Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(35)/2006
Галерэя
Год Яна Паўла ІІ

ПАД ЗНАКАМ СВЯТАСЦI

СВЯТЫ АЙЦЕЦ
На кніжнай паліцы
In memoriam

ВЕРШЫ
На шляху веры
Працяг размовы

ІЗНОЎ – РЭКЛАМА...
КАМУ Ж ЯНА ПАТРЭБНА
Постаці

РОДАМ З БЕЛАСТОЧЧЫНЫ
Культура

СПАДЗЯВАННЕ НА ВЕЧНАСЦЬ
Проза

З НОВЫХ ЗАПІСАЎ

МАЛЕНЬКІЯ ТАЯМНІЦЫ
Нашы святыні
На кніжнай паліцы

ПАКЛIКАННЕ
Слова святара

СВЯТАР СЁННЯ... НАВОШТА?
На кніжнай паліцы
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва

250 гадоў з дня нараджэння Вольфганга Амадэя Моцарта

СПАДЗЯВАННЕ НА ВЕЧНАСЦЬ

Перад катэдраю невялічкая грамадка сабраных выцягнулася ў жалобную працэсію і рушыла вуліцамі Вены ў бок брамы, за вярсту ад якой знаходзіліся могілкі. Надвор’е было дрэннае. Падаў снег з дажджом. Працэсія на вачах малела. Увесь час хтосьці моўчкі адыходзіў. Ад Штубэнтхор ніхто не адважыўся ісці далей. Вазніцы катафалка самі выканалі абавязак дастаўкі труны кіраўніцтву могілак, і назаўтра Моцарт быў пахаваны ў агульнай магіле для ўбогіх. Калі праз некалькі тыдняў Канстанцыя хацела наведаць магілу, ужо ніхто не змог ёй растлумачыць, дзе спачываюць астанкі яе мужа.

Так апісвае пахаванне Моцарта Стэфан Ярацінскі, польскі біёграф кампазітара. Моцарт памёр уначы з 4 на 5 снежня 1791 года, маючы няпоўных 36 гадоў. Без сакрамэнтаў. Можа таму, што жонка да канца не ўсведамляла, наколькі цяжкі стан хворага, а можа ксёндз адмовіўся ўдзяліць іх масону? – губляецца ў здагадках біёграф.

 
Атрута, чэрап і... паражэнне

У біяграфіі Моцарта ёсць шмат таямніцаў, а яго апошнія дні сталіся не толькі прыцягальнаю тэмаю для даследчыкаў, яны натхнялі таксама людзей мастацтва розных эпохаў. Многія памятаюць змрочную постаць Антонія Сальеры з фільма Мілаша Формана «Амадэй», пастаўленага на аснове твора Петэра Шаффера. Аднак Сальеры як змрочная постаць з’явіўся значна раней, у трагедыі Пушкіна «Моцарт і Сальеры». Чуткі пра тое, што Моцарт як быццам быў атручаны зайздросным кампазітарам, з’явіліся ўжо ў дваццатыя гады ХІХ стагоддзя. У 1952 годзе музыказнаўца Ігар Бэлза абвясціў, што гэта гіпотэза, якая дасюль лічылася абсурднаю, дакументальна пацвердзілася. Ярацінскі ў сваёй кнізе скептычна падыходзіць да гэтых сцвярджэнняў, аднак прыводзіць выказванне доктара Дытэра Кэрнэра, паводле якога праявы хваробы Моцарта супадаюць з сімптомамі хранічнага ртутнага атручвання. Толькі Кэрнэр не згадвае пра Сальеры...

Зразумела, гэта не адзіная гіпотэза, што датычыць прычыны смерці кампазітара. У ліку іншых магчымых прычынаў даследчыкі называюць таксама злосны грып, запаленне абалонкаў мозгу, хваробу Брыхта (нырак) і шмат што яшчэ.

Да ўсіх гэтых сумненняў нядаўна дадаліся чарговыя, звязаныя з чэрапам, які больш за сто гадоў захоўваецца ў Зальцбургу і які быццам бы належаў Моцарту. Даследаванні, якія правёў калектыў Вальтэра Парсана з Інстытута судовай медыцыны ў Інсбруку, мелі на мэце давесці, што ДНК з чэрапа падобныя да ДНК з косці жанчынаў, пахаваных у сямейнай грабніцы Моцартаў. Экспертыза закончылася поўнаю паразаю, бо аказалася, што жанчыны не толькі не былі сваячкамі ўладальніка чэрапа, але не мелі нават ніякіх сваяцкіх сувязяў паміж сабою. Такім чынам, замест вырашэння праблемы паўстала дадатковая загадка.

 
Ціхі масон

Таксама інтрыгуе факт прыналежнасці Моцарта да масонаў. За гэтаю гісторыяй верагодна хаваецца вялікая драма. Біёграф кампазітара Стэфан Ярацінскі піша, што Моцарт быў глыбока рэлігійны. Ён скампанаваў 19 Імшаў і 47 іншых твораў касцёльнай музыкі. Што праўда, большасць з іх з’явілася да 1780 года, калі Моцарт, пасля вострага канфлікту з арцыбіскупам Каллёрэда, перастаў выконваць функцыі прыдворнага кампазітара арцыбіскупскай капліцы ў Зальцбургу. Аднак цяжка сказаць, што рэлігійныя творы Моцарта з’яўляліся толькі выключна па замове. Гэтаму супярэчыць хоць бы Вялікая Імша c-moll, створаная ў 1782 годзе. Моцарт пісаў яе, выконваючы складзеную раней прысягу, што скампануе Імшу, калі Канстанцыя Вэбэр стане яго жонкаю. Цыкл рэлігійных кампазіцый з 1791 года, на чале з цудоўным «Ave verum», таксама мае глыбокі асабісты характар. Ярацінскі слушна заўважае, што напрыканцы жыцця творчасць Моцарта «становіцца ўсё больш адухоўленая, ачышчаецца ад налёту пустой забавы для вушэй». Усё больш у ёй засяроджанасці і інтымнасці.

З другога боку, немагчыма, напрыклад, абмінуць той факт, што опера «Чароўная флейта» ўгрунтавана на вольнамулярскай сімволіцы і мае ў сабе элементы масонскіх рытуалаў і цырымоній. Аднак здаецца, што прыналежнасць кампазітара да масанэрыі была, хутчэй, звязана з няпэўным грамадскім статусам і няпэўнаю матэрыяльнаю сітуацыяй, у якой ён апынуўся пасля канфлікту з арцыбіскупам. Пераходы з аднае ложы ў другую альбо думка пра заснаванне ўласнай ложы «Die Grotte» сведчаць пра тое, што Моцарт не адчуваў сябе там занадта добра. Зрэшты, як піша адзін з «братоў» Моцарта з ложы «Zur gekrönten Hoffnung» («Пад укаранаванаю надзеяй»), яны займаліся там галоўным чынам «ігрою і музыкаю, а таксама шматлікімі ўцехамі багата застаўленага стала».

 
Смерць – гэта ключ

Адным з ключавых элементаў біяграфіі Моцарта з’яўляюцца яго адносіны з бацькам. З маленства кампазітар знаходзіўся пад яго моцным уплывам. Ад бацькі атрымаў грунтоўную музычную адукацыю, а першыя творы пачаў кампанаваць ужо ў чатырохгадовым узросце. У хуткім часе, як «незвычайнае дзіця», пачаў прыносіць свайму бацьку даходы. Аднак гэта была «таксічная сувязь». Леапольд Моцарт занадта ўмешваўся ў жыццё свайго сына. Намагаўся схіліць яго да непрыемнага вяртання ў двор да арцыбіскупа Каллёрэда, з якога кампазітар, як сам прызнаўся, быў літаральна выкінуты пінком. Факт жаніцьбы з Канстанцыяй насуперак волі бацькі быў для Амадэя таксама вялікаю драмаю. Аднак менавіта да паміраючага бацькі былі скіраваныя словы аднаго з найбольш кранальных лістоў Моцарта:

«Паколькі смерць – гэта сапраўдны канец жыцця, некалькі гадоў таму я так глыбока асвоіўся з гэтаю найлепшаю сяброўкаю чалавека, што яе вобраз не толькі не ўяўляе для мяне нічога жахлівага, а наадварот, з’яўляецца нават вельмі супакаяльным і суцяшальным... Я ніколі не кладуся спаць без думкі, што ўжо заўтра, магчыма, мяне не будзе, аднак ніхто з тых, хто мяне ведае, не мог бы сказаць, што я прыгнечаны альбо сумны».

Кампазітар піша, што смерць – гэта «сапраўдная і канчатковая мэта нашага жыцця (...), ключ да сапраўднага шчасця». Гэтыя словы варта ўзгадаць сабе, слухаючы «Рэквіем», – апошні, незакончаны твор, у якім пагроза пераплятаецца з задумаю. Хоць Моцарт ствараў яго на заказ (аўтарам ананімнай замовы з’яўляецца граф Вільзэг), відавочна кампазітар быў перакананы ў тым, што піша жалобную Імшу па самім сабе. Requiem aeternam dona eis Domine, et lux perpetua luceat eis* – вось першыя словы гэтага твора. У іх гучыць надзея на вечнасць. І, нягледзячы на ўсе біяграфічныя таямніцы, гэта надзея жыве таксама ў музыцы Моцарта.

Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько.

 


    * «Вечны супакой дай ім, Пане, а святло вечнае няхай ім свеціць».


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY