|
|
№
1(35)/2006
Галерэя
Год Яна Паўла ІІ
На кніжнай паліцы
In memoriam
На шляху веры
Працяг размовы
Постаці
Культура
Проза
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
Слова святара
На кніжнай паліцы
Паэзія
Нашы святыні
Мастацтва
|
18 студзеня ў Варшаве адышоў у вечнасць святар і паэт Ян Твардоўскі...
Для мяне яго смерць стала глыбока асабістай, бо ён быў далучаны да многіх маіх перажыванняў і важных жыццёвых падзей праз свае вершы, апавяданні, роздумы. У скарбонцы маіх успамінаў засталіся адна сустрэча і два аўтографы, а яшчэ — яго вершы, якія я бясконца перачытваю, апавяданні, голас на CD-ROMе... Паэт, якому Бог заўсёды ўсміхаўся... Некалькі гадоў таму мае польскія сябры параілі мне прачытаць вершы Яна Твардоўскага, гаворачы, што ён святар, які жыве ў Варшаве. Я ўзяла ў рукі кнігу і з недаверам, і з цікаўнасцю: святар і паэт? Якія ж гэта вершы? Напэўна, безнадзейна рэлігійныя або занадта разумныя. Але ўжо з першых старонак на мяне абрынуўся дзіўны свет, напоўнены святлом, непасрэднасцю, нечаканымі параўнаннямі, асацыяцыямі і ўсмешкамі. Святыя і проста людзі, жывёлы, нават звыклы кубак атрымалі ў гэтых вершах сваё дзіўнае асаблівае жыццё, і ў гэта жыццё нельга не закахацца — яно здзіўляе сваёй простасцю, нейкай дзіцячай безабароннасцю і філасофскай глыбінёй. Вершаваны памер таксама нязвыклы. Напэўна, вершы кс. Яна вельмі складана перакладаць на іншыя мовы... Пасля прачытання некалькіх вершаў я нечакана падумала пра тое, што гэты паэт не кніжны, ён жывы, і з ім можна сустрэцца. Тым не менш, сустрэча падавалася мне нерэальнай, хоць гэта і не было складаным, бо паэт служыў у варшаўскім касцёле сясцёр візітак. Наша першая сустрэча адбылася ў Лодзі ў 1999 годзе ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе збіраюцца людзі творчых прафесій. Якраз тады была арганізавана аўтарская вечарына ксяндза Яна. Невялікі касцёл, які заўсёды выклікаў замілаванне менавіта сваёй камернасцю, захацелася павялічыць хоць бы да памераў катэдры: людзей, якія прыйшлі паслухаць вершы, было такое мноства, што вельмі доўга вырашалася, як змясціць усіх ахвотных. Гэта нагадвала сходы часоў ранняй «перабудовы», калі на канцэрты Высоцкага збіраліся тысячы...
У гэты час палякі быццам адкрылі для сябе дзіўны свет ксяндза Яна: пачалі выдаваць мноства яго кніг — паэзіі, роздумаў, апавяданняў для дзяцей, запісных кніжачак, календароў, багата ілюстраваных анталогій. Сярод іх была і вельмі сціпла аформленая «Усё ўчынена Табой» — роздум на кожную нядзелю Літургічнага года. Гэты від літаратуры досыць папулярны ў краінах з устойлівай каталіцкай традыцыяй, але на рускай мове такіх кніг вельмі мала, і таму маёй першай думкай было абавязкова адкрыць свет майго ўлюбёнага паэта для іншых людзей, пераклаўшы хаця б яго прозу. Я пераклала яго кнігу, а неўзабаве сястра Міраслава Владарчык, якая працавала ў нашай парафіі, расказала айцу Яну пры сустрэчы пра маю працу і нават прывезла мне падарунак з подпісам: «Паважанай, дарагой Таццяне Масуновай з удзячнасцю за сардэчнасць і дабрыню да мяне. Кс. Ян Твардоўскі». Такой была гісторыя другога аўтографа паэта. Пераклад я зрабіла вельмі хутка, і таму мне хацелася ўдасканаліць яго, але ўвесь час знаходзіліся больш неадкладныя справы, ды і не ведала, з якога боку ўзяцца за выданне кнігі, як атрымаць аўтарскія правы, дзе знайсці спонсараў. Час ішоў, і мне пачало здавацца, што пераклад так і застанецца вязнем кампутара. Улетку 2005 года мяне як нешта штурханула — я падумала: а ці жывы ксёндз Ян? Аказалася, што жывы і нават адсвяткаваў сваё 90-годдзе. Перад Божым Нараджэннем я нарэшце выдала перакладзеную мною пяць гадоў назад кнігу. Наклад трох тамоў роздумаў быў мінімальны — адзін экзэмпляр, але кніга атрымалася прыгожай. Збіраючыся ў студзені гэтага года ў Польшчу на курс журналістыкі, я захапіла кнігу з сабой. Дзіўна, як часам дзейнічае Божы Провід. Уявіце сабе маё здзіўленне, калі ў часе размовы з выкладчыкам нашага курса, якому я расказала пра мой пераклад і праблемы з атрыманнем аўтарскага права, я пачула, што менавіта цяпер ён накіроўваецца ў бальніцу да ксяндза Яна. Сам выкладчык быў з Чэнстаховы і прыехаў у Варшаву, каб прачытаць нам лекцыю і вырашыць справы, звязаныя з выданнем чарговай кнігі Яна Твардоўскага. Але раптам высветлілася, што ў бальніцу мы трапіць не зможам, а ў выкладчыка прызначана сустрэча не з кс. Янам, а з яго выдаўцом Аляксандрай Іваноўскай, якая жыве ў Сопаце. Мы сустрэліся з ёю каля касцёла святой Ганны за паўгадзіны да адыходу яе цягніка ў Сопат. Высветлілася, што апошнія два тыдні яна правяла каля ложка свайго хворага сябра — ксяндза Яна, а цяпер яму стала лепш, і яна можа паехаць дамоў. Яна расказала, як мудра, годна ён рыхтуецца да сустрэчы з Богам. Нават у крытычным стане ён згадаў адзін са сваіх ранніх вершаў пра бабулю, душа якой, як з труны, не магла выбрацца з цела. Пані Аляксандра ўзрадавалася, даведаўшыся пра мой пераклад, і сказала, што ў Маскве ў 2005 годзе выйшла кніга кс. Твардоўскага на рускай мове. Мы гаварылі пра непазбежныя фармальнасці і дамовіліся сазваніцца пазней, каб усё ўдакладніць. На платформе, за некалькі хвілін да адыходу цягніка, пані Аляксандра паказвала фотаздымкі кс. Яна, зробленыя ў бальніцы. Гэтыя здымкі унікальныя — у пані Аляксандры і фатографа было эксклюзіўнае права на іх. Спачатку я не магла зразумець, чаму мой улюбёны паэт непадобны на сябе? Потым, прыгледзеўшыся, убачыла, што зніклі яго «локаны» — у бальніцы давялося падстрыгчы валасы. Мы развіталіся на варшаўскім вакзале 16 студзеня. Было вельмі балюча ўсведамляць, што ксёндз Ян ужо адыходзіць. Вядома, гэтая хвароба магла б закончыцца, але на змену ёй прыйшла б іншая...
Ужо пазней у газетах і часопісах пачалі з’яўляцца артыкулы і вершы ксяндза Яна. З іх я даведалася, што ён нарадзіўся ў 1915 годзе, удзельнічаў у Варшаўскім паўстанні і пасля, страціўшы шматлікіх сяброў, ён, выпускнік філалагічнага факультэта, які не раз думаў пра тое, чаму менавіта ён застаўся жывы, раптам усвядоміў сваё пакліканне. Стаўшы святаром, ксёндз Ян працягваў пісаць вершы, атрымаў мноства ўзнагародаў і нават тую, асаблівую, што называецца ордэнам Усмешкі. Яго імем сёння названыя садкі і школы, філолагі вывучаюць яго творчасць, а між тым для яго самога гэта сур’ёзнае стаўленне да яго працы было заўсёды дзіўным. Ён быў вельмі сціплым чалавекам. Айца Яна пахавалі ў крыпце касцёла Божага Провіду, у будучым пантэоне вялікіх палякаў (сцены гэтай святыні яшчэ ўзводзяцца). Пахаванне адбылося 3 лютага. Напярэдадні цела нябожчыка было выстаўлена ў касцёле сясцёр візітак, а развітальную св. Імшу па ім у базыліцы Святога Крыжа цэлебраваў прымас Польшчы Юзаф Глемп. Закончылася зямное жыццё ксяндза Яна і здаецца, што разам з ім закончылася цэлая эпоха — час Чалавека, якому Бог заўсёды ўсміхаўся і які сам меў бязмежнае, добрае, шчодрае пачуццё гумару. Цяпер з намі засталіся яго творы...
Гл. таксама:
|
|
|