|
|
|
№
1(67)/2014
У чаканні кананізацыі
Постаці
Год малітвы
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратуразнаўства
Постаці
Прэзентацыя
Паэзія
In memoriam
Эсэ
Нашы святыні
Галерэя
|
Нам — першакурснікам факультэта гісторыі і тэорыі мастацтва — падабалася спаборніцтва з рэхам. Трэба было стаць на сярэдзіну ўнутранага двара будынка пецярбургскай Акадэміі мастацтваў (усе называлі гэты двор «цыркулем» з прычыны адпаведнай яго формы) і гукаць або пляскаць у ладкі. Розгалас, што лунаў у замкнёнай прасторы, здаваўся нам абуджанымі галасамі нашых папярэднікаў, якія жылі і вучыліся ў гэтых мурах. Тым больш што прафесура патлумачыла нам: аўтары будынка Акадэміі — маніфеста класіцызму ў рускай архітэктуры XVIII стагоддзя — запраектавалі і пабудавалі яго цэнтральную частку вакол цыркульнага двара, перыметр якога паўтараў памер перыметра падкупальнага барабана сабора святога Пятра ў Рыме. Праз дзесяцігоддзі мара юнацтва здзейснілася і многія з нас убачылі ватыканскую святыню... Чаму з пакалення ў пакаленне людзі вяртаюцца да гэтага шэдэўра архітэктуры? Чаму архітэктары розных традыцый і школ шукалі ў ім узор творчага вырашэння? Дастаткова зірнуць на панараму таго ж Рыма (напрыклад, з Авенцінскага пагорка), каб убачыць у агульным сілуэце Вечнага горада яшчэ некалькі меншых па памерах амаль дакладных «рэплік» купала ватыканскага сабора. Архітэктурныя гіганты, якія сталіся сімваламі еўрапейскіх сталіцаў, былі плёнам натхнення саборам святога Пятра — саборы святога Паўла ў Лондане і святога Ісакія ў Санкт-Пецярбургу. Прыклады можна пералічваць і далей. Польскі мастацтвазнаўца Караль Эстрэйхэр так напісаў пра святыню: «Сабор св. Пятра з’яўляецца найвялікшым дасягненнем рэнесансу, і хто ведае, ці не найвялікшым архітэктанічным здзяйсненнем свету. Не ў памерах веліч гэтай будовы, хаця сабор каласальны і мае 200 м даўжыні, а купал узносіцца на 120 м. Манументальнасць дыктуюць прапорцыі, перш за ўсё панаванне купала над цэлым»1.
У І ст. пры імператары Нероне на гэтым месцы быў пабудаваны цырк — месца для забаваў і спаборніцтваў даўжынёю 590 м і шырынёю 95 м. У гэтым цырку (Калізея яшчэ не было) прымалі смерць хрысціянскія пакутнікі, а ў 66 годзе быў укрыжаваны святы Пётр. Дарэчы, абеліск, прывезены з Егіпта папярэднікам Нерона імператарам Калігулам, стаяў у цэнтры цырка і быў перанесены ў цэнтр плошчы св. Пятра ў XVI стагоддзі (пры гэтым абеліск разламаўся, і цяпер мае значна меншую вышыню). Першыя хрысціяне таемна ўшаноўвалі магілу свайго біскупа. Калі ў 326 годзе імператар Канстанцін завяршыў пабудову першай базылікі святога Пятра, алтар храма размясцілі над мяркуемым месцам магілы Апостала. У новы час скептыкі падверглі сумніву сапраўднасць гэтых дадзеных, але ў 2013 г. археолагі адкрылі ў сутарэннях сабора магілу з надпісамі ў гонар Апостала, што ёсць неабвержным аргументам супраць скепсісу. Канстанцінаўская базыліка прастаяла амаль 1200 гадоў і сталася сцэнаю для многіх драматычных падзеяў. У 800 г. папа Леў ІІІ каранаваў тут Карла Вялікага жалезнай каронай валадара Заходняй імперыі. У 846 г. сарацынскія піраты прарваліся на сваіх караблях у Тыбр і разрабавалі базыліку разам з іншымі храмамі. З даўніх часоў базыліка з’яўлялася месцам пахавання многіх рымскіх біскупаў. Шэраг выяваў дае ўяўленне аб тым, як выглядаў гэты сабор: вялікая трохнававая базыліка, што мела 120 алтароў і была вельмі падобная да рымскага сабора св. Паўла за мурамі (San Paolo fuori le muri), які захаваўся дагэтуль. Ужо ў XV стагоддзі старажытная базыліка знаходзілася ў аварыйным стане — яе рамантавалі і дабудоўвалі. І ўрэшце папа Джуліа ІІ загадаў разбурыць стары храм і пабудаваць на гэтым месцы новы, які б сапраўды стаўся сімвалам універсальнага Каталіцкага Касцёла. Дарэчы, у Рыме можна ўбачыць архітэктурныя дэталі даўняй базылікі, яе калоны ўпрыгожваюць арку на плошчы Piazza del Popolo. Будаўніцтва ўрачыста распачалося 18 красавіка 1506 г. і завяршылася ажно ў 1626 годзе. Комплекс плошчы сабора св. Пятра быў завершаны толькі ў 1667 годзе. Такім чынам, тытанічная праца тысячаў людзей і найвыдатнейшых архітэктараў эпохі працягвалася паўтара стагоддзя, што можна параўнаць толькі са стваральным подзвігам сярэднявечнай Еўропы. Распачаў працу над новым саборам вялікі архітэктар Даната Брамантэ, хаця практычна ўсе галоўныя архітэктары праекта — гэта славутыя майстры італьянскага дойлідства. Але ў аснове доўгіх пошукаў архітэктурнага вырашэння былі накіды генія Адраджэння Леанарда да Вінчы (выкананыя не для гэтай канкрэтнай пабудовы, а як узор рэнесансавай сістэмы цэнтральна-купальнага храма). Дамінанта вялікага купала, такім чынам, існавала з пачатку працы над унікальным праектам. Брамантэ распачаў пабудову ў форме грэчаскага крыжа — з роўнымі бакамі. Пасля яго смерці будаўніцтвам кіраваў вялікі Рафаэль, які настойваў на форме лацінскага крыжа ў плане пабудовы — з больш падоўжаным чацвёртым бокам. Пасля яго архітэктар Бальдасарэ Перуццы спрабаваў будаваць цэнтрычную пабудову. А ў 1546 г. кіраўніком праекта быў прызначаны Мікеланджэла — менавіта яму належыць агульнае вырашэнне сабора і яго дамінанты — купала. Пецярбургскі мастацтвазнаўца Ігар Барценеў так ахарактарызаваў работу генія: «Праект Мікеланджэла выйграў у цэласнасці кампазіцыі, сабор зрабіўся больш злітным, кампактным, выключна манументальным. Але ён, як і раней, трактаваўся не толькі як месца малітоўных сходаў, але і як помнік, што ўвасобіў перш за ўсё рэлігійную ідэю»2. Даследчыкі лічаць, што ў гэтым творы Мікеланджэла-архітэктар зрабіў адкрыцці, якія дазваляюць называць яго першапраходцам новага архітэктурнага стылю — барока. Ён прымусіў выгінацца сцены, адмовіўся ад строгай просталінейнасці архітэктурнай масы і плана пабудовы. Мікеланджэла захапіўся перспектыўнымі скарачэннямі ў трактоўцы антаблемента. Калі ўглядацца ў дэталі (у маштабах каласальнай пабудовы таксама вельмі вялікія), то адчуваецца, як майстра трактаваў форму вельмі пластычна, з захапленнем скульптара, і гэта пры ўсёй павазе да ўласна традыцыйных архітэктурных формаў. Аднак трэба прызнаць, што гэтыя дынамічныя рысы зусім не чытаюцца, калі стаіш на плошчы св. Пятра перад саборам. Ён захапляе сваёй арганізаванай, неверагодна вялікай масай, у якой, зразумела, дамінуе ўраўнаважаная гармонія рэнесансу.
Працуючы над купалам, Мікеланджэла ўважліва вывучаў рымскі помнік антычнага дойлідства — Пантэон, купал якога на працягу стагоддзяў захапляў архітэктараў і інжынераў. Каб умацаваць канструкцыю цэглавага купала, Мікеланджэла зрабіў яе двухслойнай (па прынцыпе трубы), што павялічыла яе стабільнасць (трубу значна цяжэй сагнуць і парушыць, чым аднаслойны аб’ект). Да таго ж, знешні слой купала мае 16 каменных рэбраў (яны выразна чытаюцца ў экстэр’еры купала), што таксама ўмацавала канструкцыю. Аднак Мікеланджэла не дажыў да свайго інжынернага трыумфу. Купал (самы высокі ў свеце) быў завершаны ўжо пасля яго смерці Джакама да Віньёлам і Джорджа Вазары паводле ягоных чарцяжоў. Сам Мікеланджэла паспеў выканаць падкупальны барабан, упрыгожаны 16-цю аркамі з парамі карынфскіх калонаў. Магутныя, як і ўсё ў гэтым саборы, яны абрамляюць шырокія праёмы вокнаў (якія дазваляюць аблегчыць ціск барабана на ніжэйшыя канструкцыі). Мікеланджэла вывучаў шэдэўр заснавальніка рэнесансавай архітэктуры Брунэлескі — купал сабора Санта Марыя дель Ф’ёрэ ў Фларэнцыі. Як і папярэднік, ён таксама пайшоў на выцягванне формы купала ўверх (яйкападобная або авалападобная форма), але значна меншае, чым у фларэнційскай пабудове. Мікеланджэла цікавіўся і падкупальнай аркадай Брунэлескі, але пакпіў з яе, называючы «клеткаю для саранчы». Ён быў майстрам тытанічных формаў і кампазіцый. Карла Мадэрна завяршыў галоўны фасад сабора ў 1614 годзе. Ён прыклаў усе намаганні, каб захаваць рытміку і вобразнасць, зададзеную Мікеланджэла. За гэта яму давялося вытрымаць несправядлівую крытыку сучаснікаў — панавалі ўжо зусім новыя мастацкія густы. Зразумела, што пазнейшыя пакаленні былі ўдзячныя Мадэрну за тое, што ён пазбегнуў эклектычнага вырашэння. Каласальныя карынфскія калоны і пілястры ўзнімаюцца праз два ярусы і трымаюць строгі антаблемент. Атык фасада вянчаюць скульптуры: фігуры Хрыста, Яна Хрысціцеля і апосталаў (акрамя Пятра). У цэнтры кампазіцыі, пад самым франтонам паміж калонамі, знаходзіцца Лоджыя благаслаўлення, адкуль вернікам паведамляюць пра абранне новага Папы. Коплекс сабора і плошчы святога Пятра быў завершаны ў 1667 годзе Джавані Бэрніні самым яркім ягоным архітэктурным творам — каланадаю (гэта дзве паўкруглыя каланады тасканскага ордэра, якія кампазіцыйна далучаныя праз дзве карацейшыя простыя каланады да сабора, але не змыкаюцца з ім). Мільёны пілігрымаў, якія з усіх канцоў зямлі ішлі і ідуць у хрысціянскі Рым, перажываюць незабыўнае ўражанне, калі трапляюць у цудоўны свет саборнага комплексу. Каланада і сабор маюць агульную сімвалічную форму ключа святога Пятра. ...І вось расчыняюцца гіганцкія дзверы сабора. Гармонія інтэр’ераў сабора цалкам рэнесансавая. Як і ўсё ў гэтай пабудове, інтэр’еры ўражваюць каласальнымі памерамі, прасторы здаюцца бясконцымі, касмічнымі. Аркі, скляпенні, пілястры — усё падпарадкавана строгім лініям і прапорцыям, што прачытваецца вельмі выразна, нягледзячы на багацце пластычных дэталяў. ...Патрэбна цэлая кніга, каб распавесці пра ўсе мастацкія каштоўнасці і святыні, якія жывуць у суладдзі сабора. Мы абмяжуемся самым галоўным: у канцы цэнтральнай навы знаходзіцца бронзавая статуя св. Пятра, створаная ў XIII стагоддзі Арнольфа дзі Камбіа. Вернікі лічаць яе цудадзейнай і прыкладаюцца вуснамі да яе бронзавай нагі. У першай капліцы ад увахода справа стаіць знакамітая кампазіцыя «П’ета» з белага мармуру разца Мікеланджэла. Але дамінуючым уласна скульптурным складнікам інтэр’ера сабора з’яўляецца 29-метровы балдахін (ківорый) на чатырох кручаных калонах, выкананы з бронзы Джавані Бэрніні ў падкупальнай прасторы над магілай Апостала. Пышныя шматслойныя формы гэтага барочнага твора ўсё ж выбіваюцца з агульнай рэнесансавай кампазіцыі. ...У беларусаў у саборы ёсць свая нацыянальная святыня: з 1946 г. тут знайшло вечны спакой цела святога Язафата Кунцэвіча. Рым немагчыма ўявіць без знакаміцейшай святыні каталіцтва. У гэтым найвышэйшым дасягненні мастацтва заключана ідэя вечнай перамогі хрысціянства. У ім гучыць адказ на пытанне да ўсіх нас — Quo vadis? Адказ сфармуляваны Генрыкам Сянкевічам: «І так прамінуў Нерон, як мінаюць віхор, бура, пажар, вайна або пошасць, а базыліка Пятра пануе дагэтуль з ватыканскіх вышыняў над горадам і светам». Валеры Буйвал
|
|
|
|