Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(35)/2006
Галерэя
Год Яна Паўла ІІ

ПАД ЗНАКАМ СВЯТАСЦI

СВЯТЫ АЙЦЕЦ
На кніжнай паліцы
In memoriam

ВЕРШЫ
На шляху веры
Працяг размовы

ІЗНОЎ – РЭКЛАМА...
КАМУ Ж ЯНА ПАТРЭБНА
Постаці

РОДАМ З БЕЛАСТОЧЧЫНЫ
Культура

СПАДЗЯВАННЕ НА ВЕЧНАСЦЬ
Проза

З НОВЫХ ЗАПІСАЎ

МАЛЕНЬКІЯ ТАЯМНІЦЫ
Нашы святыні
На кніжнай паліцы

ПАКЛIКАННЕ
Слова святара

СВЯТАР СЁННЯ... НАВОШТА?
На кніжнай паліцы
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва


Мастак Сяргей Шэмет нарадзіўся ў Ашмянах у 1971 г. Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. Глебава (1987–1991), у Беларускай акадэміі мастацтваў на аддзяленні станковага жывапісу (1992–1998), у аспірантуры пры Акадэміі мастацтваў (1999–2001), у творчых майстэрнях акадэміка мастацтва М. Савіцкага.
Сябра Саюза мастакоў з 1999 г. Удзельнік шматлікіх выставаў у рэспубліцы і за мяжой. Удзельнік пленэра пры Будслаўскім санктуарыі (2004 г.).
 

СІНЯЯ ПТУШКА ШЧАСЦЯ –
ГЭТА БУДСЛАЎ

Пра выставу Сяргея Шэмета
«Ў пошуках сіняй птушкі»
ў Гародні ў галерэі Антонія Тызенгаўза

Выстава Сяргея Шэмета «У пошуках сіняй птушкі» працуе з 22 верасня 2005 г. Перад прэзентацыяй папрасіла ў мастака, каб падзяліўся са мной сакрэтамі свайго мастацтва. Пры нашай размове прысутнічаў Сяргееў бацька. У апошні час мала сустракаю людзей з так прыгожай душой, даверлівых і шчырых, такіх цёплых. Сяргей Шэмет вучыўся у савецкай школе, але ў яго мастацтве няма савецкай ненатуральнасці, таму што ён з дзяцінства прывучаны маліцца да Бога, мама яго навучыла...

Карціны на выставу прывезлі з Ашмянаў, таму што перад тым яны выстаўляліся ў Вільні. Першае, што я ўбачыла на выставе, гэта «Партрэт з кветкамі». За мінулае стагоддзе савецкія мастакі адбілі ахвоту нават глядзець на партрэты, таму што малявалі герояў працы, і, часцей за ўсё, гэта былі амбітныя бездухоўныя людзі. Мастакі постмадэрнізму пазбягаюць пісаць партрэты, але «Партрэт з кветкамі» з’яўляецца нечаканай завязкай у кампазіцыі выставы Сяргея Шэмета. Ён цёплы, шчыры, прыватны, але тыповы. На партрэце – гродзенская дзяўчына Наталля, якую я ведаю з дзяцінства і вельмі паважаю.

Мастак Сяргей Шэмет намаляваў яе як бы па-за часам. Разглядаючы яе прыгожы твар, безабаронны, рамантычны, але смелы, я падумала пра Вераніку, якая прарвалася праз кардон жаўнераў і выцерла Езусу пот белай хусцінкай, і ўспомніліся мне радкі Максіма Багдановіча: «І саліваліся ў жывы абраз ядыны той выгляд мацеры ды з воблікам дзяўчыны...»

Тонкім слоем святла абмаляваў мастак постаць дзяўчыны, з другога боку засланіў яе кветкамі, якіх аж зашмат на яе худыя плечы. А каля партрэта на выставе змешчаны карціна з букетам кветак, нацюрморт з ананасам, у якога раскошная нахабная чупрына, птах над магутным дрэвам.

Насупраць «Партрэта з кветкамі», каля снапка з белымі ружамі, змешчана духоўная візітка Гародні – «Каложская царква» ХІІ стагоддзя. Сяргей Шэмет прызнаецца, што гэта яго апошняя праца: «Цёплая, яшчэ фарба не высахла». Гарадзенскія мастакі любяць маляваць пейзаж з Нёманам і Каложай на крутым гарыстым беразе. Упершыню я аглядаю пейзаж з Каложай, з вокнаў якой сеецца шчодрае святло, што сагравае наваколле і нябёсы. Паміж буйных колераў дэкору крыжоў на сцяне віднеецца арка дзвярэй, якіх у сапраўднасці няма, але гэты прыём змяшчэння дзвярэй стварае ўражанне, што ў святыні моляцца: Каложа запрашае на малітву. Асеннія дрэвы навакол будынка сімвалічна нагадваюць пра яго старажытнасць. Агароджа Каложы нагадвае барты містычнага карабля, які плыве па стагоддзях на паліве духоўнасці да нябесных брамаў. Мастак умела карыстаецца святлом, яно сеецца не з вышыні, а з глыбіні.

У «Нашай веры» (№ 3 за 2002 г.) быў перакладзены артыкул расійскага філосафа Уладзіміра Салаўёва «Жыццё твораць людзі веры», у якім разглядалася сутнасць хрысціянства: «Храмавае, хатняе хрысціянства... ёсць фактам. Сусветнае хрысціянства... ёсць толькі заданнем...» Мастак Сяргей Шэмет бярэцца за такое заданне, ведаючы, што «свет выратуе прыгажосць». У Шэмета ёсць вялікае жаданне даваць доказ веры ў Бога праз мастацкую творчасць малітвай абразоў, развіваць талент веры.

Ёсць у Беларусі мясціны, асабліва мілыя нацыянальна свядомым людзям. На выставе Сяргея Шэмета менавіта так паказаны Гальшаны і Будслаў. Чаму Гальшаны? Гэтае мястэчка блізка ад Ашмянаў. Сяргей бываў там часта. Касцёл у Гальшанах быў адчынены, а ў Ашмянах – зачынены. Гальшаны – гэта важная магістраль беларускай гісторыі, тут вуліца пачынаецца з дарогі і пераходзіць у дарогу – з Трабаў у Вільню. Тут жылі князі Сапегі. Тут кароль Ягайла закахаўся ў Зоську Гальшанскую. Тут Валодзя Караткевіч знайшоў сюжэт рамана «Чорны замак Альшанскі».

На выставе Гальшаны паказаны з боку ракі Гальшанкі: «Верасень у Гальшанах» вечаровы, барвовы, смутны, аж хочацца плакаць чыстымі слязьмі. Кароўка пасе рэчку Гальшанку і дамы на ўзвышшы – сама такая прыгожая, свойская... Пейзаж «Таямніцы Гальшанскага вечара» – светлы, вясёлы, з той жа Гальшанкай. На карціне «Сельскі матыў» – кузня ў Гальшанах: тры дужыя хлопцы з мудрымі тварамі філосафаў падкоўваюць трох коней, дакладней, на чырвонага коніка накладваюць падкову, а белы і вараны побач перажываюць... цярпліва.

Найболей месца на выставе Сяргея Шэмета займаюць пейзажы і карціны з Будслава, створаныя пасля пленэра 2004 года. Гэты духоўны пленэр да 500-годдзя Будслава быў вельмі важным у творчасці мастака, у паглыбленні яго майстэрства. Гродзенскі мастак Алесь Аўчыннікаў, які бачыў творы Сяргея Шэмета на выставе ў Ашмянах, здзіўляецца, што за два гады мастак зрабіў такі рывок у сваёй творчасці, вызваліўся ад залежнасці настаўнікаў. Галіна Багданава ў публікацыі «Пленэр пад знакам духоўнасці» піша пра Сяргея Шэмета: «Мастак... уразіў вельмі сучасным, па сутнасці постмадэрнісцкім прачытаннем біблейскіх сюжэтаў». У Будславе Сяргей Шэмет знайшоў сваю сінюю птушку шчасця, як ён сам сказаў: «Расплюшчы вочы і глянь у глыбіню душы. Ты адчуеш яго (шчасце) у ціхай малітве і ў сваім абуджаным найпрыгажэйшымі пачуццямі сэрцы, убачыш у лагоднай прыродзе Беларусі».

Пейзаж «Квітненне красавіка» – самы прыгожы пейзаж на выставе.

На ім – рэчка Сэрвеч з роўнымі берагамі, кустоўе, дрэўцы, сенажаць і чыстае неба, пазалочаныя святлом самыя кончыкі, вяршынькі лісця, і чысціня. Таямніца чысціні. Маці Божая ў беззаганным вобразе зляцела з ясных далячыняў на сенажаць у кветках на гэты беражок у таночку анёлкаў. Пейзаж «Далёкае возера» – гэта, магчыма, Браслаўшчына. Возера ў тым самым атачэнні кустоў і дрэваў, а на пярэднім плане – дзве дзяўчыны, апранутыя толькі ў валасы на галоўках і, магчыма, у вяночкі з васількоў, на пясчанай латцы берагу сярод кустоў. «Яны загараюць», – неяк цёпла сказаў мастак. А сярэдзіна возера як бы выгнутая ўверх, светлыя цені на хвалях, ажно хочацца пайсці туды, паглядзець зблізку, хто ж там такі празрысты ходзіць па паверхні возера. Мастак заваблівае ў сваю таямніцу. Як сказала Наталля Маліноўская пра пейзажы Сяргея Шэмета: «Мастак валодае вытанчанай тэхнікай жывапісу, сумяшчае здабыткі старых майстроў з эксперыментальнымі пошукамі самога сябе».

На выставе змешчаны два абразы з біблейскімі сюжэтамі. «Звеставанне» – дасканалы сакральны абраз, які мае права заняць месца ў касцёле. «Анёл увайшоў да Яе і сказаў: «Вітай, поўная ласкі! Пан з Табою, благаславёная Ты між жанчынамі... І сказала Марыя: вось Я – Слуга Панская, няхай мне станецца паводле Твайго слова...» (Лк 1, 28.38). У мастацтве сюжэт «Звеставанне» мае розныя кампазіцыі. У Сяргея Шэмета постаць арханёла Габрыэля намалявана толькі да пояса, рэшта губляецца ў прасторы, ствараючы адчуванне незямнога бытавання. Гэты абраз паглыбляе ўяўленне важнай падзеі, з якой усё пачалося ў хрысціянстве. Любоў Бога нельга разглядаць у людскіх вымярэннях. Бог перадае Марыі прамень, які праз руку анёла трапляе ў Яе пакорную руку і распальвае ў Яе грудзях полымя ахвярнай любові, адкрытасці на Божую ласку. Лілея – сімвал чыстасці, змешчана на гэтым промні. Святло з грудзей Марыі рассейваецца навокал, анёльскія блакітныя крылы, як веер, трымаюць гэтую яснасць над Яе галавой, як бы суцішваюць пажар сэрца. «Яго „Звеставанне” – гэта дзіўны пазачасавы дыялог акрэсленых няўлоўным нябесным святлом вобразаў», – піша Галіна Багданава. Ёсць у творах Сяргея Шэмета і традыцыйныя дэталі – адкрытая кніга і знічка. Светлы праём прасторы, светлае акно, у якім дзеецца гэтая размова, выдзелена мастаком, выведзена за часавае вымярэнне.

Другі абраз – «Святая Сям’я па дарозе ў Егіпет». «Анёл з’яўляецца ў сне Юзафу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і ўцякай у Егіпет... бо Ірад хоча шукаць Дзіця, каб Яго загубіць...» (Мц 2, 13).

Мастак кампазіцыйна ставіць гэтую Святую Сям’ю ў цэнтры жыцця чалавецтва, паказвае Яе велічнасць, бо Яна абароненая Божым святлом у выглядзе піраміды, якая сімвалізуе канчатковую мэту падарожжа – Егіпет. Еднасць, святасць, замілаванне, узаемная любоў і бязмежны давер – аснова кожнай сям’і. Кожная сям’я мусіць быць святой. Цяпло ідзе з гарачых грудзей Марыі. Вышэй за галаву Юзафа – толькі вяршыня піраміды. У руках Юзафа – адна трысцінка. Вочы ў восліка агністыя, гарачыя. Вушкі трывожна прыгнутыя. Навокал няма ніякіх прадметаў, толькі ледзь заўважная палоска зямлі, адно нябёсы, у якіх у сонечным коле птушка паказвае Сям’і дарогу. Асабіста мне (я ўсё ж не мастацтвазнаўца) не хапае выявы дарогі і ног восліка на карціне, таму я не ўспрымаю яе як абраз. І ці варта замяняць анёла з Евангелля птушкай?

У часопісе «Наша вера» (№ 4 за 2003 г.) ёсць рэпрадукцыя фрэскі Джотто «Уцёкі ў Егіпет» (1305 г.) з капліцы ў Падуі. На тым творы шмат людзей ідзе па дарозе ў Егіпет, іх постаці меншыя, чым постаці Святой Сям’і, Юзаф вядзе восліка, на якім едзе Марыя з Езусам. Там адчуваецца рух і ў дарозе, і ў часе, у стагоддзях. Але капіраваць мастакоў мінулага Сяргею Шэмету няма патрэбы, варта толькі вучыцца ў іх эфекту паглыблення ў рэальнасць, што мастак і робіць, аднак у евангельскіх сюжэтах трэба быць вельмі асцярожным у інтэрпрэтацыі.

Няма на гродзенскай выставе абраза «Спасланне Духа Святога», таму раскажу пра яго паводле рэпрадукцыі. Гэта сюжэтная карціна, на якой шмат постацяў апосталаў, на пярэднім плане – св. Магдалена з адкрытым сэрцам, у глыбіні залы – Маці Божая.

Апосталы стаяць па два бакі залы, з тварамі, павернутымі ў сярэдзіну. Кожны іначай эмацыйна ўспрымае Духа Святога, якога спасылаюць зверху два анёлы: вогненныя языкі мастак намаляваў паралельнымі светлымі палоскамі зверху ўніз, а на падлозе адцяніў іх, паўтарыў светлымі ценямі.

Абраз Маці Божай на ўсіх карцінах Сяргея Шэмета адзін і той самы – гэты вобраз адпавядае ідэалу яго душы – гэта Маці Божая Будслаўская, Апякунка Беларусі. Мастак стварае вобраз Маці Божай Будслаўскай у велічнай кароне, апускае Яе на зямлю, але не ператварае ў звычайную зямную жанчыну, ажыўляе яе: крыху падоўжыў постаць, нахіліўшы ўбок, павялічыў дэколь сукенкі, агаліў шыю, левае плячо, крыху параскідаў ручкі і ножкі Немаўляці, дазволіўшы Яму лёгка ўсміхнуцца. Кветкі на сукенцы не вышываў, толькі ценямі нагадаў пра іх. Атрымаўся той самы абраз – Боскі, але цёплы, дынамічны. Анёлы-ахоўнікі ў верхніх кутках карціны напамінаюць пра тое, у якім часе апынулася Мадонна. Хацелася б, каб анёлы Сяргея Шэмета набылі індывідуальныя рысы твараў, што адметна ў традыцыі нашых касцёлаў.

Абраз «Маці Божая Будслаўская» прыгожы сваім малітоўным настроем, але ён не ствараўся для касцёльнай практыкі. Сяргей Шэмет як місіянер хоча даць Маці Божай месца ў вялікіх залах у свецкім жыцці, каб усюды панавала шчырасць, малітоўная атмасфера.

Другі абраз з Маці Божай Будслаўскай мастак хацеў назваць «Мадонна ХХІ стагоддзя», але канчаткова спыніўся на назве «Мадонна Будслаўская». Гэта драматычны абраз – твар Мадонны пазначаны пакутаю, вочы пачырванелі ад болю, намітка на плячах кароткая, сонца за плячыма зрушылася, кветкі на сукенцы пахіленыя, як на полі ад ветру. Войны, стыхійныя беды, грахі людскія раняць Мадонну, але Сын трымае ў руцэ спелы яблык сусвету – і гэта значыць, што вера пераможа страх.

Будслаўскі касцёл асветлены знізу ўверх шырокай паласой святла, над вежамі касцёла, у небе, у святле – абраз Маці Божай Будслаўскай у драўлянай раме, нібы ў алтары касцёла. А навокал неба – узрушанае, неспакойнае, грымотнае, навальнічнае. Кожны год 2 ліпеня, калі ў Будславе на палявым алтары адбываецца галоўная Эўхарыстыя, ідзе дождж. Неба акрапляе сваіх пілігрымаў святой вадой. Такі абраз «Будслаў». Сапраўды, Сяргей Шэмет наблізіўся да самай глыбіні Будслава. Перад тым, як скочыць у плынь ракі ў гарачы поўдзень, большасць людзей спыняюцца на нейкі момант на беразе...

У ацэнцы абраза заўсёды функцыянуюць два крытэрыі – мастацкі і духоўны. Апрача мастацкага таленту, патрэбна нешта, што называецца «талентам веры». Творца, які бярэцца за стварэнне духоўнага мастацтва, павінен падыходзіць да гэтага як да рэлігійнага акту, павінен мець малітоўны вопыт.

Мастакі духоўнага пленэру 2004 г. у Будславе, сярод якіх быў Сяргей Шэмет, малявалі касцёл і Мадонну над яго вежамі не ў рэалістычным вымярэнні, не на рэальным грунце. За ўзор яны мелі гравюру ксяндза Зеляевіча, на якой на даляглядзе неба і зямлі над вогнішчам з’яўляецца Маці Божая з Дзіцем у акружэнні анёлаў. Касцёл і будынкі ў наваколлі маюць выгляд графічны, як на тапанімічнай карце.

Мастачка Вольга Гардзіёнак з тых самых складнікаў, якія ёсць на гравюры, стварыла каляровую кампазіцыю, падобную да дзіцячай мазаікі: Маці Божая ў кароне прысела каля вогнішча, як Пастушка зорак і ўсяго, што ёсць на свеце.

Добра, што на пленэры былі і католікі, і праваслаўныя. Яны ж разам маліліся да Маці Божай – і гэта найлепшы прыклад экуменізму.

У часе працэсіі са свечкамі каля палявой выставы пленэрных твораў гарэлі знічкі, як і ў руках вернікаў.

Вядома, гэты духоўны пленэр – гэтая першая ластаўка – не мог ахапіць усіх праблемаў духоўнага мастацтва. І ўсё ж дапамог пленэр гэтым выбраным мастакам зразумець ролю духоўнасці ў працэсе творчасці. Сродкі мастацкага выяўлення – плямы, лініі – няўмольна паказваюць унутраны стан чалавека, выкрываюць яго разгубленасць, злосць, няшчырасць – гэты чуйны барометр не ашукаеш.

Мастак, які бярэцца за духоўную тэматыку, мусіць стварыць прастору спакою, кантэмпляцыі. «Талент рэалізуецца, калі чалавек, ім надзелены, не забывае дзякаваць Богу, усведамляе, што гэта не яго заслуга, а дар Божы, з якім трэба супрацоўнічаць, як з сакрамэнтальнай ласкай» (Міхал Ермашкевіч ОР, «Наша вера», № 1, 2005 г.). Трэба мець досвед малітвы, а духоўнае мастацтва ёсць істотная дапамога ў развіцці духоўнага жыцця, як дарога да святасці. Без адчування жыцця Касцёла брацца за духоўную тэматыку – святатацтва, грэх.

«Мастак мусіць быць там, дзе святло і чысціня», – піша Галіна Багданава. Гродзенская выстава «У пошуках сіняй птушкі» Сяргея Шэмета мае вялікі поспех: добрая энергія, цяпло ў прасторы залаў, дзе выстаўлены пейзажы, абразы, птушкі, рыбкі, вербачкі з велікоднымі яйкамі, снапкі кветак у гаршках і збанках, пра якія мастак Сяргей Шэмет кажа, як пра дзяўчат: «Не хацеў бы, каб іх пазнавалі...»

Няхай Маці Божая апякуецца прыгожым талентам веры мастака Сяргея Шэмета.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY