|
|
№
1(35)/2006
Галерэя
Год Яна Паўла ІІ
На кніжнай паліцы
In memoriam
На шляху веры
Працяг размовы
Постаці
Культура
Проза
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
Слова святара
На кніжнай паліцы
Паэзія
Нашы святыні
Мастацтва
|
Пачатак у №2(28)/2004
ІІІ частка
НАВУКОВЫЯ І ДУШПАСТЫРСКІЯ АБАВЯЗКІ
Тэалагічны факультэт у кантэксце Як біскуп Кракава я вымушаны быў таксама абараняць тэалагічны факультэт Ягелонскага універсітэта. Я лічыў гэта сваім абавязкам. Дзяржаўныя ўлады сцвярджалі, што гэты факультэт павінен быць пераведзены ў Варшаву. Падставаю было ўтварэнне ў Варшаве ў 1953 годзе АКТ – Акадэміі каталіцкай тэалогіі пад дзяржаўным кіраўніцтвам. Барацьба была выйграна ў той ступені, што пазней у Кракаве быў заснаваны незалежны Папскі тэалагічны факультэт, а пасля – Папская Тэалагічная акадэмія. У гэтым змаганні мяне ўмацоўвала перакананне, што навука, якая ахоплівае разнастайныя галіны, з’яўляецца бясцэннаю спадчынаю народу. Зразумела, што ў размовах з камуністычнымі ўладамі прадметам абароны найперш была тэалогія, бо гэтаму накірунку асабліва пагражала небяспека. Аднак я ніколі не забываў пра іншыя галіны ведаў, таксама і пра тыя, што як быццам не звязаныя з тэалогіяй. З гэтымі галінамі навукі я кантактаваў галоўным чынам праз фізікаў. Мы часта сустракаліся і размаўлялі пра новыя адкрыцці ў касмалогіі. Гэта быў захапляльны занятак, які пацвярджаў тэзу св. Паўла, што да пэўнага пазнання Бога можна даходзіць таксама праз пазнанне створанага свету (пар. Рым 1, 20–23). Тыя кракаўскія сустрэчы час ад часу практыкуюцца ў Рыме і ў Кастэль Гандольфа. Іх арганізатарам з’яўляецца прафесар Ежы Янік. Я заўсёды прыкладваў намаганні для таго, каб існавала адпаведнае душпастырства людзей навукі. Іх капеланам у Кракаве нейкі час быў ксёндз прафесар Станіслаў Нагы, якому нядаўна я надаў кардынальскую годнасць, як бы жадаючы такім чынам выказаць павагу да польскай навукі. Вядома, не ўсе біскупы асабліва зацікаўленыя дыялогам з навукоўцамі. Многія аддаюць перавагу не кантактам з людзьмі навукі, а душпастырскім заданням у шырокім значэнні гэтага слова. Аднак я лічу, што варта, каб духавенства, святары і біскупы, мелі асабісты кантакт са светам навукі і тымі, хто яго стварае. Біскуп павінен найперш клапаціцца пра свае каталіцкія вучэльні. Але не толькі. Ён павінен таксама мець жывы кантакт з усім студэнцкім жыццём: чытаць, сустракацца, дыскутаваць, цікавіцца, што адбываецца ў гэтым асяроддзі. Зразумела, сам біскуп пакліканы не да таго, каб быць навукоўцам, а каб быць пастырам. Аднак, як пастыр, ён не можа не цікавіцца гэтаю часткаю сваёй аўчарні, паколькі ён абавязаны нагадваць навукоўцам, што сваімі ведамі яны павінны служыць праўдзе і праз гэта павялічваць супольнае дабро. У Кракаве я імкнуўся таксама быць у кантакце з філосафамі: Раманам Інгардэнам, Уладзіславам Стружэўскім, Анджэем Пултаўскім, а таксама з ксяндзамі-філосафамі: Казімірам Клусакам, Юзафам Тышнерам і Юзафам Жыцінскім. Маё асабістае захапленне філасофіяй як бы падзелена паміж двума полюсамі: арыстоцелізмам-тамізмам і фенаменалогіяй. Я асабліва цікавіўся думкаю Эдзіты Штэйн, гэтай незвычайнай асобы таксама і з пункту гледжання жыццёвага шляху: габрэйка, якая нарадзілася ў Вроцлаве, якая знайшла Хрыста, прыняла Хрост, уступіла ў кляштар кармэлітак, нейкі час была ў Галандыі, адкуль нацысты вывезлі яе ў Асвенцім. Там яна загінула ў газавай камеры, а цела яе было спалена ў крэматорыі. Яна вучылася ў Гусэрля, была сяброўкаю нашага філосафа Інгардэна. Я меў гонар яе беатыфікаваць у Кёльне, а пасля кананізаваць у Рыме. Я абвясціў Эдзіту Штэйн – сястру Тэрэзу Бэнэдыкту ад Крыжа адною з апякунак Еўропы разам са святою Брыгітаю Шведскаю і святою Кацярынаю Сіенскаю. Тры жанчыны поруч з трыма апекунамі: Кірылам, Мятодам і Бэнэдыктам. Мяне цікавіла яе філасофія, я чытаў яе творы, паміж іншым Endliches und Ewiges Sein*, але найперш захапляла яе незвычайнае жыццё, яе трагічны лёс, упісаны ў гісторыю мільёнаў іншых безабаронных ахвяраў нашай эпохі. Ахвяра гітлераўскай сістэмы, вучаніца Эдмунда Гусэрля, законніца – сапраўды незвычайны «людскі выпадак». На плечы біскупа кладзецца шмат абавязкаў. Ведаю гэта добра з уласнага досведу і разумею, наколькі можа не хапаць часу. Аднак той самы досвед навучыў мяне, як патрэбны біскупу засяроджанасць і вучоба. Яму неабходна глыбокая тэалагічная фармацыя, якая пастаянна аднаўляецца, а таксама больш шырокая зацікаўленасць думкаю і словам. Гэта скарбы, якімі дзеляцца паміж сабою людзі думаючыя. Таму тут хацелася б сказаць некалькі слоў пра значэнне кніг у маім біскупскім жыцці. У мяне заўсёды была дылема: што чытаць? Імкнуўся выбіраць найбольш істотнае. Гэтулькі ўсяго друкуецца, не ўсё яно вартаснае і карыснае. Трэба ўмець выбіраць і раіцца, што чытаць. З дзяцінства я любіў кнігі. Да традыцыі чытання кніг мяне прывучыў мой бацька. Сядаў побач са мною і чытаў мне ўсяго Сянкевіча і іншых польскіх пісьменнікаў. Калі памерла маці, мы засталіся ўдвух з бацькам. І ён не пераставаў заахвочваць мяне пазнаваць найбольш вартасную літаратуру. Таксама ніколі не перашкаджаў мне цікавіцца тэатрам. Калі б не распачалася вайна і радыкальна не змянілася сітуацыя, то, магчыма, перспектывы, якія адкрывала перада мною універсітэцкае паглыбленне ў польскую літаратуру, захапілі б мяне цалкам. Калі я паведаміў Мечыславу Катлярчыку пра маё рашэнне стаць святаром, ён сказаў: «Хлопец, што ты робіш? Хочаш змарнаваць талент?» Толькі ў ксяндза арцыбіскупа Сапегі на гэты конт не было сумненняў. Я прачытаў розных аўтараў яшчэ будучы студэнтам паланістыкі. Найперш узяўся за мастацкую літаратуру, асабліва за драматургію. Чытаў Шэкспіра, Мальера, польскіх вешчуноў: Норвіда, Выспянскага. Зразумела, Фрэдру. Падабалася мне акторства, сцэнаграфія. Таму не раз думалася, якія вобразы мне хацелася б увасобіць на сцэне. Часта, калі яшчэ жывы быў Катлярчык, мы прызначалі магчымыя ролі in abstracto: хто мог бы іграць канкрэтнага героя. Прайшло. Пасля некаторыя казалі: «Ты падыходзіш..., ты быў бы вялікім акторам, калі б застаўся ў тэатры». А літургія ж таксама – гэта сыграная, інсцэніраваная таямніца. Памятаю, якое вялікае ўражанне зрабіла на мяне, пятнаццацігадовага хлопца, запрашэнне ксяндза Фіглевіча на Triduum Sacrum на Вавель і ўдзел у Цёмнай ютрані, антыцыпаванай у сераду пасля абеду. Гэта было для мяне духоўным узрушэннем. Пасхальны Трыдуум і да сённяшняга дня з’яўляецца для мяне хвалюючым перажываннем. Потым прыйшоў час філасофскай і тэалагічнай літаратуры. Як семінарыст clandestinus я атрымаў падручнік па метафізіцы прафесара Казіміра Ваіса з Львова, і ксёндз Казімір Клусак сказаў: «Вучыся! Як вывучыш, то здасі экзамен». Некалькі месяцаў я прадзіраўся праз той тэкст. Прыйшоў на экзамен і здаў яго. І гэта быў пералом у маім жыцці. Мне адкрыўся новы свет. Я пачаў вывучаць тэалагічныя кнігі. Потым, у часе вучобы ў Рыме, я паглыбіўся ў Суму Тэалогіі святога Тамаша. Такім чынам, былі два этапы маёй інтэлектуальнай дарогі: першы грунтаваўся на пераходзе ад літаратурнага мыслення да метафізікі; другі вёў мяне ад метафізікі да фенаменалогіі. Гэта было для мяне лабараторыяй навуковай працы. Першы этап выпаў на перыяд акупацыі, калі я працаваў на фабрыцы «Сольвай», а пакрыёма вывучаў тэалогію ў семінарыі. Памятаю, калі прыйшоў да рэктара кс. Яна Піваварчыка, ён сказаў: «Я прыму вас, але нават родная маці не павінна ведаць, што вы тут вучыцеся». Такая тады была сітуацыя. Неяк удалося справіцца. А пасля мне вельмі дапамог ксёндз Ігнацы Ружыцкі, які ахвяраваў мне жыллё ў сябе і стварыў умовы для навуковай працы. Нашмат пазней ксёндз прафесар Ружыцкі прапанаваў мне тэму дысертацыі на аснове кнігі М. Шэлера Der Formalismus in der Ethik und materiale Wertethik. Я тлумачыў для сябе гэтую кнігу на польскую мову і пісаў тэзісы. Гэта быў новы пералом. Я скончыў дысертацыю і абараніў яе ў лістападзе 1953 года. Рэцэнзентамі былі кс. Аляксандр Усовіч, Стэфан Свяжаўскі і тэолаг кс. Уладзіслаў Віхар. Гэта была апошняя дысертацыя на тэалагічным факультэце Ягелонскага універсітэта перад яго ліквідацыяй камуністамі. Факультэт (як я ўжо згадваў) быў перанесены ў Акадэмію каталіцкай тэалогіі ў Варшаве, а я з восені 1954 г. распачаў выкладчыцкую працу ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. Гэтаму паспрыяў прафесар Свяжаўскі, з якім і цяпер сябруем. Ксяндза прафесара я называў Ігнац. Я любіў яго, і гэта сімпатыя была ўзаемнай. Ён заахвоціў мяне да працы над дысертацыяй. Уласна кажучы, ён быў яе мадэратарам. Некалькі гадоў мы жылі разам. Гатавала нам пані Марыся Громак. Я меў там пакой, які вельмі добра памятаю. Ён быў у камяніцы вавельскіх канонікаў, што стаяла на вуліцы Кананічай, 19, і быў маім «домам» на працягу шасці гадоў. Пасля я пасяліўся ў доме № 21, а пазней, дзякуючы ксяндзу канцлеру Мікалаю Кучкоўскаму, апынуўся ў біскупскім палацы на вул. Францішканскай, 3. У маім чытанні і вучобе я заўсёды імкнуўся гарманічна спалучаць справы веры, справы мыслення і справы сэрца. Яны не з’яўляюцца асобнымі дзялянкамі. Кожная пранікае і ажыўляе астатнія. У гэтым узаемапранікненні веры, думкі і сэрца асаблівую ролю адыгрывае захапленне цудам асобы – падабенствам чалавека да Бога, у Тройцы адзінага, глыбіннаю лучнасцю любові і праўды, узаемнага дару і жыцця, якое з яго нараджаецца, прамінаннем і прыходам людскіх пакаленняў.
Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько.
|
|
|