Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(67)/2014
У чаканні кананізацыі

«ЕДНАСЦЬ СВЯТЫХ» З ЯНАМ ПАЎЛАМ II
Постаці
Год малітвы

МАЛІТВА ДА БОЖАЕ МАЦІ
У кантэксце Бібліі

ЭДЭН
Sanctorum opera
Літаратуразнаўства
Постаці

ПАД ПЫЛАМ ЗАБЫЦЦЯ
Прэзентацыя

З НЕБЫЦЦЯ — НА ПОКУЦЬ
Паэзія

ІТАЛІЯ ЗІМОЙ

ВЕРШЫ
In memoriam
Эсэ
Нашы святыні
Галерэя

АПОВЕД ПРА СВЯТАСЦЬ
ЯНА ПАЎЛА II

Апошняга Вялікадня ў папскіх апартаментах арцыбіскуп Макшыцкі не забудзе ніколі. Папа пачаў горш сябе адчуваць ужо за некалькі дзён да пачатку Вялікага посту. «Быў першы дзень лютага, — успамінае арцыбіскуп. — Святы Айцец скардзіўся, што не можа глытаць сліну, што яму балюча. А ён вельмі рэдка на што-небудзь скардзіўся, дакладней, амаль зусім не скардзіўся, таму мы ведалі, што справа, хутчэй за ўсё, сур’ёзная». Вечарам яму перастала хапаць паветра. Паехалі ў шпіталь. Дыягназ: запаленне гартані і трахеі. Арцыбіскуп успамінае, што Папа не мог дыхаць. «Было цяжка, — гаворыць былы сакратар. — Але потым ён атрымаў лекі, і яму станавілася ўсё лягчэй. Далейшыя абследаванні пацвярджалі, што стан здароўя паляпшаецца. Святы Айцец пачаў есці, хоць раней не мог. І калі прыйшла нядзеля, на „Анёл Панскі“ ён выйшаў да вакна клінікі Джэмэллі. Гаварыў вельмі слабым і ціхім голасам. Але ўдзяліў вернікам благаслаўленне, падзякаваў за малітву. Памятаю, як ён яшчэ сказаў, што нават у шпіталі не перастае служыць Касцёлу і чалавецтву. Нібы ён хацеў сказаць свету: я яшчэ не памёр, я тут, я думаю пра вас. Я тут, я малюся за вас». А потым стаяў у гэтым вакне і доўга глядзеў на людзей, якія перад клінікаю маліліся разам з ім.

Папяльцовую сераду яны прычакалі ў клініцы Джэмэллі. Быў дзявяты дзень лютага. Арцыбіскуп Макшыцкі ўспамінае святую Імшу каля шпітальнага ложка. І тое, як кардынал Дзівіш пасыпаў Папу галаву попелам. Праз некалькі гадоў былы сакратар пачаў бачыць у гэтым сімвал. Апошні Вялікі пост Яна Паўла ІІ на зямлі пачаўся ў хваробе. «Ты — прах і ў прах вернешся... — Арцыбіскуп задумваецца. І распавядае далей. — Ён цярпеў. Бо і хвароба Паркінсона давалася ў знакі. Не ведаю, ці адчуваў ужо Святы Айцец, што яго чакае апошняя Вялікая пятніца, апошні Вялікдзень. Не ведаю. Ён ніколі не казаў. Можа, толькі камусьці з блізкіх. Бліжэйшаму, чым сакратары. У нас жа былі такія думкі. І я таксама думаў, што гэта можа быць наш апошні сумесны Вялікдзень. Што гэта можа ўжо быць канец. Але ўвесь час заставалася надзея, што Святы Айцец пачне лепш сябе адчуваць. Гэтак і было. То лепш, то горш».

Познім вечарам, яшчэ ў Папяльцовую сераду, яны вярнуліся дадому.

Увесь свет глядзеў на Яна Паўла ІІ, які траціў сілы. Некаторыя гавораць, што ўсё яго жыццё было Вялікім постам. «Але гэты Вялікі пост быў асаблівы, — кажа арцыбіскуп Макшыцкі. — Я глядзеў на яго і бачыў Хрыста, які чакае Галготы. Святы Айцец ужо менш рухаўся. Больш ляжаў. Мы часта маліліся каля яго ложка. Ранішнія Імшы ён цэлебраваў седзячы. Папа не мог доўга стаяць. Па апартаментах мы вазілі яго ў калясцы». Арцыбіскуп гаворыць, што Ян Павел ІІ ужо не выходзіў на тэрасу. А ён жа гэта так любіў! Ежу для Папы змешвалі міксерам, бо яму было цяжка глытаць. Дапамагалі яму мыцца, апранацца. Для Святога Айца гэта, мабыць, было цяжкім, прыніжальным. «Ён ніколі не даваў нам гэтага адчуць, — успамінае былы сакратар. — Ніколі не скардзіўся. Часам толькі казаў: „У мяне баліць галава“, або: „Гэтая рука мне дакучае“. Дапамогу ён прымаў ахвотна, з удзячнасцю. Ведаў, што дапамога была проста неабходная. Аднак гэта не значыць, што яму было лёгка». Папа раздражняўся на сябе, калі адчуваў, што сілы яго пакідаюць, што ён не можа зрабіць чагосьці таго, што вельмі хацеў бы зрабіць. Арцыбіскуп Конрад Краеўскі як папскі цырымоніймайстар суправаджаў Яна Паўла ІІ у апошнія гады амаль падчас кожнай літургічнай цэлебрацыі. Ён гаворыць, што слабасць цела Святога Айца не адпавядала вясне ў яго сэрцы. Калісьці арцыбіскуп распавядаў святарам у Кракаве, як цяжка было Папу зрабіць першы крок: «Тады ён пачынаў стукаць пастаралам аб падлогу. Калі ўдавалася рушыць, казаў: „Ну!“, і, гледзячы на нас, распачынаў працэсію. Але аднойчы яму не ўдалося гэта з першага разу, таму ён паўтарыў папскую працэдуру рушання яшчэ раз, і так эфектыўна, з такім запалам, што гумка, якая засцерагала пастарал знізу, адляцела на некалькі метраў. Тады ўсе маглі ўжо без перашкодаў, з радасцю рушыць у працэсіі!». Ян Павел ІІ меў гуральскую ўпартасць*, якая не дазваляла яму здацца. Ён змагаўся са сваёй слабасцю. Змагаўся за кожны крок. А потым — калі яму ўжо цяжка было гаварыць — за кожнае слова. У апошнія тыдні жыцця «запалу», пра які гаварыў арцыбіскуп Краеўскі, ужо не хапала. Ян Павел ІІ станавіўся ўсё слабейшым.

Праз дзень пасля вяртання са шпіталя ён напісаў ліст сястры Люцыі, адной з трох дзяцей, якім у Фаціме аб’явілася Маці Божая. Быў Міжнародны дзень хворых. Аслаблены Папа пісаў паміраючай сяброўцы, што моліцца за яе, каб яна перажывала хвіліны цярпення і ахвяры ў духу Пасхі, якая азначае «пераход». «Гэтае запэўніванне аб малітве ён даручыў выслаць па факсе, каб сястра Люцыя абавязкова паспела яго прачытаць, — успамінае арцыбіскуп Макшыцкі. — І паспела. Біскуп Клету, які знаходзіўся каля яе да самага канца, пацвердзіў потым, што яна прачытала ліст ад Святога Айца. Яны былі вельмі блізкія. І без гэтага факсу яна ведала б, што Папа малітоўна знаходзіцца побач з ёю ў гэтыя апошнія дні. Аднак для Святога Айца было важна, каб яна атрымала гэтае запэўніванне як мага хутчэй». Яны былі часткаю аднаго [Божага. — Заўв. перакл.] плану. Ужо пасля смерці сястры Люцыі Ян Павел ІІ пісаў у спецыяльным лісце, што заўсёды адчуваў «падтрымку штодзённага дару яе малітвы, асабліва ў цяжкія моманты выпрабаванняў і цярпення». Яна памерла 13 лютага. Праз два дні пасля ліста ад Сябра. Перад смерцю яна казала: «Сэрца Езуса, Беззаганнае Сэрца Марыі. З Францішкам і Гіяцынтаю, і Святым Айцом мы ідзем, ідзем, ідзем...». Было сямнаццаць гадзін дваццаць пяць хвілін. У такі самы час дваццаць чатыры гады таму на плошчы святога Пятра Алі Агджа страляў у Яна Паўла ІІ. Гісторыя апісала кола. «Провід апісаў кола, — дадае арцыбіскуп Макшыцкі. — Святы Айцец ведаў, што сястра Люцыя была часткаю таямніцы, якая захавала яму тады жыццё». Яна ведала, што ніхто з іх не дажыве да восемдзесят пятай гадавіны нараджэння Папы. Перад смерцю сястра Люцыя нібыта сказала, што вельмі хацела б дачакацца гэтай даты (18 мая), але ні ёй, ні яму гэта не будзе дадзена. І не было. «Настала нядзеля. У той дзень, перш чым да нас прыйшла вестка пра смерць сястры Люцыі, — распавядае арцыбіскуп Макшыцкі, — Святы Айцец хацеў прывітаць вернікаў на плошчы святога Пятра, але быў не ў стане. Не мог гаварыць. Ён прыняў гэта вельмі блізка да сэрца. Не меў сілаў». Былы папскі сакратар распавядае, як у Вялікім посце жыццё ў папскіх апартаментах працякала ад крызісу да крызісу. «Былі дні лепшыя і горшыя, — кажа ён. — Але кожны з нас жыў з думкаю, што нешта скончылася. І што пачаўся новы час. Складаны час». Што пачаўся Вялікі пост Яна Паўла ІІ. Вялікі пост яго Пантыфікату. «Мы вельмі сачылі за тым, каб ён прымаў лекі, каб не ператамляўся, — успамінае арцыбіскуп. — Дактары раілі яму больш адпачываць. Святы Айцец пакорна выконваў іх парады, хоць, напэўна, яшчэ некалькі гадоў таму нічога з гэтага не выконваў бы, — усміхаецца арцыбіскуп. — Колькі разоў было так, што дактары гаварылі яму не ператамляцца, а ён усё роўна ішоў да людзей. Тое, як ён жыў і выконваў сваё служэнне ў апошнія гады, было звыш яго сілаў. Гэта было б звыш сілаў кожнага здаровага чалавека ў яго ўзросце. А ён жа быў вельмі зняможаны».

Арцыбіскуп успамінае, што праз тыдзень Ян Павел ІІ зноў адчуў сябе лепей. Настолькі добра, каб праводзіць малітву «Анёл Панскі». «Мы думалі, што крызіс ужо мінуў, — гаворыць арцыбіскуп. — Што цяпер ужо будзе лепей. Так здавалася. Ён быў мацнейшы, больш радасны. Сам, напэўна, таксама адчуваў, што да яго вяртаюцца сілы. І цешыўся гэтаму». Аднак радасць працягвалася нядоўга. Да серады. «Святы Айцец прамаўляў з бібліятэкі падчас агульнай аўдыенцыі, — гаворыць арцыбіскуп. — У зале Паўла VI былі святлодыёдныя экраны. І натоўпы вернікаў. Папа прывітаў палякаў і заклікаў адкрыць сэрцы на шчырае і глыбокае навяртанне. Я памятаю гэта. А вечарам — прыступ. Нейкія сутаргі. Кардынал Яворскі ўдзяліў Святому Айцу намашчэнне хворых. Цяжка было на гэта глядзець. А Святы Айцец, як звычайна, быў спакойны. Прыехаў доктар Буццанецці і сказаў, што трэба ехаць у шпіталь на абследаванне». Раніцаю было лепш. А потым зноў горш. Сутаргі вярнуліся. Папа не мог дыхаць. Хутка было прынятае рашэнне, што трэба ехаць у шпіталь. Паехалі ў клініку Джэмэллі. «Дактары адразу сказалі, што трэба аперыраваць, — успамінае былы папскі сакратар. — Гэта з-за хваробы Паркінсона, якая ўзмацняла прыступы. Так нам тлумачылі. У лёгкіх збіралася вадкасць. Святы Айцец ужо не мог кантраляваць мышцаў, якія ўдзельнічаюць у глытанні». Быў чацвер, 24 лютага. Як гаворыць арцыбіскуп, Ян Павел ІІ не жадаў аперацыі. «Ён хацеў адкласці яе да лета, — успамінае Мечыслаў Макшыцкі. — Не гаварыў, чаму. Прасіў адкласці на гэтыя некалькі месяцаў. Можа, ён меў надзею, што яшчэ ўдасца...». Але дактары не сумняваліся, што чакаць нельга. Яны пераконвалі і сакратароў, і Папу ў тым, што аперыраваць трэба неадкладна. Гутарка ішла пра трахеатамію. «Урэшце і мы пачалі пераконваць Святога Айца, — гаворыць арцыбіскуп Макшыцкі. — Мы яго вельмі прасілі. І ўрэшце ён згадзіўся. Хацеў толькі ведаць, ці вернецца да яго пасля аперацыі голас. Мы абяцалі яму, што голас вернецца — як і запэўнівалі дактары — і яны будуць рабіць усё, што ў іх сілах, каб так і было. Гэта яго супакоіла. Аперацыю, як і ўсё сваё жыццё, ён даверыў Марыі.

З клінікі Джэмэллі ізноў у час Вялікіга посту сыходзіць пасланне любові, якую Святы Айцец перажывае і аб якой сведчыць у еднасці з Хрыстом і Касцёлам». «Ложак пакутаў становіцца катэдраю жыцця», — пісалі ў «L’osservatore Romano».

Пасля аперацыі аказалася, што Ян Павел ІІ не можа гаварыць. Ён вельмі перажываў з-за гэтага. Жадаў штосьці сказаць, але не мог. Жэстам папрасіў лісток паперы і асадку. Напісаў штосьці, што скаланула арцыбіскупа. «Ён напісаў: „Што вы са мною зрабілі? Але totus Tuus“, — успамінае былы сакратар. — Спачатку я падумаў, што Святы Айцец пакрыўджаны на нас. Мы ж яму абяцалі, што ён будзе гаварыць. А цяпер ён не можа гаварыць. Мне было вельмі прыкра. Але я паглядзеў на гэты запіс яшчэ раз і толькі тады яго зразумеў. „Totus Tuus“ мне ўсё растлумачыла. Святы Айцец, як заўсёды, давяраў Пану Богу. І аддаваўся Яму цалкам. Гэты лісток паперы быў яшчэ адным доказам яго даверу. Я быў вельмі ўзрушаны, бо бачыў, як ён пакутаваў. Ён не мог есці. Пасціў разам з Хрыстом. Сёння я так пра гэта думаю. Гэтая сімволіка бянтэжыць. З кожным днём яе было ўсё больш. І адчувалася блізкасць Святога Айца да Хрыста, які рыхтаваўся да Вялікага тыдня, да сваёй мукі і смерці. Я адчуваў гэта мацней, чым калі-небудзь раней». Пасля аперацыі яны маліліся разам. Каля ложка Папы цэлебравалі святую Імшу. Арцыбіскуп распавядае, як Папа зноў вучыўся есці. «У яго ў трахеі стаяла трубка. Яму было вельмі балюча, але ён не скардзіўся, — успамінае былы сакратар. — Толькі рукою паказваў на тую рану, на тое месца, дзе была аперацыя. Відаць было, што ён пакутуе. Не мог ні есці, ні гаварыць. Нават з адкашліваннем былі праблемы. Мы рэзалі для яго ежу на малюсенькія кавалачкі, але і гэта не дапамагала. Гэта была трагедыя. Мы перамешвалі прадукты міксерам, але нават так яму не заўсёды ўдавалася праглынуць. Ён жахліва мучыўся, задыхаўся, але спрабаваў далей. Не пратэставаў. У гэтым было шмат пакоры». Ён пакорна прасіў таксама аб малітве, як у разважаннях перад малітваю «Анёл Панскі» ў нядзелю 27 лютага: «Прашу вас, каб вы і далей падтрымлівалі мяне перш за ўсё сваёю малітваю», — напісаў Святы Айцец. Яго словы зачытаў арцыбіскуп Леанарда Сандры. Арцыбіскуп Макшыцкі ўспамінае, што гэтыя разважанні былі асабліва хвалюючыя. У іх была ўся праўда пра сэнс цярпення. Хрыстовага і таго, што закранае кожнага з нас. Таго, што закранула Яна Паўла ІІ. «Гэта вельмі ўзрушвала, — успамінае арцыбіскуп. — Папа, які ў дадзены момант страціў голас і вельмі пакутуе, тлумачыць мноству людзей, якія моляцца за яго здароўе, чаму гэтае цярпенне мае сэнс. Чаму цярпенне Хрыста мела сэнс. Святы Айцец рыхтаваў нас да апошняга супольнага Вялікадня. Сёння я так гэта разумею. Памятаю, як ён тады выйшаў на некалькі хвілін да вакна і благаславіў людзей, што стаялі перад клінікаю. У нейкі момант ён дакрануўся рукою да таго месца, дзе ў яго шыі была адтуліна. Нібы хацеў патлумачыць усім, чаму ён не можа ім нічога сказаць». Раней ад яго імя гаварыў арцыбіскуп Сандры: «Пакаянная атмасфера Вялікага посту, які мы перажываем, дапамагае нам лепш зразумець таксама вартасць цярпення, якое так ці інакш закранае кожнага. Гледзячы на Хрыста і ідучы за Ім з цярплівым даверам, мы можам зразумець, што ўсялякая форма людскога болю мае ў сабе Божае абяцанне збаўлення і радасці». І далей: «Жадаю, каб гэтае пасланне суцяшэння і надзеі прыйшло да ўсіх, асабліва да тых, хто перажывае цяжкія хвіліны, хто пакутуе фізічна і духоўна. Перад Марыяй, Маці Касцёла, я ўзнаўляю свой давер: totus Tuus. Няхай у кожны момант жыцця Яна дапамагае нам выконваць святую Божую волю». «Ён заўсёды адчуваў еднасць з кожным хворым і церпячым, — гаворыць арцыбіскуп. — Я перакананы, што ён і тады ахвяраваў сваё цярпенне за іншых хворых і церпячых». Пасля аперацыі ўскладненняў не было. Папа з кожным днём адчуваў сябе лепш. Але — насуперак афіцыйным паведамленням Ватыкана — не харчаваўся рэгулярна, бо не мог глытаць. Ён мусіў навучыцца гэтаму. І, як апавядае арцыбіскуп Макшыцкі, гэта было вельмі цяжка. Святы Айцец трэніраваў таксама дыханне і маўленне, што таксама не давалася яму лёгка. «Гэта былі непрыемныя практыкаванні, — гаворыць былы папскі сакратар, які назіраў за імі. — Святы Айцец вельмі стараўся, але поспех не прыходзіў так хутка, як ён хацеў бы. Ён нерваваўся». Ужо 1 сакавіка Папа пачаў гаварыць. «Святы Айцец размаўляў з цяжкасцю, вельмі ціха, — распавядае арцыбіскуп Макшыцкі. — Але размаўляў. З кардыналам Ратцынгерам, які яго наведаў, а потым публічна прызнаў, што да Папы вярнуўся голас, ён размаўляў па-італьянску і па-нямецку. Ён быў у лепшай форме. Сустракаўся з супрацоўнікамі Рымскай курыі, падпісваў дакументы, мы чыталі яму кнігі і газеты. Ён нават прымаў дэлегацыі. Памятаю, што на пачатку сакавіка ён прыняў у шпіталі айца Луіса Кандора з Фацімы, які займаўся кананізацыяй благаслаўлёных Гіяцынты і Францішка. Ён прывёз Святому Айцу кананізацыйныя дакументы пастушкоў з Фацімы. Святы Айцец вельмі ўсцешыўся». Стан Яна Паўла ІІ быў лепшы, але не настолькі добры, каб ён мог браць удзел у агульнай аўдыенцыі. Яе адмянілі. «Ян Павел ІІ на новым этапе свайго цярпення ступіў на шлях мукі Хрыста», — сказаў у інтэрв’ю для Ватыканскага радыё кардынал Ратцынгер. Ён таксама прызнаў, што Папа паказвае, «наколькі плённым бывае цярпенне, калі яно перажываецца разам з многімі церпячымі гэтага свету». Іншымі словамі, што цярпенне мае сэнс. І можа быць чымсьці пазітыўным. Кардынал Ратцынгер тлумачыў, што гэтае «пасланне асабліва важнае для свету, у якім імкнуцца схаваць цярпенне і нават пазбавіцца яго». Ян Па-вел ІІ паказваў гэтаму свету, што пазбавіцца цярпення не ўдасца і што хаваць яго няварта. «Што крыж — інтэгральная частка кожнага з нас, — гаворыць арцыбіскуп Макшыцкі. — Таксама і па гэтай прычыне апошні Вялікі пост Святога Айца, яго апошні Вялікдзень усім нам былі вельмі патрэбныя. Тое, што ён дазволіў усяму свету глядзець на сваё цярпенне, было незвычайным доказам даверу і любові. Да Бога і людзей».

Папа Ян Павел ІІ з сваімі сакратарамі (на першым плане)
М. Макшыцкім і Ст. Дзівішам.

6 сакавіка па традыцыі разважанні перад малітваю «Анёл Панскі» зачытаў арцыбіскуп Сандры. Папа дзякаваў за «доказы любові», асабліва ад вернікаў іншых рэлігій, габрэяў і мусульманаў. Ён пісаў пра падрыхтоўку да Вялікадня. І пра ахвяраванне цярпення дзеля «дабра чалавецтва» і дзеля «нашага ачышчэння». «Святы Айцец згадаў гісторыю пра аздараўленне сляпога, — успамінае арцыбіскуп. — А таксама Хрыста як „святло свету“. Ён пісаў пра тое, што вера — гэта святло, якое вядзе нас па жыцці. Гэта полымя, якое прыносіць надзею ў складаныя моманты». «Калі нараджаецца дзіця, кажуць, што яно „прыйшло на свет“, — пісаў Ян Павел ІІ. — Для веруючых, народжаных праз хрост для звышнатуральнага жыцця, Вялікі пост — гэта час, які спрыяе „прыйсцю на святло“, гэта значыць, адраджэнню з Духа, і аднаўляе ласку і абавязкі хросту». Вялікі пост як час «прыйсця на святло»... «Святы Айцец вельмі глыбока гэта перажываў. Ён усё глядзеў па тэлебачанні, — гаворыць арцыбіскуп Макшыцкі. — Потым выйшаў да вакна і прывітаў вернікаў. Гэта працягвалася, можа, некалькі хвілін. Нібы нядоўга, але Святому Айцу гэта каштавала вялікіх намаганняў. Дактары раілі, каб ён як мага менш размаўляў. Ён мусіў берагчыся. Неабходна было нармалізаваць дзейнасць трахеі».

У сродках масавай інфармацыі з’яўляліся чарговыя чуткі пра тое, што Ян Павел ІІ страціў голас назаўсёды. Іх спыніў запіс, паказаны на Ватыканскім тэлебачанні. «Va bene, va bene», або «добра, добра» — так гучалі першыя словы гэтага запісу. Першыя словы, якія пачуў свет пасля трахеатаміі. Запіс зарэгістраваны 11 сакавіка, падчас перадпаўдзённай Імшы, якую Ян Павел ІІ цэлебраваў у шпітальнай капліцы. «У гэтым запісе чуваць было таксама благаслаўленне, — гаворыць арцыбіскуп Макшыцкі. — Голас быў слабы і ахрыплы, а словы невыразныя. Але іх можна было зразумець. Зрэшты, Святы Айцец так гаварыў ужо з пачатку сакавіка. Толькі вельмі ціха».

Радольфо Праецці, кіраўнік каманды дактароў, якія займаліся Папам у клініцы Джэмэллі, распавядаў газеце «L’Avvenire», што для яго радасным днём было менавіта 11 сакавіка. Тады ён убачыў, як Ян Павел ІІ са смакам есць сіцылійскую трубачку з крэмам. «Я анямеў ад уражання і не паверыў уласным вачам, — успамінаў ён, — калі Ян Павел ІІ з шырокаю ўсмешкаю сказаў: „Смачна, вельмі смачна. Дзякуй, дзякуй“. Папа глытаў нармальна і змог вымавіць некалькі словаў».

Праз два дні ўжо ніхто не сумняваўся ў тым, што Папа можа размаўляць. Ян Павел ІІ прамовіў з вакна клінікі Джэмэллі. Падзякаваў пілігрымам. Прывітаў Вадавіцы. Усім жадаў добрага тыдня. Арцыбіскуп запэўнівае, што Святы Айцец гаварыў ужывую. Гэта быў не запіс. Напярэдадні тэкст разважанняў перад малітваю «Анёл Панскі» зачытаў арцыбіскуп Сандры. У ім шмат гаварылася пра масмедыя і адказнасць за слова. Пра евангелізацыю з дапамогаю радыё, тэлебачання і інтэрнэту. Усё гэта ў кантэксце сілкавання Божым словам, да чаго, як пісаў Папа, нас заклікае Вялікі пост. Ён сам сілкаваўся Божым словам кожны дзень. Любіў, калі сёстры чыталі яму Святое Пісанне. Часам чытаў ксёндз прафесар Стычань. Часам чыталі сакратары. У тых жа разважаннях ён прасіў Маці Божую, каб Яна дапамагла нам усім падрыхтавацца да Вялікага тыдня. «Спадзяюся, што многія маладыя людзі возьмуць удзел ва ўрачыстай літургіі Пальмовай нядзелі на плошчы святога Пятра, — пісаў Святы Айцец. — Яна сімвалічна пераносіць нас да Сусветных дзён моладзі, якія плануюцца ў Кёльне ў Германіі». Сусветных дзён моладзі ў Германіі ён не дачакаўся. Датаю 13 сакавіка падпісана «Пасланне да святароў» на Вялікі чацвер 2005 года. Апошняе такое пасланне. Ён напісаў яго раней. Як заўсёды, прадыктаваў прэлату Пташніку.

У той самы вечар Папа выйшаў са шпіталя. Перад гэтым паблагаславіў дактароў, медсясцёр, малодшых супрацоўнікаў. «Мы выязджалі з клінікі пасля васямнаццатай гадзіны, — успамінае арцыбіскуп. — Святы Айцец ехаў на спецыяльным мікрааўтобусе. Ён сядзеў спераду, у машыне было запалена святло, таму пілігрымы, якія віталі яго перад клінікаю і затым на вуліцах Ватыкана, маглі добра бачыць, што ён усміхаецца ім і вітае іх шырокім жэстам. Відаць было, што ён вельмі радаваўся. Для яго гэта было вельмі важна, бо ён ужо не хацеў больш заставацца ў шпіталі. Праз васямнаццаць дзён ён мог, нарэшце, вярнуцца дадому. Мы таксама вельмі цешыліся». Арцыбіскуп распавядае, што Папа сумаваў па доме, што хацеў як мага хутчэй вярнуцца да працы. Да нармальнага рытму, які ён любіў, да якога прывык. «У гэтым не было думкі пра тое, каб памерці дома, — гаворыць арцыбіскуп. — Я так мяркую. Ён сапраўды хацеў яшчэ вярнуцца да нармальнага жыцця». Хоць жыццё гэтае пасля шпіталя нармальным ужо не было. Былы сакратар паведамляе, што ў папскіх апартаментах практычна пасяліліся дактары. Адзін доктар і адзін медбрат. Папа знаходзіўся пад пастаяннаю апекаю. Ён шмат адпачываў, менш хадзіў. Святыя Імшы часта адбываліся каля яго ложка. «Святое Пісанне, Крыжовы шлях і Гадзінкі, Ружанец і Вяночак. Заўсёды пры Святым Айцу хтосьці быў, — гаворыць арцыбіскуп. — Мы чыталі яму па чарзе. Часам вазілі яго ў калясцы. У тым ліку па апартаментах. Каб ён не ператамляўся. Больш працы ў нас не стала. <...> Больш было эмоцый, больш перажыванняў. Мы глядзелі на святога чалавека, які сваім цярпеннем вучыць нас давяраць Богу. Усё менш падзей адбывалася вакол яго, знікала ўрачыстае афармленне цэлебрацыі. Не было ўжо прыватных аўдыенцый. Святы Айцец шмат чытаў, а маліўся хіба яшчэ больш, чым звычайна, хоць я не ведаю, ці магчыма гэта ўвогуле. Для яго было вельмі важна, каб людзі, якія прыходзілі на плошчу святога Пятра, ведалі, што з ім не ўсё так дрэнна, як некаторым здаецца. Таму ў першую сераду пасля выхаду са шпіталя ён выйшаў да вакна падчас агульнай аўдыенцыі. Стаяў у вакне, можа, каля хвіліны, не болей. Але благаславіў гэтых людзей. Я бачыў, наколькі гэта было для яго важна». Арцыбіскуп дадае, што ў гэтай сваёй хваробе і слабасці Ян Павел ІІ прагнуў нам штосьці паказаць, штосьці даказаць. «Напэўна, яму нават было ўсё роўна, можа ён гаварыць або не, — задумваецца былы сакратар. — Ён хацеў, каб мы ведалі, што ў гэтай немачы таксама ёсць нейкая сіла. Каб гэтыя людзі на плошчы ведалі, што ён моліцца з імі. І за іх. Што з ім не ўсё яшчэ так трагічна». Трагічна не было, але і добра — таксама не. Ян Павел ІІ вельмі мала еў, бо ўвесь час у яго былі праблемы з глытаннем. Ён худзеў на вачах. Станавіўся ўсё слабейшым. Нягледзячы на гэта, ён мужна змагаўся, трэніруючы дыханне і маўленне. З найбліжэйшымі супрацоўнікамі размаўляў шэптам. Арцыбіскуп Макшыцкі памятае, што яго добра разумелі.

Ён хацеў, каб мы ўсе яго добра разумелі. Крыху падказваў, як нам яго зразумець. За некалькі дзён да Пальмовай нядзелі ён з дапамогаю святлодыёднага экрана яднаўся з тысячамі маладых людзей, якія маліліся ў базыліцы святога Яна на Латэране. У тэксце, які зачытаў кардынал Руіні, Папа заклікаў будаваць цывілізацыю любові, клапаціцца пра сям’ю. Але ён таксама нагадаў, што ад Бога «мы атрымалі дар жыцця, і чым больш яму пагражае небяспека, чым больш яно становіцца прадметам маніпуляцыі, тым больш мы павінны адстойваць яго бясцэннасць ад пачатку аж да смерці». Святы Айцец згадаў словы святога Яна ад Крыжа і святой Эдыты Штайн. Гэтымі словамі ён заахвочваў да малітвы: «Тыя, хто вельмі актыўны і жадае ахапіць увесь свет сваім прапаведаваннем і сваімі знешнімі справамі, няхай памятаюць, што яны былі б больш карыснымі для Касцёла і значна мілейшымі для Бога, калі б не казалі пра добры прыклад, які яны маглі б даць, а хаця б палову гэтага часу правялі з Богам на малітве». «Святы Айцец заўсёды гэта паўтараў, — гаворыць арцыбіскуп Макшыцкі. — Але тады гэта гучала як яго тэстамэнт для маладых людзей. Папа хацеў, каб яны ведалі, што сучасны свет спрабуе іх ашукаць. Ён прываблівае ілюзіяй шчасця. Ён прымушае жыць напаказ. „Шануйце жыццё“, — нагадваў ён ім. Ад пачатку да канца. Гэта павінна было ўражваць іх, бо гаварыў гэта той, хто любіў іх і са сваім уласным жыццём паволі, але ўсё ж развітваўся». Пытаюся ў арцыбіскупа, які ўрок з гэтага Вялікага посту вынес ён сам. Арцыбіскуп гаворыць, што, гледзячы на слабеючага Яна Паўла ІІ, які чакае Вялікадня, з пакораю зносячы цярпенне, думаў пра тое, у якой вялікай ступені нашае жыццё знаходзіцца ў руках Пана Бога. «Думаў пра тое, што мы ва ўсім належым Пану Богу, — тлумачыць былы сакратар. — І ў радасці, і ў смутку. Што мы павінны даверыцца Яму. Што Пан Бог заўсёды дасць нам сілы, каб мы вытрывалі. Галоўнае, каб мы ўмелі прыняць Божую волю. Сапраўды, каб мы ведалі, што нашае цярпенне мае сэнс. Трэба навучыцца гэта разумець, навучыцца прымаць Яго волю».

Пальмовая нядзеля заспела Папу ў слабым стане. Арцыбіскуп успамінае, што Святы Айцец быў схуднелы і слабы. Дактары перасцерагалі, каб ён не надрываўся. Але ён абавязкова хацеў падысці да вакна. «Адбыўся чарговы крызіс, — распавядае былы сакратар. — Святы Айцец не мог глытаць. Але выйшаў да вакна. Ніколі гэтага не забуду. З аліўкаваю галінкаю. Ён махаў ёю і благаслаўляў. Людзі віталі яго гучнымі воклічамі, а ён не мог нічога сказаць. Хацеў, але не мог. Быў нават такі момант, калі ён схапіўся за галаву ад гэтай немачы. Гэта ўсіх вельмі ўзрушыла». Арцыбіскуп гаворыць, што яны баяліся за Папу. Але ніхто не мог яго пераканаць. «Мы мусілі паважаць гэтае яго жаданне, — успамінае арцыбіскуп. — Мы шмат размаўлялі пра гэта паміж сабою. Не было выйсця. Мы мусілі зрабіць усё, каб палегчыць Святому Айцу перамяшчэнне. Гэта былі каляскі, пульты — толькі каб ён мог паказацца ў вакне». І паказаўся. Калі сакратары ўбачылі, што Папа не можа нічога сказаць, што ён захваляваўся, спрабавалі яго нават далікатна адсунуць ад вакна. Але ён запратэставаў. «Памятаю, што ён ударыў рукою па крэсле, — успамінае арцыбіскуп Макшыцкі. — Нам было зразумела, што ён застанецца ў вакне так доўга, як зможа. Гэта працягвалася, можа, некалькі хвілінаў. У апартаменты ён вярнуўся змучаны. Не меў сілаў».

Напэўна, яму было цяжка. Упершыню за дваццаць шэсць гадоў ён не ўзначальваў абрады Вялікага тыдня. За яго гэта рабілі кардыналы, якія працавалі ў Рымскай курыі. У Пальмовую нядзелю Эўхарыстыю на плошчы святога Пятра цэлебраваў кардынал Руіні. Тэкст разважанняў зачытаў кардынал Сандры. «Будзьце ўсюды сведкамі хвалебнага Хрыстовага крыжа, — заклікаў Папа дзясяткі тысяч вернікаў на плошчы святога Пятра і мільёны перад тэлевізарамі ва ўсім свеце. — Не бойцеся! Радасць Пана, укрыжаванага і ўваскрослага, няхай будзе вашаю сілаю». Папа падкрэсліваў, што Пальмовая нядзеля «нясе ў сабе спецыяльную ласку, ласку надзеі, злучанай з крыжам, у якім заключана хрысціянская таямніца». Ян Павел ІІ, наколькі мог, сачыў за ўсім па тэлебачанні. Ён шмат ляжаў, адпачываў. Святыя Імшы, якія ў мінулыя гады адбываліся ва ўрачыстай атмасферы, цяпер цэлебраваў у ложку. У тым ліку і па гэтай прычыне, як гаворыць арцыбіскуп Макшыцкі, гэты Вялікдзень быў для іх выключным. «Я бачыў яго сілу, — распавядае былы сакратар. — Адчуваў яе. І думаю, што гэта ўплывала на нас усіх. Столькі цярпення! І ўсё ж гэта была вялікая перамога. Як у Хрыста. Бо ён паміраў за нас, за нашае збаўленне. Сёння я так пра гэта думаю, — прызнаецца арцыбіскуп, — бо тады не думаў, што надыходзіць канец. А можа, проста не хацеў так думаць. Святы Айцец быў вельмі спакойны. Думаю, нашмат спакайнейшы, чым усе мы.

Арцыбіскуп гаворыць, што Папа прымаў сваю немач з пакораю. І нават з душэўным спакоем. Што не было ў ім злосці. Ён рэдка нерваваўся так, як у Пальмовую нядзелю. Маліўся ў спальні. Ужо ляжаў, не перамяшчаўся. «Прыязджала шмат гасцей, — успамінае арцыбіскуп. — Кардынал Яворскі, ксёндз Дронжак, ксёндз Стычань, Ванда Пултаўска. Ён быў спакойны. Мы вельмі доўга спадзяваліся, што гэта ўсё ж выйдзе на добрае. Жылі гэтаю надзеяй. Дрэнныя думкі з’явіліся толькі пасля Вялікадня, у чацвер, калі дактары выявілі заражэнне арганізма. І пацвердзілі, што надзеі ўжо няма». Папа ўжо быў вельмі спакутаваны. У сераду адмянілі агульную аўдыенцыю. Ён на кароткі момант з’явіўся ў вакне апартамента. Група пілігрымаў з Польшчы заспявала яму на плошчы святога Пятра «Чорную Мадонну». А ён благаславіў у маўчанні.

У Вялікі чацвер на пачатку Імшы хрызма кардынал Джаванні Баттыста Рэ зачытаў папскае пасланне. У ім Ян Павел ІІ запэўніваў, што сочыць за Імшою па тэлебачанні і далучаецца да яе ўдзельнікаў у падзяцы за «дар і таямніцу святарства». Ён таксама пісаў, што моліцца, «каб у Касцёле не бракавала святых святароў». І гэтую інтэнцыю ён даверыў Маці Божай. «Папа глядзеў Імшу ў спальні, — успамінае арцыбіскуп Макшыцкі. — Нічога не гаварыў. Ён заўсёды глыбока перажываў Вялікі чацвер. Думаю, што гэты Вялікі чацвер ён перажываў асабліва. Святы Айцец вельмі хацеў удзельнічаць у святой Імшы, якая цэлебруецца на памяць пра ўстанаўленне Эўхарыстыі. Але на гэта не было шанцаў».

«Пасланне да святароў» было вельмі ўзрушлівым. Прэфект Кангрэгацыі па справах духавенства, абвясціўшы яго свету за некалькі дзён да гэтага, сказаў: «Калі кожнае пасланне Святога Айца да святароў на Вялікі чацвер заўсёды з’яўляецца жывым сведчаннем клапатлівай любові наступніка Пятра, то сёлетняе пасланне — гэта сведчанне асаблівае, бо падпісана ў месцы, пазначаным крыжам Хрыста, — у шпіталі». Ён згадаў таксама тое, што Ян Павел ІІ гаварыў падчас святкавання дваццаць пятай гадавіны Пантыфікату: «Ніколі не павінна бракаваць адвагі ў абвяшчэнні Евангелля; наадварот, гэта павінна быць нашым галоўным заданнем ажно да апошняга ўздыху». У пасланні Папа заклікаў святароў, каб яны не баяліся старасці. Заахвочваў пераадольваць стомленасць. Ён называў сваімі словамі тое, пра што гаварылі многія: «Мае думкі імчацца да вас, святароў, у той час, калі я знаходжуся на лячэнні і рэабілітацыі ў шпіталі, хворы сярод хворых, яднаючы ў Эўхарыстыі сваё цярпенне разам з цярпеннем Хрыста».

Ён цярпеў разам з Хрыстом. Пра жыццё святара Святы Айцец пісаў, што яно мае сэнс толькі тады, «калі святар зможа стаць дарам, аддаючыся ў распараджэнне супольнасці, служачы кожнаму, хто знаходзіцца ў патрэбе». Папа тлумачыў, што «менавіта гэтага чакаў ад сваіх апосталаў Езус, і гэтую думку падкрэслівае евангеліст Ян, калі распавядае пра абмыванне ног». Відавочна, таксама і па гэтай прычыне Папа штогод абмываў ногі старэйшым святарам. У гэтым годзе ён ужо не мог гэтага зрабіць. Але напісаў, каб тыя, каму ён скіроўвае свае словы, не забыліся, у чым павінна заключацца іх служэнне. «Пісаў пра тое, пра што сёння шмат гаворыцца, — успамінае арцыбіскуп. — Што ў наш час святары павінны быць сведкамі Хрыста, павінны жыць так, як Ён жыў, як яны самі хацелі б, каб жылі іншыя».

«Святар пакліканы, — пісаў Ян Павел ІІ, — каб у супольнасці, якая яму даверана, быць чалавекам вернага ўшанавання памяці Хрыста і ўсёй Яго містэрыі». «Святы Айцец быў вельмі паслядоўны, — гаворыць яго былы сакратар. — Ён жыў так, як сам навучаў. У гэтым пасланні ён пісаў пра цеплыню, якую чалавек атрымлівае ў блізкіх адносінах з Хрыстом. І што з гэтых адносінаў нараджаецца радасць і сэнс нашага жыцця. Гэта было вельмі асабістае прызнанне, якім ён хацеў падзяліцца з усімі святарамі свету. З усімі намі».

Звяртаючыся да святароў, Святы Айцец усім нам тлумачыў, у чым заключаецца таямніца маладой душы. Маладой душы, якую меў ён сам. У тыя дні многія гаварылі, што, хоць яго цела ўжо было старое, хворае і змучанае, вочы яго ўвесь час былі маладыя. Бо ён быў малады духам. Святы Айцец тлумачыў: «Святар — гэта той, хто нягледзячы на хуткаплынны час не перастае выпраменьваць маладосць духу, нібы „заражаючы“ ім людзей, якіх ён сустракае на сваім шляху. Яго таямніца — у „страсці“, якую ён перажывае ў Хрысце. Святы Павел гаварыў: „Для мяне жыццё — гэта Хрыстус“ (Флп 1, 21)». Пасля гэтага прызнання ён даверыў усіх святароў Марыі: «Жадаю падчас гэтага Вялікадня ў Год Эўхарыстыі кожнаму з вас паўтараць такія блізкія і суцяшальныя словы Езуса: „Вось Маці твая“ (Ян 19, 27)». «Для яго гэтыя словы, несумненна, былі блізкія і суцяшальныя, — тлумачыць арцыбіскуп Макшыцкі. — Як усё сваё жыццё, так разам з ім старасць, хваробу, цярпенне ён даручаў Маці Божай». Арцыбіскуп задумваецца і дадае: «Усё тое, што адбывалася ў нашым доме, было падобнае да Імшы ў Вячэрніку, да малітвы ў садзе Аліўным. Гэта быў Вячэрнік яго апартаменту. Разам з ім мы перажывалі ўзнёслыя падзеі Вялікага тыдня. Гэта было штосьці, чаго нельга апісаць словамі. Не было трагічных думак, быў малітоўны настрой і вялікі супакой. Думаю, яму было шкада гэтага Вялікага чацвярга. У тым сэнсе, што ён заўсёды дбаў пра тое, каб літургія была захаваная. Вельмі дбаў пра тое, каб у гэты дзень паказаць святарам, што ён дзеліць з імі служэнне Хрыста. Таму ён абмываў ногі старэйшым святарам. Нягледзячы на тое, што яму ўсё ж было нялёгка. У тым ліку фізічна. Вялікае ўзрушэнне ён перажываў у Вялікую пятніцу. І хоць у гэтую Вялікую пятніцу ён упершыню не быў у Калізеі, але стаяў з Марыяй пад крыжам больш, чым калі-небудзь».

Раніца ў Вялікую пятніцу нічым не адрознівалася ад іншых раніцаў. Ян Павел ІІ пасціў, як звычайна ў кожную Вялікую пятніцу. Арцыбіскуп Макшыцкі кажа, што ён з’еў некалькі лыжак крупы і крыху супу, перамяшанага міксерам. І ўсё. Верагодна, ён да апошняга спадзяваўся, што яму ўдасца пабыць там, у Калізеі. Але дактарам і найбліжэйшым супрацоўнікам даўно было зразумела, што Вялікую пятніцу Папа правядзе дома. Калі ў Калізеі распачынаўся Крыжовы шлях пад кіраўніцтвам кардынала Руіні, Папа ўжо сядзеў перад тэлевізарам у сваёй капліцы. Гэты вобраз трансляваўся на ўвесь свет. Па тэлебачанні не паказвалі яго твару. «У яго ўвесь час стаяла трубка ў трахеі, — распавядае арцыбіскуп. — Дактары ўстанавілі яе зноў пасля аўдыенцыі ў сераду. Мы бачылі яе, гледачы не маглі гэтага ўбачыць. Гэта быў яго Крыжовы шлях. Ён цяжка дыхаў. Відаць было, што ён змагаецца. Гэта патрабавала вялікіх намаганняў. Але ён вельмі хацеў, каб так было. Хацеў глядзець Крыжовы шлях па тэлебачанні. Хацеў хоць так удзельнічаць у гэтым набажэнстве». Крыжовы шлях у Калізеі распачаўся з зачытвання папскага ліста. «Адарацыя крыжа скіроўвае нас да задання, ад якога нам нельга адмовіцца, — пісаў Святы Айцец, — а менавіта да місіі, якую святы Павел выказаў у словах: „Дапаўняю недахоп у маім целе пакутаў Хрыста за Ягонае цела, якім ёсць Касцёл“». Папа гаварыў, што сваё цярпенне ён ахвяраваў дзеля таго, «каб споўніўся Божы план і Яго слова ішло між людзей». Ян Павел ІІ пісаў, што ён глядзіць на крыж і праслаўляе яго. «Вітай, крыжу, адзіная надзея, адары нас цярплівасцю і адвагаю, і здабудзь для свету супакой!» «Мы сядзелі са Святым Айцом у капліцы, — успамінае арцыбіскуп Макшыцкі. — І нам цяжка было суняць узрушанасць. Гэта было вызнанне веры, якога я ні разу не перажыў. Святы Айцец сядзеў там з трубкаю ў трахеі і гаварыў людзям, што ён праслаўляе гэты крыж. І што ахвяруе яго для таго, каб мы зразумелі, што Пан Бог нам гаворыць. Я думаю, што ў многіх людзей тады адкрываліся вочы і сэрцы. Я ўпэўнены». Арцыбіскуп успамінае, як у нейкі момант Папа папрасіў крыж. Ён хацеў несці крыж. Разам з Хрыстом. У прамым сэнсе. Фізічна. Ужо не толькі метафарычна. «Мы на хвіліну задумаліся, які крыж падаць, — распавядае арцыбіскуп. — Станіслаў сказаў, што найлепш той лёгкі, драўляны, які быў у маёй спальні. Я хутка пабег па лесвіцы. Прынёс гэты крыж. І менавіта яго Святы Айцец так блізка прытуляў да твару. На вачах усяго свету. Калі я сёння думаю пра гэта, я бачу пэўную глыбокую сімволіку, бо за некалькі гадоў да гэтага адна жанчына з Бяшчадаў пасля няшчаснага выпадку, які з ёю здарыўся, папрасіла мужа выразаць для яе гэты крыж. Яна не магла хадзіць. Хацела толькі маліцца. Ёй патрэбны быў такі крыж, які не быў бы занадта цяжкім. Муж выразаў крыж, а праз тры гады яна перадала яго пілігрымам з вёскі, якія выбіраліся ў Рым. Яны падарылі крыж Святому Айцу. Памятаю, што гэта быў Юбілейны год. І памятаю, што крыж трапіў у мой апартамент».

Арцыбіскуп тлумачыць, што з самага пачатку звярнуў увагу на гэты крыж. «Ён нібы чакаў мяне. Звычайна мы перадавалі падарункі, якія атрымліваў Святы Айцец, у спецыяльны склад, потым іх раздавалі тым, хто знаходзіцца ў патрэбе, на місійныя мэты або ў які-небудзь дзіцячы садок, дом апекі. А ў мяне ў спальні не было крыжа, і калі я ўбачыў менавіта гэты крыж, запытаў, ці не магу яго пакінуць сабе». Калі Святы Айцец памёр, арцыбіскуп перадаў гэты крыж сваёй маме Браніславе, цяпер ужо святой памяці. Яна ж у сваю чаргу не хацела мець яго толькі для сябе. Хацела, каб ён служыў людзям. Таму перадала яго ў парафію ў Крачковай пад Жэшавам. «Было так, што мясцовы ксёндз папрасіў гэты крыж, — распавядае арцыбіскуп. — Ён хацеў расказаць пра яго людзям у сваёй парафіі. Затым просьбаў стала так шмат, што ён пачаў іх збіраць. Маме было не да гэтага. Да крыжа Яна Паўла ІІ у яе было асаблівае набажэнства. Яна памерла ў верасні 2012 года. Заўсёды казала, што наш дарагі Святы Айцец таксама маліўся з ім, што ён таксама трымаў яго ў руках».

Цяпер крыж вандруе па ўсёй Польшчы. Ён з’яўляецца асабліваю рэліквіяй. Арцыбіскуп распавядае, што праз некалькі гадоў ён пазнаёміўся з жанчынаю, якая падарыла гэты крыж Яну Паўлу ІІ. «Я сустрэў яе на святой Імшы ў Ясені ў Бяшчадах. Мы абмяняліся некалькімі словамі. Я паблагаславіў яе. Жанчына ўвесь час ездзіць у калясцы. Святы Айцец, прытуліўшы гэты крыж, вытрываў тады да канца трансляцыі, — успамінае арцыбіскуп. — Пасля гэтага ён быў вельмі стомлены. Знясілены. Нічога не гаварыў. Маліўся яшчэ ў сваёй спальні. Гэта быў незвычайны дзень. Мы бачылі, што Святы Айцец быў шчаслівы, бо перажыў гэты шлях разам з вернікамі, бо быў з імі, а яны — з ім. Мы ўсе радаваліся, што гэта ўдалося».

Вялікую суботу ён правёў таксама дома. У інтэнсіўных практыкаваннях з лагапедам. Як гаворыць былы папскі сакратар, незвычайна пакутлівых для Папы. «Святы Айцец вельмі хацеў прамовіць да людзей у велікодную нядзелю. Таму доўга і цярпліва практыкаваўся. І ў яго гэта вельмі добра выходзіла. Імшу Пасхальнай вігіліі ў Ватыкане ён глядзеў па тэлебачанні. Мы глядзелі разам». На пачатку кардынал Ратцынгер зачытаў спецыяльнае пасланне Яна Паўла ІІ: «Гэта сапраўды незвычайная ноч, у якую прамяністае святло ўваскрослага Хрыста канчаткова пераможа цемру зла і смерці і запаліць у сэрцах веруючых надзею і радасць. <...> Дзякуючы муцы і ўваскрасенню разбуранае было адбудаванае, — пераконваў Папа, — састарэлае было адноўленае і ўсё вяртаецца да сваёй першапачатковай дасканаласці прыгажэйшае, чым дагэтуль».

Ян Павел ІІ, абвяшчаючы свету сэнс цярпення Хрыста, тлумачыў сэнс свайго ўласнага цярпення. Нібы хацеў падрыхтаваць нас да таго, што станецца праз некалькі дзён. У прэсе пачалі з’яўляцца думкі, што такім чынам Папа піша сваю найпрыгажэйшую энцыкліку. Цярпеннем і немаччу, якая саступае перад моцаю духу і малітваю.

«Надышла Вялікая нядзеля і настаў момант выпрабавання, — распавядае арцыбіскуп. — Мы былі ўпэўненыя, што ўсё пойдзе добра, бо перад гэтым Святы Айцец сапраўды ўжо добра спраўляўся. Ён з’явіўся ў вакне, каб паблагаславіць вернікаў. Я падаў яму тэкст, а ён ціхенька гаворыць: „Не маю голасу“. Я не ведаў, што рабіць. Чакаў. А Святы Айцец толькі сачыў за тэкстам благаслаўлення на паперы. А потым зрабіў знак крыжа. Гэта было яго апошняе Urbi et orbi. Маўклівае. Ён не сказаў ні слова. Тысячы людзей на плошчы святога Пятра віталі яго сваімі воклічамі. Але на многіх тварах відаць быў смутак і слёзы. Памятаю, калі кардынал Садана зачытваў папскае пасланне, Святы Айцец падымаў старонкі ўгору, нібы хацеў паказаць нам усім і людзям на плошчы, што гэта яго словы для нас і для іх. Добра было б, калі б мы памяталі гэтыя словы... Езу, застанься з намі! Застанься з намі! Колькі разоў пілігрымы ў самых далёкіх куточках свету менавіта так звярталіся да Яна Паўла ІІ», — з усмешкаю гаворыць арцыбіскуп. <...>

Велікодны панядзелак з самай раніцы быў цяжкі. Папа адчуваў сябе горш. Упершыню ён не прачытаў з вернікамі марыйную малітву Regina coeli. На плошчы святога Пятра мноства людзей чакала, пакуль ён з’явіцца ў вакне. «Так планавалася, — прызнае арцыбіскуп. — Але Святы Айцец адчуваў сябе дрэнна. Амаль нічога не еў. Вельмі схуднеў. Мы баяліся за яго. Не хацелі падстаўляць яго пад небяспеку. Ён не меў сілаў». Ватыканскае радыё чакала да апошняга моманту. Не выпускала падборку апоўдні. Доўгі час уключала музыку, чакала рашэння. Урэшце на хвалі без папярэджання з’явілася праграма «З архіва Ватыканскага радыё» і мы пачулі прамову Яна Паўла ІІ з трэцяй агульнай аўдыенцыі, з першага года Пантыфікату.

У аўторак Святы Айцец шмат адпачываў. Аўторкі ў яго былі вольныя ад працы, хоць у той дзень гэта не мела значэння. Усе абавязкі былі адмененыя. «Ён адчуваў сябе нібы крыху лепей, — распавядае арцыбіскуп. — Настолькі добра, каб у сераду здзівіць усіх апошні раз. Напэўна, ён адчуваў, што набліжаецца канец, і хацеў, нягледзячы ні на што, паказацца ў вакне маладым людзям, якія чувалі на плошчы святога Пятра. Аўдыенцыя была адмененая, але Святы Айцец вырашыў, што ў вакне ён пакажацца. Хоць на хвіліну». І паказаўся. На пяць хвілін. Было зачытана яго кароткае пасланне для моладзі: «Мае дарагія, няхай сяброўства з Езусам, нашым Адкупіцелем, заўсёды асвятляе вашае жыццё, заставайцеся ў еднасці з Ім, слухаючы Яго словы і прымаючы чынны ўдзел у Эўхарыстычнай гасціне. Будзьце Яго вернымі сведкамі, асабліва сярод сваіх равеснікаў. Усіх яшчэ раз сардэчна віншую з Вялікаднем». Ён вітаў таксама палякаў. Дзякаваў за малітву і благаслаўляў. Потым людзі праспявалі малітву «Ойча наш» па-італьянску. А Ян Павел ІІ крэсліў у паветры знак крыжа. Накрэсліў яго некалькі разоў. Людзі віталі яго воклічамі. «А ён нібы не хацеў з імі расставацца, — успамінае арцыбіскуп. — Успрымаў іх як сваіх сяброў. Менавіта так ён да іх звычайна звяртаўся. Казаў: сябры мае... Гэта было развітанне з імі. Апошняя супольная малітва. Пасля аўдыенцыі Святы Айцец цэлебраваў святую Імшу. Гэта была наша апошняя Эўхарыстыя ў капліцы. Ужо падчас гэтай Імшы Святы Айцец стаў дрэнна сябе адчуваць. Але завяршыў яе. Мы вярнуліся ў спальню, і ён лёг у ложак. І ўжо не ўставаў з яго. Ажно да моманту смерці».

Неўзабаве настаў крызіс. «Дактары сказалі нам проста, — кажа арцыбіскуп, — што, калі Святы Айцец не атрымае ежы праз зонд, ён можа памерці». Потым хтосьці з прафесараў каментаваў, што, калі б Святому Айцу тады не ўвялі зонду, гэта была б эўтаназія праз занядбанне. «Зонд дактары ўвялі. Праз нос у страўнік. І такім чынам Святы Айцец атрымліваў ежу. Гатовыя прэпараты яму падавалі доктар Буццанецці і сястра Табіяна. Ён шмат адпачываў. Шмат ляжаў, гадзінамі сядзеў у крэсле. Цэлебраваў святую Імшу ў прыватнай капліцы. Але таксама седзячы. Цела яго не слухалася, але розум заўсёды заставаўся ясны. Ён размаўляў з намі прыглушаным голасам».

У чацвер, за два дні да смерці, Папа ў чарговы і апошні раз даверыў Касцёл і свет Божай міласэрнасці. Ён прадыктаваў спецыяльную тэлеграму кардыналу Махарскаму, Мітрапаліту Кракаўскаму, на ўрачыстасць Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках. «Прагну зноў даверыць гэтай любові Касцёл і свет, — пісаў ён, — усіх людзей на ўсім зямным шары, а таксама сябе самога ў маёй слабасці».

Чарговы крызіс. Папа не мог дыхаць, у яго была высокая тэмпература. «Мы былі страшна напалоханыя, — успамінае арцыбіскуп. — Дактары сказалі, што гэта сэптычны шок, ад заражэння мачавых шляхоў. І што гэта канец. Не сёння, заўтра — дык праз некалькі дзён. Гаварылі, што трэба ехаць у шпіталь, але Святы Айцец не згадзіўся. Не хацеў. Пажадаў застацца дома. Сказаў пра гэта Станіславу, а той перадаў дактарам волю Святога Айца». Арцыбіскуп Макшыцкі распавядае далей: «Узнікае пытанне, ці могуць дактары забяспечыць Святому Айцу ўсё тое, што ён меў бы ў шпіталі. Кажуць, што так. Таму мы застаемся дома. Гэта не было рашэнне аб спыненні ўпартай тэрапіі, як некаторыя інтэрпрэтавалі на працягу апошніх гадоў. Папа меў поўную медыцынскую апеку і да апошняга прымаў лекі. Спачатку ён атрымаў антыбіётыкі і кісларод. Дыхаў з дапамогаю кіслароднай маскі. Дактары спынілі ліхаманку. Антыбіётыкі, на шчасце, пачалі дзейнічаць. Каля дваццаць трэцяй гадзіны Святы Айцец супакоіўся, ужо не змагаўся за кожны ўздых і пачаў ужо дыхаць без маскі». Тады яму расказалі, што за яго моліцца ўвесь свет, што на плошчы святога Пятра стаяць натоўпы маладых людзей. Папа быў спакойны, але вельмі слабы. Дактары гаварылі: стан стабільны, але вельмі цяжкі. «У дзевятнаццаць сямнаццаць Святы Айцец прыняў святую Камунію і сакрамэнт намашчэння хворых ад кардынала Мар’яна Яворскага. Ён увесь час быў прытомны. Называў нас па імёнах, калі мы падыходзілі да яго, каб пацалаваць руку. Напрыканцы дня была медытацыя і супольная малітва. Сёстры спявалі „Яснагурскі заклік“. А Святы Айцец, як і кожны дзень, благаславіў іх».

Арцыбіскуп Конрад Краеўскі ўспамінае, што ў той дзень яны разам з настаяцелем біскупам Марыні былі пакліканыя ў папскі апартамент. «Гэта быў вельмі незвычайны чацвер, — кажа арцыбіскуп. — Мы на працягу некалькіх месяцаў ведалі, як Папа церпіць. Святы Айцец паблагаславіў нас. Нічога не гаварыў. Гэтак, як ніколі не гаварыў, рыхтуючыся да цэлебрацыі літургіі — да размовы з Богам. Так заўсёды было ў сакрыстыі». Арцыбіскуп распавядае, як Ян Павел ІІ працягнуў руку да біскупа Марыні, а той плакаў, як дзіця. «Гэта былі слёзы перад літургіяй, якая ўжо распачынаецца, — гаворыць арцыбіскуп. — Літургіяй яднання з Тым, каго Папа ўвесь час цэлебраваў і заклікаў на алтар. Святы Айцец зноў благаславіў нас. Бо святар павінен усім сваім жыццём благаслаўляць. Ніхто з нас не думаў пра боль і цярпенне Папы. Пра гэта мы ведалі ўжо некалькі гадоў. Адзінае пытанне, якое гучала, гэта: чаму я не святы? Потым было начное чуванне. Калі я чытаў Ружанец каля ложка Святога Айца, да мяне прыходзілі розныя думкі, але адна з іх настойліва вярталася зноў і зноў: чаму я не святы? Што я раблю ў гэтым месцы, чалавек з далёкай Лодзі? Што я тут раблю, калі я не святы?»

Арцыбіскуп Краеўскі гаварыў, што бачыў, як памірае святы, бо Ян Павел ІІ за доўгія гады свайго Пантыфікату стаў выразным знакам Бога для ўсіх. «Нават калі ён ужо не размаўляў, усе яго разумелі, — тлумачыць арцыбіскуп. — Нават няверуючыя. Уражваліся ўсе. Штосьці іх змушала неадкладна ехаць у Рым. Выходзіць на вуліцы, нават ноччу ісці ў касцёл. Запалалі тысячы знічоў у вокнах, на вуліцах, каля помнікаў. Свет застыў у роздуме. Свет прыпыніўся. Усе пыталіся, што гэта значыць, а я глядзеў, як паміраў святы».

Увесь свет маліўся каля ложка паміраючага Папы. Таго самага, які калісьці казаў моладзі: «Вы самі не ведаеце, якія вы прыгожыя, калі знаходзіцеся ў арэоле Божага слова і Эўхарыстыі. Самі не ведаеце, якія вы прыгожыя, калі маеце блізкія адносіны з Хрыстом, з Настаўнікам, стараючыся жыць у Яго асвячальнай ласцы».

Папа гаварыў пра Езуса, а арцыбіскуп Макшыцкі ўзгадвае, што прыгажэйшымі (бо лепшымі) людзі станавіліся пасля сустрэчы з Янам Паўлам ІІ. Менавіта таму ўвесь свет маліўся за яго. Арцыбіскуп Краеўскі тлумачыць: «Тады я зразумеў: сяброўства заключаецца ў тым, што дзякуючы іншаму чалавеку я станаўлюся лепшым. Таму Папа быў сябрам кожнага з нас. Дзякуючы яму мы сталі лепшымі».

У пятніцу Папа прачнуўся яшчэ да шасці гадзін. Прытомны і спакойны. «Ужо а сёмай мы канцэлебравалі святую Імшу, — успамінае арцыбіскуп Макшыцкі. — У Святога Айца быў спакойны твар. Нягледзячы на тое, што ноч была цяжкая. Сэрца не хацела працаваць. Умяшаліся дактары». Над здароўем Папы чуваў яго асабісты доктар Рэната Буццанецці. Разам з ім — два рэаніматолагі, кардыёлаг, ларынголаг і два медбраты. «У нейкі момант Святы Айцец папрасіў, каб яму прачыталі чатырнаццаць стацый Крыжовага шляху. Вось сёстры яму чытаюць. А ён засяроджана слухае. І моліцца. Пачынаюць сыходзіцца госці. Кожны хацеў развітацца. Па вечарах столькі маладых людзей моліцца на плошчы святога Пятра. Мы кажам пра гэта Святому Айцу. А ён штосьці паказвае. Спачатку мы не разумеем. Станіслаў выпытвае. Святы Айцец пацвярджае. „Я шукаў вас, а цяпер вы прыйшлі да мяне, і за гэта я вам удзячны“. Усміхаецца».

У суботу ў сем трыццаць раніцы каля ложка Папы цэлебруецца святая Імша. Пры Яне Паўлу ІІ — два сакратары, пяць сясцёр законных і яго асабісты доктар. Пасля смерці Папы Рэната Буццанецці скажа журналісту «La Repubblica», што паміраючы Ян Павел ІІ нагадваў яму Хрыста, «з тою розніцаю, што Хрыстус на крыжы мог гаварыць, а Папа адыходзіў у маўчанні». Доктар запэўнівае, што ён і яго калегі зрабілі ўсё, каб дапамагчы Папу. Прыходзяць чарговыя госці, кардыналы з Рымскай курыі. Прыходзіць кардынал Ратцынгер, які потым скажа, што «сустрэў Яна Паўла ІІ, які цалкам усведамляў, што ён ідзе да Бога...». Папа настойвае на тым, што хоча падзякаваць Франчэска, які ўжо шмат гадоў прыбірае яго апартамент. І дзякуе яму.

Потым ён асабіста асвячае кароны для двух абразоў Маці Божай Чанстахоўскай. У хуткім часе кардынал Яворскі карануе імі абраз у польскай капліцы ў падзямеллях базылікі святога Пятра. Другая пара каронаў была перададзеная ў Яснагурскі санктуарый, для Маці Божай і Пана Езуса ў чанстахоўскім абразе. Каля чатырнаццатай гадзіны «Святы Айцец пачынае траціць свядомасць, — успамінае арцыбіскуп. — Потым час ад часу яшчэ вяртаецца да нас і тады лёгка ўсміхаецца. Прыкладна каля шаснаццатай гадзіны мы развітваемся з ім. Кожны па чарзе падыходзіць, цалуе яго руку і кажа тое, што жадае сказаць Святому Айцу на развітанне. Я сказаў: „Няхай Вам Бог аддзячыць, Святы Ойча. Прашу Вас аб благаслаўленні“. Ён паблагаславіў мяне. Твар яго ззяў. Я бачыў, што мы праводзім у апошні шлях святога чалавека. Калісьці я ўжо казаў, але паўтару і цяпер: Ян Павел ІІ быў прыгожы, калі паміраў. Яго твар быў прыгожы. Так паміраюць толькі святыя».

Ксёндз прафесар Стычань чытаў уголас Евангелле паводле святога Яна. Ён змог дачытаць да дзявятага раздзела, перш чым настаў канец. Апошнія словы Папы пачула сястра Табіяна. Ён паклікаў яе позіркам, а калі яна нахілілася над ім, набліжаючыся да яго вуснаў, сказаў: «Дазвольце мне адысці да Пана». Каля дзевятнаццатай гадзіны ён паглыбіўся ў сон. «Тады мы запалілі грамніцы і паставілі іх у вакне спальні, — успамінае арцыбіскуп. — А дваццатай мы цэлебравалі святую Імшу ў вігілію нядзелі Божай Міласэрнасці. У Евангеллі ёсць апісанне таго, як апосталам з’явіўся ўваскрослы Хрыстус. У першы вечар пасля Вялікадня. І вітанне: „Супакой вам!“. Усё стасавалася з гэтым момантам. Станіслаў падаў Святому Айцу некалькі кропляў крыві Хрыста як Віятык. Пасля Імшы сёстры прачыталі Ружанец. Яны плакалі».

Дваццаць адна гадзіна трыццаць сем хвілін... Манітор паказвае, што сэрца Яна Паўла ІІ перастала біцца. «Доктар Буццанецці схіляецца над Святым Айцом, а потым кажа нам: „Ён вярнуўся ў Дом Айца“. Станіслаў пачынае спяваць Te Deum. Падзяка замест роспачы. Спачатку я не мог гэтага зразумець. У мяне разрывалася сэрца. Але ў хуткім часе я зразумеў. Гэта быў прыгожы момант. Развітанне з прыгожым святым жыццём. Мы павінны былі дзякаваць Пану Богу за гэта».

Каля ложка Папы былі абодва сакратары, кардынал Яворскі і арцыбіскуп Рылка, ксёндз прафесар Стычань, айцец Чэслаў Дронжак, былі сёстры служабніцы Найсвяцейшага Сэрца Езуса, дактары і медбраты. Была Ванда Пултаўская. Быў таксама папскі цырымоніймайстар ксёндз прэлат Конрад Краеўскі, які так успамінае апошнія хвіліны каля святога Папы: «Мы кленчылі каля ложка Святога Айца. Папа ляжаў у паўзмроку. Аднак дзякуючы мяккаму святлу лямпы, скіраванаму на сцяну, ён быў добра бачны. Калі прабіла гадзіна, аб якой праз пэўны час даведаўся ўвесь свет, раптам з каленяў падняўся ксёндз арцыбіскуп Станіслаў Дзівіш. Ён запаліў у спальні святло і перарваў цішу памірання папы Яна Паўла ІІ, цішу таямніцы смерці, якая ўсё ж з’яўляецца неад’емнаю часткаю жыцця. Дрыжачым, але надзвычай упэўненым голасам, з выразным гуральскім акцэнтам (цягнучы адзін са складоў), ён пачаў спяваць: „Цябе, Бога, праслаўляем, Табе, Пане, хвала вечна...“.

Гэта было як гром з яснага неба! Напэўна, мы ўсе адначасова здзіўлена паглядзелі на арцыбіскупа! Аднак запаленыя лямпачкі і ўрачысты спеў наступных словаў гімна: „Неба і зямля спявае Табе, Ойча векавечны!“ дапамаглі зразумець кожнаму з нас, што мы ўжо знаходзімся ў зусім іншай рэчаіснасці:

Ян Павел ІІ памёр — значыць, жыве!

Калі Ян Павел ІІ перастаў хадзіць і падчас цэлебрацыі быў цалкам — у літаральным значэнні гэтага слова — залежны ад цырымоніймайстраў, я пачаў усё больш усведамляць, што кантактую са святым чалавекам. Магчыма, я раздражняў ватыканскіх спаведнікаў, калі перад кожнаю цэлебрацыяй ішоў да споведзі, адчуваючы нейкі ўнутраны загад і патрэбу. А цэлебрацый бывала часам некалькі на тыдзень!

Я кантактаваў з Папам пры яго жыцці (на працягу доўгіх сямі гадоў), а таксама тады, калі яго душа аддзялілася ад цела. У момант смерці пасля нас застаюцца толькі парэшткі, або, як піша ксёндз Ян Твардоўскі, штосьці чужое, што, нібы абалонка, «сышло» з чалавека і стане прахам (Kilka myśli o cierpieniu, przemijaniu i odejściu, s. 51). Цырымоніймайстар абавязаны таксама займацца целам памерлага Папы. Я рабіў гэта на працягу доўгіх сямі дзён, да часу пахавання. Гэты клопат па зразумелых прычынах арцыбіскуп Марыні даверыў менавіта мне.

Я апранаў Яна Паўла ІІ разам з трыма медбратамі. Гэта былі італьянцы, спецыялісты высокага класу ў галіне інтэнсіўнай тэрапіі (рэаніматолагі). Хоць пасля моманту смерці ужо мінула больш за гадзіну, мы ўвесь час размаўлялі з Папам як з айцом. Перш чым зрабіць які-небудзь рух, цалавалі яго ў руку, у шчаку, у лоб... Цалавалі, апранаючы на яго шкарпэткі, кашулю, сутану... Гладзілі, дакраналіся да яго — так, як гэта робяць з найбліжэйшым членам сям’і. Гэта было самае сапраўднае цалаванне рэліквіяў. Паводзіны гэтых свецкіх супрацоўнікаў Ватыкана былі не толькі праяваю пашаны і сыноўняй адданасці ў адносінах да памерлага Папы. Для мяне гэта быў пачатак культу, прадвесце беатыфікацыі. Можа таму я ніколі не паддаваўся заклікам аб хуткай беатыфікацыі, бо я ўжо ў ёй удзельнічаў».

Арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі гаворыць пра апошні Крыжовы шлях святога чалавека: «Ён усім сваім жыццём паказаў, што сваім цярпеннем трываў разам з Хрыстом на крыжы. Можа, ён і хацеў бы быць здаровым і яшчэ доўга служыць Пану Богу на зямлі, але з пакораю прымаў Яго волю. Пан Езус жа таксама прасіў: „Ойча Мой, калі гэта магчыма, няхай абміне гэты келіх Мяне“. Несумненна, у Святога Айца бывалі цяжкія хвіліны, але ён увесь час паўтараў: „Totus Tuus“.

Арцыбіскуп згадвае, што Папа заўсёды прыслухоўваўся да дыягназаў дактароў, пакорна прымаў чарговыя аперацыі. Не рабіў нічога, каб прыспешыць сваю смерць. Прыняў яе тады, калі яна прыйшла. Калі споўнілася яго жыццё. «Словы „дазвольце мне адысці ў Дом Айца“ не былі адмаўленнем ад медыцынскіх паслугаў, — пераконвае арцыбіскуп. — Хутчэй, Папа жадаў выказаць адчуванне, што ён ужо адыходзіць, што ён ужо гатовы да сустрэчы з Айцом. Вось што значылі гэтыя словы. Каб і мы ўсведамлялі, што час ужо дазволіць яму адысці. Гэта вялікая таямніца смерці, якую кожны з нас у свой час спасцігне».

Была вігілія нядзелі Божай Міласэрнасці. Усё супадала. Спаўняўся Божы план. Як і той, што споўніўся дзве тысячы гадоў таму. Калі Хрыстус памёр на крыжы за нашыя грахі, каб мы маглі быць збаўленыя. Колькі дабра нарадзілася пасля смерці Яна Паўла ІІ, найлепш ведаюць тыя, хто дасылаў лісты пастулятару беатыфікацыйнага працэсу. Тысячы аздараўленняў і навяртанняў праз заступніцтва Папы паляка. Плён гарачай малітвы, якой ён вучыў нас да апошняга ўздыху. «„Totus Tuus“, — гаворыць арцыбіскуп Макшыцкі. — Сёння, заўтра, кожны дзень, кожную хвіліну. Нават тады, а можа, асабліва тады, калі крыж здаецца зацяжкім, а плечы замалымі. „Totus Tuus“».

Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.

Паводле: Abp Mieczysław Mokrzycki, Brygida Grysiak.
Miejsce dla każdego. Opowieść o świętości Jana Pawła II. — Kraków, 2013.

Гл. таксама:
МЕСЦА ДЛЯ КОЖНАГА ::
Станіслаў ПАМЫКАЛА SJ :: «ЕДНАСЦЬ СВЯТЫХ» З ЯНАМ ПАЎЛАМ II ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY