Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(67)/2014
У чаканні кананізацыі

«ЕДНАСЦЬ СВЯТЫХ» З ЯНАМ ПАЎЛАМ II
Постаці
Год малітвы

МАЛІТВА ДА БОЖАЕ МАЦІ
У кантэксце Бібліі

ЭДЭН
Sanctorum opera
Літаратуразнаўства
Постаці

ПАД ПЫЛАМ ЗАБЫЦЦЯ
Прэзентацыя

З НЕБЫЦЦЯ — НА ПОКУЦЬ
Паэзія

ІТАЛІЯ ЗІМОЙ

ВЕРШЫ
In memoriam
Эсэ
Нашы святыні
Галерэя

Андрэй ШПУНТ

ПАД ПЫЛАМ ЗАБЫЦЦЯ

Будынак былога Пінскага езуіцкага калегіума.
Фота кс. Казіміра Свёнтка. 1970-я гг.

…8 верасня 1655 года маскоўскія войскі ўвайшлі ў Наваградак, і адразу ж «доблесныя ваяры» кінуліся да касцёла. Толькі дарэмна. Рэктар калегіума а. Юры Рафаловіч, ведаючы, які лёс напаткаў Вільню і яе святыні (у тым ліку і праваслаўныя) адправіў братоў і ўсё, што мела вартасць, у Ломжу, а сам пайшоў насустрач «вызваліцелям» і, не паспеўшы нават штосьці сказаць, быў забіты ўдарам сякеры ў галаву прама ў касцёле. Намесніку рэктара а. Андрэю Кавячынскаму «пашанцавала» — на ім разарвалі сутану, звязалі і як «знатнага заложніка» павезлі на Усход. Вось толькі не ведалі тады нашыя браты-«вызваліцелі», што не столькі ён «знатны» колькі небяспечны…

 

Наша краіна не ведае больш страшнага часу, чым 13-гадовая вайна. «Вайна, — як пісаў польскі гісторык Веспасіян Кахоўскі, — крывавая, несправядлівая, без прычыны і абвяшчэння». А калі азірнуцца на поўдзень Рэчы Паспалітай, дык атрымаецца амаль дваццаць гадоў няшчаснага панавання Яна Казіміра Вазы, што пачаліся жудасным выбухам грамадзянскай вайны ва Украіне, дзе першымі ахвярамі палі «жыды і папы супастаты». «Папы супастаты» — гэта езуіты. Крыважэрныя казакі нават у Кіеве 1649 года маглі пагадзіцца на існаванне іншых каталіцкіх ордэнаў, але толькі не езуітаў, бо ад іх, як ад жыдоў, «усе няшчасці і беспарадкі». Нянавісць казацкага люду шчодра падсілкоўвалася прапагандай з Канстанцінопаля, Кіева і Масквы. Касцёл, што яшчэ нядаўна ў Рэчы Паспалітай, як і па ўсёй Еўропе, адступаў пад ціскам Рэфармацыі, са з’яўленнем езуітаў паўстаў нібыта Фенікс з попелу. Блудныя авечкі пачалі вяртацца, зямля пакрылася сеткай калегіумаў і місій, а да Неба ўзносіліся ўсё новыя барочныя званіцы і вежы святыняў. Рух, зададзены езуітамі, быў настолькі моцным, што зацягнуў у сваю арбіту праваслаўе ў Вялікім Княстве і ва Украіне. Усходнія іерархі акрамя падбухторвання казацкай масы адказаць нічым не маглі — не было ў іх сваіх Скаргаў. І вось палі ахвярамі Хмяльніцкага езуіцкія калегіумы і дамы ў Пераяславе, Кіеве, Ксавераве, Астрогу, Луцку, Вінніцы і Бары. Забівалі і рабавалі бязлітасна. Даставалася нават памерлым: у Пераяславе апаганілі парэшткі брацлаўскага ваяводы, старосты пераяслаўскага, і фундатара мясцовага калегіума Лукаша Жалкеўскага — саркафаг разбілі, здабыўшы ваенныя рэгаліі, а з пальца садралі дыямэнтавы пярсцёнак...

Не здолеўшы перамагчы, Хмяльніцкі аддаў Украіну Аляксею Міхайлавічу, і ў 1654 годзе статысячнае маскоўска-казацкае войска абрынулася на ВКЛ, знішчаючы ўсё на сваім шляху. Перад дзесяцікратнай перавагай ворага быў бяссільным нават геній Януша Радзівіла. Езуіцкія калегіумы і іх маёнткі ў Смаленску, Полацку, Віцебску, Наваградку, Нясвіжы, Гародні і Вільні былі разрабаваны і спалены. Ад Бацькаўшчыны нашай засталіся адны галавешкі, але ўсё роўна чужынцам яна не дасталася. Праз некалькі гадоў паўстаў народ па ўсёй Беларусі, нават тыя, хто сустракаў адзінаверцаў хлебам-соллю, зведаўшы ўсе жахі «братэрскага» праўлення. Аднак палонныя, якіх безліч было вывезена ў Маскву, акрамя ўсяго іншага, зрабілі неацэнны ўклад у развіццё рускай культуры, сфармаваўшы яе аблічча другой паловы XVII стагоддзя. Сярод тых палоных быў і наш суайчыннік — езуіт, імя якога губляецца за імем маскоўскага апалагета Сімяона Полацкага, а між тым меліся шанцы да культурнай экспансіі дадаць рэлігійную, бо Таварыству Езуса самыя цяжкія заданні былі па сілах.

 

Андрэй Кавячынскі (у розных напісаннях — Кавачынскі, ці Кавечынскі) нарадзіўся ў 1619 годзе ў шляхецкай сям’і герба «Астоя», аселай у Наваградчыне. У 15 гадоў уступіў у езуіцкі навіцыят у Вільні. Атрымаў бліскучую адукацыю (езуіцкая адукацыю заўсёды была лепшаю ў свеце). У 1636–1638 гадах вывучаў рыторыку ў Нясвіжы, у 1638–1641-м — філасофію ў Віленскай езуіцкай акадэміі. Пасля заканчэння Акадэміі на працягу пяці гадоў настаўнічаў у пачатковых класах гімназій у Пултуску, Ломжы, Оршы і Полацку. У 1646–1648 гадах вывучаў маральную тэалогію ў Крожах на Жмудзі (Жмудзь, ці Самагіція — задворкі ВКЛ, сучасная Літоўская Рэспубліка), пасля чаго зноў вярнуўся да настаўніцтва.

У пачатку маскоўскай агрэсіі быў упраўляючым маёнтка Пінскага калегіума (будынак якога, на шчасце, захаваўся і сёння аздабляе цэнтр горада, падобны ў сваім барочным харастве на іспанскі галіён часоў Вялікай Армады). Што было далей — ведаем. Неўзабаве а. Андрэй апынуўся ў Маскве, дзе меў пэўную свабоду, якую выкарыстоўваў так, як гэта мог зрабіць сапраўдны член Таварыства Езуса. У самым асяродку праваслаўя, у Маскоўскім Крамлі, у доме «нейкага каталіцкага саноўніка», — па вызначэнні біёграфа Кавячынскага Браніслава Натонскага, арганізаваў свайго роду місію. Потым у другім месцы з’явіўся яшчэ адзін асяродак каталіцкай веры. Тады ж маскоўскія саноўнікі мелі неасцярожнасць (мабыць, проста ад нудоты ці каб разнастайніць жыццё расейскай сталіцы) прапанаваць а. Андрэю ўдзел у рэлігійным дыспуце з праваслаўнымі святарамі. Трэба заўважыць, што і Сімяон Полацкі з яго рамесным сілабічным вершаскладаннем выглядаў на тле маскоўскага грамадства вельмі адукаваным чалавекам (нездарма скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію), то што ўжо гаварыць пра езуіта? Хто мог скласцi яму канкурэнцыю, калi нават праваслаўныя іерархi не заўсёды валодалi дастатковай адукацыяй. Пасевiн пiша: «Некаторыя манахi не ведаюць, якi манастырскi статут у iх выкарыстоўваецца, не ведаюць і пачаткаў граматы», а Бернштэйн у 1579 годзе не мог знайсцi сярод белага святарства нiводнага чалавека, якi растлумачыў бы яму рознiцу памiж каталiцтвам i праваслаўем, і гэта пры тым, што святарства ў Маскоўшчыне традыцыйна лiчылася самай адукаванай часткай грамадства. Зразумела, а. Андрэй перамагаў, але гвалт — апошні аргумент слабейшага. Пад канец 1659 года ці на пачатку 1660-га ён быў сасланы ў Сібір, у Табольск, а адтуль — у Нарым на Абі. «Падарожжа» цягнулася больш за паўгода. Жыў самотна сярод туземцаў-паганаў, працуючы ў каменяломнях, дзе страціў здароўе. Дзякуючы намаганням каралеўскіх паслоў выйшаў на свабоду. У другой палове 1664 года перасёк межы Вялікага Княства і працаваў упраўляючым маёнткамі Нясвіжскага калегіума.

 

...Дзве постаці — Полацкі і Кавячынскі. Можна не біцца аб заклад, каб адказаць, імя каго з іх засталося ў гісторыі, — дастаткова падняцца на шосты паверх Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, і на вас з вялікага пано запытальна-пакорліва паглядзіць, па трапным вызначэнні Абецэдарскага, «видный сторонник воссоединения Белоруссии с Россией» Сімяон Полацкі. Пры іншым раскладзе пыл забыцця не пакрыў бы імя Кавячынскага. Паводле гісторыка Літоўскай правінцыі Таварыства Езуса Станіслава Растоўскага, які жыў у XVIII стагоддзі, а. Андрэй пакінуў мемуары, якія, апроч усяго, з’яўляюцца адным са старэйшых апісанняў Сібіры, зробленых нашымі суайчыннікамі. Верагодна, яшчэ ў XVII стагоддзі яны захоўваліся ў архіве айцоў езуітаў у Вільні пры касцёле св. Казіміра. Далейшыя іх сляды губляюцца, нягледзячы на пошукі польскіх даследчыкаў Міхала Яніка ў Польшчы і Юзафа Кжышкоўскага ў Рыме. На думку расейскага даследчыка Барыса Палявога, апісанне Сібіры магло трапіць у архівы Ватыкана. Айцец Андрэй памёр 29 студзеня 1667 года. На наступны дзень адбылося Андросаўскае перамір’е.

 

ЛІТАРАТУРА

  1. Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654 – 1667. – Мінск, 1995.
  2. Сіюль А. Стары хрост//Наша Ніва. – Мінск, 1993. № 14.
  3. Шпунт А. 600 рублёў золатам і 700 срэбрам: Сімяон Полацкі – выдатны дзеяч беларускай культуры?//Наша Ніва. – Мінск, 1997. №№ 27-28.
  4. Абецедарский Л. Белорусы в Москве XVII в. – Мінск, 1957.
  5. Grzebeń L. Kawieczyński Andrzej//Encykłopedia katolicka. T. VIII. – Lublin, 2000. – S. 1251–1252.
  6. Kijas A. Polacy w Rosji od XVII wieku do 1917 roku. Słownik biograficzny. Warszawa – Poznań. 2000. – S. 148.
  7. Natoński B. Kawieczyński Andrzej //PSB. T. XII. – Wrocław – Warszawa – Kraków, 1966 – 1967. – S. 249.
  8. Zalęski S. Jezuici w Polsce. T. III. cz. I – Lwów, 1902.
  9. Zalęski S. Jezuici w Polsce. – Kraków, 1908.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY