгнаў на прылясную дарогу падоўжныя касатыя ахапкі свежазялёнага вецця.
Убачыўшы гэта на ранішняй праходцы, успомніў свята Сёмухі, якое палякі добра назвалі Zielone Świątki.
* * *
...І думаецца, што ўсё яно не так сабе, а павінна ж мець пэўны вышэйшы сэнс. Занадта вялікі, занадта прыгожы наш свет, каб яму існаваць толькі каб існаваць, без высока-разумнай мэты.
* * *
А ці ж гэта не навагоднія падарункі – сынаў званок з Японіі, а ўнукаў з Італіі? З сынам кароткая гутарка, а ад унука праз хрып і трэск у тэлефоннай трубцы толькі за трэцім званком нарэшце пачулася: «Дзя-ду-ля!..» На чым сувязь і абарвалася. Але ж мне і такога нямала.
Калі я праз дзень званіў свайму маладзейшаму сябру і расказаў пра тыя званкі, ён, Валодзя Ягоўдзік, засмяяўся, што гэта ў нас, у трох пакаленняў Брылёў, ідзе ад майго бацькі-чыгуначніка, вандроўніка па рэйках.
Дый сам жа я нямала ўсё-такі палятаў, паездзіў, пахадзіў па свеце.
І добра!