Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(35)/2006
Галерэя
Год Яна Паўла ІІ

ПАД ЗНАКАМ СВЯТАСЦI

СВЯТЫ АЙЦЕЦ
На кніжнай паліцы
In memoriam

ВЕРШЫ
На шляху веры
Працяг размовы

ІЗНОЎ – РЭКЛАМА...
КАМУ Ж ЯНА ПАТРЭБНА
Постаці

РОДАМ З БЕЛАСТОЧЧЫНЫ
Культура

СПАДЗЯВАННЕ НА ВЕЧНАСЦЬ
Проза

З НОВЫХ ЗАПІСАЎ

МАЛЕНЬКІЯ ТАЯМНІЦЫ
Нашы святыні
На кніжнай паліцы

ПАКЛIКАННЕ
Слова святара

СВЯТАР СЁННЯ... НАВОШТА?
На кніжнай паліцы
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Мастацтва

САПРАЎДНУЮ СВАБОДУ ДАЕ ТОЛЬКІ БОГ

Нішто гэтак, мабыць, не хвалявала ва ўсе часы чалавецтва і не хвалюе цяпер, як праблема свабоды. Свабоды, што робіць нас здольнымі да найвышэйшай ступені самарэалізацыі, дае магчымасць найпаўнейшага раскрыцця нашых, дараваных Богам, здольнасцяў.
Пра сапраўднае яе разуменне, што патрэбна чалавеку, каб быць свабодным, – наша інтэрв’ю з пробашчам віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага кс. Тадэвушам Кахановічам.

– Кс. Тадэвуш, вера вымагае ад чалавека падпарадкавання, і часам даволі строгага, пэўным канонам, запаведзям і г. д. Як неабходнасць такога падпарадкавання стасуецца з асабістаю свабодаю чалавека?

– Вы маеце на ўвазе абсалютную свабоду? Але ж чалавек ніколі не быў абсалютна свабодным. Ужо ў раі Бог абмежаваў нашу свабоду забаронаю есці з дрэва пазнання дабра і зла... І гэтае дрэва пазнання азначае абсалютныя веды аб адступніцтве, падзенні злых анёлаў (д’ябла), якое для нас – таямніца, а таксама ўсведамленне таго, што ёсць дабро і што ёсць зло. Бо такое веданне – гэта стаўленне сябе на месца Бога, жаданне быць роўным Яму, ведаць усё, як ведае Ён. Такім чынам, не пазнанне прыроды дабра і зла ёсць грахом, але жаданне «быць як Бог», быць вольным ад Яго, быць шчаслівым, разумным, добрым без Яго, не лічыцца з Яго запаведзямі ў штодзённым жыцці. Ці трэба пераконваць, што патуранне такой спакусе заўжды прыводзіць да граху, няшчасця, дэградацыі?

Чалавек павінен згадзіцца на пэўнае абмежаванне ўласнае свабоды дзеля падпарадкавання праўдзе пра сябе, дзеля выканання запаведзяў, што маюць найвышэйшую, Боскую вартасць. Трэба памятаць, што шанаванне ўсталяваных Богам маральных пастановаў найперш не абмяжоўвае нашу свабоду, а вядзе да жыцця вечнага. На жаль, разуменне такога парадку для нас часта балючае і дакучлівае, як тая забарона ў раі... Таму мы бунтуем, спрачаемся з Панам Богам і не жадаем Яго слухаць. Нам здаецца, што мы самі лепш за Яго ведаем, як нам жыць, што нам выгодна, прыемна. Але як часта мы эгаістычна баронім уласную свабоду, змагаемся за яе, а потым бессэнсоўна страчваем, трапляючы ў пастку зла. Такія памылкі адбываюцца да той пары, пакуль не расплюшчацца нашы вочы, пакуль мы не ўсвядомім свайго сапраўднага, а не ўяўнага месца ў жыцці.

Трэба памятаць, што кожны раз, калі мы не выконваем Божага права, мы чынім крыўду сабе ці некаму іншаму. Скардзімся, наракаем, шкадуем, што неабачліва нешта зрабілі, але ўжо позна. Памылкі ж выпраўляць нялёгка.

– Аднойчы мне давялося быць сведкам таго, як святар на пытанне «Калі ёсць Бог, то чаму Ён не зробіць, каб на свеце паменела зла?» адказаў: «Бог стварыў чалавека свабодным, таму як сам чалавек зробіць, так і будзе». Ці раздзяляеце Вы такі падыход да разумення свабоды?

– Чалавек мае розум і волю і можа выбіраць, як паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі. Філосаф кс. Юзаф Тышнер сцвярджаў, што такі парадак – дар «нешчаслівай» свабоды, бо чалавек можа скарыстаць яго на шкоду і сабе, і людзям, і Богу. Такое разуменне свабоды небяспечнае, і гэта пацвярджаюць многія прыклады: войны, забойствы, гвалт, гандаль людзьмі, тэрарыстычныя акты, знішчэнне жыцця ненароджаных дзяцей – усё гэта вынік злоўжывання свабодаю. Так што правільней, напэўна, будзе сказаць так: чалавек свабодны, але ён не мае права рабіць усё, што захоча. Свабода кожнага з нас заканчваецца там, дзе пачынаецца права іншага чалавека – на жыццё, на поспех, на добрае імя, на слова і вызнанне веры, на працу і г. д.

Прычынаю многіх трагедый, хоць пра гэта мала гаворыцца, часта з’яўляецца кепскае дзяржаўнае права, якое не стасуецца з правам Божым, бо дазваляе аборты, эўтаназію, разводы, легалізацыю прастытуцыі, продаж наркотыкаў, гомасексуальныя саюзы і інш. Гэта не права, а, наадварот, бяспраўе і самавольства, непрымальныя для верніка. Права павінна бараніць усіх, а насамрэч нярэдка яно бароніць злачынцаў, забойцаў, найбольш моцных, якія бачаць у слабейшых толькі сродак для дасягнення мэты. І хто ва ўсім гэтым вінаваты? Тыя, хто такое права прымае і прымушае іншых яго выконваць.

Бог, сапраўды, даў нам свабоду, але ж не дзеля таго, каб будаваць цывілізацыю смерці, знішчаць адзін аднаго. Ён даў нам свабоду дзеля таго, каб будаваць культуру жыцця, цывілізацыю любові, дабра, справядлівасці, што грунтуюцца на павазе да кожнага чалавека. І гэта датычыць усіх і ў першую чаргу тых, хто надзелены ўладаю і кіруе лёсамі дзяржаваў. Вось пры такім падыходзе можна сцвярджаць, што будзе так, як зробіць сам чалавек.

– Што б Вы сказалі чалавеку, які бачыць у Божых запаведзях замах на яго асабістую свабоду?

– Мы часта думаем пра Пана Бога так, як гэта рабілі нашы прабацькі з раю. Глядзім на Яго як на ворага нашага жыцця і нашай свабоды. Мы не бачым любові Бога і Яго клопату пра нас, не разумеем, што Ён лепш за нас ведае, што для нас добра, а што кепска, што нам можна, а што нельга рабіць.

Чалавек павінен разумець, што жыццё ў прыязнасці з Богам – найважнейшая ўмова нашага шчасця і развіцця, нашай любові, нашай годнасці. Як часта дзесяць Божых запаведзяў успрымаюцца людзьмі як штосьці цвёрдакаменнае, прынесенае ў наша жыццё звонку, а таму далёкае нам і чужое. І толькі прыняцце гэтых запаведзяў у сэрца можа зрабіць іх прыемнымі для выканання, толькі пры такой умове яны перастаюць быць прымусовым і робяцца тым, што адпавядае разумным чалавечым памкненням, правам і абавязкам шанавання Бога і кожнага чалавека. У псіхалогіі такі працэс называецца інтэрыярызацыяй каштоўнасцяў. Ён не заўсёды кароткі і не заўсёды лёгкі, бо патрабуе ад чалавека шмат высілкаў.

– А ці дае Святое Пісанне прыклады таго, што нейкі чалавек, маючы намер зрабіць насуперак Божым запаведзям, падумаўшы, у рэшце рэшт схіляецца да іх выканання праз свядомае абмежаванне ўласнае свабоды?

– Ёсць шмат такіх прыкладаў. Вядома, што Майсей або такія прарокі, як Ярэмія, Ёна не адразу прынялі паслухмянасць Богу. Нярэдка бунтавалі, паддаваліся сумневу, баяліся за сваё жыццё, проста не знаходзілі ў сабе моцы, каб выконваць атрыманыя ад Бога заданні. Евангелле распавядае пра двух сыноў, якіх бацька папрасіў дапамагчы яму ў вінаградніку. Першы адказаў «іду», але не пайшоў, другі не жадаў ісці, але апамятаўся і ўсё ж выканаў просьбу бацькі.

Найлепшым прыкладам непаслухмянасці, адыходу і вяртання з’яўляецца прыклад марнатраўнага сына, таго, што ў пошуках шчасця, свабоды, лёгкага і прыемнага жыцця пагардзіў сваім домам, пакінуў бацьку. Але пошукі аказаліся дарэмнымі, таму ён мусіў зноў вярнуцца дадому. Страціў і змарнаваў так шмат, што зразумеў уласную памылку і праз гэта вярнуўся да праведнага жыцця.

– Колькі слоў пра рэаліі сённяшняга жыцця... Святы Айцец Ян Павел ІІ не падтрымаў інтэрвенцыі амерыканцаў у Ірак. Гэта, аднак, не паўплывала на падзеі, голас Пантыфіка не быў пачуты, Касцёл не дамогся асуджэння агрэсіі. Чаму так? Ці не азначае гэты прыклад, што Божыя запаведзі ў канкрэтных умовах могуць быць пастаўлены ў падпарадкаванне палітычнай кан’юнктуры, стратэгічным інтарэсам, волі моцных гэтага свету?

– Свет, сродкі масавай інфармацыі і палітыкі шмат разоў чулі з вуснаў Святога Айца «не» вайне ў Іраку, але, сапраўды, не пачулі Яго голасу – не хапіла добрай волі, жадання адшукаць мірны шлях урэгулявання канфлікту.

За чатыры дні да пачатку вайны Ян Павел ІІ прамовіў драматычныя словы: ніколі болей вайны! Прасіў аб спакоі, маліўся, каб Бог уліў у сэрцы ўдзельнікаў канфлікту мудрасць і разважлівасць. Апеляваў да палітыкаў з Багдада, заклікаючы не даваць падставы для ўзброенай інтэрвенцыі. Даводзіў, што ніколі не позна прыйсці да згоды і ўзаемаразумення, што спакой – дар Бога для тых, хто аддаецца на Яго волю і з пакораю і ўдзячнасцю прымае святло Яго міласэрнасці.

На працягу двух дзён пасля пачатку вайны Пантыфік зноў нагадаў, што «ніколі людскія праблемы нельга вырашыць з дапамогаю сілы і зброі». Былі і іншыя заклікі, словы асуджэння вайны як злой і амаральнай з’явы. Святы Айцец і Касцёл зрабілі ўсё магчымае, каб папярэдзіць вайну, але, на жаль, гэты голас не быў пачуты людзьмі, ад якіх найболей залежала справа.

Божае права «не забі» не можа быць падменена нічым, яно абавязковае для ўсіх і заўсёды. Святога Айца крытыкавалі за яго пазіцыю тыя, каму яна была невыгодная, хто жадаў бы кіраваць светам праз уласную палітыку, абапіраючыся на сілу і агрэсію. Мы памятаем, што палітыкі, якія апраўдвалі намер ЗША распачаць вайну, тлумачылі яе неабходнасць папярэджаннем грамадзянскай вайны ў Іраку паміж хрысціянамі і мусульманамі, прыводзілі і іншыя доказы непазбежнасці ваенных дзеянняў, але цяжка паверыць, што ЗША – анёл супакою, якога не хвалююць меркантыльныя планы палітычнага ўплыву, здабыцця прыродных рэсурсаў і інш. Зрэшты, тут у кожнага сваё меркаванне.

– Кожны з нас хоць раз у жыцці сутыкаўся з праяваю аплаты дабрабыту аднаго чалавека шляхам уціску свабоды другога – свабоды волевыяўлення, выказвання і г. д. Найбольш выразна такая тэндэнцыя праяўляецца ў сродках масавай інфармацыі. Што Вы, ксёндз Тадэвуш, як святар маглі б сказаць на гэты конт?

– На жаль, улада і грошы часта псуюць чалавека, забіваюць у ім сумленне, зачыняюць сэрца для Бога і людзей. У штодзённым жыцці нярэдка хтосьці дамагаецца поспеху, кар’еры, папулярнасці чужым коштам, з дапамогаю локцяў. Але такія людзі і самі бываюць не вельмі шчаслівыя, бо блытаюць добрае самаадчуванне з добрым жыццём у сэнсе яго матэрыяльнага забеспячэння, заснаванага на ўціску чужой свабоды і годнасці, на шантажы і пагрозах. Тое самае назіраем у сродках масавай інфармацыі, залежных ад палітыкі, цэнзуры і г. д. Асабліва, калі бракуе этыкі. А яе часта бракуе. Палітыка і этыка нярэдка выглядаюць як пасвараныя між сабою сёстры, далёкія ад спагады адна да адной. Няма этыкі – і можна рабіць, казаць, чыніць усё што заўгодна, дбаючы толькі пра выгоду, задавальненне ўласных патрэбаў.

Сродкі масавай інфармацыі можна выкарыстоўваць у розных мэтах, і накірунак іх дзейнасці заўсёды залежыць ад таго, хто імі кіруе. Але толькі тады яны будуць маральнымі, калі служаць праўдзе і яе шанаванню. Ян Павел ІІ часта нагадваў, што галоўная задача СМІ – умацаванне грамадзянскага спакою, маральнага ладу жыцця на грунце праўды, справядлівасці, любові і павагі да кожнага чалавека. Асабліва выразна прагучала гэтая думка ў Звароце Пантыфіка на 37-ы Сусветны дзень сродкаў масавай інфармацыі 24 студзеня 2003 года. Аднак далёка не заўсёды мы разумеем, што станоўчае вырашэнне праблемы залежыць і ад кожнага з нас, ад нашай маральнай і грамадзянскай пазіцыі.

– Лічыцца, што сапраўднае, глыбіннае разуменне свабоды і адказнасці, асабліва адказнасці, прыходзіць да чалавека з узростам. Ці можа вера паўплываць на больш хуткае фармаванне ў маладых людзях такога разумення?

– Малады чалавек заўсёды маніфестуе і падкрэслівае, што жадае як найхутчэй стаць дарослым, вольным, незалежным як ад канкрэтных асобаў, так і ад маральных аўтарытэтаў, аднак не заўсёды спалучае разуменне свабоды з усведамленнем адказнасці за свае ўчынкі. Больш за тое, моладзь часта не толькі не разумее неабходнасць адказнасці, але і свядома ўцякае ад яе, баіцца ці не жадае прызнаваць уласныя памылкі, любіць апраўдваць сябе і шукаць вінаватых сярод іншых людзей. І не разумее такі чалавек, што пры гэткім падыходзе існуе пагроза самой свабодзе – праз залежнасць ад алкаголю, наркотыкаў, тытуню, венерычныя хваробы, СНІД і г. д. Гэта вялікая пастка, небяспека, якая чакае наіўных і безадказных. Цана, якую плацяць некаторыя маладыя людзі за такое «дарослае» жыццё, занадта высокая.

Толькі вера ў Бога, выкананне Яго запаведзяў вядзе кожнага чалавека, незалежна ад узросту, да хрысціянскага жыцця, надае яго існаванню сэнс, робіць свабодным праз здаровы, цвярозы погляд на сябе і свае ўчынкі. Зразумела, аднаго ведання таго, як правільна жыць, недастаткова – важна адшукаць у сабе сілы і волю абраць той шлях, які паказвае нам Пан Бог. І гэта ў аднолькавай ступені датычыць і таго, хто стаіць на парозе дарослага жыцця, і таго, хто ўжо зведаў яго.

– Што азначае паняцце свабоды асабіста для Вас як для духоўнай асобы і чалавека?

– Заўжды шанаваў свабоду, хоць, можа, не заўжды яе правільна, асабліва ў юнацтве, разумеў. Свабода для мяне – гэта не толькі магчымасць выбару паміж дабром і злом, а найперш паміж добрым і яшчэ лепшым, дасканалым. Магу з упэўненасцю сказаць, што ні Божыя запаведзі, ні святарства, ні людзі вакол мяне ніколі не з’яўляліся і не з’яўляюцца прычынаю абмежавання маёй свабоды. Наадварот, спрыяюць маёй самарэалізацыі як святара і чалавека, ачышчэнню сэрца і думак ад усяго неістотнага, уяўнага, аблуднага. Не заўсёды ўсё атрымліваецца, ды затое ёсць над чым працаваць і аб чым прасіць Бога, бо толькі Ён адзін можа дапамагчы нам стаць лепшымі, упарадкаваць нашы эмоцыі, пазбавіць эгаізму і праз тое зноў, калі дзесьці памыліліся, зрабіць свабоднымі. Свабоднымі ад граху і нявыкупленай віны, свабоднымі праз добрыя ўчынкі і чыстае сумленне. Пазнайце праўду, і праўда вас вызваліць, казаў Хрыстус.

Можна стаць перад праўдаю, як Пілат, і не пазнаць яе. Не будзем шукаць праўды, у тым ліку і пра сябе саміх, – ніколі не будзем свабоднымі. Свабода – умова разумення праўды, а праўда, у сваю чаргу, вядзе да свабоды. Быць свабодным нярэдка цяжэй, чым быць паднявольным. Ці не таму ў свеце, дзе так шмат і свабоды, і дэмакратыі, мала па-сапраўднаму вольных людзей.

Сапраўдную свабоду думкі і сэрца дае нам толькі Бог. Наша ж задача – шанаваць гэты дар і імкнуцца ніколі, ні пры якіх абставінах не страчваць яго.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY