|
|
|
№
1(67)/2014
У чаканні кананізацыі
Постаці
Год малітвы
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратуразнаўства
Постаці
Прэзентацыя
Паэзія
In memoriam
Эсэ
Нашы святыні
Галерэя
|
Бэрнарда Строццы (1581–1644) не належыць да гігантаў сваёй эпохі, але ягонымі творамі ганарацца многія музеі Еўропы і Амерыкі. Сучаснікі часцей называлі мастака не па імені, а выкарыстоўвалі два ягоных «творчых псеўданімы»: Il Cappuccino (Капуцын) i Il Prete Genovese (Генуэзскі святар). Бэрнарда Строццы нарадзіўся ў Генуі. У 17-гадовым узросце ён уступіў у Ордэн капуцынаў, а ў 1610 г. з дазволу генерала Ордэну пакінуў кляштар, каб утрымліваць сваю сям’ю. Ягоная святарская біяграфія па-свойму драматычная. У 1630 г. памерла яго маці і Ордэн запатрабаваў ягонага звароту ў кляштар. Калі Строццы адмовіўся, то быў ... арыштаваны, але здолеў уцячы ў Венецыю, дзе жыў і працаваў да смерці. Малады мастак вучыўся ў генуэзскага жывапісца Валерыа Кортэ і сіенца П’етра Сорры. Ён быў таксама майстрам інжынернага мастацтва. У гарадскіх архівах яго згадваюць як карабельнага інжынера Генуэзскай рэспублікі. Строццы, як і многія іншыя сучаснікі, захапіўся творчасцю Караваджа. Да таго ж у Генуі ён блізка пазнаёміўся з караваджыстамі — французам Сімонам Вуэ і італьянцам Арацыа Джэнцілескі. Генуя была таксама горадам, дзе па некалькі гадоў працавалі вялікія фламандскія жывапісцы эпохі Пітэр-Паўль Рубенс і Антоніс ван Дэйк, творы якіх паўплывалі на Строццы. У Венецыі мастак успрыняў уплывы выдатнага майстра Паола Веранэзэ. Але ўсе гэтыя ўплывы не перашкодзілі мастаку выпрацаваць у жывапісе сваю непаўторную манеру. Калі карціна Строццы, прысвечаная святому Пятру, трапіла ў 1940 годзе ў зборы Львоўскай карціннай галерэі, вялікіх праблемаў з недатаваным аўтарам палатном не было. Цэнтральная постаць сюжэта лёгка пазнавалася ў іншых карцінах мастака, выкананых менавіта ў позні перыяд яго творчасці, у 1630-я гады. Аднак у параўнанні з работамі, што знаходзяцца ў іншых музеях (Санкт-Пецярбург, Будапешт, Таронта), яркая натура праявілася найбольш выразна і дынамічна менавіта ў гэтым палатне. Святы Пётр Строццы — гэта не знаёмая нам з безлічы мастацкіх твораў сімвалічная фігура, якую лёгка ідэнтыфікаваць сярод іншых апосталаў паводле ключа або кнігі ў руцэ. Мастак стварыў кампазіцыю амаль у рамках бытавога жанру, распавёўшы пра цуд лекарскай практыкі. Тое, што гэта цуд, мы разумеем з усхваляванай рэакцыі персанажаў карціны, і не толькі. ...Апостал бярэ за руку пажылога паралітыка і аздараўляе яго малітвай і сілай, дадзенай яму Богам. Яго рука далікатна, але ўпэўнена сціскае бязвольную руку хворага – і чалавек вызваляецца ад свайго няшчасця. І хаця гэты кампазіцыйны вузел знаходзіцца ў ценю, ён з’яўляецца адным з вызначальных у карціне. Дакрананне адбываецца на першым плане і падкрэслена чырвонымі тонамі, якія прабіваюцца з паўзмроку. Але цуд створаны не толькі тым, што ў медыцыне называецца мануальным кантактам. Выратаваны паралітык падымае галаву і ў захапленні, з удзячнасцю ўглядаецца ў твар Апостала. Яны равеснікі — хворы і апостал Пётр. Абодва сівавалосыя барадачы з сакратаўскімі галовамі. У кожнага за плячыма пражытае жыццё.Мастак падкрэслівае ў выяве паралітыка плоцевы пачатак існавання. Мы бачым торс некалі моцнага, нават атлетычнага чалавека. Вызвалены ад немачы, ён, увесь прасякнуты рухам, імкнецца насустрач свайму выратавальніку. Гулкі кантраст белі і чырвані яго вопраткі і магутнай карнацыі торса яшчэ больш узмацняе дынаміку твора... Але цэнтрам усяго, вяршыняй піраміды, што выразна чытаецца ў фігурнай кампазіцыі, з’яўляецца постаць святога Пятра, які высока ўзнімаецца над іншымі фігурамі. Ён паварочвае і крыху схіляе галаву насустрач выратаванаму ім чалавеку. Ягоны твар поўны дабрыні і спачування. У той жа час і ў твары і ў самой фігуры Апостала ёсць магутная духоўная энергія, якая распаўсюджваецца ва ўсёй атмасферы палатна. Галава апостала Пятра — лепшае з таго, што намаляваў за ўсё сваё жыццё Бэрнарда Строццы. У гэтым партрэце ёсць сіла рэалізму, якая час ад часу прабівалася на паверхню ў творчасці лепшых мастакоў барока. Яркі, вялікі блік разам з лятучымі ценямі лепіць прыгожую галаву Апостала. Вось дзе ажылі ўрокі Рубенса — у гэтым шматслойным, сакавітым, тэмпераментным жывапісе! Рух колеравай масы працягваецца і ў фігуры Апостала: ярка ззяюць бяліламі дзве лініі на ягоных грудзях — кромкі кашулі, што склаліся ў сілуэт наканечніка стралы. Святы Пётр пэндзля Строццы не падобны на многія рашэнні гэтага вобраза іншымі мастакамі. Але генуэзскі жывапісец не падманваецца прыземленай апавядальнасцю абранага сюжэта. Апостал — пасланец Збаўцы, прадаўжальнік справы Хрыста на зямлі. Увесь пярэдні план карціны, бакавыя фігуры чытаюцца амаль цалкам на фоне цёмнай архітэктурнай махіны (цяжка зразумець, што гэта — будынак, аркада, а можа нават мост; для мастака гэта не важна). І толькі галава апостала Пятра намалявана там, дзе мастак разрывае цяжкую архітэктурную дэкарацыю і адкрывае прастору неба, віры лёгкіх воблакаў, кранутых святлом. Халодны блакіт у бясконцых нюансах стварае каларыстычны кантраст першаму плану палатна, дзе дамінуюць цёплыя тоны. Але не толькі гэта. Абрыс аркі (няхай сабе не геаметрычна правільны, абрэзаны краем палатна), як німб, атачае галаву паслядоўніка Хрыста. Апостал Пётр належыць нябёсам — так завяршае мастак сваё бачанне вобраза святога. (Калі адчуваеш гэта, то адразу разумееш велічны пафас усёй карціны). Сведкам аздараўлення з’яўляецца малады чалавек, які, выцягнуўшы шыю, глядзіць цераз плячо Апостала, назіраючы за тварэннем цуда. Яго фігура рэзанансна паўтарае нахіл направа і дыяганаль, пазначаную фігурай паралітыка. Сведка — у цэлым амаль люстранае паўтарэнне гэтай першапланавай фігуры, але ягоная роля другасная. Гэта тое, што ў мастацтвазнаўстве называецца «дзяжурнай фігурай», змешчанай у кампазіцыю для раўнавагі. У гэтай фігуры найбольш за ўсё адчуваецца тэатральны пачатак, уласцівы барока. Паглядзіце, як намаляваны рукі з доўгімі тонкімі пальцамі — у іх жэсце ёсць манернасць выказвання перажывання, і гэта ўспрымалася сучаснікамі мастака як натуральная праява душэўнага ўзрушэння. Твар і шыя маладога чалавека ярка выдзелены мастаком даволі халодным пучком святла і здаюцца самым штучным фрагментам карціны. А можа і сам аўтар ставіўся да гэтай фігуры абыякава, проста выкарыстоўваючы яе? Цэнтральны вобраз карціны — гэта пранікнёны расповед мастака пра завяршэнне зямнога шляху Апостала. Ён выконвае запавет Настаўніка — ловіць душы чалавечыя, збаўляе людзей, нясе ім святло хрысціянскай ідэі. Святы Пётр ужо стаўся скалою, на якой утвараецца Касцёл. Ён нясе людзям, якія атачаюць яго, упэўненасць і радасць вызвалення. Гэта нястомны работнік на хрысціянскай ніве. І сам ён шмат перажыў. Згадаем, што рука, якая асцярожна кранае нямоглую плоць інваліда, схапіла меч, каб абараніць Хрыста ў Ерузалеме. Перад намі раскрываецца складаная і супярэчлівая натура, яркая індывідуальнасць. Але, безумоўна, справа не ў характарным натуршчыку, якога Строццы намаляваў у шэрагу сваіх работ у 1630-я гады. Глыбокая адухоўленасць мастацкага вобраза народжана шчырай, гарачай верай жывапісца і адлюстроўвае стан ягонай душы. Бэрнарда Строццы стварае карціну трыумфу хрысціянства, яго перамогі. Няма яшчэ велічных храмаў і ўрачыстых працэсій. Хрысціянскія супольнасці абярэжна захоўваюць агонь веры ў варожым атачэнні паганскага свету, і яшчэ наперадзе жорсткія ганенні і доўгія часы паняверкі. Але ідэя збавення ўжо жыве і рэалізуецца ў справах духоўных лідараў і простых людзей. Гэта і ёсць сапраўдны цуд, які азорвае чалавецтва. Валеры Буйвал
|
|
|
|