Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(67)/2014
У чаканні кананізацыі

«ЕДНАСЦЬ СВЯТЫХ» З ЯНАМ ПАЎЛАМ II
Постаці
Год малітвы

МАЛІТВА ДА БОЖАЕ МАЦІ
У кантэксце Бібліі

ЭДЭН
Sanctorum opera
Літаратуразнаўства
Постаці

ПАД ПЫЛАМ ЗАБЫЦЦЯ
Прэзентацыя

З НЕБЫЦЦЯ — НА ПОКУЦЬ
Паэзія

ІТАЛІЯ ЗІМОЙ

ВЕРШЫ
In memoriam
Эсэ
Нашы святыні
Галерэя

Ірына БАГДАНОВІЧ

ПАЭТЫЧНАЕ АПОСТАЛЬСТВА
РЫГОРА БАРАДУЛІНА

У першы сакавіцкі дзень знайшоўся ў паштовай скрыні чарговы нумар беларускай газеты «Новы час», а ў ёй, як заўсёды, цікавы штомесячны дадатак «Літаратурная Беларусь». Увагу адразу прывабіла паэтычная старонка з вершамі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна «Чысты боль», якія прачыталіся на адным дыханні, а некаторыя і перачытваліся, даючы новы досвед у спасціжэнні таямніц быцця. Глыбока ўразіў светлы верш, яго простыя і дакладныя радкі: «Як дома // Я даўно на гэтым свеце, // Не дужа-ткі // Спяшаюся на той. // Яшчэ ні карты // З мёртваю вярстой, // Ні свечкі, // Што гарачаю слязой // Спакойна свеціць. // Яшчэ на гэтым свеце // Я як дома. // А як на тым, // Дагэтуль // Невядома».

А ў нядзельны вечар 2 сакавіка Беларусь абляцела тужлівая вестка — памёр, адышоў у вечнасць, да алтара Пана Бога, Рыгор Барадулін, наш любімы дзядзька Рыгор, шаноўны Рыгор Іванавіч — НАРОДНЫ ПАЭТ АЙЧЫНЫ… І вось жа сталася нібыта працягам таго верша: «А як на тым…» — цяпер яму вядома…

4 сакавіка ў Чырвоным касцёле св. Сымона і Алены ў Мінску адбылося народнае развітанне з Паэтам. Пахавальную цырымонію набажэнства ў грэка-каталіцкім абрадзе ўрачыста цэлебраваў архімандрыт айцец Сяргей Гаек. Рыма-каталіцкую жалобную Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у суправаджэнні шматлікага каталіцкага і ўніяцкага духавенства, тысяч вернікаў і беларусаў розных канфесій, якія прыйшлі развітацца са сваім сапраўды народным паэтам, выразнікам народнай душы, яе прагі Бога, Праўды і Свабоды. Над труною, якую ўкрывала мора кветак, пераважна белых і чырвоных ружаў, гваздзікоў і цюльпанаў, што былі знакам народнай памяці і любові, прагучала таксама ўшанавальна-развітальнае слова Апостальскага нунцыя ў Беларусі Клаўдыё Гуджэроцці. Так праводзіла Беларусь у апошні шлях свайго слыннага, геніяльнага сына, цела якога кіравалася ў родную Вушачу, каб спачыць у роднай зямельцы побач з маці Кулінаю, апетаю ў яго шматлікіх вершах і паэме, а душа — у Нябесную Гасподу Бога-Айца…

У сваім прачулым казанні падчас развітальнай Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў не проста вялікі паэтычны талент Рыгора Барадуліна, а тое, што гэты талент ведаў свой шлях, ведаў, куды ісці. Ён ведаў, хто ёсць і Дарога, і Праўда, і Жыццё, а таму яго творчасць пазначана Боскай пячаткаю і нясе ў сабе святло высокай духоўнасці, шчодра рассяваючы яго ў душах усіх, хто судакранаецца з яго паэтычным боганатхнёным словам. Эксцэленцыя вельмі дакладна падкрэсліў асаблівую місійную ролю, якую мае паэзія Рыгора Барадуліна ў святле новай евангелізацыі свету, бо сваёй паэзіяй Рыгор Барадулін прапаведаваў Божае слова, нёс Евангелле ў гэты зямны свет. Менавіта гэтак і можна разумець творчасць таго, хто злучаў ксты ў паэтычным маленні — маленні за Беларусь, за душы сваіх суайчыннікаў і ўсіх людзей свету, здольных яднацца ў Божай Любові, а таксама перадусім за душу ўласную, давераную Богу. У гэтай даверанасці ёсць адна з прычынаў таго, што ў паэзіі Барадуліна шукаюць і знаходзяць сугучча са сваімі душамі іншыя людзі, яна становіцца выразнікам і іх даверанасці Богу, і іх адчуваннем Праўды, прагі Свабоды, увасабленнем Любові і Надзеі. Гэтыя якасці і абумоўліваюць феномен народнасці паэта: ён народны па сутнасці сваёй творчасці, па ўвасабленні ў ёй Свету і Чалавека ў пераплеценасці яго духоўнага і цывілізацыйнага існавання. Другою прычынаю варта назваць непераўзыдзеную мастацкую дасканаласць барадулінскіх вершаў, палёт і бляск іх самых разнастайных формаў, маланкавую бліскучасць вобразаў, асацыяцый, метафар, вадаспады нечаканых рыфмаў, словатвораў, смеласць эксперыментаў, якія, матэрыялізуючыся ў зямной слоўнай форме, даносяць да Нябёсаў тую энергію, якою Пан Бог прамаўляе да нас, выбраўшы за пасрэдніка-прарока Рыгора Барадуліна і надзяліўшы яго адпаведным Дарам.

Рыгор Барадулін пакінуў нам і ўсім будучым пакаленням дзівосную сваёй прыгажосцю і дасканаласцю формы, глыбінёй думак і пранікнёнасцю пачуццяў ПАЭЗІЮ, у якой увасобіўся свет душы беларуса, што злучае ў сабе зямлю і нябёсы, родны край і цэлы свет, чалавечую слабасць і веліч Божага ўсынаўлення. Гэта па сутнасці паэтычная Біблія беларусаў, дзе кожны зможа знайсці адказы на ўсе свае пытанні: патрыятычныя і духоўныя, прыватна-сямейныя і нацыянальны-гістарычныя, філасофскія і бытавыя. Тут усё багацце і складанасць чалавечага жыцця і народнага жыцця.

Уладаром беларускай песні быў і ёсць Янка Купала. Такім жа ўладаром беларускага слова ёсць (не хочацца яшчэ казаць быў!) Рыгор Барадулін — па таленту і пакліканню, дадзеных яму Богам. З мяккай і цёплай слова-гліны — вушацкай, роднай — вылеплівае нацыянальны паэтычны свет Майстра і ўдыхвае ў яго жыццё-дух, нібыта слухаючыся Голасу, які кажа яму: «Ідзі за Мной, Я ёсць і Дарога, і Праўда, і Жыццё...» І ён пайшоў, цалкам давяраючыся Богу, можа, адразу і не ўсведамляючы, што яго творчасць стане сапраўды новым паэтычным апостальствам для Беларусі.

Рыгор Барадулін з архімандрытам Сяргеем Гаекам
на аўдыенцыі ў Яна Паўла ІІ. Ватыкан, 2004 год.

Паэзія Рыгора Барадуліна ад пачатку несла ў сабе ўтаёны духоўны складнік, які струменіў з тэматыкі і вобразаў яго творчасці нават у глухія да Бога савецкія часы. Згадаем хоць бы ўсім вядомыя любімыя радкі, што сталіся даўно хрэстаматыйнымі: «Трэба дома бываць часцей, // Трэба дома бываць не госцем, // Каб душою не ачарсцвець // І не страціць святое штосьці…». Нібы насуперак тым жорсткім атэістычным часам душа шукала сваё «святое штосьці» ў розных праявах жыцця і, натуральна, у прывязанасці да роднага дома, роднага краю, роднай мовы, дадзеных чалавеку ў дар ад Бога, а не ад дзяржавы, якой бы яна ні была. Напоўніцу ж духоўны патэнцыял творчасці Барадуліна, яе скіраванасць на паэтычнае асэнсаванне Божага слова, Бібліі, выявіўся ў кнізе паэзіі «Евангелле ад Мамы» (1995), а ў далейшым паглыбляўся і пашыраўся, стаўшыся малітоўным стрыжнем выніковай кнігі паэзіі «Ксты» (2005), якая вытрымала ўжо чатыры выданні. Сімвалічна і тое, што кніга была выдадзена ў Мінску Рыма-каталіцкай парафіяй святых Сымона і Алены — Чырвоным касцёлам, а гэта яшчэ раз падкрэслівае яе глыбінную духоўнасць, яе сапраўды чынны ўдзел у новай евангелізацыі свету. Усяго Чырвоным касцёлам у Мінску за гэты час было выдадзена 12 кніг Рыгора Барадуліна і рыхтуюцца новыя выданні.

«Евангелле ад Мамы» адкрываецца праграмным вершам, які вызначыў аблічча новай кнігі і кірунак усёй далейшай творчасці паэта:

Як у сцюдзёную раку,
Памалу ў Біблію заходжу,
Бо веру, што душу злагоджу,
І думаю, бяду ўраку …

Свяжэе потых сівярка,
Чужэе цесната людская.
Душу спакоем абмывае,
Як свет глыбокая рака.

Далей «выпраменьвае святло» адмысловы барадулінскі «Трыкірый»: «Трыкірый — // Тры свечкі святла // Айца й Сына й Духа Святога…», які склалі тры біблейскія цыклы вершаў — «Следам Эклезіяста», «Следам Прыпавесцяў Саламонавых» і «Следам Апостала Паўла». Асобны цыкл у кнізе складаюць вершы-ўражанні ад наведвання Святой Зямлі — «Стане Віфлеемам сэрца» (у пазнейшай рэдакцыі «Бэтлеемам стане сэрца»). Мноства іншых вершаў у кнізе закранаюць праблемы гістарычнага і духоўнага жыцця Беларусі ў іх узаемапранікальнасці і злучанасці («Беларушчына», «Каліновец», «Слуцкім паўстанцам», «Язэп Драздовіч», «Грунвальд», «Васілю Быкаву ў светлы дзень» ды іншыя). Завяршае кнігу таксама знамянальны і мудры верш — верш падзякі Богу за дар жыцця. Гэта стала таксама новым і дзіўным у той, толькі што пачаўшайся, постсавецкай рэальнасці, дзе чалавек прывык адно наракаць на праблемы матэрыяльнага жыцця, а Бог быў наогул ад яго дзесьці вельмі далёка:

Дзякуй Госпаду за дазвол
Папрысутнічаць на бяседзе,
Дзе на ўсіх засцілаўся стол,
Дзе прыткнуўся я
Збоку недзе…
Дзякуй Госпаду за дазвол.

Думаецца, што этапнай падзеяй на шляху паэтычнага апостальства Рыгора Барадуліна стала яго сустрэча з папам Янам Паўлам ІІ у чэрвені 2004 г. у Рыме падчас асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане з нагоды перакладу ім на беларускую мову «Рымскага трыпціха» Святога Айца. Пераклад быў выдадзены да 25-годдзя Пантыфікату Папы Беларускай Грэка-каталіцкай Царквой. Аб важнасці гэтай падзеі гавораць словы самога паэта: «Святы Айцец пераклаў на мае рукі сваё блаславенне, прыняў пераклад і падараваў мне асвечаны ружанец. Варта было жыць, каб дапасці душой да незвычайнай паэзіі Яна Паўла ІІ, бо гэта размова з Вечнасцю, са Словам, гэта прачытанне Вечнай Кнігі святой душой… Гэта дар Усявышняга…».

Паэтычнай рэфлексіяй на гэтую падзею стаў «Рымскі дыптых» самога Рыгора Барадуліна, выдадзены асобнай кнігай у Полацку Грэка-каталіцкай парафіяй святога пакутніка Язафата ў 2006 годзе. «Рымскі дыптых», прысвечаны Яну Паўлу ІІ, мае падзагаловак «Узрушэнне. Рэлігійная паэзія». Сапраўднае ўзрушэнне выклікаюць радкі вершаў гэтай кнігі, асабліва першага:

Укленчыць і прыпасці да рукі,
Якая свет мудрэць дабраслаўляе.
Адчуць, як ціхамірацца вякі,
Як у душы зняможанай світае.

Прыняць ружанец з дарчае рукі —
Замроеныя пацеркі Сусвету.
Пачуць сустрэчы голас трапяткі
Ўваскрэслы светла
Ў словах Запавету.

«Рымскаму дыптыху» ў якасці паэтычнай прадмовы папярэднічалі два хрысталагічныя вершы, якія таксама ёсць жывым сучасным сведчаннем веры, сведчаннем таго, што і для сучаснага чалавека, як і ва ўсе іншыя, мінулыя і будучыя, вякі, менавіта Хрыстус ёсць Дарога, Праўда і Жыццё. У адным вершы паэт называе Уваскрэслага Езуса «Дошкай выратавання», на якой «Госпад дазволіў … плысці» ў бурлівым моры жыцця, «маючы ветразем веру». У другім вершы Хрыстус — «Зорка выратавання»:

Сцежкаю думкі, дарогай хады,
Ветрам дыхання жывога
Вечныя нашы й зямныя гады
Рушаць да Пана Бога.

Крыжам аслонены свеньціцца лёс
Радасцю райскага рання.
У моры адчаю
Светлы Хрыстос —
Зорка выратавання.

Памятаецца, як падчас прэзентацыі «Рымскага дыптыху» ў Мінску ў Літаратурным музеі Янкі Купалы народнаму паэту нехта з прысутных у зале задаў сакрамэнтальнае пытанне: «Як Вы прыйшлі да Бога?». Рыгор Іванавіч здзіўлена ўскінуў бровы, вочы яго засвяціліся, і ён імгненна адказаў: «А я ад Яго ніколі і не адыходзіў»… Адказ, як бачна, быў таксама сакрамэнтальным.

Духоўны маштаб кнігі паэзіі «Ксты» проста ўражвае. Сапраўды, не перабольшваннем, нават не проста метафарай будзе сказаць, што гэта сучасная беларуская Біблія ў вершах, у якой канцэнтруецца праява Божага Провіду аб беларусах, нацыі ў яе гісторыі, сучаснасці і будучыні.

У вядомага польскага паэта Казімежа Вяжыньскага ёсць верш «Польская Біблія» (укладальнік В. Смашч у 1996 г. так назваў і кнігу выбраных вершаў паэта), у якім ён метафарычна называе такія творы як «Дзяды», «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча, «Кардыян» Юліуша Славацкага і іншыя менавіта «Бібліяй польскай», у якой «польскі свет ад бацькоў перадаецца сынам» з пакалення ў пакаленне. Такое параўнанне гаворыць аб моцы і сакральнасці нацыянальнага жыцця, святасці справы нацыянальнага адраджэння для кожнага народа. Для беларусаў увасабленнем такой духоўнасці, святасці, сакральнасці ў маштабе ўсёй нацыянальнай супольнасці стала менавіта паэзія Рыгора Барадуліна, праз якую наша краіна годна і велічна рэпрэзентуецца і ў сям’і народаў, пушчаных Богам у гэты свет.

Р. Барадулін
з кс. У. Завальнюком
на радзіме паэта ва Ушачах
у адноўленым касцёле
святога Лаўрэнція.

Першае выданне кнігі «Ксты» адкрываецца вершам «Чырвоны касцёл», прысвечаным ксяндзу-пробашчу Уладзіславу Завальнюку, ініцыятару гэтага і будучых выданняў паэта. Важнасць гэтага верша, які пазней вырасце ў трыпціх, у тым, што ў ім вобразна вызначаецца тая асаблівая роля, якую адыгрывае ў людскім жыцці жывы Касцёл як малітоўная супольнасць людзей, дзе прысутнічае сам Езус Хрыстус: «Бажэе ў вяках небадол. // І душы жагнае трывога. // У цемначы тлуму людскога // Світае Чырвоны касцёл…». Эпіграфам да кнігі, як, можна сказаць, і да ўсяго жыцця паэта, узятыя радкі, пададзеныя копіяй аўтографа: «У бажбе, // У шчырай мальбе // Да Цябе // Ксты зводзяцца самі. // У неба грукаюся // Не кстамі — // Словамі ціхай малітвы. // Пачуй мяне, // Божа Вялікі… Рыгор Барадулін».

Першым цыклам кнігі «Ксты» становіцца паэтычны «Ружанец», у якім боганатхнёна пераствораны ў вершах усе найважнейшыя хрысціянскія малітвы: «Ойча наш, што ў нябёсах», «Багародзіца, Вечнадзева Марыя», «Веру ў адзінага Бога Айца», «Госпадзе, не забудзься ўранні», «Устаўшы з пасцелі, як з дамавіны», «Святы анёле» ды іншыя. Затым ідуць вядомыя нам па «Евангеллю ад Мамы» паэтычны «Трыкірый», «Бэтлеемам стане сэрца». Новым асэнсаваннем біблійных глыбіняў і мудрасці становяцца цыклы, таксама непасрэдна звязаныя з Вечнай Кнігай — «Псальмы Давідавы», «Дванаццаць біблейскіх баладаў», «Песня над песнямі Саламонава».

Зорны россып іншых вершаў Барадуліна, сабраных у кнізе «Ксты», спарадкаваны ў тэматычныя і асацыятыўныя сузор’і-цыклы («Босая зорка», «На ўскрайку вечнасці», «З застрэшша мамінае хаты» ды іншыя). Яны раскрываюць усю немагчыма-магчымую паўнату Боскага быцця чалавека ва ўнутраным і знешнім свеце, на скрыжаваннях прасторы і часу, у працэсе яго крочання крыжовай дарогай зямнога шляху, яго пазнання той ісціны, што «Чым Бог бліжэйшы да зямлі, // Тым Ён нябеснейшы…».

Беларусь, яе шматпакутная гісторыя і сучаснасць, пазнаюцца паэтам таксама ў святле веры. Яшчэ ў 1992 г. ён напісаў верш «Маленне за Беларусь», які гучыць вельмі актуальна і сёння:

Божа, пашлі Беларусі
Ласку з Тваімі вачамі,
Сэрцы суцеш у скрусе,
Злітуйся над крывічамі.

Знікнуць, Святы, не дай нам
Ад рукатворнага жаху,
Верацьмем вечным тайнам
Руху Твайго і шляху.

Божа, вярні дадому
Блудныя душы з выгнання.
Поперак духу злому
Воля Гасподняя стане.

Хай беларус беларуса
Будзе любіць як брата.
Светлая Імем Ісуса
Наша крывіцкая хата.

Божа, на ўсіх раздарожжах
Нас ад напасцяў варожых
Твой зберажэ напамін.
Амін.

Завяршыць гэтыя сціслыя (як вяночак памяці на яго свежую магілу) разважанні аб духоўнай паэзіі Рыгора Барадуліна, якая ўся гучыць як Запавет, якой наканавана неўміручасць і ўваскрасенне для Вечнасці, хочацца яго светлымі прарочымі радкамі з верша «Вераю» (2005):

У нябёсаў святла стае,
Каб адпрэчыць хмурыну шэрую,
Адмаліўшы грахі свае,
Беларусь адродзіцца Вераю.

Верым жа ў гэта і мы, слухайма голасу прарока нашай айчыны, якога Бог паклікаў быць Апосталам Хрыстовай веры для беларусаў праз дар паэтычнага слова, што сталася для нас і будзе назаўсёды ўвасабленнем святла Боскай Праўды, Любові і Надзеі.

Гл. таксама:
ДА ВЫШЫНЯЎ ПРЫГАЖОСЦІ :: Слова Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё ГУДЖЭРОЦЦІ на Імшы развітання з Рыгорам Барадуліным ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY