Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(67)/2014
У чаканні кананізацыі

«ЕДНАСЦЬ СВЯТЫХ» З ЯНАМ ПАЎЛАМ II
Постаці
Год малітвы

МАЛІТВА ДА БОЖАЕ МАЦІ
У кантэксце Бібліі

ЭДЭН
Sanctorum opera
Літаратуразнаўства
Постаці

ПАД ПЫЛАМ ЗАБЫЦЦЯ
Прэзентацыя

З НЕБЫЦЦЯ — НА ПОКУЦЬ
Паэзія

ІТАЛІЯ ЗІМОЙ

ВЕРШЫ
In memoriam
Эсэ
Нашы святыні
Галерэя

ТЭСТАМЭНТ ЯНА XXIII

Урачыстае адкрыццё Другога Ватыканскага Сабору
ў базыліцы святога Пятра. 11 кастрычніка 1962 года.

У хвіліну, калі я павінен стаць перад Богам, адзіным у Святой Тройцы, які стварыў і адкупіў мяне, пажадаў мець мяне сваім святаром і біскупам, асыпаў мяне бясконцымі ласкамі, давяраю маю бедную душу Яго міласэрнасці. Пакорна прашу Яго прабачыць мае грахі і правіны. Ахвярую Яму тую крышынку дабра, няхай сабе недасканалага і слабога, якое з Яго дапамогаю я здолеў учыніць на Яго хвалу, дзеля дабра святога Касцёла, для супольнасці маіх братоў, просячы Яго, добрага і любячага Айца, прыняць мяне ў кола сваіх святых у благаслаўлёнай вечнасці.

Я прагну яшчэ раз вызнаць усю маю хрысціянскую каталіцкую веру, маю прыналежнасць і падданасць святому Касцёлу, апостальскаму і рымскаму. Я маю цалкавіты давер і паслухмянасць яго Годнаму Галаве і Найвышэйшаму Пастыру, прадстаўніком якога я меў гонар быць на працягу доўгіх гадоў у розных краінах Усходу і Захаду, які ўрэшце пажадаў мець мяне ў Венецыі як кардынала і патрыярха, і якому я заўжды адказваў сваёй шчырай любоўю, незалежна ад усіх дабротаў, якімі Ён адорваў мяне. Пачуццё ўласнай мізэрнасці і нікчэмнасці спадарожнічала мне ўсё жыццё, трымаючы ў пакоры і душэўным спакоі, адорваючы мяне радасцю, што вынікала з бесперастаннага практыкавання, у меру маіх магчымасцяў, паслухмянасці, любові да душаў і справаў Валадарства Хрыста, майго Пана, які з’яўляецца для мяне ўсім. Яму ўся хвала, бо мае заслугі — толькі з Яго міласэрнасці. Заглуга мая — міласэрнасць Пана. «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе» (Ян 21, 17). Дастаткова аднаго гэтага.

Прашу прабачэння ва ўсіх тых, каго мог несвядома абразіць, і ў тых, для каго не стаў станоўчым прыкладам. Са свайго боку не маю каму прабачаць, бо ва ўсіх людзях, якіх я ведаў і да якіх меў дачыненне, нават калі яны абражалі мяне, пагарджалі мною, ставіліся да мяне несур’ёзна (што, зрэшты, цалкам слушна) або сталі прычынаю майго смутку, я бачу толькі братоў і дабрачынцаў, я ўдзячны ім, малюся і буду маліцца за іх.

Я нарадзіўся ў нястачы, але паходжу з годнай і сціплай сям’і і вельмі шчаслівы, што паміраю ў бядоце, раздаўшы, адпаведна з патрэбамі і абставінамі майго простага і сціплага жыцця, дзеля дабра бедных і святога Касцёла, які мяне сілкаваў, усё, што трапіла мне ў рукі ў гады майго святарства і біскупства, хоць гэтага было вельмі няшмат.

За знешняй бачнасцю забяспечанасці часта хавалася церне пакутлівага ўбоства, што заўжды перашкаджала мне аддаваць з такою шчодрасцю, як я гэтага хацеў. Дзякуй Богу за гэтую ласку ўбоства, шлюб якога я склаў у маладосці: убоства духоўнага як святара Сэрца Божага і ўбоства матэрыяльнага, што дапамагло мне ніколі нічога не прасіць — ні пасадаў, ні грошай, ні прыхільнасці для сябе ці для маіх сваякоў і сяброў.

Маёй улюбёнай сям’і «паводле крыві», ад якой я, зрэшты, не атрымаў аніякіх матэрыяльных дабротаў, я магу пакінуць толькі вялікае асаблівае благаслаўленне разам з заахвочваннем трываць у той боязі Божай, дзякуючы якой мая сям’я, простая і сціплая, заўжды была мне такою дарагою і любаю, і якой я ніколі не саромеўся, і гэта стала сапраўднаю адзнакаю яе высакароднасці. Часам я дапамагаў ёй у самых пільных патрэбах, гэтак, як бядак дапамагае бедакам, не пазбаўляючы яе пачэснага і поўнага задавальнення ўбоства. Я малюся і заўжды буду маліцца аб дабрабыце для яе, з радасцю адзначаючы ў яе маладых новых пакаленнях рашучасць і вернасць традыцыі бацькоў, што заўжды будзе яе багаццем. Маё самае гарачае пажаданне — каб усе мае крэўныя і сваякі канчаткова з’ядналіся ў радаснай вечнасці.

Рэліквіі папы Яна ХХІІІ у базыліцы святога Пятра ў Рыме.

Адыходзячы, як я веру, у неба, перадаю прывітанне, падзяку і благаслаўленне ўсім тым, хто стаў маёю духоўнаю сям’ёю ў Бергама, Рыме, на Усходзе, у Францыі, у Венецыі; тым, хто жыў са мною побач, маім дабрачынцам, калегам, вучням, падначаленым, сябрам і знаёмым, святарам і свецкім, манахам і манахіням, для якіх па волі Божага Провіду я быў, нягледзячы на ўласную нявартасць, братам, айцом або пастырам.

Дабрыня, з якою ставіліся да маёй беднай асобы ўсе тыя, каго я сустрэў на сваім шляху, зрабіла маё жыццё цудоўным. Перад абліччам смерці я ўзгадваю ўсіх і кожнага паасобку з тых, хто апярэдзіў мяне ў гэтым апошнім пераходзе, і тых, хто перажыве мяне і пойдзе за мною. Няхай яны моляцца за мяне. Я ж аддзячу ім з чыстца або з неба, дзе, спадзяюся, я буду прыняты, паўтару яшчэ раз, не за ўласныя заслугі, а дзякуючы міласэрнасці майго Пана.

Пра ўсіх я памятаю і за ўсіх буду маліцца. Але хачу асабліва назваць маіх дзяцей з Венецыі, апошніх, якімі Пан акружыў мяне на вялікае суцяшэнне і радасць майго святарскага жыцця, і да якіх я стаўлюся з захапленнем, удзячнасцю і асабліваю пяшчотаю. Усіх я абдымаю ў духу, усіх духоўных і свецкіх асобаў, без аніякай розніцы, гэтак, як без аніякай розніцы любіў іх, членаў адной і той жа сям’і, прадмет аднаго і таго ж клопату, айцоўскай і святарскай любові. «Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы» (Ян 17, 11).

У час расстання або, хутчэй, развітваючыся словамі «да пабачэння», я яшчэ раз нагадваю ўсім, што маю найбольшую каштоўнасць у жыцці — гэта Езус Хрыстус, Яго святы Касцёл, Яго Евангелле, а ў Евангеллі перадусім «Ойча наш» у духу і ў Сэрцы Езуса, а з Евангелля — праўда і дабрыня, дабрыня лагодная і зычлівая, дзейсная і цярплівая, непераможная і трыумфуючая. Дзеці мае, браты мае, да пабачэння. У імя Айца, Сына і Духа Святога. У імя Езуса, нашай любові; Марыі, нашай і Яго Наймілейшай Маці; святога Юзафа, майго першага і найдаражэйшага апекуна; у імя святога Пятра, святога Яна Хрысціцеля і святога Марка, святога Лаўрэнція Юстыніяна і святога Пія Х. Амэн.

Венецыя, 29 чэрвеня 1954 года.

Кардынал Анджэла Джузэпэ Ранкаллі,
патрыярх Венецыі.

Гэтыя старонкі напісаныя мною як ўвасабленне маёй непасрэднай волі ў выпадку маёй неспадзяванай смерці.

Венецыя, 17 верасня 1957 года.

Кардынал Анджэла
Джузэпэ Ранкаллі.

І захоўваюць сваю моц як духоўны тэстамэнт, які трэба далучыць да распараджэнняў, сабраных тут з дня 30 красавіка 1959 года.

Рым, 4 снежня 1959 года.

Ян ХХІІІ, папа.

 

Пераклад з польскай мовы
Юліі Шэдзько.
Паводле: «Nasza Rodzina»,
№6 (381), 1976.

Гл. таксама:
Юлія ШЭДЗЬКО :: ДОБРЫ ПАПА ЯН — ВАРТАЕ ЗАХАПЛЕННЯ ЖЫЦЦЁ ЯНА XXIII ::
«СПАКОЙ ПАКІДАЮ ВАМ...» :: Урыўкі з энцыклікі папы Яна XXIII PACEM IN TERRIS ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY