|
|
|
№
1(67)/2014
У чаканні кананізацыі
Постаці
Год малітвы
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратуразнаўства
Постаці
Прэзентацыя
Паэзія
In memoriam
Эсэ
Нашы святыні
Галерэя
|
Год малітвы ў нашым Касцёле запішацца ў гісторыі, несумненна, і як год кардынала Казіміра Свёнтка, бо 21 кастрычніка спаўняецца 100 гадоў з дня яго нараджэння. Гэтая векавая дата не вельмі стасуецца з тым, каго мы так добра і жыва памятаем, хто яшчэ зусім нядаўна быў побач, здзіўляў і захапляў сваёю душэўнаю маладосцю, аптымізмам і жыццялюбствам. І ўсё ж з часам не паспрачаешся, а 100-гадовы юбілей — добрая нагода яшчэ і яшчэ раз удзячна ўспомніць таго, хто ўжо стаў для нас чалавекам-легендаю, сімвалам адраджэння каталіцкай веры ў нашым Краі і яе непахісным сведкам... Кардынал Казімір Свёнтэк быў не толькі ахвярным пастырам, але й надзвычай цікавым чалавекам, шматграннаю і таленавітаю асобаю. Ён валодаў дарам слова і тонка адчуваў стылістыку мовы: нездарма адразу пасля гімназіі хацеў паступаць на філалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта; ён быў начытаны, з ім было цікава паразмаўляць пра літаратуру і гісторыю; ён быў дасціпным апавядальнікам, іранічным і мудрым суразмоўцам; ён любіў класічную музыку і іграў на аргане... Але, апрача ўсяго, было ў нашага кардынала з самай маладосці яшчэ адно захапленне, бадай, самае моцнае — захапленне прыродаю, а ягоную душу поўніла вялікая любоў да ўсяго жывога.
Памятаю нашыя першыя прыезды ў Пінск, на вуліцу Шаўчэнкі, 12, і тое незабыўнае ўражанне ад кветак і дрэваў у садку каля яго хаты: яны былі пасаджаныя, прышчэпленыя, дагледжаныя клапатлівымі святарскімі рукамі, выпеставаныя яго любоўю. Гэта быў ягоны свет — такі адметны, такі непаўторна прыгожы і вельмі дарагі сэрцу кардынала. Не раз у тэлефонных размовах ён заводзіў гутарку пра тое, што ў ягоным садку расцвіло, што ў той ці іншы час паспела. А бывала напрадвесні, калі ў Мінску яшчэ ляжаў снег і ціснуў марозік, Эмінэнцыя радасна паведамляў, што ў яго каля хаты ўжо зацвілі першыя вясновыя краскі...
Былі выпадкі і гісторыі, якія й цяпер выклікаюць усмешку. Памятаю, калі мы ў сярэдзіне 90-х прыязджалі ў Пінск па рэдакцыйных справах, у доме кардынала нас заўсёды сустракалі два невялічкія, амаль аднолькавыя сабачкі — Тафік і Сафік. Рудыя, калматыя, яны спачатку неяк па-змоўніцку, насцярожана нас аглядалі, абнюхвалі, а потым адразу залазілі пад стол, накрыты доўгім абрусам, і затойваліся там, як быццам іх не было. Але калі Эмінэнцыя запрашаў нас за гэты стол, ён абавязкова паказваў вачыма ўніз і весела падміргваў: маўляў, сядайце, але майце на ўвазе, што мае верныя «целаахоўнікі» на варце. І мы ўжо ні на хвіліну пра іх не забывалі, а самае галоўнае — сачылі за тым, каб залішне не варухнуць пад сталом нагою, бо ў любы момант маглі адчуць сяброўскі поціск гэтых «целаахоўнікаў» — не вельмі моцны, але ўсё ж... Было ў гэтым і штосьці смешнае, і разам з тым крыху страшнаватае, бо, як вядома, у сабакі зубы не пазычаныя. Але ж мы ведалі й іншае: кранальную любоў Эмінэнцыі да гэтых калматых хітруноў і тое, што ён ім цалкам давяраў... Калі праз нейкі час сабачак не стала, кардынал вельмі перажываў і доўга не заводзіў іншых. Але напрыканцы жыцця па просьбе Эмінэнцыі яму прывезлі сабаку, знойдзенага на вуліцы. Той небарака, відавочна, на ўсю поўніцу спазнаў людскую жорсткасць — быў увесь пабіты і зранены. Апынуўшыся ў доме кардынала, свае крыўды і недавер да людзей спрабаваў не раз спаганяць на новым гаспадары, агрызаючыся на ласку і на спробы лекаваць яго, а часам і да крыві пракусваючы руку, якая ўздымалася, каб яго пагладзіць ці прылашчыць.
Калі аднойчы я абурылася такімі няўдзячнымі паводзінамі Філюся (так Эмінэнцыя назваў новага сябра), кардынал рашуча запярэчыў: «Гэта не яго віна, гэта віна людзей, якія яго так жорстка пакрыўдзілі. Ён, бедачына, занадта шмат цярпеў, каб так хутка і проста зноў мог паверыць чалавеку. Таму няма чаго наракаць і здзіўляцца...» З гэтым нельга было не пагадзіцца. Здзіўляла іншае — цярплівасць і вялікая чалавечая спагадлівасць Эмінэнцыі, якія ў выніку ўсё ж прынеслі свой плён: Філюсь нарэшце паверыў свайму гаспадару, адчуў і палюбіў яго і ўжо ні на крок ад яго не адыходзіў... Ніколі не забуду і яшчэ адзін даўні аповед кардынала з часоў яго маладосці. Калі ён працаваў вікарыем у пружанскай парафіі, у іх пры плябаніі быў конь, на якім святары ездзілі да хворых, па калядзе і выязджалі па розных іншых справах. З гэтай плябаніі ў 1944 годзе нкусаўцы забралі маладога святара Казіміра Свёнтка, і назад ён вярнуўся ажно праз дзесяць доўгіх гадоў Гулагу. І якое ж было яго здзіўленне і ўзрушэнне, калі той конь, ужо стары й нямоглы, пазнаў яго па голасе і, як чалавек, даверліва прытуліўся галавою да яго пляча...
Падчас апошняга інтэрв’ю нашаму квартальніку («Наша вера», № 3, 2009), якое было запісана да 95-годдзя кардынала Свёнтка, Эмінэнцыя сказаў: «У якасці кампенсацыі ад Бога за пэўныя адрачэнні (меліся на ўвазе найперш сціплыя ўмовы ягонага побыту. — К. Л.) я меў і маю магчымасць захапляцца прыгажосцю прыроды Палесся». Сапраўды, гэта была яго найвялікшая асалода і яго найбольшае багацце яшчэ з часоў маладосці. З прытоенаю ўсмешкаю кардынал гаварыў: «Выйдзі на ўзлесак, на балота... Пераначуй у стозе сена... Няхай цябе пакусаюць камары... Я жыў гэтым дзясяткі гадоў... Выправы з сабакам Асам на лодцы, начлегі каля ракі... Юшка з чыгунка... А такавання глушцоў не заменіць ніякі самы ўрачысты канцэрт!». У гэтым нумары мы знаёмім вас, шаноўныя чытачы, з прыгажосцю прыроды Палесся, якою любаваўся і захапляўся ксёндз Казімір Свёнтэк, якую ён замілавана фіксаваў сваёю фотакамераю, і ў якой заўсёды ўдзячна бачыў і пазнаваў руку Створцы.
«Чалавек часта слухае гукі прыроды, але не чуе іх, не адчувае, — казаў Эмінэнцыя. — У прыродзе ёсць столькі з’яваў, якія знаходзяцца каля нас, праходзяць праз нас, але мы іх не адчуваем, не разумеем і не можам выкарыстаць... Навука даследуе, пазнае прыроду, але мы ніколі не спазнаем яе да канца, ніколі не зраўняемся з Богам...» І нічога больш не хочацца дадаваць да сказанага, адно хочацца глядзець вачыма нашага кардынала на хараство дарагога яму Палесся і дзякаваць Богу, што ён у нас быў — ёсць, будзе! Што засталася не толькі яго вялікая пастырская духоўная спадчына, але й багацце яго таленавітай душы і вялікі дар яго захаплення. Крыстына Лялько.
Фотаздымкі кардынала
|
|
|
|