|
|
|
№
1(67)/2014
У чаканні кананізацыі
Постаці
Год малітвы
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратуразнаўства
Постаці
Прэзентацыя
Паэзія
In memoriam
Эсэ
Нашы святыні
Галерэя
|
Працяг. Пачатак у № 3(57)/2011. X. ПЕРШАЯ ПРЫЧЫНА — ПРЫЧЫНЫ ДРУГАСНЫЯ Ёсць вялікая розніца паміж ствараннем і вытворчасцю. Вядома, што існуе падабенства паміж мастаком і рамеснікам. Гэтую думку выкарыстоўвае Платон у Тымэі, дзе Дэміург лепіць свет з гліны. Сапраўды, ёсць пэўная аналогія паміж Богам і мулярам ці скульптарам; але менавіта тут крыецца небяспека. Калі гэтая аналогія праводзіцца занадта літаральна, яна прыводзіць да паняцця пра нейкае бясформнае творыва, якое з’яўляецца нібыта роўным працягласцю ў вечнасці з творцам, які яго выкарыстоўвае. Але ў Богу гэта абсалютна не так. Стваранне — гэта штосьці цалкам іншае, чым мастацкая творчасць, яно ёсць наданнем існавання створанай рэчы. Творца — мастак, рамеснік — ёсць толькі прычынай узнікнення рэчы, ён з’яўляецца г. зв. causa fiendi — прычынай з’яўлення, а Створца ёсць прычынаю існавання. Выяўляецца вельмі істотная розніца паміж гэтымі прычынамі. Nomen causa (зразумела, што тут гаворка ідзе пра causa efficiens — дзейную, стваральную прычыну) importat influxum quemdam ad esse causati (Каментарый да Метафізікі — V, 751). Гэта значыць, што паняцце прычыны абумоўлівае і цягне за сабой пэўны ўплыў на існаванне таго, што спрычынена, што з’яўляецца вынікам дзеяння прычыны, альбо што дзейная прычына заўсёды перадае выніку нейкае існаванне. Калі б Бог ствараў быты, якія маглі б існаваць без Божага дзеяння, што надае існаванне, Ён ствараў бы спрэчныя быты, бо ствараў бы «багоў», а паняцце створанага Бога нясе ў сабе супярэчнасць (гл. Contra gentiles, ІІ, 25). Але — і гэта важна — усе стварэнні, кожнае ў сваёй сферы, таксама з’яўляюцца дзейнымі прычынамі. Рэчаіснасць уладкаваная не так, што ёсць толькі адна дзейная прычына, якою ёсць Бог. Бог падтрымлівае ў існаванні ўсё, што нас атачае, і нас саміх, якія з’яўляемся прычынамі, абмежаванымі ў сваім абсягу, вельмі вузкім ці крыху шырэйшым. Усе створаныя рэчы з’яўляюцца другаснымі прычынамі — і толькі Бог ёсць першай прычынаю, прычынаю ўсіх прычын. Бог, як было ўжо сказана, бліжэй да нас, чым мы самі да сябе. Падобна і тут — Deus principalius est causa cuiuslibet actionis quam etiam secundae causae agentes (Contra gentiles, III, 67, 5) — Бог больш поўным, больш сапраўдным і больш дзейсным чынам з’яўляецца прычынаю ўсялякага дзеяння, чым другасныя дзейныя прычыны. Гэта значыць, што ў дзеяннях усіх стварэнняў Бог ёсць больш прычынаю, чым самі гэтыя стварэнні. Тут адкрываецца велізарнае поле для дыскусіі: бо як жа гэта — Бог з’яўляецца таксама прычынаю ўсіх тых дрэнных справаў, якія робяць людзі? Тамаш адказвае на гэта: Бог — прычына ўсіх прычын, як вымушаных, гэтак і свабодных. Бог нагэтулькі цэніць свабоду, свабода такая вялікая рэч, якая — як пабачым — з’яўляецца ўласцівасцю анёлаў і людзей, што будучы прычынаю ўсіх прычын, Ён таксама ёсць першапрычынаю свабодных дзеянняў у свеце свабоды. Гэтае ўніверсальнае дзеянне першай дзейнай прычыны, Бога, здзяйсняе ўсё ва ўсім, але не знішчаючы свабоды, хоць ёсць сапраўднай прычынаю. Тут ізноў таямніца. Бог ёсць прычынаю ўсіх прычын — як неабходных, вымушаных, гэтак і свабодных, не адмяняючы неабходнасці і не знішчаючы свабоды. Універсальная і найглыбейшая дзейнасць першай прычыны не змяншае, аднак, аўтэнтычнай актыўнасці стварэнняў. Мала якая філасофія, калі можна так сказаць, гэтак моцна сцвярджае аўтаномію, самастойнасць створаных бытаў. Кожны чалавек сапраўды ўладар сваіх учынкаў, жывёлы сапраўды з’яўляюцца прычынамі сваіх дзеянняў — як і расліны, мінералы, атамы. А ўсё гэта, усе гэтыя прычыны, як бы ўносяцца і выклікаюцца апошняю прычынаю — дзеяннем Божай волі. У сувязі з гэтым звернем увагу на два выказванні св. Тамаша. Вось першы тэкст: Prima causa ex eminentia bonitatis suae rebus aliis confert non solum quod sint, sed etiam quod causae sint (De veritate, XI, 1) — Першая прычына з найвышэйшай ступені сваёй дабрыні (ex eminentia bonitatis suae) не толькі дае іншым рэчам тое, што яны існуюць, але таксама тое, што яны ёсць прычынамі. Удзел стварэнняў у Богу палягае ў тым, што яны таксама з’яўляюцца прычынамі. Яны ўдзельнічаюць не толькі ў самаісным існаванні, якім ёсць Бог, але таксама ў тым, што Бог ёсць прычынаю. Яны адлюстроўваюць, кожнае ў іншай ступені, апошнюю прычыну — Бога. Адсюль вынікае другое выказванне, якое з’яўляецца цудоўным credo гуманізму св. Тамаша і якое можна лічыць дэвізам яго думкі: Detrahere actiones proprias rebus est divinae bonitatis derogare (Contra gentiles, III, 69, 16) — пазбаўляць рэчы іх уласных дзеянняў — гэта значыць прымяншаць Божую дабрыню. Гэта важны сказ. Мы робім з яго выснову, што чым больш стварэнне развіваецца, тым больш выяўляе дасканаласць Бога, тым паўней выяўляецца ў ім гэтая bonitas Dei, гэтая Божая дабрыня. Св. Тамаш хоча сказаць, што ніводзін быт не можа па-сапраўднаму імкнуцца да Бога як да сваёй мэты, калі не кіруецца да свайго ўласнага, прызначанага для яго дабра. Гэта аснова аўтаноміі прамінальных рэчаў, якую так моцна падкрэсліваў Марытэн: кожны быт павінен развіцца згодна з правамі, якія ўласцівыя ягонай прыродзе, дасягнуць пэўнай меры развіцця, і толькі тады ён можа напоўніцу прычыніцца да Божай хвалы. Таму св. Тамаш кажа цалкам адназначна: Unumquodque tendens in suam perfectionem tendit in divinam similitudinem (Contra gentiles, III, 21, 6) — кожны быт, імкнучыся да сваёй уласнай дасканаласці, імкнецца да падабенства Богу. Гэтую думку св. Тамаша Жыльсон выказвае так: ...sauvegarder les droits de la créature, c’est... le seul moyen de sauvegarder les droits de Dieu1 — захаванне правоў стварэнняў — гэта адзіны спосаб захавання правоў Божых. Гэта моцныя словы. Ніколі нельга парушаць правы стварэнняў, а захаванне, поўнае развіццё і прызнанне гэтых правоў, усяго таго, што вынікае з прыроды, гэта найлепшы спосаб захаваць моц правоў Бога. На гэтым фоне мы таксама лепш разумеем тое бачанне свету, якое меў св. Бонавэнтура, хоць ягоная думка вынікае з іншых крыніцаў, мае іншы кантэкст, але яна блізкая да выкладзеных тут поглядаў св. Тамаша. Для св. Бонавэнтуры ўвесь свет — гэта нібы адна вялікая сістэма люстэркаў: люстэркі маленькія ці вялікія, вельмі чыстыя ці менш чыстыя, але ўсе яны павінны адлюстроўваць Бога, паказваючы Божую дасканаласць. Св. Тамаш ясна кажа, што гэтае падабенства Божай дасканаласці дасканала рэалізуецца толькі і выключна ў Слове: in Verbo. Толькі Божае Слова, народжанае, а не створанае, — поўнае і дасканалае адлюстраванне хвалы Айца. Аднак ці можна лічыць свет, у якім столькі зла, Божым люстэркам? Часта чуваць пытанне: чаму Бог не стварыў такога свету, каб у ім не было зла? Філосаф, які павінен падыходзіць да кожнага пытання з халодным розумам, глядзець на прычыны і — наколькі гэта магчыма — унікаць пачуццёвага баласту, калі будзе мысліць правільна і ўважліва, мусіць прыйсці да такой высновы: як Бог не можа стварыць спрэчнага быту, гэтаксама Ён не можа паклікаць да існавання дасканалага быту, бо дасканалы быт у дакладным значэнні гэтага слова быў Богам. Вось жа, ніводзін быт, ні цалкам, ні ў якойсьці сваёй частцы, не можа быць цалкам дасканалым бытам. Чыстае здзяйсненне можа быць толькі адно, не можа быць двух Багоў. Св. Тамаш разважае: калі такія непарушныя правы рэчаіснасці, калі Бог не можа стварыць цалкам дасканалага быту, то найбліжэйшым, магчымым для рэалізацыі водбліскам дасканаласці будзе стварэнне цэлай шкалы бытаў ад найменш дасканалых да як мага найдасканалейшых. І ў гэтым ёсць нібы пэўная трагедыя: найбольш дасканалы створаны быт тым самым павінен быць бытам найбольш свабодным, бо гэта будзе найдасканалейшы дух, а поўная свабода ў сваю чаргу палягае ў тым, што гэты створаны дух можа выбраць дабро ці зло. З гэтага вынікае глыбокая падстава для выпрабавання і бунту анёлаў, а таксама для выпрабавання і бунту чалавека, як першага чалавека, так і ўсіх нас. Гэта лёс кожнай духовай істоты: яна мусіць прайсці праз выпрабаванне свабодаю. Сутнасць зла ў тым, што ў нейкім быце ёсць недахоп дабра, якое гэты быт павінен мець. Св. Тамаш піша ясна: Privatio est eius quod quis natus est habere et debet habere. In privatione sic accepta est ratio mali (Contra gentiles, III, 6, 1) — недахоп — гэта недахоп таго, што штосьці ці хтосьці з сваёй прыроды, сутнасці павінен мець. На недахопе, зразуметым такім чынам, і грунтуецца сутнасць зла. Гэта недахоп, які вынікае таксама з недасканаласці матэрыяльнага чынніка ў цялесным свеце. Вялікай таямніцай з’яўляецца залежнасць узроўню дасканаласці цялеснага чынніка ад стану духу ва ўсім свеце. Ёсць такія тэалагічныя тэорыі, якія сцвярджаюць, што ўвогуле ўсё матэрыяльнае зло пачало мучыць чалавецтва і свет ў выніку ўчыненых людзьмі грахоў. Калі б першародны грэх не меў сваіх дрэнных наступстваў, калі б людзі паступалі інакш, то і жывёлы былі б менш злымі. Нам вядомыя прыязныя адносіны святых да жывёлаў — хоць бы св. Францішка ці св. Гераніма, якія сведчаць пра тое, што ёсць нейкая таямнічая залежнасць матэрыяльных вартасцяў, а таксама знішчальнасці, сапсаванасці матэрыяльнага свету ад вартасцяў духу ці ад іх недахопу. Зло выяўляецца заўсёды альбо як недахоп у гэтым матэрыяльным аспекце, альбо як недахоп належнай арыентацыі ў нашых пазнаваўчых дзеяннях і ў жаданні, звязаным з гэтым пазнаннем, — гэта зло маральнае. Зло, і гэта важна, заўсёды ўкаранёнае ў чымсьці, у нейкай сутнасці, нейкім cуб’екце, які ёсць добрым з той прычыны, што з’яўляецца бытам. Нават найбольшае зло (прыгадайма праблему шатана, пра якога ўжо была гаворка) заўсёды змяшчаецца ў суб’екце, які як быт — добры. Таму няма ніякай субстанцыялізацыі ані персаніфікацыі зла. Няма дрэнных рэчаў. Няма людзей дарэшты кепскіх. Ёсць толькі матэрыяльныя недахопы і недахопы духоўныя ў добрых суб’ектах. Калі б мы прыгледзеліся да ўсяго свету, выявілася б, што нічога з таго, што ёсць, не ёсць злом. Сказанае на пачатку Кнігі Быцця ў Аб’яўленні Старога Запавету пра стварэнні, — што яны былі вельмі добрыя — застаецца і надалей цалкам актуальным. Аднак фізічнае і маральнае зло надта адчувальнае! Ці Бог яго прычына? Бог толькі ў той меры можа быць прызнаны за прычыну зла, што хоча бытаў прамінальных і абмежаваных. Калі б Ён не хацеў такіх бытаў, то ўвогуле нічога б не існавала, а лепш быць, чым не быць, лепш існаваць, чым не існаваць. І таму св. Тамаш кажа ў Суме Тэалогіі: Deus quasi per accidens causat corruptionem rerum (I q.49 a.2 c.) — Бог нібы ўскосна, выпадкова per accidens, спрычыняецца да сапсавання рэчаў, жадаючы, каб яны ўвогуле існавалі. Рэчы павінны прайсці праз усе фазы матэрыяльнай і духоўнай недасканаласці, каб пазней дасягнуць надпрыроднага стану, пра які вера кажа нам, што ён будзе існаваць «у новым небе і новай зямлі», у жыцці дасканалым, шчаслівым, у якім усё будзе адноўлена, знікнуць слёзы, цярпенні, смутак і гора, і застанецца толькі тое, што ёсць бытам, што ёсць добрым. Але такое бачанне дае вера (пар. Ап 21, 1-4); філасофія не сягае нагэтулькі далёка. Калі ж перад намі паўстае філасофская праблема прычыны зла, то трэба заўсёды памятаць, што Бог — як прычына ўсяго, што ёсць, — з’яўляецца прычынаю зла per accidens. Разрозненне per se і per accidens важнае ў схаластычнай мове: per se — значыць з сваёй сутнасці, а per accidens — ускосна. Таму толькі ўскосна, выпадкова, незнарок Бог з’яўляецца прычынаю зла. Per se, само з сябе, зло вынікае толькі ад недасканаласці другасных прычын, якія не могуць быць дасканалымі, бо калі б у іх не было магчымасці шматлікіх недахопаў і іх наступстваў, то яны ў такім разе не былі б стварэннямі — гэта асноўная думка, якая тут увесь час сцвярджаецца. Відавочна, умацаванне ўсяго ў дабры, трыванне ўсіх рэчаў, перакананне, што нічога не гіне, што ўсё, што ёсць бытам, застаецца, гэта бачанне веры, якое таксама мае сваё абгрунтаванне ў філасофіі. Бо калі штосьці залежнае ў сваім існаванні ад таго кораня існавання, якім ёсць Бог, то яно таксама ўкаранёнае раз і назаўсёды ў гэтай крыніцы. Таму тут можна ўжыць тое, што сказаў калісьці Галчыньскі пра Баха, — што ў Баху знойдзеш усё2 ; гэтаксама ў Богу мы знойдзем усё, у Богу яшчэ бясконца больш усяго. Нічога з таго, што пачало існаваць, што ёсць — пачынаючы ад найменшага чарвячка ці атама і аж да найвялікшых духовых чынаў людзей і анёлаў — не гіне, усё ёсць у Богу. Гэта, несумненна, аптымістычны падыход, і можна сказаць, пэўнае спрошчанае вырашэнне праблемы зла. Але гэты адказ здаецца мне адзіным, бо іншае вырашэнне заўсёды несла б у сабе адзнакі маніхейства, вымагала б прызнання дзвюх крыніцаў быту і двух яго відаў: адной — крыніцы дабра, другой — крыніцы зла. Але тады — зло субстанцыяльнае, і тады ёсць рэчы дрэнныя, ёсць дрэнныя быты; ёсць валадарства дабра і валадарства зла. Але такі погляд і з філасофскага гледзішча не вытрымлівае крытыкі і ў аснове сваёй, у корані, супярэчыць веры.
Пераклад з польскай мовы
Паводле: Świeżawski Stefan. Święty Tomasz
|
|
|
|