|
Паводле Поля Верлена
Il pleut doucement sur la ville1.
Арцюр Рэмбо
Слёзы ў сэрцы маім,
А над местам – зноў дождж.
Невядома па кім –
Сум у сэрцы маім.
Струм ласкавы дажджу –
Па зямлі, па дамах!
Сэрцу дорыць імжу
Спеў бясконцы дажджу.
Слёзы проста ад слёз,
Сэрца плача само –
Ні бяды, ні пагроз,
Смутак проста ад слёз.
Моцны боль, боль адзін
Без нянавісці, зла,
Без каханых жанчын –
Боль у сэрцы адзін!
|
Неспакойны спакой
Пустата пустаты пачынаецца з пустаты.
Гэта ты, гэта ты і тады, калі нават не ты.
Гэта я, гэта я і тады, калі нават не я.
Пустата пустаты – ні зязюлі тут, ні салаўя.
Ты чужая чужому, і я для чужое чужы.
Немагчыма з’яднаць дзве душы, бо яны – дзве душы;
Каб магчыма было, то Пісанне ў бясконцай журбе
Не маліла б: любі твайго блізкага так, як сябе!
Мы не ворагі і не сябры, і мы ў лодцы адной
Апынуліся, бо не маглі апынуцца ў другой.
Бо ўжо сталася так, і спыніць гэту звыклую плынь
Немагчыма ніяк, так што нават і думаць пакінь!
Будзем плысці, шануючы свой неспакойны спакой,
Ты на ўсход, я на захад, аднак жа ж у лодцы адной.
Сам я буду з табою, са мною ты будзеш сама...
Пустата пустаты – праўды большай за гэту няма.
|
Лятунак
«Ты раскажы пра цара Леаніда,
Ты мне пра Вітаўта-князя скажы...
Дай Іарданам душы наталіцца,
Роднай Гарыні вярні чысціню...
Не Клеапатраю, не Месалінай,
Ганнай палескаю будзь для мяне...» –
Гэтак пачаўшы,
Добра было б скласці дзённік
І назваць яго
«Лісткі календара» ці «Мая анкета»,
А на апошняй старонцы занатаваць:
«Роднае заўсёды застанецца родным
І заўсёды пераможа бяду!
Разумеючы гэта,
Пятро Глебка ў 1936 годзе
У вершы „Летні дзень“
Стварыў святочны малюнак:
...Выйшлі стройнымі радамі
Загарэлыя касцы...
У кашулях ярка-белых,
У чырвоных паясах...»
|
* * *
Брат мучыць брата. Жонка – мужа
І жонку – муж, і бацьку – сын...
Сямейных войнаў мы задужа
Спазналі... До! Не трэ! Амінь!
Не набылі тут анічога,
А страцілі ж усё, бадай,
І ў любасці такой убогай
Нам пекла ўсё адно што рай.
|
* * *
Паводле запаветных ведаў,
Жыццё – заўсёды пекната...
Як проста ўсё: любі суседа,
І спраўдзіцца закон Хрыста.
Любіць суседа-чалавека?!
Магчыма людства палюбіць
Усё – ад фіна і да грэка,
А чалавека, чалавека...
Бронь, Божа, толькі б не забіць.
|
«Безнадзейнасць»
Ты сонца з месяцам звёў у адно,
Кірыліцу лячыў пчаліным мёдам,
Піў Саламона мудрае віно,
Еў хлеб Майсея, апускаўся ў одум, –
І нас, цяперашніх, не аб’яднаў...
І таямніца ўсё ж, я так мяркую,
З якое мовы Ты перакладаў
І на якую?!
|
Летуценны пясняр
Бог раптоўна паклікаў,
Вецер зорку задзьмуў...
Беларускі Музыка
Голас Бога пачуў.
І пакінуў гасподу,
Сам сабе гаспадар,
Песняроўскага роду
Летуценны пясняр.
Шчыры, сціплы і дбалы...
У смяротную золь
Зведаў гора Купалы,
Багдановіча боль.
Непазбыўную крыўду
На падманны свой лёс,
Як няўчутую скрыпку,
З Беларусі панёс.
Разумеў дабрадзеяў,
Чые словы, як мёд...
Хто ж яго зразумее?
Пэўна, толькі Гаспод.
|
Краўчыха Антоніха
Ты расказала пра Антоніху –
Сваю прабабку,
Якая памерла ў мястэчку яшчэ пры Масьціцкім.
Яна так і не зведала кахання –
Яе ж Антоні ўсё трызніў нейкай Ганнай!
Калі праўду сказаць,
То Антоніха пра каханне й не думала:
Трохі шыючы людзям,
Марыла пра багацце,
Аднак мара не спраўдзілася...
Антоніха, быццам жабрачка,
З душою па-звыкламу гожай.
Ніхто не казаў, што лайдачка,
Аднак жа гібела без грошай;
Без ляманту, крыку і енку
Марнела ў чаканні багацця...
Як новую справіць сукенку,
Не мела, як кажуць, паняцця.
Затое глядзела на зоры,
Затое на кветкі глядзела;
Ніколі не плакала ў горы
І ў шчасці, бо шчасця не мела.
Усіх сустракала вясёла;
Адзінага славіла Бога;
Жыла між царквой і касцёлам,
Мячэццю і сінагогай.
|
Мірскі замак
Мірскі замак успомніў пра нас
Дзеля нас, каб сябе не забылі,
І каб зноў, як бывала не раз,
Мы сваё ж у чужым не згубілі.
Мірскі замак жывое жывым
Захаваў, а пустое – забытым;
Кожнай вежай і мурам сваім
Засцярог родны край ад нябыту.
Мірскі замак з гасподняй расы
І трываласці гэтага люду
У маўклівасць вярнуў галасы
І святло, адпаведнае цуду.
Мірскі замак для нашай душы,
Што душою забылася звацца,
Напамінак – на роднай мяжы
Толькі роднае можа застацца!
|
Сон лілей
Млечны ўзор лілейнага святла
На нябеснай вышыты кашулі.
Стомленасць, як свята, надышла,
І лілеі белыя заснулі.
Сон лілей –
Ад змяркання да світання.
Сон лілей –
Ад чакання да спаткання.
Сон лілей –
Ад маўчання да прызнання.
Сон лілей –
Ад кахання да кахання.
Не каханак твой – я твой паэт,
Ад сустрэчы нашае хмялею
І дару табе я не букет,
А чароўны белы сон лілеяў.
|
- Над местам – далікатны дождж (франц.).
|
|