Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(35)/2006
Галерэя
Год Яна Паўла ІІ

ПАД ЗНАКАМ СВЯТАСЦI

СВЯТЫ АЙЦЕЦ
На кніжнай паліцы
In memoriam

ВЕРШЫ
На шляху веры
Працяг размовы

ІЗНОЎ – РЭКЛАМА...
КАМУ Ж ЯНА ПАТРЭБНА
Постаці

РОДАМ З БЕЛАСТОЧЧЫНЫ
Культура

СПАДЗЯВАННЕ НА ВЕЧНАСЦЬ
Проза

З НОВЫХ ЗАПІСАЎ

МАЛЕНЬКІЯ ТАЯМНІЦЫ
Нашы святыні
На кніжнай паліцы

ПАКЛIКАННЕ
Слова святара

СВЯТАР СЁННЯ... НАВОШТА?
На кніжнай паліцы
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва

«СПЯВАЙЦЕ ПАНУ НОВУЮ ПЕСНЮ...»

О, вечны Божа, Ты глядзіш на нас
вачыма свайго Провіду...
(з малітвы)

У недалёкім мінулым казнадзею ў касцёле даводзілася разлічваць на свой голас. Ён уздымаўся на амбону і такім чынам знаходзіўся над вернікамі, усіх бачыў, і яго ўсе бачылі, і быў блізка да ўсіх. Навес, стрэшка над катэдрай ці балконам – яна ў нашым касцёле са шматпалоскавым карнізам, упрыгожаным картушам, – узмацняла акустыку без мікрафона.

Амбона (ambon) – слова грэцкае, азначае «вяршыня пагорка».

Цяпер святар карыстаецца мікрафонам і не ўздымаецца на амбону. Калі ж адбываюцца падзеі незвычайнай важнасці, тады святар успамінае пра амбону.

Драўляная амбона – шэдэўр дэкаратыўнага і скульптурнага мастацтва стылю ракако – была ўстаноўлена ў гродзенскім касцёле св. Францішка Ксавэрыя ў сярэдзіне XVIII стагоддзя (адны называюць 1750 год, іншыя – 1773).

У 1773 годзе закон езуітаў быў забаронены. Касцёл перайшоў да парафіі, але парафіяльным называецца з 1782 года.

Касцёл аднаўлялі шмат разоў, г. зн. малявалі па старой фарбе таксама фарбай. Рэстаўратар Уладзімір Нікіцін паказвае мне анёла, якога перамалявалі 4 разы (гэта застаецца ў дакументацыі рэстаўрацыі на фотаздымку).

Цяпер рэстаўрацыя вядзецца па ўсіх правілах навукі і мастацтва з дакладнай дакументацыяй. Старыя слаі фарбы асцярожна здымаюцца да апошняга, гістарычнага слою так, каб нідзе не крануць, не змарнаваць гэты першапачатковы слой.

Рэстаўрацыя амбоны вядзецца з перапынкамі з 2002 года, па частках – зверху ўніз.

Верхнюю частку рэстаўравалі міжнароднай групай: спецыялісты з Мінскіх рэстаўрацыйных майстэрняў у складзе Аркадзя Шпунта, Уладзіміра Нікіціна і Аляксея Ліпскага і мастака-рэстаўратара з Варшавы Эльвіры Бурскай-Шубаргі.

Канструкцыя амбоны – гэта кампазіцыя з асобных элементаў, замацаваных на апоры. Галоўныя элементы – гэта ніжні корпус, кош ці балкон ці катэдра, і верхні корпус – навес і ўсе скульптурныя і ажурныя прадметы над ім.

«Полымя – найбольш істотная частка агню, якая імкнецца ўверх у форме піраміды», – я недзе гэта прачытала. Наша амбона – такое полымя. Паміж маленнем у касцёле моўчкі сумаўляюся з амбонаю, чытаю як прыгожы псальм Сярэднявечча з дрэва, золата, паліхроміі, грэюся каля духоўнага вогнішча продкаў...

«І пачуўся голас ад трону, гаворачы: хваліце Бога нашага ўсе Яго слугі, хто Яго баіцца, – малыя і вялікія» (Пс 135).

...Мастак на рыштаванні скрабком здымае патрэсканую фарбу – вызваляе мастацтва з няволі. І засвяцілася вока Божага Провіду ў трохкутніку, ад якога разыходзяцца залатыя прамяні (самы вялікі промень мае даўжыню 222 см, але знізу вочы бачаць усё ў паменшаных памерах).

...«Існаванне істот духоўных нецялесных, якія Святое Пісанне называе звычайна анёламі, ёсць праўда веры» (Катэхізіс Каталіцкага Касцёла).

Арханёл трымае табліцу Божых запаведзяў на падстаўцы. Правай рукой ён паказвае дарогу на неба. Арханёл-юнак – скульптура незвычайнай дасканаласці і святасці. Твар анёла – мудры, натхнёны, захоплены сваёй місіяй Божага пасрэдніка паміж небам і зямлёй, ахоўніка Божага Дому на зямлі – Касцёла. Як змяніўся ўрачысты ўзлёт Арханёла, калі заззялі золатам яго крылы!

Арханёл стаіць на зямным шары – глобусе, які ззяе пацямнелай зелянінай.

– Чаму ён так свеціцца? – пытаюся.

– А мы яго злёгку пасерабрылі.

Над зямным шарам натуральна нагрувашчаны гурбы хмараў, халодных, серабрыстых, але холад змяншаецца ад крылатых галовак анёлкаў, якія выглядаюць з-за хмараў. Кожны вернік мае каля свайго боку анёла, апекуна і ахоўніка, які вядзе нас ад нараджэння да жыцця вечнага.

Анёлкі, ахоўнікі амбоны, берагуць яе і сімвалічны зямны шар ад небяспекі і дрэнных людзей. Адзін анёлак рукамі і крылцамі закрывае шар, падстаўляе пад небяспеку голыя грудзі і жывоцік. Ён трымаецца ў паветры, як птах у палёце, такі маленькі. Зялёны шар прымацаваны да ажурнай канструкцыі, якая вырастае з вільчаку страхі. Па баках, на спецыяльных троніках, сядзяць два анёлы, як дзеці, з прыўзнятымі рукамі і крыламі (адна рука была згублена, яе дарабілі з ліпы).

Эльвіра Бурская-Шубарга лічыць, што найважнейшае – не адняць у прадметаў іх натуральнага налёту даўніны, зрабіць так, каб пасля рэстаўрацыі яны захавалі прыгажосць свайго ўзросту, бо калі старым рэчам надаюць выгляд новых, яны ператвараюцца ў бліскучыя цацкі.

Амбона рэстаўруецца менавіта так.

Але, не аспрэчваючы рацыі рэстаўратаркі Эльвіры, мушу сказаць, што тая ж мінская група крыху раней адрэстаўравала капліцу Маці Божай Кангрэгацкай, сцены якой зроблены са стуку – мяшанкі з белага мармуру і гіпсу.

Усе залатыя элементы мастакі пакрылі золатам так, што капліца засвяцілася сваёй цудатворнай шчырасцю і прыгажосцю. І так трэба было! Сведкаў трох стагоддзяў там усё роўна шмат – гэта воты, гэта пазалочаная пацямнелая рама, у нішы якой знаходзіцца цудатворны абраз.

Праз перапынак рэстаўратары ўзяліся за навес і сцяну амбоны. Пад стрэшкай засвяціў срэбрам галубок у промнях над ім; на сцяне з’явіўся першы краявід у колерах пацямнелай зеляніны: сейбіт з сявенькі на ніве сее збожжа, ідзе з горкі ў наш бок. На горцы – будынак, касцёл, зеляніна, дрэвы. Як любяць цяпер пісаць: вытанчаны пейзаж.

У 2005 годзе мастакі дакончылі рэстаўрацыю амбоны. Кошык ці балкон, дно якога падобна да ракавіны з дзюбаю ўніз, упрыгожаны ажурнымі расліннымі элементамі. На сценах балкона ўзнік з няволі старой фарбы трыпціх: злева людзі збіраюцца каля калонаў святыні, пасярэдзіне людзі стаяць на памосце, да якога прыбліжаецца паруснік, каля берагу, справа і злева, – невялікія лодкі, воддаль ад цэнтра карціны – вялікі карабель. Зноў два дрэвы, як на першым пейзажы. Адна постаць бачна на беразе з музычным струнным інструментам.

На пейзажы справа людзі сядзяць на няроўнай пагоркавай прасторы паміж пальмаў, у цэнтры, сярод людзей, – асоба, большая за ўсіх астатніх. Усе постаці павернуты ў яе бок.

На карнізе «з’явіліся» два евангелісты: святы Лука на сваім вале і евангеліст, які не мае тут свайго прадмета, але па натхненні на твары можна меркаваць, што гэта Ян – апостал і паэт. На балконе шчаслівая постаць анёла ўзнімае крыж.

Рэстаўратар Уладзімір Нікіцін гаворыць, што пад шматслойным «кажухом» фарбы былі схаваныя гэтыя краявіды. Дзякуючы таму, што іх замалявалі, яны лепей захаваліся, і рэстаўратары іх зусім не краналі, толькі дзе-нідзе былі адламаныя маленькія частачкі з дрэвам.

Унізе яны не накладвалі золата, толькі пачысцілі там, дзе яно захавалася, а цямнейшы бляск – гэта рэшткі паліменту...

Паводле версіі мінскіх рэстаўратараў, выказанай Уладзімірам Нікіціным, малюнкі на амбоне могуць быць прысвечаны дзейнасці апекуна катэдры – святога Францішка Ксавэрыя, славутага езуіта, аднога з самых святых ксяндзоў усіх часоў.

Калі будавалі ў Гародні касцёл імя св. Францішка Ксавэрыя і змясцілі яго скульптуру ў цэнтры апостальскага раду ды намалявалі фрэскі з выявамі яго дзейнасці, час пабудовы касцёла быў бліжэй да жыцця святога Францішка Ксаверыя, гэта быў той самы час. Жывапіс амбоны натуральна можа апавядаць пра тое, як св. Францішак Ксавэры адплываў у Індыю, як навучаў там людзей каталіцкай веры.

Мастакі-рэстаўратары вярнулі нам ва ўсёй прыгажосці шэдэўр сярэднявечнага мастацтва – амбону ў катэдры св. Францішка Ксавэрыя ў малой базыліцы. «І мёртвыя рэчы маюць жывыя слёзы», – так казаў Вяргілій. Наша амбона плача слязьмі радасці. Мастакі-рэстаўратары моляцца да Бога працай.

Фота Сяргея Грыневіча.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY