Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(35)/2006
Галерэя
Год Яна Паўла ІІ

ПАД ЗНАКАМ СВЯТАСЦI

СВЯТЫ АЙЦЕЦ
На кніжнай паліцы
In memoriam

ВЕРШЫ
На шляху веры
Працяг размовы

ІЗНОЎ – РЭКЛАМА...
КАМУ Ж ЯНА ПАТРЭБНА
Постаці

РОДАМ З БЕЛАСТОЧЧЫНЫ
Культура

СПАДЗЯВАННЕ НА ВЕЧНАСЦЬ
Проза

З НОВЫХ ЗАПІСАЎ

МАЛЕНЬКІЯ ТАЯМНІЦЫ
Нашы святыні
На кніжнай паліцы

ПАКЛIКАННЕ
Слова святара

СВЯТАР СЁННЯ... НАВОШТА?
На кніжнай паліцы
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва

Айцец Язэп Дашута ў апошнія дні жыцця

РОДАМ З БЕЛАСТОЧЧЫНЫ

Беларускі святар Язэп Дашута

Сёлета ў снежні спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння беларускага святара марыяніна Язэпа Дашуты. З гэтай нагоды захацелася пра яго крыху згадаць, тым больш што ў гісторыі беларускага рэлігійнага жыцця ён таксама заслужыў пашаны і памяці.

Пра Язэпа Дашуту напісана мала. Заглянуў у энцыклапедычны даведнік «Рэлігія і Царква на Беларусі» (Мн., 2001), а раптам там хоць некалькі радкоў будзе пра яго, ды не — няма ніводнага слоўца. Ды што казаць, калі туды не ўключылі сотню іншых прозвішчаў беларускіх святароў розных канфесій...

Трохі згадвалі пра святара часопісы «Божым шляхам» і «Znič» у 60-я гады мінулага стагоддзя, Аляксандр Надсан у сваёй выдатнай манаграфіі «Біскуп Чэслаў Сіповіч — святар і беларус» (Мн., 2004) і Юрась Гарбінскі. Праўда, у некаторых гэтых згадках ёсць памылкі. Адны крыніцы, напрыклад, месцам нараджэння Язэпа Дашуты называюць Друю, іншыя — Смаленшчыну. А на самай справе Язэп Дашута нарадзіўся ў 1890 годзе ў Сакулцы на Беласточчыне ў мяшчанскай сям’і. Спачатку вучыўся ў Сакульскім 4-класным вучылішчы, а ў 1911годзе скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Падчас вучобы быў актыўным сябрам гуртка беларусаў-семінарыстаў. У 1918 годзе Язэп Дашута быў пасвечаны ў святары літоўскім біскупам Францішкам Карэвічам у віленскім семінарыйным касцёле.

Сваю душпастырскую дзейнасць наш зямляк распачаў на пасадзе вікарыя ў парафіі Дабжынаў Беластоцкага дэканату. Пасля атрымаў дазвол ад Віленскага біскупа Юрыя Матулевіча на вучобу ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.

Па ініцыятыве таго ж Юрыя Матулевіча ў 1923 годзе ў Друі (цяпер Браслаўскі раён) быў адчынены беларускі кляштар айцоў марыянаў, куды ў 1925 годзе прыехаў і Язэп Дашута. Пад кіраўніцтвам а. Андрэя Цікоты наш зямляк адбывае год навіцыяту ў Друі і выязджае на далейшую вучобу ў Рым, дзе праз год абараняе доктарскую дысертацыю па кананічным праве. Але з-за сваёй сціпласці а. Язэп Дашута ніколі нікому пра гэта не казаў.

Напрыканцы 1927 года ён зноў вяртаецца ў Друю, дзе яго чакае цяжкая душпастырская праца вікарыя, а пасля — пробашча. У адным з лістоў да а. Рэклайціса ў Рым Я.Дашута пісаў: «Душпастырскую працу люблю, але пры сённяшніх адносінах суседніх святароў да Друі, асабліва да яе пробашча, працаваць тут незайздросна. Накідаюцца з усіх бакоў…».

Друя. 1932 год. Кляштар айцоў марыянаў.
Язэп Дашута (сядзіць другі злева ў другім радзе).
Сапраўды, хоць марыяне ў Друі мелі польскую гімназію, хоць не займаліся палітыкай, але і на іх пасыпаліся розныя даносы, і яны спазналі націск паліцыі, авантуры ксяндза-скандаліста Бародзіча, якога падтрымлівалі паліцыя і духавенства. Усё гэта звалілася на друйскага суперыёра а. Цікоту і на друйскага пробашча а. Дашуту. Асабліва стала цяжка працаваць друйскім айцам, калі а. Фабіяна Абрантовіча і а. Язэпа Германовіча перавялі ў Харбін, а а. Андрэя Цікоту — у Рым. У верасні 1937 года Язэп Дашута пісаў Андрэю Цікоту: «Зьяўляецца 17-га верасьня сам начальнік Ваяводзкае Бясьпекі із Старое Вялейкі, нейкі Ясінскі і зь ім Стараста і хочуць бачыць а. Супэрыёра і мяне. Вострым тонам, сказаўшы, хто ён такі, заявіў, што хоча з намі шчыра, але прыватна разгаварыцца аб нашых адносінах да дзяржавы. Пачаў гаварыць аб беларускай гімназіі ў Вільні, (“скамунізаванай”), аб кс. Ад. Станкевічу, аб кс. В. Гадлеўскім і аб нас, што і мы ідзём на ўсход да камуны. На гэта польскі ўрад не пазволіць... Хто нездаволены, то яны (палякі) памогуць прабрацца ў Саветы. “Беларусаў там павыстрэльвалі, а тут вам кепска? Прыдзецца двух-трох ксяндзоў з Друі вывезьці. Вы — прыхільнікі Уніі? На ніякія вуніі не пазволім. Возьмемся і за Альбэртын!”... Запытаў я старасту: дзе болей камуністаў, ці ў нашай парахвіі, ці ў суседаў? А ў начальніка Бясьпекі: ці гаварыць нам ксяндзам па-беларуску да беларусаў, якія да нас у гэтай мове зьвяртаюцца, ці гэта ёсьць ужо здрада стану?.. Што з намі будзе, Бог ведае, на Яго пакладаем усю надзею...» («Божым шляхам», 1966 г., № 5 (98), с.13–14).

У пачатку верасня 1938 года польская паліцыя загадала друйскім айцам-марыянам Я. Дашуту, К. Смульку, В. Хамёнку і Ю. Кашыру тэрмінова выехаць з пагранічнае паласы. 9 верасня яны ціха пакінулі Друю. Язэп Дашута выехаў у марыянскі польскі кляштар у г. Скужэц каля Седльцаў, але і там ён заставаўся шчырым беларускім святаром, падтрымліваў сувязі з беларусамі з многіх краін свету, а таксама вёў з імі вялікую перапіску.

У гады Другой сусветнай вайны і пасля вайны наш зямляк жыў у Польшчы і займаўся душпастырскай дзейнасцю ў кляштарах Грудзёндза і Улацлаўка. Ён заўсёды быў шчырым чалавекам, вясёлым і добрым, асабліва тады, калі некаму рабіў нешта карыснае і прыемнае, забываючы пра сябе. Наогул, ён ніколі не любіў расказваць пра сваё жыццё і пра сябе. Больш любіў размаўляць пра справы агульнакасцёльныя і грамадскія, але без палітыкі. Сам жыў паводле касцёльнага права і ў гэтым духу выхоўваў маладых клерыкаў, для якіх доўгі час быў духоўным айцом.

Друя.1935 год. Язэп Дашута (4-ы злева)
сядзіць разам з братам Чэслава Сіповіча —
Петрусём (злева направа), яго бацькам Вінцэсем,
а. Уладзіславам Лысікам, Ядвігай Сіповіч
і Чэславам Сіповічам.

Айцец Язэп Дашута пражыў 76 гадоў. Яшчэ ў 1961 годзе ён пісаў Чэславу Сіповічу: «Сяджу тут з Казюком (Смулькам) і збліжаемся да прыстані, гдзе спаткаемся з нашымі айцамі Андрэем Цікотам і Фабіянам Абрантовічам. Старасьць і недамаганьне штораз лепей даецца адчуваць. Але я яшчэ трымаюся, а вось а.Казімір ледзь дзержыцца. З трудом перасоўваецца па пакоі і святую службу спраўляець седзячы ды па амацку (вобмацкам). Трэба яму памагаць». Беларускім святарам, сапраўды, было маркотна і крыўдна, што цяпер, калі ўзнікла магчымасць зноў працаваць сярод беларусаў, яны нічым ужо не маглі дапамагчы. Язэп Дашута пісаў біскупу Чэславу Сіповічу 15 ліпеня 1963 года: «Жутка нам, што ня можам працаваць сярод сваіх і вам памагаць...». (Аляксандр Надсан. Біскуп Чэслаў Сіповіч — сьвятар і беларус. Мн., 2004, с. 201).

За некалькі дзён да смерці а. Дашуты Язэп Германовіч занатаваў трохі яго філасофскіх думак і апублікаваў у часопісе «Божым шляхам» (№ 3 (102) за 1967год). Вось некаторыя з іх: «Думаю аб Ісусе Хрысце, які стаў для нас хлебам. Перапрашаю Яго за правіны, каб быў мне міласэрным. Ах, Госпадзе Ісусе, люблю Цябе! Дзеля Цябе хачу жыць і паміраць… Цешуся, што Бог пазволіў мне жыць падчас Сабору. Яшчэ сёньня бачу экумэнічную ідэю, дзеля якой я калісьці працаваў, хоць дакладна яе не знаючы... Айцец Матулевіч яшчэ 50 гадоў таму прадбачыў, што на гэтым Саборы будзе разважацца. Ён так любіў Царкву! Гэта ён прычыніўся да таго, каб я лепш і глыбей пазнаў тайніцу Царквы. Дзеля таго і напісаў ён у Канстытуцыі Закону, што Царкву трэба любіць як матку, а ў патрэбе за яе бяз сумневаньня і жыцьцё аддаць...».

Святар Язэп Дашута моцна любіў Касцёл, а ў заходнебеларускім рэлігійным і культурна-асветным жыцці міжваеннага дваццацігоддзя ён прымаў самы актыўны ўдзел, а таксама выступаў за шырокае ўжыванне беларускай мовы ў беларускіх каталіцкіх парафіях. Ён памёр 9 верасня 1966 года і пахаваны ў Варшаве.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY