  |   
 
 
 | 
* * *
 
Гэтая цудоўная асадка 
прывітаннем з ростаняў нябыту 
раптам выплыла і заблішчэла 
пёркам залатым, гарэзам-эльфам. 
Ну, давай, пішы, за словам слова 
выкладуцца дзён тваіх старонкі. 
Хай патаньчыць пёрка залатое.
 
Купка вераб’ёў на першым снезе.
  |   
  
 | 
* * *
 
Свяшчэнных гімнаў гукі заціхаюць, 
Вяртаецца здарожаны мастак, 
І бляск натхнення вочы асвятляе — 
Ён ведае цяпер і што, і як.
 
Ён ведае, як ранішняй парою 
Гранаты аддаюць свой свежы сок, 
Як выспявае дзень над галавою 
І падае ў бурштынавы пясок.
 
Як прыцемкі ахопліваюць горад, 
І паміж пальмаў ззяюць ліхтары, 
Як нетаропка падымае мора 
З глыбінь свае шматлікія дары.
 
Ён ведае, што можа здзейсніць колер, 
Каб перадаць пачуцці і настрой, 
І як мяняе воблік наваколле, 
Калі ўзнікае светлы вобраз твой.
  |   
  
 | 
* * *
 
Ночы канец, шараватым святлом 
Поўніцца свет паступова. 
Сноў не было, як і сну не было. 
Incipit vita nuova*.
 
Белыя сцены і белая столь 
Дзеляць жыццё напалову. 
Сціхлі і думкі, і радасць, і боль. 
Incipit vita nuova.
 
Неба нарэшце мне падае 
Сонца прамень выпадковы. 
Слёзы мае і слёзкі твае. 
Incipit vita nuova.
  |   
  
 | 
* * *
 
столькі смутку і столькі любові 
несла гэтая рака без берагоў 
гэтая рака што страціла берагі 
і пабегла ў шырокі свет 
руйнуючы бліжэйшыя пабудовы 
і драўляны карабель 
зроблены вясковым хлапчуком 
зачапіўся за хмызняк 
і замарудзіў сваю хуткасць 
здавалася 
гэтая рака невычэрпная 
але няма нічога невычэрпнага 
акрамя спасціжэння ісціны 
і маленькая дзяўчынка 
якая назірала за рухам плыні 
плакала ад бездапаможнасці 
але рака сышла ў зямлю 
і выраслі кветкі лотаці 
і зашумела жыта 
і ў яго зярнятах гучала 
столькі смутку і столькі любові 
што не дараваць было немагчыма
  |   
  
 | 
* * *
 
Трывалы гук выгойдвае дарога, 
і так мінае цэлае жыццё 
паміж таполяў жыта і аблокаў 
на дзераўляных вузенькіх мастках, 
і што з таго, што побач Мінск–Варшава, 
і з кожным годам более машын, 
калі струхнелы плот хінецца долу, 
а зморшчыны глыбеюць на руках. 
Нядзельным вечарам, калі спякотны вецер 
напрамак вырашае свой змяніць, 
каб даць зямлі хоць трохі прахалоды 
і супакоіць ссохлыя лугі, 
за весніцамі вёсак занядбаных 
пад Божым поглядам нарэшце ажывуць 
і выйдуць да калодзежа старыя — 
ахоўнікі самоты і тугі.
  |   
  
 | 
* * *
 
І я маўчала, 
і зямля маўчала. 
 
Мой хлопчык спаў. 
Гуляла сонца 
струной бяздоннага блакіту, 
і не трымцеў ніводнай думкай 
і не мігцеў ніводным словам 
застылы мозг. 
І сагравала 
душу 
падступнае «ніколі». 
І толькі крыллем перабітым 
нагадвала палёт няўдалы.
 
А ўнізе, 
на раскрытым кніжным полі, 
пасопваў мірна шэранькі ваўчок 
і сніў, што не было такога болю, 
якога б ён ніяк забыць не мог.
  |   
  
 | 
* * *
 
У гэтым горадзе са спыненым дыханнем 
адно прыступкамі катэдры крочыць цень, 
і я сама не ведаю кірунку, 
не ведаю ні слова, ні паўслова. 
Каханне, што маё сціскае сэрца, 
пусці мяне, дай выпрастаць мне спіну 
і заблудзіцца паміж зеленню каналаў 
і чырванню гатычнаю дамоў, 
адчуць доўгачаканую свабоду 
вакол сябе і ў глыбіні сябе 
не ад кахання, не, магчыма, 
ад сябе самой.
 
О, каб ты гэта разумеў, каханы мой.
  |   
  
 | 
* * *
 
Яна ідзе, а музыка аргана 
ляціць услед над плошчай зруйнаванай, 
дзе між узгоркаў бітага асфальту 
губляюць сілу ноты трапяткія.
 
На сценах літары палаюць залатыя, 
і пыл у сонечным святле дрыжыць, 
і мне здаецца, працінае вітражы 
дагэтуль незнаёмы лёгкі вецер,
 
і непаўторнае шчымлівае імгненне, 
дзе ёсць усё — і сум, і захапленне, 
не згасне і не спыніцца, пакуль 
яна ідзе, а музыка аргана 
ляціць услед. 
 
І лашчыць ёй руку. 
  |   
   
  
* Пачынаецца новае жыццё (іт.).
 
 
	
  
  | 
  |