 |
|
Іншасвет
О несамотныя мясціны,
Дзе нас няма, дзе проста рай!
Наўзбоч будзённай каляіны
Недасягальны небакрай.
Туды лятаюць самалёты,
Але бракуе на білет.
Усё адкладваеш на «потым» —
Няхай чакае дзіўны свет.
Дзе ззяюць колеры вясёлкі,
Спявае мора-акіян.
Лагодныя пястуюць золкі
Вяртання мары-мроі стан.
О несамотныя часіны! —
Там мы былі, там нас няма.
Ніхто нікому тут не вінны,
Пяшчота спеліцца сама.
Яшчэ наперадзе каханне,
Усе шляхі перад табой.
Калі надарыцца адхланне
Парой дзяцінства залатой?
Але ж ізноўку забракуе
Купіць да шчасця той білет...
Так недасяжна і красуе
Нязнана-знаны іншасвет.
|
|
Там і тут
Застаючыся — адыходзіць,
Быць там і тут, але ісці.
З нястрымным часам жыць у згодзе,
Адною ніткаю сплясці.
Дзяцінства побач бачна востра,
Як Нёман лашчыць твой спакой.
Таемнай згадкай гульняў востраў,
Лазы раскоша над ракой.
Юнацтва светлыя дарогі,
Калі адкрыты цэлы свет.
Ніводнай хмарачкі-трывогі,
Тым больш — ні гора ані бед.
Усё жыве ў душы з табою —
Але сягоння ты не там.
Не паддавайся лістабою,
Каб затаптаным стаць слядам.
Пагляд ускінь штораз у неба,
Адхланнем смагу наталі.
Бо не адзіным жыцьмем хлебам
На Богам дадзенай зямлі.
|
|
Стамлёны матыў
Бывай асадка, не крану цябе,
І ты радок мне болей не запішаш.
Стаміўся цэп гуляць у малацьбе,
Імпэт ужо нічым не раскалышаш.
Здаецца, лёг бы проста і ляжаў,
Бязмэтна-шэра гледзячы на неба.
Напэўна, ёсцека ў жыцці мяжа,
Пасля якой нічога ўжо не трэба.
Стаміўся жыць будзённай мітуснёй,
Дзе спрэс падман і нелюбоў, і зайдрасць.
Няма ні кроплі тут вады жывой,
Схавалі хмары і святло, і радасць.
Але, паверце, гэта не адчай,
А проста з часам поўная знямога.
Дык адпаўзі, счакай, ператрывай,
Маліся шчыра – прыдзе дапамога.
І зможаш зноў кахаць, любіць і жыць,
Пускаць у свет радкі надзеі й веры.
Суладдзя смагу змогуць наталіць
У райскі сад расчыненыя дзверы.
|
|
Ліха
Ат, пайшло яно ўсё…
І пайшло яно
Спрэс па белым свеце гуляць,
Дзе прытоена, дзе непрытоена
Зводзіць з тропу Яго дабрадаць.
Чалавек, у граху новаспечаны,
Адгукаецца рупна ў адказ.
Што там думаць пра шлях свой асвечаны,
Калі жыцьмем адзін толькі раз?
І пайшло яно ўсё, і паехала —
Весяліся да скону душа.
Хто шчабеча аб міры пад стрэхамі? —
У нутрах толькі свіст скавыша.
А яно аж трасецца ад радасці:
Душы ўсіх да сябе забяру!
Хай усе патанаюць у зайдрасці
У маю, у ліхую пару.
Як святых запаветаў пазбыліся,
Значыць, сёння дазволена ўсё.
Не згадаем, калі і маліліся,
Так з сабою свой бруд і нясём.
І пайшло яно ўсё, і не спыніцца,
Азірнуцца нам сіл не стае.
І душа дагарае, нішчымніца —
Што рабіцьмем, браткі вы мае?
|
|
Жыццё
Калі цябе чакае хутар родны
З цярплівасцю сялянскай залатой —
Хай забярэ хутчэй інстынкт прыродны,
Туды, дзе ўсё буяе пекнатой.
Дзе край маленства, праз гады нязводны,
Чароўна-восеньскі, адзіна той.
Лес, луг і Нёман — водар першародны,
Жывой пяшчоты лекавы настой.
Здаецца, больш нічога і не трэба,
І не турбуе спрэс кавалак хлеба —
Тут існаваць штотыдзень і штодзень.
Але ізноў кладзецца хмурны цень,
Ізноў за руль, і ў горад мкнешся порстка –
Быццё ў абдымкі забірае жорстка.
|
|
 |