|
|
|
№
1(67)/2014
У чаканні кананізацыі
Постаці
Год малітвы
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратуразнаўства
Постаці
Прэзентацыя
Паэзія
In memoriam
Эсэ
Нашы святыні
Галерэя
|
«СПАКОЙ ПАКІДАЮ ВАМ...»
Урыўкі з энцыклікі папы Яна XXIII PACEM IN TERRIS
<...> Для таго, каб грамадства называлася добра ўладжаным, творчым, адпаведным чалавечай годнасці, яно павінна быць заснаванае на праўдзе: «Дзеля таго адкіньце падман, гаварыце праўду кожны свайму бліжняму, бо мы – часткі адзін аднаго» (Эф 4, 25). Так і будзе, калі кожны чалавек шчыра прызнае свае ўласныя правы і абавязкі перад іншымі людзьмі. Чалавечае грамадства, такое, якім мы малюем яго тут, павінна кіравацца справядлівасцю, паважаць правы і абавязкі іншых людзей. Гэта патрабуе таксама, каб у людзях жыла такая любоў, якая змусіць іх адчуваць патрэбы іншых як свае ўласныя і натхняць іх дзяліцца сваімі дабротамі з іншымі людзьмі ды імкнуцца ўчыніць усіх спадкаемцамі найбольш пачэсных інтэлектуальных і духоўных каштоўнасцяў. Але і гэтага недастаткова, бо чалавечае грамадства ўзрастае і квітнее на глебе свабоды, а менавіта — на ўжыванні сродкаў, суадносных з годнасцю асобных яго членаў, якія, матываваныя імі, бяруць на сябе адказнасць за ўласныя ўчынкі. І таму, найдаражэйшыя сыны і браты, мы павінны разглядаць чалавечае грамадства, абапіраючыся, перш за ўсё, на духоўную рэальнасць. З яе дапамогаю, атрымаўшы асвету, людзі могуць дзяліцца сваімі ведамі аб праўдзе, заяўляць аб сваіх правах і выконваць абавязкі, быць падтрыманымі ў спадзяваннях на духоўныя даброты, дзяліцца радасцю ад усіх карысных пацехаў, якія можа даць свет, і няспынна імкнуцца аддаваць іншым усё лепшае, што ў іх ёсць, адначасова засвойваючы духоўныя багацці іншых людзей. Менавіта гэтыя духоўныя каштоўнасці маюць найбольшы ўплыў на культуру, эканоміку, грамадскія інстытуты, палітычныя рухі і супольнасці, законы і іншыя кампаненты, з якіх складаецца супольнасць людзей і іх няспыннае развіццё.
Спалучэнне веры і ўчынкаў Сёння ў традыцыйна хрысціянскіх краінах свецкія інстытуцыі дэманструюць высокую ступень навуковага і тэхнічнага прагрэсу і валодаюць мноствам разнастайных механізмаў для дасягнення ўсіх магчымых мэтаў. Але трэба прызнаць, што найчасцей гэтыя інстытуцыі не кіруюцца ні хрысціянскімі матывамі, ні хрысціянскім духам. Можна задаць сабе пытанне, чаму так адбываецца, бо людзі, якія зрабілі — і ўсё яшчэ робяць — вялікі ўнёсак у стварэнне гэтых інстытуцый, з’яўляюцца хрысціянамі і жывуць, прынамсі часткова, у адпаведнасці з евангельскімі прадпісаннямі. Мы лічым, што гэта можа быць растлумачана пэўным разладам паміж вераю і ўчынкамі. Неабходна аднавіць іх унутраную духоўную еднасць так, каб вера сталася святлом і любоўю, рухавіком учынкаў.
Памылка і чалавек, які памыляецца У любым выпадку будзе найбольш справядлівым размяжоўваць памылку саму па сабе і чалавека, які робіць гэтую памылку, нават тады, калі ён грашыць супраць праўды або сыходзіць з вернага шляху ў выніку недастатковых ведаў у пытаннях рэлігіі або найвышэйшых этычных законаў. Чалавек, які памыліўся, не перастае быць чалавекам. Ён ніколі не страчвае сваёй чалавечай годнасці, і заўжды існуе нешта, што трэба браць пад увагу. Апроч іншага, у самой чалавечай натуры заўжды існуе здольнасць прабіцца праз бар’еры памылкі і шукаць шляху да праўды. Бог у сваім вялікім Провідзе заўжды аказвае чалавеку сваю дапамогу. Магчыма, сёння ў чалавеку замала веры, і ён робіць памылку. Магчыма, заўтра, асветлены Божым святлом, ён дасягне праўды. Католікі, якія дзеля таго, каб дасягнуць агульнага дабра, працуюць супольна з няверуючымі або з людзьмі, якім не хапае паўнаты веры ў Хрыста, могуць стварыць такую магчымасць і нават паспрыяць іх навяртанню да праўды.
Вялікае заданне Таму сярод вельмі сур’ёзных абавязкаў, ускладзеных на людзей з высокімі прынцыпамі, мы павінны адзначыць задачу будавання ў чалавечым грамадстве новых адносінаў, якія кіраваліся б праўдаю, справядлівасцю, любоўю і свабодаю — адносінаў паміж грамадзянамі, паміж грамадзянамі і іх паважанымі дзяржавамі, паміж рознымі краінамі і, урэшце, паміж асобнымі людзьмі, сем’ямі, арганізацыямі-пасярэднікамі і дзяржавамі з аднаго боку і супольнасцю ўсяго свету — з іншага. З упэўненасцю можна сказаць, што не знойдзецца нікога, хто не палічыў бы гэта найбольш пачэснаю задачаю, бо менавіта гэтая задача дапаможа дасягнуць сапраўднага супакою ў адпаведнасці з наладжаным Богам парадкам. Улічваючы існуючую патрэбу, людзей, якія нясуць на сабе гэтую адказнасць, занадта мала, таму яны вартыя найбольшага прызнання з боку грамадства, і мы справядліва ўхваляем іх. Мы заклікаем іх заставацца вернымі іх ідэалам, што прыносяць такую вялікую карысць чалавецтву. Адначасова мы маем надзею, што ўсё больш людзей, асабліва хрысціянаў, далучыцца да іх, інспіраваныя іх любоўю і тым, як яны выконваюць свой абавязак. Кожны, хто далучыўся да кола хрысціянаў, павінен быць ззяючаю кропкаю святла ў свеце, ядром любові, закваскаю для ўсяго цеста. І гэта будзе суадносным з мераю яго духоўнай еднасці з Богам. Свет ніколі не стане месцам, дзе жыве спакой, пакуль спакой не паселіцца ў сэрцы кожнага чалавека, пакуль кожны чалавек не будзе захоўваць у сабе парадак, наладжаны Богам. Менавіта таму святы Аўгустын задае пытанне: «Ці жадае твой розум атрымаць моц, каб кіраваць тваімі пачуццямі? Дазволь яму падпарадкавацца большай моцы, і яна пакіруе ўсім ніжэйшым за сябе. І супакой будзе жыць у табе — сапраўдны, трывалы, найбольш уладжаны супакой. Што гэта за парадак? Бог, які кіруе розумам, розум, які кіруе целам. Няма большага парадку» (св. Аўгустын, Sermones post Maurinos reperti, Рым, 1930, с. 633). <...> Мы <...> лічым сваім абавязкам прысвячаць усе думкі, клопаты і энергію распаўсюджванню гэтага агульначалавечага дабра. Але супакой застанецца толькі пустым словам, калі не будзе заснаваны на парадку, што мы імкнуліся падкрэсліць у гэтай энцыкліцы. Гэта парадак, пабудаваны на праўдзе і справядлівасці, спажыткам і духам якога з’яўляецца любоў, і які ажыццяўляецца пад апекаю свабоды. Гэтая мэта такая велічная і ўзвышаная, што адны чалавечыя магчымасці, нават калі яны інспіруюцца самаю ўхвальнаю добраю воляю, не здольныя прывесці да яе дасягнення. Сам Бог павінен прыйсці на дапамогу чалавеку са сваёю нябеснаю падтрымкаю, каб чалавечае грамадства стала як мага больш падобным да Божага Валадарства. Такім чынам, сам парадак рэчаў патрабуе, каб у гэты святы час мы шчыра маліліся Таму, хто сваімі цяжкімі мукамі і смерцю змыў чалавечыя грахі — крыніцу разладу, беднасці і няроўнасці; Таму, хто праліў сваю кроў, каб прымірыць чалавецтва з Нябесным Айцом, і адарыў нас супакоем. «Ён — спакой наш, які ўчыніў адно і другое адзіным... І, прыйшоўшы, Ён абвясціў спакой вам, якія далёка, і спакой тым, якія блізка» (Эф 2, 14. 17). У гэтыя дні святая літургія рэхам паўтарае гэтыя ж словы: «Наш Пан Езус Хрыстус пасля свайго уваскрасення стаў сярод сваіх вучняў і сказаў: Няхай супакой будзе з вамі, аллелюя. Вучні ўзрадаваліся, убачыўшы Пана» (рэспансорый у Ютрані, дзень шосты ў Актаве Пасхі). Гэта Хрыстус прынёс нам спакой: «Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю» (Ян 14, 27). Таму давайце ж палымяна маліцца аб гэтым супакоі, які наш боскі Адкупіцель прынёс нам у сваім прыйсці. Няхай Ён выдаліць з чалавечых душаў усё, што можа пагражаць супакою. Няхай Ён учыніць усіх людзей сведкамі праўды, справядлівасці і братэрскай любові. Няхай сваім святлом Ён асветліць розум кіраўнікоў, каб яны, апроч клопату пра адпаведны матэрыяльны дабрабыт свайго народа, таксама далі яму гарантыю найлепшага дару — супакою. І ўрэшце, няхай Хрыстус распаліць ва ўсіх людзях жаданне прабіцца праз бар’еры, якія падзяляюць іх, умацаваць сувязі ўзаемнай любові, навучыцца разумець адзін аднаго і прабачаць тым, хто прычыніў ім злое. Няхай праз Яго моц і натхненне ўсе народы сардэчна вітаюць і прымаюць адзін аднаго як братоў, і няхай супакой, якога яны прагнуць, назаўжды расквітнее і запануе сярод іх.
Пераклад з англійскай мовы
Гл. таксама:
|
|
|
|