|
|
№
1(35)/2006
Галерэя
Год Яна Паўла ІІ
На кніжнай паліцы
In memoriam
На шляху веры
Працяг размовы
Постаці
Культура
Проза
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
Слова святара
На кніжнай паліцы
Паэзія
Нашы святыні
Мастацтва
|
Калі ў кастрычніку 1978 г. пасля смерці Яна Паўла І адбыўся выбар новага Папы Рымскага, мало хто з каталікоў нашай краіны ведаў нешта пра кардынала з Кракава Караля Вайтылу, які абраў імя Яна Паўла ІІ, але пасля амаль 28 гадоў яго пантыфікату ўвесь свет, у тым ліку і жыхары Беларусі, глыбока смуткаваў з прычыны яго смерці. У дзень пахавання ва ўсіх касцёлах краіны прайшлі жалобныя набажэнствы. Прадстаўнікі розных канфесій падзялялі смутак каталікоў з-за адыходу ў вечнасць Архіпастыра Паўсюднага Касцёла. Сродкі масавай інфармацыі асвятлялі гэтую падзею, амаль аднагалосна сцвярджаючы, што адышоў у вечнасць Вялікі Папа. Апошнія гады, месяцы і дні жыцця Вялікага Папы былі пазначаны пакутаю і цярпеннем. Ён мужна пераносіў усё і да канца застаўся тым, хто будуе масты, што азначае сама назва Pontifex Maximus. Нават сваім цярпеннем Ян Павел ІІ даваў сведчанне глыбокай веры ў Бога і бязмежнай любові да людзей, якая праяўлялася ў імкненні да сустрэчаў з імі. Адыход у вечнасць Вялікага Папы дае нам мажлівасць глыбей задумацца над вучэннем Пантыфіка, якое Касцёл атрымаў ад яго ў спадчыну. Гэта і ўзноўлены кодэкс Кананічнага Права Лацінскага Касцёла і Усходніх Цэркваў, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, Кампендыум Сацыяльнай навукі Касцёла, другое і трэцяе выданні Рымскага Імшала, энцыклікі, адгартацыі, пастырскія лісты, прамовы, гаміліі, катэхезы на розныя тэмы ў залежнасці ад акалічнасцяў і катэгорый людзей, да якіх яны былі скіраваныя. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі прыняла праграму па набліжэнню вернікам постаці і вучэння Папы Яна Паўла ІІ. Над яе рэалізацыяй ужо працуюць святары, кансэкраваныя асобы, свецкія людзі, каталіцкія выдавецтвы і рэдакцыі. Цяпер, калі Ян Павел ІІ абвешчаны Божым Слугою, яго працы і дакументы набываюць яшчэ большае значэнне, бо напісаў іх Папа, Намеснік Хрыста на зямлі, а яшчэ і чалавек, які жыў у святасці. Падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ адбылося шмат значных падзеяў у гісторыі Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Былі прызначаны першы на Беларусі кардынал і 5 біскупаў, адноўлены касцёльныя структуры, знішчаныя атэістычнымі ўладамі на ўсходзе і ў цэнтральнай частцы краіны ў 1917 годзе, а на захадзе – у 1939 годзе. Папа даў дазвол на адкрыццё Гродзенскай семінарыі і ўзнаўленне дзейнасці Пінскай. Чатыры абразы Божай Маці былі каранаваны Папскімі Каронамі. За час яго пантыфікату беатыфікавана 18 асобаў, жыццё якіх звязана з Беларуссю. На пачатку пантыфікату Яна Паўла ІІ пераважная большасць парафій на Беларусі ўсё яшчэ была пазбаўлена святыняў і святароў у выніку знішчальнай дзейнасці атэістычных уладаў, але ў час развітання з Вялікім Папам амаль усе буйныя гарады краіны мелі свае месцы культу і жалобныя перазвоны абвяшчалі аб страце Вялікага Пантыфіка, у многім дзякуючы намаганням якога была ўваскрэшана хрысціянская духоўнасць у нашым народзе. Ян Павел ІІ увёў Касцёл у новае тысячагоддзе хрыціянства. З розных нагодаў, акалічнасцяў ён нястомна звяртаўся са сваім словам да ўсіх хрысціянаў і людзей добрай волі. Папа распачаў традыцыю святкавання Сусветных Дзён моладзі і Міжнародных кангрэсаў сям’і, звярнуў увагу на мігрантаў і навукоўцаў, спартсменаў і вязняў. Кожны, хто прыналежаў да кагорты людзей, якія служаць чалавецтву, знаходзіў месца ў сэрцы гэтага Папы. Нават чалавеку, які пасягаў на яго жыццё, Папа не толькі прабачыў, але і адведаў яго ў турме, а ў Год 2000 Юбілею хрысціянства прасіў улады Італіі дараваць кару гэтаму злачынцу.
У студзені месяцы мы разважалі над энцыклікай Папы пад назвай «Каб усе былі адно», у якой Пантыфік, аналізуючы стан хрысціянскіх супольнасцяў у свеце, цяжкасці ў евангелізацыі, звязаныя з падзеламі хрысціянаў, паказвае вернікам шлях пераадолення гэтых падзелаў, якія цягнуцца з мінулых стагоддзяў. Усцешна, што ў нас ёсць тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў, які праводзіцца напрыканцы студзеня і звязаны са Святам Навяртання Святога Паўла Апостала. Падзел хрысціянаў на католікаў, праваслаўных і пратэстантаў існуе і ў нашай краіне, таму такія малітвы, паглыбленне ведаў аб экуменічным руху для нас вельмі актуальныя. Чалавек – не адзінокі востраў на зямным шары. Ён штодня карыстаецца з паслугі іншага чалавека і таксама служыць іншым. Таму важным і для католіка з’яўляюцца цёплыя чалавечыя адносіны да ўсіх людзей і сярод іх асабліва да тых асобаў, якія называюць сябе хрысціянінамі (бо прынялі хрост з вады ў Імя Пана нашага Езуса Хрыста), але пакуль што не належаць у паўнаце да той сям’і, імя якой Каталіцкі Касцёл. Аднак індыферэнтызм таксама не дапушчальны для католікаў. Сувязь з Папам Рымскім, карыстанне са збаўчай моцы Святых Сакрамэнтаў, апостальская пераемнасць традыцый з’яўляюцца фундаментам да далейшай дзейнасці Касцёла і таму яны проста неабходныя, без іх немажліва уявіць духоўнасць нашых вернікаў. Таму, молячыся з хрысціянамі іншых Цэркваў, мы дзякуем Богу за тое, што даў нам ласку (пераважнай большасці з нас) быць членамі той супольнасці, якую Ён заснаваў і захоўвае на працягу стагоддзяў. Вялікі Папа нагадвае, што трэба маліцца за тых хрысціянаў, якія вызначаюцца вераю ў гэтым зсекулярызаваным свеце, але яшчэ не належаць да поўнага адзінства, каб настала хвіліна і былі знойдзеныя адпаведныя спосабы наладзіць неабходную сувязь з усімі хрысціянскімі Цэрквамі, каб споўніліся словы Архіпастырскай малітвы Хрыста, скіраваныя да Бога Айца напярэдадні Мучаніцкай Смерці на Галгоце: «Каб усе былі адно». Касцёл — гэта супольнасць у дарозе да Хрыста. Кожны ў ім мае сваё заданне, але ёсць у ім таксама людзі, якія прымаюць заахвочванне Езуса, скіраванае да Марыі ў Бэтаніі, – «Яна найлепшую выбрала частку», – і аб’ядноўваюцца на гэтым шляху. Гэта – манаскія супольнасці, якія, захоўваючы свае Статуты, узнімаюцца на больш высокую ступень дасканаласці, да святасці. Пры розных абставінах Слуга Божы Ян Павел ІІ звяртаў увагу вернікаў на асаблівасці прызвання да служэння Богу, прымаючы святло евангельскіх запаведзяў. Пра гэта, згодна з нашым душпастырскім планам, разважаем у лютым месяцы. Ацэньваючы служэнне Божага Слугі Папы Яна Паўла ІІ, трэба падкрэсліць яго адметную рысу – вялікую ўвагу да чалавека і кожнага народа. Пра гэта сведчаць яго сустрэчы з прадстаўнікамі розных народаў і груп, шматлікія звароты да людзей розных узростаў і прафесій. Пантыфік заўсёды цікавіўся лёсам людзей, імкнуўся дапамагчы ў паглыбленні іх духоўнасці. Пантыфікат Яна Паўла ІІ прыпаў на той час, калі навука вынаходзіла новыя формы ўмяшання ў парадак, заснаваны Богам, – кланаванне, выкарыстанне стваловых клетак стала для свету не толькі сенсацыяй і магчымасцю камусьці здабыць большае багацце, а камусьці палепшыць сваё здароўе, але таксама стала і чарговай пагрозаю для будучыні чалавецтва з прычыны яго безадказнасці. Пантыфік не раз узнімаў свой голас за лёс слабой і безабароннай істоты, каб выразна і пераканальна тлумачыць навуку Касцёла па ўзнікшых праблемах у гэтых пытаннях. За час пантыфікату Яна Паўла ІІ на Беларусі было адчынена прадстаўніцтва Ватыкана – Апостальская Нунцыятура. І гэта не асобны выпадак, таму што падчас гэтага пантыфікату колькасць дыпламатычных пляцовак Ватыкана ва ўсім свеце значна павялічылася, што дало магчымасць лепш праводзіць новую евангелізацыю, аналізуючы сітуацыю ў краіне, якая можа станоўча альбо адмоўна паўплываць на працу душпастыраў. Асаблівым знакам пантыфікату сталі арганізаваныя ў сусветным маштабе кангрэсы, пілігрымкі, з’езды, сустрэчы, якія адбываліся не толькі ў Рыме, але і ў многіх іншых краінах. Яны станоўча ўплываюць на ўзмацненне сувязі паміж людзьмі з розных рэгіёнаў, краін і кантынентаў. Падчас такіх сустрэч людзі бліжэй пазнавалі адзін аднаго, пачыналі лепш разумець свае праблемы і праблемы іншых народаў. Можа, менавіта такія сустрэчы прычыніліся да таго, каб багатыя еўрапейскія дзяржавы даравалі даўгі бедным афрыканскім краінам. Гэты Папа шмат клапаціўся пра тое, каб юнакі і дзяўчаты з бедных сем’яў маглі атрымаць вышэйшую адукацыю. Стыпендыі, фонды падтрымкі і іншыя формы дапамогі былі арганізаваны менавіта па закліку і просьбах гэтага Пантыфіка. Маючы падтрымку Касцёла, здольная моладзь змагла атрымаць неабходную адукацыю, каб служыць чалавечай супольнасці сваімі грунтоўнымі ведамі. Асаблівую ўвагу ў сваіх працах і навучанні Ян Павел ІІ звяртаў на фармаванне хрысціянскага погляду на сужэнства і сям’ю. На працягу некалькіх гадоў кожную сераду падчас малітвы «Анёл Панскі...» і падчас аўдыенцый ён дапамагаў вернікам зразумець, якія сувязі павінны быць выпрацаваны паміж жанчынай і мужчынам, юнаком і дзяўчынай. Гэта быў своеасаблівы адказ на выклік зсекулярызаванага свету, у якім многія сапраўдныя каштоўнасці падменены самымі рознымі бажкамі. Далёкія краіны, народы, якія яшчэ не прынялі па-сапраўднаму Евангелля, былі прадметам асабістага клопату Папы. Запаляр’е, Сібір, Далёкі Усход, Крайняя Поўнач, Казахстан, Рэспублікі Сярэдняй Азіі знайшлі сваё месца ў сэрцы гэтага Пантыфіка. Сведчаннем гэтага былі пасланыя туды святары, арганізацыя касцёльных структур, завяршэннем якой сталі дыяцэзіі на чале з біскупамі. Такім чынам, Папа забяспечыў душпастырскую апеку многім католікам, якія ў пошуках працы і па іншых жыццёвых абставінах пакінулі традыцыйныя каталіцкія тэрыторыі і апынуліся на землях, дзе напрыканцы ХХ стагоддзя хрысціянства не было ніводнага крыжа, а іх жыхары не ведалі Бібліі. Пантыфік стаяў на чале Касцёла ў часы краху ў Еўропе атэістычных сістэмаў, ахвярамі якіх былі многія вернікі Каталіцкага Касцёла і іншых хрысціянскіх супольнасцяў. З прысутнай яму праніклівасцю ён заклікаў да збору сведчанняў веры, якія давалі хрысціяне ў часы жудаснага пераследу, каб паказаць свету святасць Касцёла, якая праяўляецца ў непахіснасці перакананняў і адданасці Хрысту многіх яго вернікаў. Беатыфікацыя і кананізацыя новых святых сведчаць і пра пераслед Касцёла у мінулым, і пра адданасць справе Касцёла яго членаў, якія неаднойчы выбіралі мучаніцтва, захоўваючы ў сэрцах ідэалы Евангелля.
|
|
|