 |
|
Мілан
На вуліцы Цёмных Кветак
мне раптам адкрылася безліч
падземных нябачаных плыняў,
энергій, што з напластаванняў
гісторый чужых пілігрымак
выходзілі на паверхню
і тут, ужо ў плынях паветра,
спыняліся над брукаванкай
і дыхалі ў твары тубыльцаў.
На вуліцы Светлых Кветак
вярталіся раптам з нябыту
старыя забытыя рэчы:
паштоўкі, гадзіннікі, лінзы,
што ў бляску зімовага сонца
імкнуліся зноў нарадзіцца
для новых напружаных жыццяў.
А я, прасціраючы рукі
ў святле невыноснага рання,
расчытвала дзіўныя назвы,
збірала па кроплях сюжэты,
застылая на скрыжаванні
ад вуліцы Цёмных Кветак
да вуліцы Светлых Кветак.
|
|
Мадэна
Голуб, што адпачывае
на прыступках сінагогі,
гатовы ў любы момант
сігануць як мага далей
ад месца, дзе нетрываласць
створанага чалавекам
разбягаецца расколінамі па сценах.
Ён ведае, што такое землятрус.
А паколькі яму яшчэ рана паміраць,
ён займаецца тым, што марыць
пра наступнае жыццё.
Мая самота
нікому не кідаецца ў вочы,
пакуль усе ідуць, іду і я.
Потым усе знікаюць,
а я застаюся спасцігаць
чужую рэчаіснасць.
Але як толькі халоднае паўдзённае святло
ці то зімы, ці то прадвесня
запаўняе прастору вуліц,
край, які ніколі не стане маім,
сціскае мяне тваімі абдымкамі.
|
|
Ферара
Назіраючы за гэтай жанчынай
з прывабнай усмешкай,
якая проста ідзе без парасона
па дажджлівай вуліцы,
ніхто і не здагадаецца, што гэта ўсяго толькі
змеяня, якое спрабуе вылупіцца з яйка,
прабіцца на святло,
змеяня, што выгінаецца і шукае паратунку
ў прыцемках неўсведамлення.
Пад шкарлупіннем
цела крывавіць чырвонымі кропкамі капіляраў
і запаўняецца вобразамі,
якія пераходзяць адзін у адзін,
набываюць новыя формы,
мяняюць сэнс навакольнага асяроддзя,
светабачанне і светабудову.
Змеяня вылупіцца, калі апусцеюць вуліцы,
калі дождж змые крывавыя сляды,
а мокры замак з чырвонай цэглы
асвецяць начныя паходні.
І слізгане па брукаванцы,
і схаваецца пад вежай.
Няўлоўнае і непрадказальнае,
як сама паэзія.
|
|
Балонья
Непазбежныя пераўтварэнні
калі адлегласць у часе і ў прасторы,
здаецца, тлумачыць самую сябе —
хоць гэтае тлумачэнне
і не з’яўляецца вычарпальным —
зачароўваюць нованароджанымі выявамі...
Жыццё ёсць сон...
Але жыццё не ёсць сон.
Прачнуцца і па белых дахах,
дзе скручваецца лёгкі дым,
прабегчы здзіўленым паглядам
і не паверыць на імгненне,
што гэта снег, сапраўдны снег, —
на кветках, правадах ліхтарняў
і на адкрытых століках кавярняў.
Я адчыняю аканіцы
і думаю: мне гэта сніцца.
Але вяртаецца рэальнасць,
дзе ўсіх уцёкаў бачна марнасць,
а ўсіх памкненняў ідэальнасць
рассыпецца імгненна ўшчэнт,
так проста — твар у твар сустрэцца,
і — знерухомець, заглядзецца,
як цераз порцікі-тунэлі
праходзіць белы сілуэт.
А снег — прысуд або збавенне,
мая параза ці маё паразуменне,
мая нагода знікнуць назаўжды
у белым горадзе, дзе белыя сляды
ужо не патрабуюць тлумачэнняў.
|
|
Аэрапорт Мальпенса
Пераадольваючы горныя хрыбты,
нібы прыступкі светасузірання,
душа няспынна рухаецца ўперад,
пакуль сама сабой не захлынецца
і затрапечацца, і скаланецца.
І вось тады ў транзітным існаванні
між хаатычным броўнаўскім рухам
яна застыне тут навідавоку
і спыніцца — нібы правесці рысу
паміж мінулым і наступным крокам.
Каб адштурхнуцца і пайсці далей,
туды, дзе ад людзей і ад падзей
яе падымуць у нябеснае адхланне
і панясуць бязгрэшныя аблокі.
|
|
 |