|
|
|
№
1(67)/2014
У чаканні кананізацыі
Постаці
Год малітвы
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратуразнаўства
Постаці
Прэзентацыя
Паэзія
In memoriam
Эсэ
Нашы святыні
Галерэя
|
Малітоўная паэзія ў беларускай літаратуры мае даўнюю і глыбокую традыцыю. Пачатак яе можна аднесці да эпохі ранняга Сярэднявечча, а менавіта да ХІІ стагоддзя, звязаўшы яго з дзейнасцю вядомага беларускага багаслова, манаха, рэлігійнага пісьменніка, епіскапа Тураўскага Кірылы. Асаблівае месца ў пісьмовай спадчыне Кірылы Тураўскага займаюць малітвы, створаныя ім пераважна падчас стоўпніцтва — прынятай ім на сябе формы пустэльніцтва, калі ён, зачыніўшыся ад шумлівага і мітуслівага свету ў «келлі-стоўпе», сам-насам вёў размову з Богам. Менавіта тады ён быў адораны найвышэйшай ласкай стварэння малітваў, якія засталіся ў стагоддзях, а многія з іх у змененым або адаптаваным выглядзе дайшлі да нашых дзён, выконваюцца падчас літургіі і прывабліваюць сэрцы вернікаў шчырасцю і велічнасцю малітоўнага пачуцця. Для малітвы як асаблівага рэлігійна-літаратурнага твора характэрныя такія абавязковыя сэнсава-змястоўныя кампаненты, як падзяка Богу, праслаўленне Ягонай велічы і ўсемагутнасці, усведамленне сваёй чалавечай мізэрнасці, слабасці і грэшнасці, спадзяванне на Божую міласэрнасць, просьба аб апецы і ласках. Малітва — гэта спосаб размовы з Богам, даверу Яму сябе і свайго жыцця, сваіх спадзяванняў і болю. Гэта спосаб вызвалення ад скрухі, разбуральнага ўздзеяння зямной рэчаіснасці, дзе чалавек знаходзіцца ў пастцы выпрабаванняў, цярпенняў і спакусаў. Малітва — гэта, урэшце, туга па Раі, куды чалавек прагне вярнуцца, спадзеючыся на Божую любоў і міласэрнасць. Вякамі людзі звярталіся да Бога ў сваіх просьбах і спадзяваннях, самыя лепшыя, прачулыя і ўзнёслыя словы шукалі для размовы з Богам. Адкрытаю на малітоўнасць была і паэтычная творчасць, бо паэзія — гэта асаблівы дар, дар слова — зграбнага і гожага, дакладнага і красамоўнага ў выказванні пачуццяў, перажыванняў, адносінаў да свету. Паэты і ўспрымаліся часта як «мадэратары» ў зносінах паміж Богам і людзьмі. Можна сказаць, што ў працэсе рэлігійнай і літаратурнай практыкі на працягу стагоддзяў склаўся асаблівы жанр малітоўнай паэзіі. Ёсць пэўная розніца ў функцыянаванні старадаўніх і новых малітоўных твораў. Так, малітвы Кірылы Тураўскага былі часткаю практычнага штодзённага — прыватнага або царкоўнага — набажэнства. Некаторыя з іх Францішак Скарына змясціў у вядомай «Малой падарожнай кніжцы», выдадзенай у Вільні ў 1522 годзе, напісаўшы для гэтага свайго выдання і ўласныя малітвы. Яны, як і малітвы Кірылы Тураўскага, мелі найперш практычнае рэлігійнае значэнне для вернікаў-падарожнікаў, а цяпер успрымаюцца як прыклады малітоўнай паэзіі. Малітоўныя ж вершы пазнейшага часу, асабліва пачынаючы з эпохі Барока (канец ХVІ – сярэдзіна ХVІІІ стагоддзя) і пазней, у ХІХ–ХХ стагоддзях, ствараюцца менавіта як літаратурныя творы і набываюць выразныя літаратурна-мастацкія абрысы: рэгулярныя метрыку, рытміку, рыфмоўку, графічны выгляд. Тэматычна яны маюць тыя ж традыцыйныя сэнсава-зместавыя кампаненты, пра якія ўжо згадвалася вышэй. Вершы малітоўнага характару пішуцца найперш як літаратурныя творы, але ў далейшым яны маглі станавіцца (і станавіліся або не) тэкстамі практычнага літургічнага ўжытку, маглі выконвацца ў той ці іншай форме (спявацца як гімны або духоўныя песні) падчас набажэнстваў. Такі шчаслівы лёс напаткаў, прынамсі, два шырокавядомыя паэтычныя творы, што паўсюдна гучаць у беларускіх касцёлах: гэта духоўная песня «Дай, добры Божа, зару й сонца бачыць», напісаная паэтам і святаром Вінцуком Адважным (а. Язэпам Германовічам) як перастварэнне на сучасную беларускую мову «Малітвы да Святой Тройцы» Кірылы Тураўскага, і верш «Малітва» («Магутны Божа! Уладар сусветаў…») Наталлі Арсенневай, які стаў сапраўдным велічным народным рэлігійным і патрыятычным гімнам. Можна сюды аднесці і такія добра вядомыя сучасным вернікам творы, як касцёльныя «Песня ранішняя» і «Песня вячэрняя», блізкія да польскамоўных вершаў Францішка Карпінскага (а на сучасную беларускую мову іх, найбольш верагодна, пераклаў Янка Купала). Гэтыя творы былі змешчаныя ў «Кантычцы», якую ў 1914 годзе выдала віленская беларуская друкарня «Зніч», і з таго часу яны сталі папулярнымі духоўнымі песнямі. Жанр малітоўнай паэзіі актыўна развіваецца і сёння. 2014 год, як вядома, абвешчаны ў Касцёле Годам малітвы. З гэтай нагоды мы распачынаем знаёміць нашых паважаных чытачоў з узорамі беларускіх малітоўных вершаў — даўнейшых і новых, якія шчодра прадстаўлены ў айчынным прыгожым пісьменстве малітоўнымі творамі згаданых ужо Кірыла Тураўскага ды Францішка Скарыны, а таксама вершамі Сімяона Полацкага, Францішкі Уршулі Радзівіл, Францішка Карпінскага, Адама Міцкевіча, Адама М-скага (Зоф’і Манькоўскай), паэтаў-святароў Казіміра Сваяка, Андрэя Зязюлі, іншых духоўных і свецкіх аўтараў, галасы якіх дайшлі да нас праз стагоддзі і гучаць сёння. У гэтай публікацыі мы знаёмім чытачоў часопіса з яшчэ адным узорам перакладу на сучасную беларускую мову а. Язэпам Германовічам (Вінцуком Адважным) малітваў Кірылы Тураўскага да Багародзіцы. У аснову верша пакладзены некалькі малітоўных тэкстаў Кірылы, апрацаваных паводле традыцыйных правілаў версіфікацыі, з захаваннем ключавых зваротаў і вобразных сродкаў арыгіналаў. Гэты верш, у адрозненне ад «Малітвы да Св.Тройцы», невядомы шырокаму колу чытачоў.
Гл. таксама:
|
|
|
|