|
|
|
№
1(67)/2014
У чаканні кананізацыі
Постаці
Год малітвы
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратуразнаўства
Постаці
Прэзентацыя
Паэзія
In memoriam
Эсэ
Нашы святыні
Галерэя
|
Гісторыю, апісаную ў Бібліі на першых яе старонках, ведае амаль кожны чалавек, незалежна ад таго, ці ён з’яўляецца веруючым, ці не, ці калі-небудзь трымаў Біблію ў сваіх руках альбо не. Гэтай гісторыі прысвечаны многія мастацкія творы, напісана шмат славутых карцін. Захапленне гэтай першаснай рэчаіснасцю, створанай Богам для чалавека, такое вялікае, што некаторыя яе сімвалы нават перавандравалі ў нашае жыццё. Мы да іх настолькі прызвычаіліся, што ўжо не ўспрымаем іх у кантэксце рэлігіі. З прыкладамі такога цалкам зямнога звароту да гэтай біблійнай гісторыі мы сустракаемся вельмі часта, хоць бы, напрыклад, на шыльдах горада. …Напэўна, большасць, прачытаўшы загаловак артыкула, захацела паправіць яго: маўляў не Эдэн, а Эдэм! Бо так усюды пішуць і так заўсёды гавораць! Найлепшым адказам будзе тэкст самой Бібліі.
І пасадзіў Пан Бог сад у Эдэне1 на ўсходзе, і пасяліў там чалавека, якога стварыў (Быц 2, 8).
У Габрэйскай Бібліі, якая з’яўляецца арыгінальным тэкстам Старога Запавету, з якога робяцца ўсе пераклады, слова «Эдэн» запісанае наступным чынам – עֵדֶן (ʿḗḏen). У канцы яго стаіць літара габрэйскага алфавіту נ «нун», якая ніяк не можа чытацца як «м». Адкуль жа з’явіўся Эдэм? Адказ, як заўсёды, вельмі просты: з грэцкага перакладу Габрэйскай Бібліі, а канкрэтна — з Сэптуагінты. Чаму так сталася? Відаць, перакладчыкам больш падабалася па гучанні слова «Эдэм»2 , чым «Эдэн»! Аднак сёння наўрад ці мы зможам атрымаць на гэта нейкі канкрэтны адказ. Ды і ці патрэбны ён?.. У Старой і ў Новай Вульгаце габрэйскае ʿḗḏen паслядоўна перадаецца як Eden. Ды і ўсе пераклады, апроч рускага сінадальнага і балгарскага3 , падаюць гэтае слова з літарай «н» на канцы4 . Таму па форме перадачы гэтага слова ў перакладах Бібліі можна зразумець, якім тэкстам пры перакладзе карыстаўся аўтар5 . Якое ж паходжанне мае назва Эдэн? Чаму сад6 , у якім Пан Бог пасяліў чалавека, мае менавіта такую назву? Наконт гэтага ёсць два меркаванні. Адно, што слова паходзіць ад шумерскага edin7 , другое — ад семіцкага кораня edn, які выкарыстоўваўся для азначэння раскошы, багацця, празмернага дастатку, прыемнасці. Гэты ж корань edn існуе ў стараарамейскай, угарыцкай, старажытнай паўднёваарабскай і арабскай мовах. Назоўнік עֵדֶן вельмі часта быў звязаны нават з паняццем прысмакаў і далікатэсаў (пар. Быц 49, 20; Ер 51, 34; Пс 36, 8; Пл 4, 5). Ва ўяўленні старажытных габрэяў Эдэн — гэта багатае на ваду ўраджайнае месца, дзе буяе розная расліннасць. З этымалогіі слова таксама вынікае, што гэта шчодра арошаная зямля. І тэкст Бібліі гэта пацвярджае вобразам ракі, якая цячэ праз сад:
З Эдэна выцякала рака, каб абвадняць гэты сад, i там раздзялялася на чатыры ракі (Быц 2, 10).
Адкуль такі вобраз? Справа ў тым, што першыя старонкі Бібліі ўзніклі падчас Бабілёнскай няволі. Габрэі памяталі пра сваю радзіму, памяталі і пра сад Ягвэ каля Ярдана. Ды і пра пустыню яны ведалі не са словаў, бо не раз сутыкаліся з яе жорсткай рэальнасцю. Аазіс на пустыні паўставаў перад імі як ратунак, як надзея, як гарантыя жыцця. З такім незвычайным аазісам падчас Бабілёнскай няволі яны сустрэліся ў краіне Міжрэчча, паміж дзвюма вялікімі рэкамі — Тыграм і Еўфратам. Таму і размясцілі яны гэты сад (gan) на ўсходзе, каля Персідскага заліва. Гэтае размяшчэнне дазваляе звязваць Эдэн з краінай Дзілмун з шумерскага міфа пра бога Энкі, з ідэальнай краінай, жыхары якой не ведалі старасці, хваробаў і смерці. Дзілмун таксама навадняе падземная крыніца, бо вада — гэта неад’емная ўмова жыцця і плоднасці на Усходзе. Магчыма, старажытныя габрэі прынялі існуючыя пазаізраэльскія традыцыі аб Эдэне для таго, каб расказаць пра сяброўства першых людзей з Богам і пра іх упадак. Таму яны, пайшоўшы самым простым шляхам, дэміфалагізавалі паданні пра Эдэн. Хоць назва была запазычана з міфаў, аднак біблійныя аўтары надалі ёй новае, сімвалічнае, значэнне. Уводзячы прыназоўнік «у» — גַּן־בְעֵ֖דֶן [gan-bǝʿḗḏen] ‘сад у Эдэне’ альбо проста праз выраз עֵדֶן ‘Эдэн’ (Быц 2, 10), яны паказвалі, што гаворка ідзе пра канкрэтную краіну, якая нагадвала людзям краіну Біт-Адзін, што знаходзілася над сярэднім Еўфратам. Гэтая краіна Эдэн, паводле іх уяўленняў, займала вялікую тэрыторыю, на якой знаходзіўся сад меншых памераў. У кнізе Быцця слова «Эдэн» выкарыстоўваецца ў двух значэннях. Яно тройчы (2, 8. 10; 4, 16) азначае геаграфічную краіну на ўсходзе, у якой знаходзіцца сад8 , альбо проста Эдэн (2,10). У трох іншых выпадках (2, 15; 3, 23-24) яно ўжо не азначае краіны, але з’яўляецца ўласнай назвай саду9 (2,15). Гэта сведчыць аб тым, што натхнёныя аўтары не былі да канца паслядоўнымі ў дэміфалагізацыі, таму тройчы Эдэн застаўся (падобна міфам) назваю саду, а не краіны. Што тычыцца чатырох рэк, якім дала пачатак Эдэнская рака, то Юзаф Флавій так тлумачыў іх назвы: Пішонам, што азначае «мноства», грэкі называлі Ганг, Гіхон, што азначае «рака, якая плыве да нас з супрацьлеглага боку», — гэта Ніл; астатнія дзве ракі называюцца канкрэтна ў самім тэксце Бібліі: Chiddekel10 — Тыгр і Prat11 — Еўфрат. А значыць, біблійныя аўтары мелі пэўныя геаграфічныя веды, бо ведалі пра гэтыя чатыры вялікія ракі Усходу. Менавіта гэта яны і адлюстравалі ў Бібліі. Вобраз саду таксама невыпадковы. У месапатамскай міфалогіі прыгожыя сады лічыліся сядзібамі бостваў. Асірыйскія і бабілёнскія каралі ганарыліся сваімі садамі. Раслі ў іх пладаносныя дрэвы, кедры і розныя віды іншых прыгожых дрэваў. Сады мелі такія памеры, што нагадвалі нават сучасныя вялікія паркі. Кожны кароль хацеў, каб слава пра яго сады разыходзілася далёка за межамі краіны, таму для гэтага прыкладаліся розныя намаганні. Бабілёнскія санктуарыі былі таксама акружаныя прыгожымі садамі. Менавіта гэта аказала ўплыў і на міфатворчасць. Найбольш вядомым і самым старажытным адпаведнікам саду ў Эдэне з’яўляецца, як ужо згадвалася, міфічная краіна шчасця — Дзілмун. Безумоўна, як і ў выпадку біблійнага саду Эдэн, беспадстаўнымі будуць пошукі геаграфічнага размяшчэння краіны Дзілмун, у якой пануюць згода і гармонія паміж звярамі і людзьмі. Для старажытных егіпцянаў прыгожыя сады таксама сімвалізавалі краіну шчасця, але больш у дачыненні да памерлых (краіна памерлых), а не да стану шчасця ў прагісторыі, як у выпадку Эдэна. Назоўнік ʿḗḏen сустракаецца у Бібліі 14 разоў, больш за ўсё — аж 12 — у кнізе Быцця (6) і ў кнізе Эзэхіэля (6). У адной і ў другой кнізе Эдэн выступае як назва альбо саду, альбо месца ці рэгіёна, у якім знаходзіўся гэты сад. Эзэхіэль «размяшчае» сад Эдэн на святой Божай Гары (28, 13), а ў іншым фрагменце (36, 16-38) з Эдэнам параўноўвае сваю краіну, якая з вяртаннем выгнаннікаў пасля Бабілёнскай няволі на сваю зямлю — Ізраэль — настолькі змянілася, што стала падобнай да Эдэна з кнігі Быцця. Гэтае адраджэнне зямлі азначае перамогу Бога, які мае моц жыццядайнага будавання і стварэння новага «саду шчасця». Такім чынам, у прарока Эзэхіэля Эдэн становіцца метафарай адноўленай Богам краіны Ізраэля пасля вяртання яе сыноў з выгнання. Два іншыя выпадкі выкарыстання слова «Эдэн» паходзяць з кнігі прарока Ісаі і з кнігі прарока Ёэля. У кнізе Ісаі Эдэн побач з «садам Ягвэ» з’яўляецца ў прадказанні радаснай будучыні Сіёна:
Так, Пан суцешыць Сіён, суцешыць усе ягоныя руіны. Яго пустыню Ён ператворыць у Эдэн, а яго стэп стане быццам сад Пана12 . І будзе ў ім радасць і вяселле, хвалебная песня і гучанне музыкі (Іс 51, 3).
А ў кнізе Ёэля гучыць сумнае прадказанне, што ў дзень Ягвэ зямля, што нагадвала эдэнскі сад, ператворыцца ў пустыню з прычыны грахоў народу:
Затрубіце ў трубу на Сіёне, крычыце на гары Маёй святой, няхай спалохаюцца ўсе жыхары зямлі, бо прыходзіць дзень Пана, бо ён блізка. Дзень цемры і змроку, дзень воблачны і імглісты! Як світанне, разыходзіцца па гарах народ вялікі і моцны, якога не было спрадвеку, і пасля яго ўжо не будзе з пакалення ў пакаленне. Перад ім — пажыраючы агонь, а за ім палючае полымя; гэтая зямля перад ім, як сад Эдэн, але за ім яна стане пустым стэпам … (Ёл 2, 1-3).
У тэксце Сэптуагінты і Вульгаты ў некаторых выпадках выразы Эдэн і сад (gan) перакладаюцца накшталт персідскага13 як pardes ‘сад’ (пар. Быц 3, 28) і выкарыстоўваецца ўжо не як уласная назва, а як азначэнне ο παράδεισος τῆς τρυφῆς ‘сад раскошы, шчодрасці’ (пар. Быц 3, 23.24). Пазней гэтае ж грэцкае ο παράδεισος14 [paradeisos] у лацінскім тэксце як Старога так і Новага Запавету будзе перададзена як paradisus, а ўсе славянскія пераклады пададуць яго ўжо як рай. Узгадаем хоць бы словы Езуса, скіраваныя да «добрага» злачынцы:
І сказаў яму Езус: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі» (Лк 23, 43).
Так з часам Эдэн, месца, дзе Бог змясціў першых людзей, якіх стварыў, усё часцей стаў называцца сярод славянаў раем. Старазапаветны вобраз раю прымуць аўтары Новага Запавету, а Павел у сувязі з гэтым скажа нават пра «трэцяе неба»:
Калі трэба хваліцца, хоць гэта і некарысна, то перайду да бачанняў і аб’яўленняў Пана. Ведаю чалавека ў Хрысце, які чатырнаццаць гадоў таму (ці ў целе, не ведаю, ці па-за целам, не ведаю, ведае Бог) быў забраны аж да трэцяга неба. І ведаю, што гэты чалавек (ці ў целе, ці па-за целам, не ведаю, ведае Бог) быў забраны ў рай15 і чуў невыказныя словы, якіх чалавеку нельга перадаць (2 Кар 12, 1-4).
Некаторыя габрэі і хрысціяне, якія верылі ў існаванне зямнога раю, лічылі, што пасля першароднага граху гэты рай быў перанесены ў неба, а больш канкрэтна — да «трэцяга неба», куды быў забраны св. Павел. І нельга было блытаць яго з «сёмым небам» вечнага шчасця і благаслаўлёнай візіі, куды паводле некаторых габрэйскіх і хрысціянскіх уяўленняў, увайшоў Езус Хрыстус. Зыходзячы з гэтага, можна сказаць, што некаторыя новазапаветныя фрагменты сведчаць, што мучанікі за веру так-сама ўваходзяць у найвышэйшую сферу — у «сёмае неба», дзе знаходзяцца непасрэдна перад Ягнём і чакаюць уваскрашэння (пар. Ап 6, 9-11; 7, 9-17). У Эдэне Адам і Ева, нашыя прабацькі, спазналі блізкае сяброўства з Богам, але затым, паддаўшыся спакусе, парушылі Божы наказ і зграшылі. Пасля ўпадку яны былі беспаваротна выдаленыя з Эдэна (Быц 3, 24). Такім чынам, Эдэн, звязаны з біблійнай прагісторыяй свету, стаў сімвалам стану, да якога няма вяртання, месцам прыгожым і багатым на ўсё, а таксама страчаным назаўсёды. Усё, што адбылося ў садзе Эдэн, — спакуса і ўпадак — адлюстравана на старонках Новага Запавету як першародны грэх, што стала адным з фундаментаў разбудаванай хрысціянскай тэалогіі. У Новым Запавеце канцэпцыя раю набывае эсхаталагічныя рысы: першаснае шчасце свету, у якім пануе Бог, магчымае толькі ў будучыні. У хрысціянскім разуменні рай — гэта стан найвышэйшага і канчатковага шчасця, якое чакае справядлівых пасля смерці, гэта дар Бога для чалавецтва. …Здаўна людзі задавалі і задаюць сабе пытанні пра першаснае шчасце чалавека, пра рай. І ніколі не пераставалі марыць аб ім. Гэтыя мары ў многім кіравалі і кіруюць іх паводзінамі, бо кожны хоча, каб гэтая прыгожая рэчаіснасць — сузірання Бога тварам у твар — магла стаць таксама і яго лёсам.
|
|
|
|