Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(64)/2013
Жыццё Касцёла
Год веры
Да 400-годдзя з’яўлення абраза Маці Божай у Будславе

ЮБІЛЕЙНЫЯ ЎРАЧЫСТАСЦІ Ў БУДСЛАВЕ

РОДНАЕ

ШЛЯХ У БУДСЛАЎ ПРАЗ ПОСТ І МАЛІТВУ
Галерэя
Год веры
Пераклады
Гісторыя

ПРОГЛАС ДА ЕВАНГЕЛЛЯ
Постаці
У святле Бібліі
Постаці

РЫЦАР ХРЫСТА
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Паэзія
Проза

МІЖЧАССЕ
На шляху веры

КАЛІ ВАБІЦЬ ДАРОГА
Асобы

ВЯЛІКІ ЖЫЦЦЯЛЮБ
Музыка
Нашы святыні
Мастацтва
На кніжнай паліцы

Клайв Стэйплз ЛЬЮІС

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ

Працяг. Пачатак у № 2 (64)/2013.

Раздзел ІІ
Упадабанні і любоў да таго,
што ніжэй за чалавека

Калі людзі майго пакалення яшчэ былі дзецьмі, нас папраўлялі за тое, што мы казалі: «Я люблю суніцы». Некаторыя вельмі ганарацца тым, што ў англійскай мове ёсць два адрозныя дзеясловы «love» (любіць, кахаць) і «like» (падабацца), а французы вымушаныя пра ўсё казаць «aimer». І такіх моваў, як французская, вельмі шмат. Ды і ў сучаснай англійскай мове вельмі часта адбываецца тое самае. Большасць носьбітаў, якімі б педантамі і якімі б праведнікамі яны ні былі, заўсёды кажуць «люблю» — пра ежу, гульню або працу. І насамрэч, нашыя найпрасцейшыя ўпадабанні да рэчаў і любоў да людзей непарыўна знітаваныя. Паколькі «найвышэйшае не бывае без найніжэйшага», мы лепш пачнем «знізу», з простых упадабанняў, і паколькі «ўпадабаць» нешта значыць атрымліваць ад гэтага задавальненне, мы павінны пачаць з задавальненняў.

Даўно заўважана, што ўсе задавальненні можна падзяліць на два тыпы: тыя, што не з’яўляюцца задавальненнямі, калі ім не папярэднічае жаданне, і тыя, што з’яўляюцца задавальненнямі па самой сваёй сутнасці і не патрабуюць такой падрыхтоўкі. Прыкладам першага можа быць глыток вады. Гэта задавальненне, калі вы хочаце піць, і вялізнае задавальненне, калі вы прагнеце. Але, напэўна, ніхто ў свеце, акрамя як прагнучы або выконваючы парады доктара, не налье сабе шклянку вады і не стане піць проста дзеля задавальнення. Прыкладам другога віду задавальненняў можа быць нечаканая асалода ад водару: духмяны павеў з бабовага поля або гарохавых градаў падчас ранішняга шпацыру. Да гэтага моманту вам нічога не хацелася, вы былі цалкам задаволеныя, і гэтая прыемнасць сталася няпрошаным, неспадзяваным дарам. Дзеля яснасці я бяру вельмі простыя прыклады, але, зразумела, што на справе ўсё больш складана. Калі вам прапануюць кубачак кавы або куфаль піва там, дзе вы чакалі толькі вады (і былі б цалкам гэтым задаволеныя), тады вы адначасова атрымліваеце і задавальненне першага віду (спаталенне смагі) і другога (смачнае пітво). А здараецца і адваротнае: задавальненне паводле сутнасці становіцца задавальненнем паводле патрэбы. Для ўмеркаванага чалавека атрыманы нечакана келіх віна — гэта асалода, параўнальная з водарам квітнеючага поля. Але алкаголіка, чыё паднябенне і органы стрававання даўно ўжо зруйнаваныя, ніякі напой не здольны задаволіць, хіба што прынясе палёгку ў нястрымным жаданні выпіць. У той меры, у якой алкаголік усё яшчэ здольны адчуваць смак, яму вытанчаны напой хутчэй не спадабаецца, але гэта ўсё ж лепш, чым пакутаваць, застаючыся цвярозым. Але, нягледзячы на ўсе варыяцыі і змены, розніца паміж двума тыпамі задавальненняў вельмі дакладна акрэсленая. Мы можам назваць іх задавальненнямі патрэбы і задавальненнямі ацэнкі. Падабенства паміж задавальненнямі патрэбы і любоўю-патрэбаю з першага раздзелу гэтай кнігі відавочныя для кожнага. Але тады, калі вы памятаеце, я прызнаўся, што мусіў супрацьстаяць жаданню прынізіць годнасць любові-патрэбы і нават пазбавіць яе наймення любові. У гэтым жа выпадку ў большасці людзей узнікне супрацьлеглае жаданне. Вельмі лёгка рассыпацца ў пахвальбе задавальненням патрэбы і насупіцца ў адносінах да задавальненняў ацэнкі. Першыя настолькі натуральныя (слова, якое мае магічную сілу), такія неабходныя, такія абароненыя ад празмернасці самою сваёю натуральнасцю, другія ж не з’яўляюцца неабходнымі і адкрываюць шлях раскошы і распусце. Пры недахопе ведаў у гэтай галіне можна звярнуцца да вучэння стоікаў — невычэрпнай крыніцы падобных развагаў. Але, даследуючы азначанае пытанне, мы павінны захоўваць асцярожнасць і не прымаць заўчасна ніякай думкі і ацэнкі. Звычайна чалавечы розум больш схільны ўхваляць і ганьбіць, чым апісваць і даваць вызначэнне. Ён жадае спалучыць любое распазнанне з ацэнкаю, менавіта адсюль бяруцца бязлітасныя крытыкі, заўжды няздольныя вызначыць адрозненні ў творчасці двух паэтаў, не паставіўшы іх у шэраг паводле ўласных прэферэнцый, нібы на п’едэстале ўзнагароды. Мы не павінны чыніць нічога падобнага ў адносінах да задавальненняў. Рэчаіснасць занадта складаная. Ад гэтага нас павінен засцерагчы той факт, што і задавальненні ацэнкі могуць падлягаць згаршэнню і становяцца залежнасцямі, ператвараючыся такім чынам у задавальненні патрэбы.

Для нас у любым выпадку важнасць гэтых двух тыпаў задавальненняў палягае на тым, наколькі для іх характэрныя асаблівасці двух вызначаных намі тыпаў любові (у дакладным значэнні слова).

Сасмяглы чалавек, які толькі што выпіў шклянку вады, можа сказаць: «О, як жа мне гэтага хацелася!». Гэтак жа скажа і алкаголік, які толькі-толькі заліў за каўнер. Чалавек, які ідзе ўзбоч духмянага гарошку падчас ранішняга шпацыру, хутчэй за ўсё, заўважыць: «Які ж цудоўны водар!». Знаўца вінаў, зрабіўшы першы глыток праслаўленага кларэту, таксама скажа: «Гэта цудоўнае віно!». Гаворачы пра задавальненні патрэбы, мы схільныя выказвацца пра сябе ў мінулым часе, калі ж справа датычыць задавальненняў ацэнкі, мы хутчэй кажам пра аб’ект у цяперашнім часе. Лёгка зразумець, чаму Шэкспір менавіта так апісвае імкненне чалавека задаволіць дэспатычную пажадлівасць:

«Past reason hunted, and no sooner had past reason hated» — «Шалёна гонішся за ёй, дагнаў — шалёна ганіш» (санет 129).

Але і самыя нявінныя і неабходныя з задавальненняў патрэбы маюць падобныя рысы, зразумела, толькі ў нечым падобныя. Мы не пачынаем ненавідзець іх, ледзь толькі атрымаўшы, але яны, без сумневу, «паміраюць у нас» цалкам, раптоўна і нечакана. Водаправодны кран у кухні і шклянка выглядаюць вельмі прыцягальна, калі мы вяртаемся дадому сасмяглыя, пасля касьбы, але праз імгненне яны ўжо не выклікаюць аніякай цікавасці. Пах смажаніны да таго, як мы паснедалі, вельмі адрозніваецца ад таго ж паху пасля сняданку. І калі вы дазволіце мне прывесці самы крайні прыклад, ці не ў большасці з нас бывалі такія моманты (у незнаёмым горадзе), калі літаркі М/Ж на дзвярах выклікалі такую радасць, што яна амаль прасілася ў вершы?

Задавальненні ацэнкі — гэта цалкам іншае. Яны прымушаюць нас перажываць не толькі прыемныя пачуцці, але па ўласным праве патрабуюць таго, каб мы іх ацанілі. Знаўца вінаў не толькі атрымлівае асалоду ад свайго кларэту, роўную асалодзе, з якою чалавек адагравае змерзлыя ногі. Ён адчувае, што гэтае віно вартае поўнай увагі, яно апраўдвае ўсе традыцыі і ўменні, выкарыстаныя ў яго вытворчасці, апраўдвае шматгадовыя высілкі, якія спатрэбіліся знаўцу, каб быць здольным ацаніць смак віна. У такім стаўленні праглядае бескарыслівасць. Знаўца хоча, каб віно захоўвалася ў добрых умовах зусім не дзеля ўласнай карысці. Нават калі б ён ляжаў ужо на Божай пасцелі і не быў здольны пакаштаваць аніякага віна, добры знаўца жахнуўся б ад думкі, што калекцыйнае віно можа быць пралітае або сапсаванае, або выпітае недарэкамі (такімі, як я сам), няздольнымі адрозніць добры кларэт ад дрэннага. Тое самае і з чалавекам у полі духмянага гарошку. Ён не проста атрымлівае задавальненне, ён адчувае, што гэтая духмянасць нейкім чынам вартая таго, каб атрымаць ад яе асалоду. Ён будзе вінаваціць сябе, калі пройдзе побач няўважлівы і абыякавы. Гэта праява нячуласці, невыразнага ўспрымання. Сорамна было б, калі б такая цудоўная рэч змарнавалася з-за таго, хто няздольны яе ацаніць. Чалавек будзе памятаць гэты чароўны момант многія гады. Яго засмуціць вестка, што сад, куды ён аднойчы заходзіў на шпацыр, цяпер паглынулі кінатэатры, гаражы і новая траса.

З навуковай кропкі гледжання абодва тыпы задавальненняў звязаныя з нашым арганізмам. Але задавальненні патрэбы гучна сведчаць пра тое, што залежныя не толькі ад будовы чалавечага арганізма, але і ад яго стану ў канкрэтны час, па-за якім яны не ўяўляюць для нас аніякай цікавасці і цалкам губляюць сваё значэнне. Прадметы, якія даюць нам задавальненне ацэнкі, выклікаюць пачуццё, свядомае ці несвядомае, што мы нейкім чынам абавязаныя захапляцца імі, праяўляць да іх увагу і хваліць іх. «Проста грэх — частаваць такім віном Льюіса», — скажа знаўца вінаў. «Як вы можаце ісці ўзбоч такога саду і не звярнуць увагі на духмяны водар?» — спытаем мы. Але мы ніколі не адчуем падобнага ў адносінах да задавальненняў патрэбы. Ніхто не стане вінаваціць сябе і іншых за тое, што не хоча піць і таму праходзіць міма калодзежа, нават не глытнуўшы вады.

Цалкам зразумела, у чым заключанае падабенства задавальненняў патрэбы і любові-патрэбы. У ёй тое, што любім, мы бачым у непасрэднай сувязі са сваімі патрэбамі, так, як сасмяглы чалавек бачыць водаправодны кран, а алкаголік — шклянку гарэлкі. І любоў-патрэба, як і задавальненне патрэбы, не будзе доўжыцца больш, чым існуе патрэба. На шчасце, гэта не значыць, што ўсе нашыя пяшчотныя пачуцці, якія пачаліся з любові-патрэбы, прамінальныя. Сама патрэба можа быць пастаяннаю або паўторнаю. На любоў-патрэбу можна прышчапіць іншы від любові. Маральныя прынцыпы (сужэнская вернасць, сыноўняя пачцівасць, удзячнасць і гэтак далей) могуць дапамагчы захаваць адносіны на ўсё жыццё. Але там, дзе любоў-патрэба застаецца без такой падтрымкі, наўрад ці можна спадзявацца, што яна не змарнее, калі знікне патрэба. Менавіта таму свет поўніцца скаргамі тых маці, чые дарослыя дзеці пагарджаюць імі, і нараканнямі пакінутых каханак, чые ўмілаваныя адчувалі ў адносінах да іх адну толькі патрэбу, якую і задаволілі. Нашая ж любоў-патрэба да Бога займае цалкам іншую пазіцыю, бо чалавечая патрэба ў Ім ніколі не скончыцца ні ў гэтым свеце, ні ў іншым. Але мы можам перастаць усведамляць гэта, тады знікне і любоў-патрэба. «У няшчасці і чорт у манахі пастрыжэцца». Я лічу, што не трэба называць крывадушнаю хуткаплынную пабожнасць тых людзей, у якіх налёт рэлігійнасці адразу ж знікае, дастаткова ім пазбегнуць «небяспекі, неабходнасці або няшчасця». Дзеля чаго ім быць няшчырымі? Яны былі ў адчаі і голасна малілі аб дапамозе. А хто б не стаў?

Тое, да чаго падобнае задавальненне ацэнкі, апісаць не так проста і хутка.

Перш за ўсё, яно стаіць на пачатку ўсяго нашага досведу прыгажосці. Немагчыма правесці выразную мяжу паміж «пачуццёвай» і «эстэтычнай» асалодаю. Успрыманне знаўцы калекцыйных вінаў ужо ўключае ў сябе элементы засяроджанасці, суджэння і дысцыпліны адчування, што не ёсць адзнакаю пачуццёвасці, ва ўспрыманні ж музыкі пачуццёвасць яшчэ застаецца. Няма падзелу, а існуе цэласнасць, мяккая пераемнасць паміж пачуццёваю асалодаю, якую дарыць чалавеку духмянасць саду, і асалодаю ад краявіду (яго прыгажосці) наогул, і нават асалодаю ад твораў жывапісу і паэзіі, якія ўсё гэта апісваюць.

Як мы бачым, у гэткіх задавальненнях ад самага пачатку ёсць цень, водбліск незацікаўленасці, запрашэнне да бескарыслівасці. Зразумела, пэўным чынам мы можам выяўляць бескарыслівасць і велікадушнасць у сферы задавальненняў патрэбы таксама. Можа дайсці нават да гераізму: як з кубкам вады, які паранены Сідні1 ахвяраваў паміраючаму жаўнеру. Але я меў на ўвазе іншую праяву незацікаўленасці. Сэр Сідні выказвае любоў да свайго бліжняга. Але ў задавальненнях ацэнкі, нават самых прымітыўных, ёсць нешта, што ўзрастае разам з тым, як і гэтыя простыя задавальненні ўзрастаюць да поўнага разумення каштоўнасці Прыгажосці ў цэлым, нешта, што мы не можам назваць іначай як бескарыслівай любоўю да самога яе аб’екту. Гэта тое пачуццё, якое не дазволіць чалавеку знішчыць велічную карціну, нават калі ён сам — апошні чалавек на зямлі і вось-вось памрэ. Гэта тое пачуццё, якое прымушае нас радавацца існаванню некранутых лясоў, куды мы ніколі не патрапім, якое выклікае ў нас прагненне, каб сад або бабовае поле і надалей былі. Нам не проста падабаюцца гэтыя рэчы, мы называем іх, на імгненне прыпадабняючыся да самога Стварыцеля, «вельмі добрымі».

І тут прынцып пачынаць з найніжэйшага, без якога «не бывае найвышэйшае», прыносіць плён. Ён дэманструе, што наша папярэдняя класіфікацыя відаў любові, якая дзяліла яе на любоў-патрэбу і любоў-дар, няпоўная. Існуе трэці від любові, не менш важны за ўзгаданыя, які прадвызначаецца задавальненнем ацэнкі. Гэтая здольнасць ацаніць аб’ект як вельмі добры; гэтая ўвага (блізкая да піетэту), якую мы абавязкова выяўляем да яго; гэтае жаданне, каб аб’ект быў і працягваў быць, нават калі мы ніколі не зможам атрымаць ад яго асалоду, можа ўзнікнуць у адносінах і да матэрыяльных рэчаў, і да людзей. У стаўленні да жанчыны мы называем гэтае пачуццё захапленнем, у стаўленні да мужчыны — аддаем даніну яго годнасці; у стаўленні да Бога — гэта проста праслаўленне.

Любоў-патрэба ўсклікае да Пана з нашай нястачы, любоў-дар прагне служыць і нават ахвяраваць сябе Богу. Любоў-ацэнка прамаўляе: «Дзякую Табе, бо Ты вельмі вялікі!». Любоў-патрэба скажа пра жанчыну: «Я не магу жыць без яе»; любоў-дар пажадае даць ёй шчасце, утульнасць, бяспеку, калі магчыма, дабрабыт. Мужчына, які адчувае любоў-ацэнку, углядаецца ва ўмілаваную, затрымлівае дыханне і маўчыць, цешыцца, што такі цуд існуе ў свеце, нават калі і не для яго; страціўшы яе, ён не патоне ў смутку, бо лепш ужо мець і страціць, чым ніколі не зведаць яе.

Каб зрабіць дакладны аналіз, аб’ект трэба анатаміраваць, забіць. У рэальным жыцці, дзякуй Богу, усе тры віды любові змешваюцца і дапаўняюць адна адну ў плыні часу. Магчыма, ніводная з іх, апроч любові-патрэбы, не існуе ў чыстым выглядзе больш, чым некалькі імгненняў. І, магчыма, так адбываецца, бо нішто ў чалавеку, апроч патрэбы, не з’яўляецца ў гэтым жыцці непрамінальным.

Дзве формы любові да нежывых аб’ектаў патрабуюць ад нас асаблівай увагі...

Пераклад з англійскай мовы
Юліі Шэдзько.

Паводле: «The Four Loves»,
C. S. Lewis, 1958.

Працяг будзе.


  1. Сэр Філіп Сідні (sir Philip Sidney) — 1554–1586, выбітны паэт, палітык і вайсковец.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY