Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(35)/2006
Галерэя
Год Яна Паўла ІІ

ПАД ЗНАКАМ СВЯТАСЦI

СВЯТЫ АЙЦЕЦ
На кніжнай паліцы
In memoriam

ВЕРШЫ
На шляху веры
Працяг размовы

ІЗНОЎ – РЭКЛАМА...
КАМУ Ж ЯНА ПАТРЭБНА
Постаці

РОДАМ З БЕЛАСТОЧЧЫНЫ
Культура

СПАДЗЯВАННЕ НА ВЕЧНАСЦЬ
Проза

З НОВЫХ ЗАПІСАЎ

МАЛЕНЬКІЯ ТАЯМНІЦЫ
Нашы святыні
На кніжнай паліцы

ПАКЛIКАННЕ
Слова святара

СВЯТАР СЁННЯ... НАВОШТА?
На кніжнай паліцы
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва

Артуро МАРЫ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ

Успаміны асабістага папскага фатографа Артуро Мары, які быў адным з найбліжэйшых да Яна Паўла ІІ людзей, дапамогуць глыбей пазнаёміцца з асобаю Вялікага Папы. Ян Павел ІІ і яго фатограф бачыліся амаль штодзённа, і паміж імі існавалі блізкія даверлівыя адносіны. Артуро Мары назіраў бязмежную любоў мільёнаў людзей да Святога Айца, але часам заўважаў і халоднае адчужэнне, і непрыманне. Ён быў сведкам усіх найважнейшых падзеяў у жыцці Папы, а таксама мог назіраць за ім тады, калі нікога іншага паблізу не было: падчас малітвы, у рэдкія хвіліны адпачынку...

Гэты матэрыял быў падрыхтаваны на падставе размовы Артуро Мары з Ганнай Марыяй Гізай, якая адбылася яшчэ пры жыцці Яна Паўла ІІ.

 
Першы здымак

...Стоячы на плошчы Святога Пятра каля каланады, я, як і ўсе, задраўшы галаву, глядзеў на дым, які строма ляцеў у неба, і думаў: «Вось і здарылася! Пачынаецца „мой пяты пантыфікат“». Але ў мяне і ў думках не было, што выбраны Папа — іншаземец.

Першыя словы, якія Ян Павел ІІ прамовіў з вакна бібліятэкі да сабраных перад базылікай святога Пятра натоўпаў, былі: «Пахвалёны Езус Хрыстус!» «Божа мой, — падумаў я, — ніхто так не пачынаў пантыфікату!» «Пахвалёны Езус Хрыстус!» — я марыў пра пантыфікат, які пачаўся б менавіта так. І раптам новы Папа кажа: «Я прыходжу з далёкай краіны; калі памылюся, паправіце мяне». Замест таго, каб сказаць па-італьянску «папраўце мяне», ён сказаў «паправіце мяне», — ужо з самага пачатку памыліўся! Пасля дадаў: «Калі памылюся, дапамажыце мне!».

Гэта было неверагодна! Ён сказаў гэта не па-італьянску. Ён сказаў гэта ПА-ЧАЛАВЕЧЫ. Уся плошча Святога Пятра ашалела! Выбухнулі воплескі, авацыі. Людзі зразумелі тое, што ім сказаў Папа: «Мне патрэбная ваша дапамога!». Ніхто ім такога ніколі не казаў! І тады яны прынялі гэтага іншаземца, бо зразумелі, што ён хоча служыць ім, што хоча служыць Касцёлу. Зразумелі, што гэта — іх Папа, іх уласнасць. І тое, што тады здарылася, было як цуд. Пацвярджалася гэта ўзрушэннем, якога я ніколі раней не бачыў на плошчы Святога Пятра. Але пазней я шмат разоў назіраў, як па-асабліваму людзі рэагавалі на яго прысутнасць. На яго словы.

...Праз пятнаццаць хвілін я зрабіў першы яго здымак. Тады я ўжо ведаў, каго здымаю, якога ўзроўню чалавек перада мною.

Праз тыдзень на інаўгурацыйнай святой Імшы Ян Павел ІІ сказаў гэтую найважнейшую фразу: «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!». Зыходны пункт сваёй веры шукай у Хрысце, — так я гэта зразумеў. Не бойся! Не бойся сведчыць пра сваю веру! Жывы Касцёл — гэта Касцёл, які вандруе, які сустракае на сваім шляху розных людзей: бедных, багатых, няверуючых, разгубленых, а таксама іншаверцаў. І заклік Папы азначаў таксама: не бойцеся адкрыць сэрцы для гэтых людзей. Не бойцеся выслухаць, прыгледзецца зразумець. Ніхто да гэтага так не казаў. Язык веры, якім карыстаўся Ян Павел ІІ, цалкам адрозніваецца ад таго, які мы ведалі раней. І гэта таксама як цуд! У адваротным выпадку фраза «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!» не разнеслася б па ўсім свеце.

 
Па гарах ходзіць Бог

У італьянскіх Альпах,
ліпень 1999 г.
Я, жыхар Рыма, не ведаў, што зусім недалёка ёсць штосьці настолькі цудоўнае, як Мэнтарэла, што такое ўвогуле існуе. Гэты цудоўны санктуарый знаходзіцца нават не ў гарах, а на ўзвышшы, аднак адасоблена ад свету. Калі Святы Айцец вырушыў у сваю першую папскую пілігрымку, — а гэта цяжка назваць інакш, — менавіта ў Мэнтарэлу, я, безумоўна, быў разам з ім. І перажыў захапленне! Я ўбачыў цудоўны аазіс спакою, здалёк ад усяго свету. Месца, якое проста запрашае да разважанняў, да глыбокай медытацыі і малітвы. Я думаю, Папа менавіта таму так часта наведваў яго з вялікім задавальненнем.

— Святы Айцец калісьці сказаў, што Мэнтарэла — гэта такое месца, дзе прасцей размаўляць з Богам. Там проста зямля бліжэй да неба.

Сапраўды, ёсць такія цудоўныя месцы: Сант’яга-дэ-Кампастэла, Валле д’Аоста ці Азіяго ў гарах. Калісьці ў Сант’яга-дэ-Кампастэла я перажыў вельмі моцнае ўзрушэнне.

Пасля апоўдня ў Святога Айца быў вольны час — гучыць дзіўна, ці не праўда? — але гэта было так: у яго быў вольны час. Скончыліся афіцыйныя сустрэчы, аўдыенцыі і абавязкі. Ён сказаў, як звычайна: «Я пайду на шпацыр па шляху пілігрымаў», — і пайшоў. Я, вядома, пайшоў за ім. Праз нейкі час я ўбачыў, як ён узбіраецца на скалу, узыходзіць на яе і сядае на зямлю пад вялікім дрэвам з дуплаватым камлём. Калі я ўбачыў яго на гэтай скале, аж знямеў. Хутка зрабіў здымак... Ён сядзеў там пад аховаю галінаў, абапёршы галаву на рукі, складзеныя на кіёчку, і кудысьці глядзеў... Божа мой, дзе ён тады быў... дзесьці вельмі, вельмі далёка і вельмі, вельмі высока. Яго вочы былі цалкам адсутныя. Я не ведаў, шо мне рабіць, адчуваў, што ён дзесьці, куды я не магу трапіць... Я баяўся за яго... Людзі, якія праходзілі, падалі на калені і маліліся... «Божа, як я магу яго ахоўваць, калі Ты так далёка яго забіраеш?» — думаў я.

Мне ўзгадваецца яшчэ адна сітуацыя, якая мела месца на гэты раз у Валле д’Аоста на вышыні трох тысячаў метраў. Ён зайшоў у адно месца, якое сабе аблюбаваў, і сядзеў там на маленькім складным крэселцы з неад’емным брэвіярыем і ружанцам у руках. Я падумаў: «У гэтым месцы трэба яго сфатаграфаваць». У гэтую хвіліну Святы Айцец сказаў: «Артуро, паглядзі на неба!». Ён сказаў гэта такім дзіўным голасам, што фотаапарат ледзь не выпаў з маіх рук. Я хутка паглядзеў на яго і сказаў: «Як жа часта Бог дазваляе нам, людзям, быць удзельнікамі Яго моцы і ласкі!». Мурашкі пабеглі ў мяне па спіне, калі ён адказаў: «Памаўчы! Лепш давай памолімся!».

«Ах, Папа ў адпачынку! Ах, Папа ў гарах!» — кажуць людзі. «Папа адпачывае!» А я вам кажу, што ніякі гэта не адпачынак! Гэта такі асаблівы момант затрымкі, калі Папа ўваходзіць у вельмі блізкі кантакт з Богам. Менавіта дзякуючы гэтым хвілінам пазней з’яўляюцца такія прыгожыя, мудрыя энцыклікі, пасланні да дзяцей і да хворых... Не адпачынак дае такі плён... Толькі цалкам аддаючы сябе служэнню Богу, Святы Айцец найбольш служыць людзям.

Я лічу, што калі б усе маглі маліцца хоць напалову гэтак жа інтэнсіўна і з такою ж сілаю, як Ян Павел ІІ, то экуменічная місія — адно з найважнейшых заданняў яго пантыфікату, не сустракала б столькі перашкодаў, а экуменічны дыялог, вялікім прыхільнікам якога з’яўляецца Ян Павел ІІ, не перапыняўся б з любой нагоды. Таму мне не хочацца казаць пра іншыя рэлігіі. Я магу сказаць толькі вось што: Святы Айцец ходзіць па гарах не так, як кожны звычайны чалавек. Ён ходзіць няспешнаю хадою, глядзіць у бязмежнае неба і моліцца. І з гэтай малітвы чэрпае сілу і энергію.

Я ведаю яго малітвы, якія ён уводзіць у жыццё, каб служыць чалавеку, а не сваёй славе. Каб служыць народам і рэлігіям... Чыніць любоў — вось яго малітва. Так і просіцца на вусны пытанне: хто зрабіў першы крок і, пакінуўшы Ватыкан, наведаў рымскую сінагогу? Ян Павел ІІ, які, уваходзячы ў юдэйскі дом малітвы, сказаў: «Паклонімся старэйшым братам у веры». І чым быў сустрэты гэты святы чалавек дыялогу рабінам варшаўскай сінагогі падчас візіту Яна Паўла ІІ у польскі парламент? Я да сённяшняга дня не магу забыцца пра яго прымітыўныя і недарэчныя словы.

Ян Павел ІІ можа ўвесці ў жыццё ўсё тое, што вымольвае, а іншыя — не. Я бачу гэта штодня, дакранаюся да гэтага сваімі рукамі, адчуваю гэта на ўласнай скуры... І гэта не пытанне гары. Гэта або адчуваецца, або не. І не мае значэння сацыяльны статус, становішча ў іерархіі ўлады, прыналежнасць да культуры ці рэлігіі...

 
Калі я кажу, што гэты Папа — святы...

З маці Тэрэзай сярод невылечна хворых. Індыя, 1986 г.
...то маю на ўвазе, што ўсё, што ён робіць, — гэта суцэльнае вялікае пакорнае служэнне людзям, народам, Цэрквам, рэлігіям. Калі ён выязджае з Рыма, каб прамовіць з трыбуны ААН, пра што тады гаворыць? Пра справядлівасць і мір. Калі выязджае з Рыма, каб выступіць на сустрэчы Сусветнай рады Цэркваў перад прадстаўнікамі ўсіх Цэркваў з усяго свету, пра што ён гаворыць? Пра мір, пра малітву, пра дыялог паміж рэлігіямі. Калі ў штаб-кватэры Міжнароднай арганізацыі працы ў Швейцарыі ён сустракаецца з тымі, хто прадстаўляе свет працы, пра што гаворыць тады? Пра правы чалавека, пра годную працу, пра дыялог, пра малітву і Евангелле. Калі праходзіць у сінагогу, то пакорна «кланяецца старэйшым братам у веры». Ён заўсёды перадае тое, чаму вучыцца ад Бога.

Я памятаю, як у 1994 годзе, у год асаблівых фізічных пакутаў Папы і разам з тым — у Год Сям’і, Ян Павел ІІ выйшаў з клінікі Джэмэллі пасля аперацыі на сцегнавой косці. Выйшаў за чатыры дні да афіцыйнага візіту ў Ватыкан прэзідэнта Злучаных Штатаў Біла Клінтана, вядомага як прыхільніка абортаў. Ян Павел ІІ, які заўсёды рашуча змагаўся з тымі, хто дамагаўся законнага права на забойства ненароджаных дзяцей і нястомна адстойваў права на жыццё і правы сям’і, падчас малітвы «Анёл Панскі» спытаўся, чаму Папа ізноў павінен пакутаваць? «Таму што сям’я знаходзіцца пад пагрозаю і церпіць нападкі. (...) Праз некалькі дзён я буду вітаць вельмі важнага прэзідэнта. Пра што мне з ім размаўляць? Якія мне прывесці яму аргументы? Застаецца толькі аргумент пакутаў». Безумоўна, ён не меў на ўвазе сваіх асабістых фізічных пакутаў. Размова пра пакуты з прэзідэнтам Клінтанам будзе датычыцца свету, які знаходзіцца ў стане вайны. Вайны татальнай — за ўладу, за грошы, за наркотыкі, за нічога не вартыя кавалкі зямлі, а таксама вайны за права забіваць людзей, таксама і тых, што яшчэ не нарадзіліся. «Пра што мне з ім размаўляць?» — задаваў пытанне Папа. І вырашыў, што пра пакуты, бо, магчыма, гэты самы ўплывовы чалавек на свеце лепш зразумее, што такое пакуты.

 
Годнасць жанчыны

«Ад Святога Айца няма сакрэтаў...»
Хто з Папаў узняў столькі шуму вакол жанчыны — сапраўдную рэвалюцыю — патрабуючы да яе павагі і шанавання? Да гэтага часу да жанчыны часцей за ўсё ставіліся амаль як да рэчы. А Ян Павел ІІ сказаў: «Больш ніколі не павінна так быць, каб да жанчыны адносіліся як да рэчы!». Адлюстраваннем дэвізу гэтага пантыфікату «Totus Tuus» з’яўляецца

Багародзіца. Праз Багародзіцу адраджаецца становішча жанчыны: яна — адказная за сям’ю, якая нясе сваім дзецям Евангелле, рэалізуецца ў прафесійным, культурным і грамадскім жыцці. Пра такую жанчыну гаворыць Папа. І жанчыны ведаюць пра гэта! Доказы гэтага можна ўбачыць на кожнай аўдыенцыі, падчас кожнай пілігрымкі, у кожнай краіне. Толькі сляпы не ўбачыць, як паўсюль жанчыны горнуцца да яго. Яны жадаюць быць побач з ім, чэрпаць ад яго сілы. Гэта не пустыя словы — я гэта бачыў.

Падчас сваіх апостальскіх падарожжаў Ян Павел ІІ сустракаўся з рознымі жанчынамі, але ва ўсіх іх былі падобныя праблемы. Вельмі багатыя жонкі прэзідэнтаў, валадароў, каралёў і такія бедныя жанчыны, што ў іх вачах можна было ўбачыць голад. Але розніца культураў і сацыяльнага становішча адчувалася толькі да той хвіліны, калі Святы Айцец пачынаў з імі размаўляць пра сям’ю і дзяцей. З гэтага моманту заставаліся толькі праблемы. У адных гэта былі праблемы існавання, звязаныя з недахопам сродкаў на пражытак, у іншых праблемы аказваліся можа яшчэ больш небяспечныя — дабрабыт, наркотыкі, СНІД. Ад Святога Айца няма сакрэтаў, перад ім няма прывілеяваных. Багатая жанчына разумее, якою небяспечнаю спакусаю з’яўляюцца вялікія грошы і іх лёгкае атрыманне. Наколькі проста яе багатаму дзіцю стаць на кепскі шлях і апусціцца. А бедная жанчына знаёмая з пагрозамі, якія нясе з сабою беднасць. Яна разумее, што яе галоднае дзіця можа пачаць красці, і праз нейкі час ужо не толькі для таго, каб спатоліць голад. Разумее, што яе галоднае дзіця можа пайсці на вуліцу не толькі для таго, каб жабраваць, а і для таго, каб займацца прастытуцыяй.

«Totus tuus».
Святы Айцец на сваім шляху сустракаецца з гэтымі няшчаснымі жанчынамі і, размаўляючы з імі, трымае іх за рукі, як быццам жадаючы перадаць ім сваю сілу, і цярпліва тлумачыць ім, як любіць і берагчы дзяцей, як ратаваць сям’ю ў самыя цяжкія хвіліны. Ён кажа ім, што менавіта недахоп любові часцей за ўсё з’яўляецца прычынаю ўсіх няшчасцяў. Вочы гэтых маці напаўняюцца слязамі, а Святы Айцец умее чытаць у іх, як у адкрытай кнізе...

Немагчыма пералічыць усіх гэтых прыкладаў, але я ніколі не забудуся пра адзін выпадак, які здарыўся ў Тога, у Афрыцы. Ян Павел ІІ вяртаўся ў сталіцу з рэзідэнцыі прэзідэнта, якая знаходзілася за трыццаць кіламетраў ад горада. Раптам, без аніякага папярэджання, увесь картэж аўтамабіляў спыніўся пасярод дарогі, і ніхто не ведаў, чаму. Калі я даведаўся, што Папа, убачыўшы хаціны, злепленыя з саломы і бруду, што стаялі ўздоўж дарогі, пажадаў зайсці ў адну з іх і пазнаёміцца з яе жыхарамі, — я на хвіліну сумеўся. Але толькі на хвіліну. Хуценька выйшаўшы з машыны, я ўвайшоў у хаціну першым, паколькі гэта таксама мой абавязак.

Тое, што я ўбачыў, мяне папросту шакавала. На малой прасторы — ад сілы на некалькіх метрах — тулілася сям’я: маці, бацька і дзесяцёра дзяцей. Там быў такі нязносны смурод, што немагчыма было дыхаць. Паміж кухняю і спальняй — калі гэта наогул можна так назваць — былі чалавечыя экскрэменты. Я хуценька глянуў на Святога Айца, які ўвайшоў у хаціну адразу за мною і ў тую ж хвіліну ўбачыў тое самае, што і я. Як жа моцна я здзівіўся, калі замест таго, каб адразу ж выйсці на паветра, ён падышоў да жанчыны, да маці дзесяці дзяцей, працягнуў да яе рукі і абняў яе. Толькі пасля гэтага ён павітаўся з мужчынам і з усімі дзецьмі, якія, вядома, адразу да яго «прыляпіліся». Калі ж, нарэшце, мы ўсе выйшлі вонкі і я змог перавесці дух, то з сумам падумаў, што абсалютна не разумею таго, чаму гэтыя людзі так бедна жывуць, калі свет навокал такі прыгожы...

Афрыка, май 1989 г.
Праз хвіліну Папу пасадзілі за нейкі столік і ўся сям’я расселася вакол яго. Папа не звяртаў увагі ні на што і ні на каго, цалкам заглыблены ў тое, што казаў перакладчык-місіянер, які размаўляў на мясцовым дыялекце. Яны сядзелі на пэўнай адлегласці ад асобаў, якія суправаджалі Святога Айца, і размаўлялі напаўголасу, як быццам вялі вельмі інтымную размову. І, напэўна, яны не размаўлялі пра рэлігійныя адрозненні паміж імі. Хутчэй за ўсё, яны размаўлялі пра сям’ю і пра голад, бо праз нейкі час жанчына ўзяла ў рукі місу і паказала, што яна пустая. Погляды ўсіх былі скіраваныя на яе пустую місу. Святы Айцец таксама не мог адвесці ад яе вачэй. Місіянер сказаў, што з вадою таксама праблемы...

У чорных, як бліскучыя гузікі, вачанятах дзетак, што пазіралі на гэтага «дзядзечку ў белым», можна было прачытаць, што яны ад яго чагосьці вельмі моцна чакаюць, хоць і не адважваюцца ні пра што папрасіць. Ім, напэўна, і ў галаву ніколі не магло прыйсці, што такі цуд можа адбыцца. А галоўным была для іх не матэрыяльная дапамога, а тое, што яны былі разам: гэтая бедная жанчына са сваім мужам і дзесяццю дзецьмі і ён — хрысціянін і пілігрым. І немагчыма было не ўбачыць, што яны проста шчаслівыя ад гэтай сустрэчы.

У афрыканскай хаце. Люты 1982 г.
Ян Павел ІІ так часта не трымаўся пратаколу і паводзіў сябе нестандартна, што ўсе да гэтага ўжо прызвычаіліся. Ну, хіба што, за выключэннем службаў бяспекі (Артуро Мары смяецца)... А можа, гэта і не былі «нестандартныя паводзіны», а проста ён сапраўды ведае, дзе людзі яго чакаюць, і ідзе туды. Падчас пастырскага падарожжа ў Польшчу таксама была падобная сітуацыя...У духоўным сэнсе паміж гэтымі дзвюма падзеямі, безумоўна, не было аніякай розніцы, хоць знешне яны і розніліся... Змянілася акружэнне, і дом у Польшчы быў лепшым. Да таго ж, у Польшчы не трэба было карыстацца паслугамі перакладчыка. Але праблемы паўсюль аднолькавыя: што ў Польшчы, што ў Афрыцы, што ў любым іншым месцы на свеце — паўсюль ёсць людзі, якім цяжка жыць. І позіркі ў людзей паўсюль аднолькава напаўняе надзея, калі Святы Айцец трымае іх рукі ў сваіх далонях, так, як быццам ад гэтага жэсту залежыць іх жыццё, як быццам ад гэтага жэсту ўсё павінна змяніцца. А Папа задае ім пытанні... У Тога ён пытаўся, ці тыя людзі ў стане пражыць, у Польшчы пытаўся пра ўраджай, пра тое, ці працавалі ў полі дзеці, ці хопіць ім сабраных пладоў на тое, каб утрымліваць сям’ю.

...Простым вокам было відаць праславутыя сто ліраў на месяц. Я аглядаў гэты ўтульны чысты дом і думаў, што лепш бы не бачыць таго, што тут звонку робіцца, скажам, падчас залевы. А Святы Айцец ізноў глядзеў у вочы жанчыны, трымаючы яе за руку, як быццам жадаючы перадаць ёй усе свае сілы.

Мне здаецца, што калі б не жанчына, не маці, якая нейкім цудам усё гэта можа ахапіць, упарадкаваць і напоўніць сэнсам, настала б татальная анархія. Усё б развалілася.

Матэрыял і фотаздымкі да яго друкуюцца паводле альбома
«Święty Ojciec. Arturo Mari. Wspomnienia i fotografie»
з дазволу выдавецтва «Biały Kruk» (Польшча).

Пераклад М. Гракава


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY