|
|
|
№
1(67)/2014
У чаканні кананізацыі
Постаці
Год малітвы
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратуразнаўства
Постаці
Прэзентацыя
Паэзія
In memoriam
Эсэ
Нашы святыні
Галерэя
|
Нягледзячы на кароткі Пантыфікат (1958–1963), благаслаўлёны Ян XXIII лічыцца адным з найбольш знаных Папаў у гісторыі Касцёла. Вядомы найперш тым, што распачаў ІІ Ватыканскі Сабор, «добры Папа», як яго называлі, быў перадусім чалавекам, поўным абаяльнасці, сціпласці і пакоры, вядомым сваім адметным пачуццём гумару. З «Дзённіка душы», які ён пакінуў пасля сябе, вымалёўваецца вобраз улюбёнага ў Бога хрысціяніна, які асцерагаўся граху і адорваў прыязнасцю ўсіх людзей, нягледзячы на іх погляды і рэлігійную прыналежнасць. Аднак рысаю, якая найбольш характарызавала яго, была незвычайная бадзёрасць духу, якою ён дзяліўся з іншымі. Ён казаў: «Сумны ксёндз — дрэнны ксёндз».
Кожны можа стаць Папам Калі 9 кастрычніка 1958 года амаль пасля 20 гадоў Пантыфікату памёр папа Пій ХІІ, усе лічылі, што адзіным годным яго наступцам можа быць арцыбіскуп Мілана Джавані Батыста Манціні, які доўга супрацоўнічаў з Папам. На жаль, ён не быў кардыналам. Паводле людскіх меркаванняў, цяпер трэба было выбраць, як казалі злыя языкі, «самага старога і дурнога» з кандыдатаў, каб той надаў Манціні годнасць кардынала, а пасля, хутка адышоўшы з гэтага свету, вызваліў для яго Пасад святога Пятра. 28 кастрычніка, на трэці дзень канклаву, падчас адзінаццатага галасавання патрэбную большасць галасоў атрымаў кардынал Анджэла Джузэпэ Ранкаллі, патрыярх з Венецыі, якому было амаль 77 гадоў. Ён прыняў імя Яна XXIII. «Кожны можа стаць Папам; я — найлепшы гэтаму доказ» — гэтыя словы добра пацвярджалі тое, што новы біскуп Рыма выдатна разумеў сваю ролю. Ужо 17 лістапада імя арцыбіскупа Манціні стаяла на першым месцы ў лісце намінантаў, якія 15 снежня павінны былі атрымаць кардынальскія берэты. Пасля Папа называў яго кардыналам Гамлетам... Яшчэ нішто не было прадвесцем буры, якую выклікаў Ян XXIII, абвясціўшы 25 студзеня 1959 года рашэнне склікаць Паўсюдны Сабор.
Благаслаўлёная беднасць
Ён нарадзіўся ў горнай вёсцы недалёка ад Бергама, у паўночнай Італіі. Яго бацька, маючы на ўтрыманні дзесяць дзяцей, доўга быў толькі арандатарам шматка зямлі. «Я вырас у асяродку самадастатковай благаслаўлёнай беднасці, якая вучыць малым патрабаванням», — узгадваў Папа. Гэты досвед паўплываў на ўсё яго жыццё — Папа вылучаўся вялікай простасцю. Яму не даспадобы былі тыя знакі пашаны, якімі адзін за адным адорваў яго Касцёл. Ён не хацеў іх, прымаў з неахвотаю, у духу паслухмянасці. Менавіта дзякуючы гэтаму ён стаў адным з найлепш падрыхтаваных да свайго служэння Папаў, і не толькі ў ХХ стагоддзі. Хлопчыкам ён мусіў хадзіць у школу па 6 кіламетраў у кожны бок, праз горы, і часцёй за ўсё басанож. Маючы здольнасці, ён усё ж не любіў вучыцца і часцей за ўсё атрымліваў нізкія адзнакі. Нягледзячы на гэта, яго прынялі ў семінарыю ў Бергама. Ён марыў аб святарстве з дзяцінства, жадаў быць вясковым пробашчам... «Не памятаю ні хвіліны, калі б я не хацеў служыць Богу як святар», — казаў ён праз шмат гадоў. Тэалагічнае навучанне працягнулася ў рымскай семінарыі імя святога Апалінарыя са спецыялізацыяй у гісторыі Касцёла, якая не перастала быць яго вялікім захапленнем і тады, калі ён стаў Папам.
Хачу быць добрым На наступны дзень пасля святарскага пасвячэння, укленчыўшы перад святым папам Піем Х, ён пачуў словы: «Жадаю табе, каб тваё святарства стала суцяшэннем для Божага Касцёла». «Я заўжды і да ўсіх хачу быць добрым», — занатаваў малады святар. Калі праз некалькі дзён ён цэлебраваў прыміцыйную Імшу ў роднай вёсцы, нехта пажартаваў: «Цяпер ксёндз павінен парупіцца і стаць Папам». Бацька Анджэла не меў планаў, якія сягалі б так далёка. Аднойчы, убачыўшы сына ў сутане, ён так укапаў рыдлёўку ў зямлю, што тая ззяла на сонцы, як інфула на галаве біскупа, і ўздыхнуў: «Ах, мне б калі-небудзь убачыць інфулу на тваёй галаве!». Увосень Ранкаллі стаў прэфектам у семінарыі імя святога Апалінарыя і працягваў вучыцца, цяпер — кананічнаму праву. Аднак хутка, у 1905 годзе, новы біскуп Бергама — Джакама Марыя Радыні-Тэдэшы, прызначыў яго сваім сакратаром. Прайшло няшмат часу, і 24-гадовы Ранкаллі пачаў выкладаць у семінарыі ў Бергама спачатку гісторыю Касцёла, а пасля таксама апалагетыку і патрыстыку. Біскуп палюбіў сакратара як сына. З цягам часу ён усё больш далучаў яго да справаў кіравання дыяцэзіяй і грамадскай дзейнасці, лічачы, што Касцёл не павінен замыкацца ў сакрыстыі. Ён прызначыў маладога святара галоўным рэдактарам «Дыяцэзіяльнага жыцця», пасылаў яго ў Францыю, Іспанію, Аўстра-Венгрыю, Святую Зямлю... Часам гэтыя вандроўкі мелі характар асаблівых камандзіровак па заданні Апостальскай Сталіцы. Справаздача ксяндза Ранкаллі з Люрда ў 1908 годзе павінна была змусіць Рымскую курыю прыхільна ставіцца да цудаў, якія адбываліся там, прывабліваючы натоўпы пілігрымаў.
«Вайна шмат чаму мяне навучыла...» Першая сусветная вайна прымусіла Ранкаллі апрануць мундзір жаўнера. Насамрэч яшчэ падчас вучобы ў семінарыі ён прайшоў вайсковую службу, а цяпер служыў ужо капеланам ў званні сяржанта, а пазней паручніка, у шпіталі, аказваючы паслугі параненым. Калі параненых было шмат, ён выконваў працу санітара, доктара і нават хірурга. Пазней тыя, кім ён апекаваўся, узгадвалі, што адна яго прысутнасць супакойвала: голас, погляд, жэсты. Перш за ўсё ён клапаціўся пра тое, каб выратаваць іх целы, а калі на гэта ўжо не было спадзявання — то іх душы. Вобразы паміраючых параненых, якія біліся ў канвульсіях, якія з прычыны вялікай колькасці былі пазбаўленыя належнай апекі, якія пакутавалі ад гарачкі і ляжалі ў лужынах крыві, без лекаў, адзін каля другога, жывыя побач з памерлымі, моцна ўрэзаліся ў памяць будучага Папы. «Вайна шмат чаму мяне навучыла. Як жа добра я пазнаёміўся тады з чалавечымі сэрцамі», — казаў ён праз шмат гадоў. Праз паўвека ён узгадваў: «Я ўсё яшчэ памятаю крыкі аўстрыйца, якому штыком разарвалі грудную клетку. Гэты вобраз як жывы стаяў перад маімі вачыма, калі я працаваў над энцыклікай “Pacem in terris”». Вяртанне ў Бергама азначала новыя абавязкі: ён не толькі выкладаў у семінарыі, стаўшы там духоўнікам, але і займаўся моладдзю, стварыўшы Дом студэнта. Дзякуючы яго арганізацыйным здольнасцям папа Бэнэдыкт XV паставіў святара на чале справы распаўсюджання веры ў Італіі. Па заданні папы Пія ХІ ён падрыхтаваў дэкрэт аб наданні справе місій папскага тытулу. Новы стыль працы (спрашчэнне працэдураў, скасаванне даўніх традыцый, раптоўныя замежныя візіты), поспех місійнай выставы, арганізаванай ім, а таксама ўнёсак у падрыхтоўку Святога года 1925-га, былі ацэнэныя: ксяндза Ранкаллі запрасілі на працу дыпламата ў Ватыкан.
Нецікавае жыццё бюракрата
Адразу пасля біскупскага пасвячэння і ад’езду ў Балгарыю ў якасці Апостальскага візітатара ў жыцці Ранкаллі распачаўся амаль трыццацігадовы перыяд дыпламатычнай працы. Адначасова гэта стала перыядам пазнавання хрысціянскага Усходу і крушэння лёду ў адносінах з праваслаўнымі іерархамі. Вялікую дапамогу ў гэтым мелі рысы характару папскага пасланніка, асабліва непасрэднасць у адносінах з людзьмі і дар знаходзіць адпаведныя словы для кожнай сітуацыі. Спачатку арцыбіскупа прынялі з прахалодаю, але паступова атмасфера стала сардэчнаю. У праваслаўнай Балгарыі ён здолеў заснаваць каталіцкую духоўную семінарыю і дабіцца прызнання дыпломаў, выдадзеных каталіцкімі школамі. Але няўдачаю скончылася пасрэдніцтва Ранкаллі ў справе шлюбу цара Барыса з італьянскай княжной Джаваннай. Насамрэч маладыя людзі ўзялі каталіцкі шлюб у Асізі, але, вярнуўшыся ў Сафію, паўтарылі цырымонію ў праваслаўнай катэдры, і дзіця, насуперак дамове, было ахрышчанае ў праваслаўнай веры. Нягледзячы на гэта, калі праз дзесяць гадоў арцыбіскуп пакідаў Балгарыю, ён быў улюбёны ў гэтую краіну і нават папрасіў Папу перанесці тытулярную біскупскую сталіцу з Арэопаліса ў Нэсэмбрыю (цяперашні Нэсэбр). Ранкаллі не забываўся, што ён не толькі пасланнік Апостальскай Сталіцы, але і перадусім біскуп. «Якое няшчаснае жыццё біскупа або святара, вымушаных выконваць адну толькі ролю дыпламата або бюракрата», — шкадаваў ён. Ён вучыў мову краіны, дзе працаваў, каб наведваць мясцовых католікаў, часта ў глухіх і далёкіх горных вёсках, куды вельмі цяжка дабрацца і прапаведаваць. Ён, раней ведаючы толькі рымскую літургію, цэлебраваную па-лацінску, цяпер удзельнічаў у набажэнствах візантыйскага абраду. Апостальскі візітатар заклікаў католікаў любіць сваіх праваслаўных братоў. Ён знаёміўся з мясцовымі традыцыямі, спяшаўся з дапамогаю беднякам — калі быў вялікі голад, каля сядзібы візітатара збіраліся кіламетровыя чэргі, а ён сам на возе, запрэжаным муламі, ездзіў па краіне, развозячы бедакам запасы ежы.
Арцыбіскуп у кацялку Калі праз дзесяць гадоў яго ў якасці Апостальскага дэлегата перавялі ў Грэцыю і Турцыю, арцыбіскуп Ранкаллі стаў Апостальскім вікарыем Стамбула. Менавіта ён наладзіў добрыя стасункі паміж Каталіцкім Касцёлам і экуменічным патрыярхатам Канстанцінопаля, якія трываюць і дагэтуль. Ён зрабіў так, каб казанні і заключныя малітвы падчас святой Імшы прамаўляліся па-турэцку. Адначасова арцыбіскуп падпарадкоўваўся закону, што забараняў у Турцыі нашэнне святарскага адзення: на працягу дзесяці гадоў ён хадзіў у свецкім адзенні і ў кацялку на галаве. У Грэцыі ён дамогся палёгкі ў законе супраць празелітызму, які прыніжаў католікаў. Калі распачалася Другая сусветная вайна, Ранкаллі дапамагаў бежанцам, быў пасрэднікам у перасылцы ваеннапалонным лістоў ад сем’яў і перш за ўсё арганізоўваў забеспячэнне харчаваннем і лекамі для сотняў тысяч галадаючых грэкаў. «Патрэбныя былі жахі вайны, каб нашыя шляхі перасякліся», — сказаў яму праваслаўны мітрапаліт Дамаскінас, калі яны разам наведвалі сіроцкі дом. Калі нямецкі амбасадар спрабаваў праз пасрэдніцтва Ранкаллі паўплываць на папу Пія ХІІ, каб той маральна падтрымаў Рэйх, што ваяваў супраць атэістычнага СССР, арцыбіскуп гнеўна адказаў яму: «А што з тымі мільёнамі габрэяў, якіх суайчыннікі спадара нішчаць у Польшчы і Германіі?». Асабіста ён выратаваў тысячы габрэйскіх дзяцей, якія ўцякалі з Еўропы, прымушаючы ўлады Турцыі дазволіць ім свабодна адплыць у Палестыну.
«Навяртайцеся, навяртайцеся, навяртайцеся...» Напрыканцы снежня 1944 года арцыбіскуп Ранкаллі прыбыў у Парыж у якасці Апостальскага нунцыя. Дастаткова было некалькіх гадзінаў, каб «вясковы пробашч, такі тоўсты, што ў сутане не змяшчаецца», стаў сапраўды паважанай персонай і ўлюбёным госцем парыжскіх салонаў. Будучы дэканам дыпламатычнага корпусу, ён павінен быў ад імя дыпламатаў павіншаваць з Новым годам кіраўніка ўраду — генерала Шарля дэ Голя. Паколькі не было ўпэўненасці ў тым, што арцыбіскуп прыбудзе ў горад своечасова, на ўсялякі выпадак прамову падрыхтаваў амбасадар СССР. Ранкаллі не паспеў падрыхтаваць уласнага выступлення, таму звярнуўся да савецкага амбасадара і пазычыў у яго прамову, якую і прачытаў, дадаўшы ад сябе некалькі словаў аб Божым Провідзе. Ён прымаў у сябе людзей розных палітычных поглядаў, у тым ліку і вядомых антыклерыкалаў. «Нас раздзяляюць погляды? Прызнайце ж, што гэта такія дробязі», — пераконваў арцыбіскуп аднаго з іх. Па ўсёй Францыі хадзілі анекдоты пра нунцыя. Аднойчы на банкеце яго пасадзілі побач з жанчынаю, апранутаю ў сукенку з вельмі вялікім дэкальтэ. Падчас дэсерту ён падаў жанчыне яблык і сказаў: «Ева толькі з’еўшы яблык зразумела, што яна голая». Ён любіў жартаваць з уласнай вялікай вагі. Пасля ўрачыстай сесіі ў Французскай Акадэміі арцыбіскуп заўважыў, што на крэслах, якія там стаяць, месціцца толькі паўнунцыя... Ужо пасля выбрання Папам ён пачуў, як адна жанчына за яго плячыма сказала другой: «Які ён таўстун!»; на гэта Ян ХХІІІ павярнуўся да яе і адказаў: «Шаноўныя дамы, канклаў — не конкурс прыгажосці». «Я больш жадаю таго, што яднае, чым таго, што падзяляе» — любіў казаць ён. Менавіта ён падтрымаў экуменічную супольнасць у Тэзэ, якая ўзнікла ў той час. <...> Прызначаны кардыналам і патрыярхам Венецыі, ён прыняў кардынальскі берэт з рук прэзідэнта Венсана Арыёла ў Елісейскім палацы. Ён вярнуўся ў Францыю незадоўга да таго, як быў выбраны Папам. У якасці легата Пія ХІІ Ранкаллі кансэкраваў у Люрдзе падземную базыліку святога Пія Х. На пытанне журналістаў, што ён хацеў бы сказаць французам на развітанне, ён адказаў: «Навяртайцеся, навяртайцеся, навяртайцеся».
У кавярні на пляцы святога Марка Гэтак, як у Стамбуле ён хадзіў па базарах, а ў Парыжы — каля букіністычных кіёскаў па берагах Сены, так у Венецыі кардынала Ранкаллі часта можна было сустрэць у кавярні на пляцы святога Марка, дзе ён вёў размовы з мясцовымі жыхарамі. Яму заўжды хацелася кантактаваць з людзьмі непасрэдна, без урачыстых цырымоній. «Задача пастыра ў тым, каб лічыць адну авечку за другою», — гаварыў патрыярх. Стаўшы Папам, ён сумаваў па сустрэчах з простымі людзьмі. «Сёння раніцаю я прымаю кардыналаў, шляхту, важных прадстаўнікоў улады. Але пасля абеду правяду колькі часу са звычайнымі людзьмі, адзіны тытул якіх — годнасць чалавечых істотаў і Божых дзяцей», — цешыўся Ян ХХІІІ. Ён занатоўваў: «Сёння запрашу да сябе новых жаўнераў Швейцарскай гвардыі, каб мы маглі пазанёміцца за шклянкай віна». Ужо на пачатку Пантыфікату ён здабыў сэрцы простых людзей сваімі візітамі ў дзіцячы шпіталь і ў вязніцу, дзе выціраў слёзы асуджаным і распавядаў, як адзін з ягоных сваякоў быў арыштаваны за браканьерства...
«Я не раблю нічога, што нясе згаршэнне...» Абавязкі Папы не знішчылі ягонай схільнасці да жартаў. Падчас наведвання шпіталя Святога Духа збянтэжаная сястра- настаяцелька, знаёмячыся з ім, сказала: «Я настаяцелька Духа Святога», на што Ян ХХІІІ адказаў: «Сястра шчаслівая, а я толькі вікарый Езуса Хрыста». Аднойчы Папу спыталі, што ён думае пра тэлебачанне: «Паколькі я ўбачыў там, як стаў Папам, то лічу, што тэлебачанне мае вялікае значэнне», — адказаў ён. Пра аднаго са сваіх супрацоўнікаў Ян ХХІІІ сказаў: «У яго шмат ідэяў, і часам я задумваюся, хто тут Папа: ён ці я...». Ён абураўся, што турыстам забараняюць падымацца на купал базылікі святога Пятра, калі Папа шпацыруе па ватыканскіх садах: «Але чаму б людзям мяне не ўбачыць? Я ж не раблю там нічога, што іх згоршыць!».
Свежае паветра для Касцёла Увайшоўшы ўпершыню ў свае ватыканскія пакоі, папа Ян ХХІІІ адчыніў акно, кажучы: «Пусцім крыху свежага паветра». Гэты жэст стаў сімвалам яго Пантыфікату. «Свежага паветра» для Касцёла ён чакаў ад Сабору, які распачаўся ў 1962 годзе. «Гэта быў нечаканы крок, промень нябеснага святла», — сказаў ён у прамове, якою распачаўся Сабор. З дапамогаю Сабору ён здзейсніў капернікаўскі пераварот у тэалогіі, паказаўшы розніцу паміж нязменным багаццем веры і спосабам яе перадачы, які неабходна дастасаўваць да таго часу, у якім жыве Касцёл. Такім спосабам было рашэнне адысці ў тэкстах Сабору ад асуджэння чыіхсьці поглядаў дзеля станоўчага навучання веры. Такое стаўленне характарызавала ўсё ягонае жыццё. Ён асуджаў не людзей, а толькі іх памылкі. Прамаўляючы словы любові і братэрства, імі ён раззбройваў ворагаў і атрымліваў для Касцёла тое, чаго іншыя не маглі дамагчыся анафемамі. Чытаючы адзін з праектаў, падрыхтаваных для абмеркавання на Саборы, ён злаваўся: «Гляньце, у гэтай схеме 30 сантыметраў абвінавачванняў!», і тлумачыў: «Касцёл жадае сёння карыстацца бранёю міласэрнасці, а не суровасці».
«Касцёл — гэта не музей...» Папа сыходзіў з прынцыпа, што прадстаўнікі Касцёла не павінны «замыкацца ў вежы», ставячыся да веры як да прадмета сузірання, як да схаванага скарбу. «Касцёл — не археалагічны музей», — пераконваў ён. Гэта хутчэй грамадскі калодзеж, да якога людзі спрадвеку прыходзяць чэрпаць ваду. Яго задача — усім даваць гэтую ваду. Ён выкарыстоўваў і іншае параўнанне: «Мы жывём на зямлі для таго, каб працаваць у квітнеючым жыццём садзе, якому абяцаная слаўная будучыня». Ад Сабору ён чакаў, каб быў здзьмухнуты «імперскі пыл, які сабраўся на Пасадзе святога Пятра з часоў Канстанціна». «Мяне апранаюць, як персідскага сатрапа», — скардзіўся Папа. Ён цярпець не мог, каб яго насілі ў sedia gestatoria («гэта самы нязручны фатэль з усіх, што я ведаю»), і не выносіў вялізных веераў, якімі яго абмахвалі, запазычыўшы гэтую традыцыю яшчэ ад фараонаў. У сямейным коле ён уздыхаў: «Праўду кажа наш Юзаф, звяртаючыся да свайго брата-Папы, што той — вязень раскошы». Калі ж у яго пыталіся, чым ён хацеў бы займацца пасля заканчэння Сабору, Ян ХХІІІ адказваў, што марыць «цэлымі днямі працаваць у полі разам з братамі». Ён быў здольны таксама заўважаць «зморшчыны» на абліччы Касцёла: «Як прыкра, — гаварыў Папа італьянскім ксяндзам, — жыць з некаторымі братамі ў святарстве, якія заўжды кажуць толькі пра знешнія формы святарскага служэння, у якіх цяжка выкараніць з сэрцаў непрыхаванае і нясціплае жаданне і пошукі ўзнагароды і прызнання, якія прывыклі гаварыць пра ўсё ў змрочных фарбах, рыхтуючы сабе заўчасную нудную і панурую старасць». Неаднойчы тэксты папскіх прамоваў друкаваліся ў «L’Osservatore Romano» парэзанымі і цэнзураванымі прэлатамі, перакананымі ў дасканаласці Касцёла. Папская адкрытасць у адносінах да краінаў камуністычнага блоку не заўжды прымалася Рымскай курыяй. Пра сустрэчу Яна ХХІІІ з зяцем савецкага кіраўніка Мікіты Хрушчова Аляксеем Аджубеем ватыканская газета інфармавала толькі праз нейкі час пасля сустрэчы.
«З’яднаймася!» Другою важнаю задумаю папы Яна ХХІІІ было жаданне паяднаць хрысціянаў. Таму на пасяджэнні Сабору ў якасці назіральнікаў былі запрошаныя прадстаўнікі іншых веравызнанняў, якія, не маючы права голасу, маглі выказваць сваё меркаванне. Вядома, напрыклад, што брат Ражэ Шульц і брат Макс Турыян з супольнасці Тэзэ зрабілі ўнёсак у канчатковую рэдакцыю трох з шаснаццаці дакументаў Сабору. Ідэя еднасці была настолькі дарагая сэрцу Папы, што, паміраючы, ён паўтараў: «Ut unum sint — каб усе былі адно...». Аднак гэтую еднасць ён разумеў традыцыйна, жадаючы, каб іншыя хрысціяне навярнуліся да Каталіцкага Касцёла. З іншага боку, ён прызнаваў віну католікаў ва ўзнікненні падзелаў. Таму Ян ХХІІІ заахвочваў не спрачацца аб тым, на чыім баку праўда, а проста паціснуць адзін аднаму рукі ў жэсце паяднання.
«Мае валізы спакаваныя...» «Гэты ложак — алтар. А алтару патрэбная ахвяра. Я гатовы», — казаў Папа ў час агоніі. «Мае валізы спакаваныя. Калі настане момант адысці, я не буду затрымлівацца», — запэўніваў ён. Нават моцна пакутуючы, Папа клапаціўся пра іншых. «Калі ўсё ўжо скончыцца, не забудзься з’ездзіць да сваёй маці», — прасіў ён свайго сакратара, ксяндза Лорыса Капавілью. «Лагода, дабрыня, любоў» — такое пасланне ён пакінуў Касцёлу і свету ў сваім тэстамэнце. Паводле словаў Папы, ён жадаў застацца ў памяці чалавекам, які не будаваў муры падзелаў і недаверу, не засмучаў несмяротныя душы, сеючы ў іх падазронасць і страх, чалавекам шчырым, цярпімым і даверлівым, які з братэрскай сімпатыяй глядзеў нават на тых, хто не падзяляў ягоных поглядаў. Менавіта такога Папу аплакваў увесь свет. Менавіта такога чалавека 3 верасня 2000 года папа Ян Павел ІІ абвясціў благаслаўлёным. 5 ліпеня 2013 года папа Францішак зрабіў выключэнне і згадзіўся кананізаваць папу Яна ХХІІІ без пацверджанага цуду аздараўлення пры яго заступніцтве. Ён прызнаў цуд, выбраны для беатыфікацыі ў 2000 годзе. 30 верасня падчас кансісторыя ён прызначыў дату супольнай кананізацыі з благаслаўлёным Янам Паўлам ІІ на 27 красавіка 2014 года, у нядзелю Божай Міласэрнасці.
Падрыхтавала Юлія Шэдзько.
Гл. таксама:
|
|
|
|