Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(35)/2006
Галерэя
Год Яна Паўла ІІ

ПАД ЗНАКАМ СВЯТАСЦI

СВЯТЫ АЙЦЕЦ
На кніжнай паліцы
In memoriam

ВЕРШЫ
На шляху веры
Працяг размовы

ІЗНОЎ – РЭКЛАМА...
КАМУ Ж ЯНА ПАТРЭБНА
Постаці

РОДАМ З БЕЛАСТОЧЧЫНЫ
Культура

СПАДЗЯВАННЕ НА ВЕЧНАСЦЬ
Проза

З НОВЫХ ЗАПІСАЎ

МАЛЕНЬКІЯ ТАЯМНІЦЫ
Нашы святыні
На кніжнай паліцы

ПАКЛIКАННЕ
Слова святара

СВЯТАР СЁННЯ... НАВОШТА?
На кніжнай паліцы
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва

САКРАЛЬНАЯ ПАМЯЦЬ АСТРАВЕЧЧЫНЫ

Пачатак у №3(33)/2005

Касцёл Звеставання Панне Марыі ў вёсцы Гудагай.
Яшчэ адзін цікавы помнік мураванага сакральнага дойлідства Астравеччыны — капліца св. Філумены ў вёсцы Варона, пабудаваная ў 2-й палове XVIII ст. на вясковых могілках. Яе архітэктуры ўласцівыя рысы так званага нізавога барока, мясцовай інтэрпрэтацыі архітэктурных формаў віленскага барока. Прамавугольны ў плане аднанававы храм накрыты высокім двухсхільным дахам з двух’ярусным атыкавым франтонам на галоўным фасадзе. Масіўны прамавугольны атык расчлянёны пілястрамі і завершаны прафіляваным карнізам і фрызам, над якім узвышаецца спрошчана трактаваны фігурны франтон з крыжам. Вуглы і бакавыя фасады будынка ўмацаваны своеасаблівымі прыступчатымі пілонамі, якія нагадваюць контрфорсы. Тарцовая сцяна навы на галоўным фасадзе архітэктурна зусім не апрацаваная, толькі сціпла прарэзаная лучковым парталам увахода і маленькім акном у цэнтры атыка. Усё гэта надае мастацкаму абліччу воранаўскай капліцы элементы прымітывізму.

Акрамя мураваных культавых збудаванняў на Астравеччыне ацалела некалькі каштоўных помнікаў драўлянага сакральнага дойлідства, з якіх найбольш старажытным з’яўляецца касцёл Звеставання Панне Марыі ў вёсцы Гудагай, вядомай з канца XVI ст. як уладанне Урбаноўскіх, Скірмунтаў, Садоўскіх, Козел-Паклеўскіх, Развадоўскіх, Войнаў. Касцёл быў фундаваны ў 1764 г. абозным полацкім Юзафам Крыштофам Войнам з жонкай Ганнай Людвікай з Сулістроўскіх пры кляштары кармэлітаў босых. Архітэктанічна і прапарцыянальна гудагайскі касцёл імітуе ў дрэве формы мураваных каталіцкіх святыняў позняга барока. Выцягнуты прамавугольны аб’ём і роўная з ім пяцігранная апсіда прэзбітэрыя аб’яднаны двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром і застрэшкамі ў месцы злучэння зрубаў. Па баках прэзбітэрыя размешчаны невысокія квадратныя ў плане закрыстыі. Галоўны фасад па вуглах асноўнага аб’ёма фланкуюць дзве чацверыковыя вежы, якія раней завяршаліся яшчэ адным ярусам чацверыкоў з фігурнымі барочнымі купалкамі.

Капліца св. Філумены ў вёсцы Варона.
Пасля рэканструкцыі галоўны фасад завершаны класіцыстычным трохвугольным франтонам з гарызантальнай ашалёўкай і вастраверхай сігнатуркай. У касцёле ёсць унутраны нартэкс, над якім на двух слупах размешчаны вялікія арганныя хоры, і экзанартэкс – невысокі вонкавы бабінец-крухта. Паводле фотаздымка Я. Балзункевіча пачатку ХХ ст. бабінец меў аднасхільны дашак. Пазней уваходны аб’ём атрымаў двухсхільны дах з трохвугольным франтонам, схілы якога адпавядаюць асноўнаму франтону, што стварае новы згарманізаваны і ўраўнаважаны вобраз святыні. Першапачатковую барочную стылістыку нагадваюць лучковыя абрысы вокнаў і вертыкальная ашалёўка будынка. Уваходныя дзверы аздоблены дэкаратыўнай ашалёўкай. На франтоне бабінца – сіметрычныя фігурныя люнеты. Прасторны інтэр’ер касцёла перакрыты плоскай падшыўной столлю. Сцены ашаляваныя гарызантальна з вертыкальнай панеллю ўнізе. Тры прысценныя архітэктанічыныя алтары і арган выкананы ў стылі барочнага класіцызму, белыя з пазалотай, з элементамі ракайльнай аздобы. Двух’ярусныя бакавыя алтары св. Казіміра і Сэрца Езуса пастаўлены пад вуглам да сценаў асноўнага аб’ёма, што надае інтэр’еру барочную дынаміку, стварае эфект перацякання прасторы. У цэнтры трох’яруснага галоўнага алтара змяшчаўся мясцовы цудадзейны абраз Маці Божай Шкаплернай, апякункі кармэлітаў, які пасля закрыцця кляштара ў 1832 г. быў перададзены ў ашмянскі касцёл. У 1866 г. гудагайскі касцёл зачынілі, а ў 1905 г. вярнулі католікам разам з цудадзейным абразом, аднак у 2-й палове ХХ ст. зноў зачынілі і рэкансэкравалі толькі ў 1990 г.

Шкаплер – падоўжны кавалак тканіны з выразам для надзявання праз галаву, які манахі надзявалі паверх габіта. Паводле старажытнага падання, генерал ордэна кармэлітаў Сымон нібыта атрымаў шкаплер ад самой Маці Божай. З гісторыяй кармэліцкага ордэна і шанаваннем Маці Божай Шкаплернай звязана складаная гісторыя існавання касцёла ў Жукойніцах Жалядзкіх ці Жалядзях. Тут кармэліты босыя аселі вельмі даўно, пасля таго як сакратар караля Жыгімонта ІІІ Вазы ў 1621 г. падараваў гэты маёнтак віленскаму кляштару ордэна пры касцёле Усіх Святых. Драўляны касцёл у гонар Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі, св. Войцеха і св. пакутнікаў быў пабудаваны ў Жалядзях ужо ў 1622 г. У комплекс кляштара з цягам часу ўвайшлі таксама жылы манастырскі будынак са склепам, школа, шпіталь і багадзельня для нямоглых і старых, сад з лекавымі раслінамі, сажалка для развядзення рыбы і жыватворная крыніца.

Касцёл святога Юрыя ў вёсцы Вялікія Свіранкі.
У XVIII ст. кармэліты меркавалі пабудаваць мураваны касцёл замест драўлянага, але не паспелі. Ужо ў межах Расійскай імперыі, у 1820 г., стары касцёл быў заменены на новы драўляны, большых памераў, але ў 1842 г. кляштар быў зачынены, а касцёл пераведзены ў парафіяльны. У 1866 г. касцёл быў зачынены за ўдзел парафіянаў у паўстанні 1863–1864 гг. і перароблены пад праваслаўную царкву, якая згарэла ў 1904 г. Да 1912 г. на гэтым месцы ўзвялі невялікую мураваную царкву, якую ў 1914–1918 гг. рэканструявалі пад касцёл, асвечаны ў гонар Маці Божай Шкаплернай, пры гэтым змянілі арыентацыю алтара на захад. Памяшканне царквы стала прэзбітэрыем, да якога прыбудавалі асноўны зруб-трысцен з арачнымі вокнамі, а над уваходам усталявалі хоры з фісгармоніяй. Касцёл дзейнічаў да 1948 г., у 1990 г. ён быў вернуты католікам і рэкансэкраваны, атынкаваны сцены і прыбудавана вежачка-сігнатурка на галоўным фасадзе.

Архітэктурнае вырашэнне гудагайскага касцёла амаль цалкам паўтарае яшчэ адзін помнік драўлянага сакральнага дойлідства Астравеччыны – Юр’еўскі касцёл у вёсцы Вялікія Свіранкі. У 1671 г. за кошт віленскага капітула тут быў заснаваны драўляны касцёл, а ў 1690 г. пры ім збудаваны драўляны кляштар місіянераў. Паводле архітэктурна-мастацкіх характарыстык Юр’еўскі касцёл пабудаваны, як і гудагайскі, у канцы XVIII ст., а ў пачатку ХХ ст. рэканструяваны. Асноўны прамавугольны ў плане аб’ём і пяцігранная апсіда прэзбітэрыя накрыты агульным двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром і застрэшкамі ў месцы злучэння зрубаў. А ў адрозненне ад гудагайскага касцёла, закрыстыі тут маюць розныя памеры. З боку галоўнага фасада вільчык даха прарэзвае невялікая васьмігранная вежачка, завершаная шатром. Асноўны аб’ём па баках галоўнага фасада фланкаваны чацверыковымі вежамі, завяршэнні якіх не захаваліся. Тарэц даха закрыты трохвугольным франтонам, раскрапаваным над вежамі. Невысокі ўваходны бабінец (экзанартэкс) таксама накрыты двухсхільным дахам з трохвугольным франтонам, схілы якога адпавядаюць асноўнаму франтону. Уваходныя дзверы аформлены адмысловай дэкаратыўнай шалёўкай.

Сцены Юр’еўскага касцёла ашаляваны гарызантальна з вертыкальнай цокальнай панеллю і ўмацаваны вертыкальнымі сцяжкамі. Вокны маюць лучковыя завяршэнні. Унутры сцены таксама ашаляваныя, унізе ўпрыгожаныя філёнгавымі нішамі, расчлянёныя пілястрамі і завершаныя цягай карніза. Столь плоская на падугах. Над нартэксам размешчаны арганныя хоры. Усе гэтыя дэталі маюць рысы барочнага класіцызму і сведчаць пра больш раннюю дату будаўніцтва велікасвіранскага касцёла, чым 2-я палова ХІХ ст., якая недакладна дадзена ў «Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі». У 1910 г. каля касцёла была змуравана двух’ярусная чацверыковая званіца, накрытая шатровым дахам. Глухі ніжні ярус складзены з бутавых камянёў, верхні ярус змураваны з цэглы і прарэзаны з кожнага боку двума высокімі паўцыркульнымі праёмамі.

Касцёл Нараджэння Панны Марыі ў вёсцы Кемелішкі.
У 1781 г. Станіславам Прушчыньскім быў фундаваны драўляны касцёл у вёсцы Кемелішкі, асвечаны ў гонар Нараджэння Панны Марыі біскупам Д. Пілхоўскім у 1799 г. У 1866–1889 гг. пробашчам гэтага касцёла служыў вядомы рэлігійны дзеяч Я. Курчэўскі. Касцёл, перабудаваны ў 1900 г., з’яўляецца цікавым узорам інтэрпрэтацыі элементаў неаготыкі ў драўляным дойлідстве. Будынак імітуе мураваную трохнававую базыліку з трансептам і дзвюма чацверыковымі вежамі на галоўным фасадзе. Верхнія васьмігранныя ярусы вежаў завершаны вастраверхімі шатрамі, аздобленымі франтончыкамі-вімпергамі па баках свету. Двухсхільны дах трансепта больш нізкі за асноўны і адпавядае па вышыні такому ж даху над уваходным чатырохкалонным ганкам.

Нарастанне вышыняў дахаў, рамантычныя завяршэнні вежаў надаюць маляўнічасць і разнастайнасць аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і дэкаратыўнаму вырашэнню збудавання. Вокны маюць лучковыя завяршэнні, на тарцах трансепта – рамбічныя люнеты. Сцены ашаляваныя гарызантальна, з цокальнай панеллю, і ўмацаваныя сцяжкамі. Інтэр’ер падзелены шасцю слупамі на тры навы, пры ўваходзе вылучаны нартэкс. На поўдзень ад касцёла размешчаны трохпралётная мураваная брама і драўляная трох’ярусная чацверыковая званіца, накрытая чатырохсхільным шатром-«каўпаком» з вастраверхай сігнатуркай.

Рысы несапраўднай готыкі мае таксама касцёл св. Яўхіма ў вёсцы Клюшчаны, фундаваны Янам Корсакам у 1786 г., рэканструяваны на ахвяраванні парафіянаў у 1887 г. Гэта прамавугольнае ў плане збудаванне з роўнавысокай пяціграннай алтарнай апсідай і сіметрычнымі закрыстыямі па баках. Галоўны фасад завершаны трохвугольным франтонам і чацверыковымі вежамі з высокімі шатрамі і вімпергамі па баках свету. Пры ўваходзе – невысокі бабінец з двухсхільным дахам. Сцены будынка ашаляваныя вертыкальна і ўмацаваныя сцяжкамі. Ашалёўка галоўнага фасада пры рэканструкцыі заменена на гарызантальную і аздоблена салярнымі матывамі. Інтэр’ер падзелены 4 слупамі. Уваходная брама, пастаўленая па восі касцёла, вырашана ў выглядзе пілонаў з вастраверхімі шатрамі, падобнымі да вежаў. У 1928 г. у вёсцы Дайлідкі быў пабудаваны драўляны касцёл у гонар Апекі Маці Божай, які мае рысы драўлянага дойлідства Прыкарпацця, так званага «закапаньскага» стылю, характэрнага для часоў 2-й Рэчы Паспалітай. Асноўны прамавугольны зруб з высокім двухсхільным дахам з трох бакоў абкружаны абхадной галерэяй, што надае збудаванню выгляд базылікі. Больш нізкі алтарны зруб накрыты вальмавым дахам. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дамінуе магутная чацверыковая вежа, завершаная шатром і шматгранным фігурным купалком-«банькай». У выніку нахілу бакавых граняў вежа ўверсе моцна звужаецца, што аптычна надае ёй яшчэ большую вышыню і стромкасць. Уваход вылучаны невялікім вастраверхім франтонам. У інтэр’еры святыні тры алтары: Апекі Маці Божай, св. Тэрэзы і св. Юзафа.

Касцёл св. Яўхіма ў вёсцы Клюшчаны.
Падобную стылістыку мае касцёл св. Андрэя Баболі, пабудаваны ў 1938 г. у вёсцы Градаўшчызна. Асноўны прамавугольны і пяцігранны алтарны зрубы накрыты агульным двухсхільным дахам з вальмамі і сігнатуркай над алтарнай часткай. Галоўны фасад завершаны трохвугольным франтонам і двух’яруснай чацверыковай вежай з шатровым пакрыццем. На тымпане франтона ў лучковай арачнай нішы-табэрнакулюме размешчана скульптурная выява Панны Марыі. Бабінец аформлены арачным уваходам. Уздоўж бакавых фасадаў асноўнага аб’ёма ідуць адкрытыя галерэі на слупах. Інтэр’ер перакрыты плоскай падшыўной столлю. Сцены ўнутры аздоблены дэкаратыўнай ашалёўкай. Над уваходам – галерэя музычных хораў. Падоўжную ўнутраную прастору святыні замыкае разьбяны алтар у выглядзе трыумфальнай аркі.

У вёсцы Гіры, на могілках, у першай палове ХІХ ст. была пабудавана невялікая драўляная капліца, архітэктура якой мае рысы класіцызму. Прамавугольны зруб з чатырохслуповым порцікам на галоўным фасадзе накрыты пакатым двухсхільным дахам. У цэнтры трохвугольнага франтона, гарызантальна ашаляванага дошкамі, размешчана скульптурнае «Укрыжаванне», што падкрэслівае строгую сіметрыю і сакральную сутнасць збудавання. Яшчэ адна невялікая капліца змуравана ў канцы ХХ ст. каля Быстрыцкай жыватворнай крыніцы. Прамавугольны аб’ём з пілонамі на вуглах накрыты двухсхільным дахам з заломам. Галоўны фасад завершаны прыступчатым шчытом і аформлены вялікім паўцыркульным арачным уваходам.

Відавочна, што ўсе ацалелыя на сённяшні дзень помнікі драўлянага культавага дойлідства Астравеччыны маюць агульныя рысы ў аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і сціплым дэкаратыўным вырашэнні. Першапачаткова яны былі ўзведзены ў эпоху барока, потым былі рэканструяваны ці адноўлены на старых падмурках, набылі прыкметы новых архітэктурна-мастацкіх стыляў, але трывала захоўвалі традыцыі мясцовага цяслярства паўночнага захаду Беларусі.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY