Пра ўсмешку ў касцёле
У касцёле часам трэба ўсміхацца
Маці Божай, якая стаіць на вужы, як на высокіх абцасах;
святому Антонію, каля якога бляшаныя воты вісяць, як негрыцянскія маскі;
педанту, які ўвесь час сапе, як у помпку, спаведніку ў вуха;
худзенькаму клерыку, якога кормяць грудзьмі тэалогіі;
сужэнцам, што, уваходзячы ў крухту, пялёхаюць у крапільні пярсцёнкі,
як залатыя рыбкі;
казанню, якое яшчэ не распачалося, а ўжо скончылася;
маралісту, які нават у часе адарацыі грызе костку догмаў;
дзецям, што праз памылку пачалі дэкламаваць: Анёле Божы, не будзі мяне,
даўжэй дай застацца ў салодкім сне;
насупленаму біскупу, які, седзячы на троне, распроствае свае нервы;
закаханым, што параскручвалі сэрцы на чулыя часткі;
экзістэнцыялісту, што, як рыжы ліс, пераносіць адзіноту з
аднаго месца ў другое;
слязіне, што бегае ад канфесіянала да канфесіянала, як свойская мышка;
нават смерці, як беспамылковай гадзіннікавай стрэлцы.
|