|
|
|
№
1(67)/2014
У чаканні кананізацыі
Постаці
Год малітвы
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратуразнаўства
Постаці
Прэзентацыя
Паэзія
In memoriam
Эсэ
Нашы святыні
Галерэя
|
Міхась СКОБЛА
З НЕБЫЦЦЯ — НА ПОКУЦЬ
Ліс А. Выбранае / уклад. і камент. аўтара, прадм. М. Казлоўскага. —
Мы ідзем па асеннім прыснулым Панарскім лесе з віленскім беларусам Яраславам Войцікам. Ідзем да месца, дзе калісьці ў зацішнай лагчыне стаяла хатка-мазанка, у якой жыла незабыўная Зоська Верас — бабуля майго спадарожніка. Застаўшыся без гаспадыні (ледзь не на сотым годзе жыцця яна перабралася да дачкі ў Вільню), хатка праіснавала зусім нядоўга — пайшла дымам у неба. Што гэта было — падпал невядомымі зламыснікамі ці самаспаленне з дапамогай няспраўнай электраправодкі — так і засталося нявысветленым. Калі Яраслаў адным з першых прыімчаўся на пажарышча, у куце яшчэ дагаралі кнігі і вецер гартаў палаючыя старонкі… Ён расказвае, і я бачу, што нават праз чвэрць стагоддзя для яго — гэта балючы ўспамін. Каб на душы палягчэла, мы заходзім спачатку ў захоплены лесам сад, дзе напаўадзічэлыя яблыні частуюць нас крамянымі сакаўнымі антонаўкамі. І я задаю Яраславу пытанне, якое ўжо даўно, з тае пары, як пачаў збіраць мемуарную і эпісталярную спадчыну Зоські Верас, не дае мне спакою. А чым займалася заўсёды актыўная беларуская дзяячка ў часы Другой сусветнай вайны? Ні ва ўспамінах, ні ў лістах я не знайшоў адказу на гэтае пытанне. Нават намёку не знайшоў. Названы перыяд у жыццяпісе Зоські Верас для мяне — поўная таямніца. Яраслаў Войцік трохі іранічна глядзіць на мяне і няспешна, нават неяк задумліва разважае ўслых: «А можа, бабуля, жывучы ў лесе, і не заўважыла, што адбылася вайна? Ды і пасля вайны доўгі час яна жыла пустэльніцай. Да актыўнага жыцця яе вярнуў Арсень Ліс — ён, па сутнасці, «абудзіў» Зоську Верас з летаргічнага сну, падгаварыў яе пісаць успаміны, паказаў дарогу да Лясной хаткі многім беларусам, якія шукалі тут сапраўднай беларускай гісторыі». «Абудзіў» Арсень Ліс… Потым я знайду пацвярджэнне гэтым словам у аўтабіяграфіі самой Зоські Верас. Арсень Ліс — менавіта будзіцель. Ён абудзіў не толькі Зоську Верас, ён настойліва і мэтанакіравана будзіць, раскатурхвае ад сну ўвесь народ. Бо абуджэнне з летаргіі чалавека ці народу, для якога сон можа цягнуцца стагоддзямі, магчымае толькі пры наяўнасці памяці. Пры амнезіі — поўнай страце памяці — абуджаны чалавек ці народ рызыкуюць пачаць жыццё немаўляці — з чыстага аркуша. Зразумела, тады яны маюць пільную патрэбу ў апекунах-настаўніках. Кнігі Арсеня Ліса — гэта лекі ад амнезіі, ад страты нацыянальнай памяці. Іх няшмат (лекаў і не трэба шмат), але яны дзейсныя. Хто іх прачытае — умацуе сябе нацыянальна, атрымае эфектыўную прышчэпку ад шкоданосных антыбеларускіх вірусаў, для якіх у нашай краіне ізноў створаная спрыяльная атмасфера. Калі яшчэ ў студэнцтве трапіла мне ў рукі кніга «Вечны вандроўнік» — пра Язэпа Драздовіча, і была прачытаная на адным дыханні, я зразумеў, што павінен знайсці і прачытаць усе кнігі гэтага аўтара. І паступова знаходзіў, хоць зрабіць гэта было, трэба прызнаць, нялёгка. Не здаюць людзі ў букіністычныя крамы кніг Арсеня Ліса. І ўсё ж за гадоў дзесяць мэтанакіраваных пошукаў у маёй бібліятэцы шчасліва апынуліся і «Браніслаў Тарашкевіч» (1966), і «Мікола Шчакаціхін» (1968), і «Пётра Сергіевіч» (1970), і «Купальскія песьні» (1974), і «Песьню — у спадчыну» (1989), і «Пякучай маланкі след» (1981), за якою я найдаўжэй паляваў. Апошняя кніга — пра таленавітага заходнебеларускага мастака Язэпа Горыда, вернутага літаральна з забыцця. Ці трэба казаць, што мой кнігазбор папоўніла — адразу ж па выхадзе ў свет — «Цяжкая дарога свабоды» (1994), а аб’ёмны фаліянт (754 шырокафарматныя старонкі!) «Gloria victis!» (2010) за апошнія гады па перачытванні ўпэўнена займае першае месца. «Gloria victis!» — Слава пераможаным! Менавіта такім воклічам варта сустракаць герояў кніг Арсеня Ліса. Сустракаць з небыцця і забыцця, з заплеценых хлуслівай павутой камораў і камераў, што і дагэтуль ахоўваюцца прыслужнікамі цёмначасся. Сустракаць і праводзіць на покуць Беларускага Дому, на самае пачэснае месца, якое яны заслужылі. Бо не можа покуць быць пустапарожняй, неадушаўлёнай. Хто ж яны, вартыя, на думку Арсеня Ліса, святога месца — покуці — у Беларускім Доме? Аляксандр Уласаў і Браніслаў Тарашкевіч, Аляксандр Цвікевіч і Тамаш Грыб, Леапольд Родзевіч і Аркадзь Смоліч, Рыгор Шырма і Мікола Шчакаціхін, Антон Грыневіч і Максім Танк, Пётра Сергіевіч і Уладзімір Караткевіч… Яны і сталіся галоўнымі героямі новай кнігі нястомнага даследчыка, якая нядаўна пабачыла свет у класічнай серыі «Беларускі кнігазбор».
«Почему Лис поднимает этих мертвецов?» — яшчэ ў канцы 60-х дапытваўся адзін служака з таго фронту, які прынята называць нябачным, у выкліканых на размову пісьменнікаў. Няўцям было таму служаку, што малады даследчык «падымае» не нябожчыкаў, а дойлідаў беларускай дзяржаўнасці, якія ў дужа неспрыяльных умовах паспелі закласці падмуркі Беларускага Дому. Мала хто тады, паўстагоддзя таму, верыў, што Дом гэты адбудуецца па ўсіх правілах дзяржаўнага будаўніцтва і на мапе Еўропы з’явіцца Рэспубліка Беларусь. Арсень Ліс верыў і ведаў, і дзеля гэтага працаваў не пакладаючы рук. Чытаючы кнігазбораўскі том, я заўважыў, што хоць імёны і паўтараюцца (Тарашкевіч, Шчакаціхін, Сергіевіч…), але аўтар сабе паўтарацца не дазваляе. У новай кнізе — новыя тэксты, новыя факты. І — новыя імёны, пра якія — пазней. Пра Браніслава Тарашкевіча мы маем дзве манаграфіі — адна, ужо згаданая, Лісава, другая — польскай даследчыцы Аляксандры Бергман. Здаецца, там дадзены падрабязныя жыццяпісы знанага палітыка, навукоўца і дзеяча на ніве культуры. У свой час я тыя манаграфіі старанна чытаў, нават канспектаваў. Але ўчытваюся ў невялічкі шаснаццацістаронкавы нарыс «Браніслаў Тарашкевіч», і ягоны герой адкрываецца для мяне яшчэ адной гранню свайго разнастайнага таленту. Што Браніслаў Адамавіч на турэмных нарах «Пана Тадэвуша» пераклаў, а значыць меў паэтычны дар, — гэта бясспрэчна. Але тое, што ён яшчэ і ўласныя вершы пісаў, сталася для мяне сапраўдным адкрыццём. Ды якія вершы! Адзін з іх — «Сто тысяч нас было, сяброў…» — меўся стаць гімнам Беларускай Грамады:
Яшчэ адзін дойлід нашай дзяржаўнасці — рэдактар «першай беларускай газэты з рысункамі» Аляксандр Уласаў. Сенатар Уласаў сустрэўся з Зоськай Верас і запрапанаваў ёй выдаваць дзіцячы часопіс, паабяцаўшы сціплую фінансавую падтрымку. «Як можна за 30 злотых выдаць часопіс?» — запыталася кандыдатка на выдаўца-рэдактара. «А вы скромненька», — адказаў Уласаў… І пачаў часопіс «Заранка» выходзіць у свет, і выйшла яго ажно 15 нумароў! Са старонак кнігі Аляксандр Уласаў паўстае не толькі ўмелым арганізатарам-выдаўцом, палітыкам і грамадскім дзеячам, але і спрактыкаваным гаспадарнікам. Ён яшчэ сто гадоў таму разумеў, што лес — нацыянальнае багацце беларусаў і з ім трэба абыходзіцца ашчадна. Мяне як чытача ўразілі развагі і падлікі Уласава адносна адбудовы Беларусі пасля Першай сусветнай вайны. Ён падлічыў, што на адну хату запатрабуецца 180 дрэваў, на 200 000 хатаў — 36 мільёнаў дрэваў, дзеля чаго мае быць высечана 200 тысяч дзесяцін спелага лесу. Адсюль выснова Уласава — Беларусь можа быць ператвораная ў аравійскую пустэльню. І ён просіць знаёмых архітэктараў, насамперш Лявона Дубейкаўскага, спраектаваць будынкі з цэглы, каменя і жалеза. І насамрэч — дойлід. З цікавасцю прачытаў я і эсэ Арсеня Ліса «На разломе эпохі» — пра Максіма Танка. У ім так арганічна пераплятаюцца развагі абазнанага архівіста, літаратуразнаўца і ўспаміны пра асабістыя сустрэчы і гутаркі з паэтам. Мабыць, не памылюся, калі скажу, што ніхто да Арсеня Ліса не спрабаваў у нас даследаваць такую далікатную тэму, як маральная адказнасць Максіма Танка перад рэпрэсаванымі савецкай уладай паплечнікамі і сябрамі. А ў паваенны час іх нямала апынулася ў Гулагу — ксёндз Адам Станкевіч, выдавец Янка Шутовіч, рэдактар адзінага нумару часопіса «Крыгалом» Юры Кепель… Не было ў Максіма Танка на той час вялікіх магчымасцяў для іх абароны — сваёй свабодай рызыкаваў, але ішоў, стукаўся ў высокія кабінеты, тлумачыў. І сяго-таго ўдалося ўратаваць. Скажам, заходнебеларускага паэта Міхася Васілька, якога ў 1944-м НКВД загрэбла за тое, што друкаваўся ў берлінскай газеце «Раніца». Якім гэта было злачынствам для савецкіх уладаў, сведчыць наступны факт: праз пяць гадоў, у 1949-м, яшчэ адна аўтарка «Раніцы», Ларыса Геніюш, атрымала ад Вярхоўнага суда БССР дваццаць пяць гадоў зняволення... А як нечакана дапаўняецца партрэт народнага паэта наступным штрыхом. Падчас выступу ў БДУ студэнты запыталіся з залы: калі вам, шаноўны Яўген Іванавіч, найлепей пісалася? Адказ быў лаканічным: «У польскай турме». Яго чуў сам аўтар — на той час студэнт філфака. З такіх жыццёвых крэсак і вымалёўваецца постаць творцы і грамадзяніна, а не толькі з дэпутацкіх і вярхоўнасавецкіх прамоваў, якіх ці не зашмат у нядаўна выдадзеным Зборы твораў у 13 тамах. Эсэ «З любасцю, думна, годна» — адно з лепшых у кнізе. І лепшае з усяго таго, што мне давялося прачытаць пра Уладзіміра Караткевіча. Я ажно не даў веры вачам, не знайшоўшы яго ў таўшчэзнай кнізе «Быў. Ёсць. Буду: Уладзімір Караткевіч», якая выйшла ў 2005 годзе ў серыі «ЖЗЛБ» («Жыццё знакамітых людзей Беларусі»). Паглядзеў уважліва яшчэ раз і яшчэ — няма. А эсэ тое было апублікаванае яшчэ ў 1986-м! Зрэшты, у тым «ЖЗЛБ» няма і выдатнага эсэ Рыгора Барадуліна. Як па мне, дык лепш такіх кніг увогуле не выдаваць, чым выдаваць у гэткім выглядзе, пасмяротна абкрадаючы класікаў. Сваім абурэннем я падзяліўся па тэлефоне са старэйшым сябрам, які як мала хто ведае ўсю — празаічную і паэтычную — Караткевічыяну. «А ты зірні, як пачынаецца тое эсэ Ліса, — пачуў я ў слухаўцы насмешлівы голас. — «Не быў блізкім сябрам…». Гэта, відаць, і адштурхнула ўкладальніцу». Можа і так. «Не быў блізкім сябрам…». Такі пачатак сведчыць хіба пра сціпласць і шляхетнасць аўтара. А ўспомніць яму было пра што. Хоць бы пра тое, як ён у бытнасць сваю супрацоўнікам выдавецтва выратаваў ад рэдактарскага глуму тры вершы ў першым зборніку У. Караткевіча «Матчына душа». Сярод іх — і вядомая сёння элегія «У векавечнай Бацькаўшчыне клёны…». А хіба не цікавы сюжэт пра тое, як Арсень Сяргеевіч выступіў у ролі свата і вазіў Уладзіміра Сымонавіча на агледзіны ў Вільню? Ды цаны такім успамінам няма! І як жа добра, што яны напісаліся — з любасцю, думна, годна, і — дадамо ад сябе — таленавіта.
Калі я рыхтаваў для «Гарадзенскай бібліятэкі» том спадчыны Зоські Верас, мне яўна бракавала інфармацыі пра яе першага мужа Фабіяна Шантыра. Так, таленавіты публіцыст, харызматычны прамоўца на салдацкіх мітынгах, кароткі час пабыў нават наркамам у першым савецкім урадзе Беларусі. І раптам — арышт і расстрэл у 1920-м. Сама Зоська Верас не знала прычынаў, пра смерць мужа даведалася з гарадзенскай газеты. І вось сустракаю ў новай кнізе Арсеня Ліса звесткі, запісаныя ім непасрэдна ад старога беларускага дзеяча Язэпа Сушынскага: «Энергічна і нервова паводзіў сябе на Усебеларускім з’ездзе бальшавік Фабіян Шантыр. Імклівы, амбітны, з кольтам праз плячо, у неадступным суправаджэнні некалькіх чалавек (казалі — група Шантыра) снаваў між дэлегатамі. У адказ на нейчую рэпліку-нязгоду запальчыва кідаў: «Патрабую сатысфакцыі за абразу!». Зноў жа — некалькі штрыхоў, а партрэт вымалёўваецца. Хіба складана было ў той час нарвацца амбітнаму, ужо пабываламу ва ўладзе нацыянал-бальшавіку, да таго ж узброенаму кольтам, на такіх жа ўзброеных проста бальшавікоў… Ладнаватае месца ў кнігазбораўскім аднатомавіку займаюць фальклоразнаўчыя даследаванні Арсеня Ліса. Так, ён яшчэ і выдатны фалькларыст — тэарэтык і практык, які з грувасткім бабінным магнітафонам абышоў не адзін дзясятак вёсак, вышукваючы залацінкі народнага меласу. У полі яго зроку — калядкі і шчадроўкі, купальскія, пятроўскія, касецкія і жніўныя песні. Я з належнай пашанотай стаўлюся да шматтомавай серыі «Беларуская народная творчасць», але калі душа прагне спеваў, я бяру ў рукі не грувасткія, з акадэмічнымі каментарамі тамы, а маленькі томік «Беларускія народныя песні» (1970), складзены Арсенем Сяргеевічам. Густ у яго бездакорны, ды і фармат кніжкі зручны — хоць за пазухай насі. Ужо даўно, дастаўшы з паштовай скрыні тыднёвік «Новы час», я з нецярпеннем шукаю ў ім працягу ўспамінаў Арсеня Ліса. Добра, што знайшлося для іх месца і ў кнігазбораўскім выбраным. Аўтар вяртаецца ў незабыўную пару школьнага юнацтва, і мне было цікава разам з ім апынуцца ў яго роднай Залескай школе, якая працавала і пад нямецкай акупацыяй. У свой час мой школьны настаўнік Пятро Марціноўскі падараваў мне «Беларускую граматыку для школ» Браніслава Тарашкевіча. Мяне ўразіў яе наклад — 100 000 асобнікаў, што не спалучалася з высновамі савецкай прапаганды, дзе беларускаму школьніцтву ў гады вайны месца не знаходзілася. І мяне цікавілі падрабязнасці: як і што ў такіх школах чынілася, у якой атмасферы знаходзіліся там вучні. Аказалася, што юны Арсень Ліс вывучаў родную мову па той самай граматыцы Тарашкевіча — 1943 года выдання, з букецікам васількоў на вокладцы. Ён з удзячнасцю прыгадвае выкладчыка малявання Паўла Южыка — прафесійнага мастака, выпускніка Віленскай рысавальнай школы прафесара Трутнева (потым вучань пра свайго настаўніка напіша бліскучае эсэ «Мастак родам з Вётхава»)... Чытаю — і нібы прысутнічаю на ўроку ў той Залескай школе. На партах перад вучнямі — чытанка «Родны край», адкуль і да гэтай пары Арсень Ліс памятае вершы Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Алеся Гаруна, байкі Альгерда Абуховіча. У школе практыкаваліся звароты «спадар настаўнік», «спадарыня настаўніца». Як і многім дзеткам у Заходняй Беларусі, школьніку Арсеню свяціла і ўжо згаданая «Заранка» Зоські Верас. Выдаваная «скромненька», яна тым не менш настойліва ўзгадоўвала ў юных душах парасткі патрыятызму. Каб выпісаць улюбёны часопіс, дзеці збіралі і сушылі лекавыя зёлкі. Арсеню пашанцавала — «Заранку» прывёз яму сваяк з Вільні, дзе паражніўся склад пры старой кнігарні. Падпісчыкаў і чытачоў часопісаў «Заранка» і «Беларуская борць» Зоська Верас пасля расшуквала ўсё жыццё. Яны парабіліся яе найбліжэйшымі сябрамі і вернымі карэспандэнтамі. Таму мне бачыцца невыпадковай яе сустрэча з адным з чытачоў — іх лучыла «Заранка», іх ядналі замоўчаныя і прызабытыя ў савецкай Беларусі постаці, дух якіх, здавалася, лунаў у Лясной хатцы. З іх адсланяла заслона бяспамяцтва, паказвалася належнае ім месца — на покуці. І Арсень Ліс выдатна справіўся з роляй будзіцеля, што засведчана Зоськай Верас, што мусім засведчыць і мы — ягоныя чытачы. Я не прыхільнік даваць парады творцам. Як правіла, яны самі ведаюць, пра што і пра каго пісаць. Але прыканцы гэтых нататак я ўсё ж асмелюся выказаць спадзеўную просьбу: Арсень Сяргеевіч, я вельмі спадзяюся, што ў Ваш цыкл гісторыка-літаратурных эсэ «Дойліды беларускай дзяржаўнасці» неўзабаве дадасца роздум-успамін пра Зоську Верас. Тыя 400 з гакам лістоў ад яе, якія Вы ашчадна перахоўваеце, — неацэнны матэрыял, які проста просіцца на старонкі новай кнігі, на сустрэчу з чытачамі. Месца Зоські Верас — таксама на покуці, і найлепей пра гэта ведаеце Вы — будзіцель яе і будзіцель усяе Беларусі.
|
|
|
|