Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(67)/2014
У чаканні кананізацыі

«ЕДНАСЦЬ СВЯТЫХ» З ЯНАМ ПАЎЛАМ II
Постаці
Год малітвы

МАЛІТВА ДА БОЖАЕ МАЦІ
У кантэксце Бібліі

ЭДЭН
Sanctorum opera
Літаратуразнаўства
Постаці

ПАД ПЫЛАМ ЗАБЫЦЦЯ
Прэзентацыя

З НЕБЫЦЦЯ — НА ПОКУЦЬ
Паэзія

ІТАЛІЯ ЗІМОЙ

ВЕРШЫ
In memoriam
Эсэ
Нашы святыні
Галерэя

Аляксей ЯРОМЕНКА

КАТАЛІЦКІЯ СВЯТЫНІ АСТРАВЕЧЧЫНЫ

Мястэчка Гудагай. Паводле падання, некалі ў гэтых мясцінах (упершыню Гудагай згадваецца ў 1534 г. як паселішча ў складзе маёнтка Астравец-Урбаноўскі) разбойнікі абрабавалі караван купцоў, які ішоў з Усхода на Захад, а саміх купцоў пазабівалі. На месцы разбою старац-пустэльнік, які жыў непадалёк у «будзе ў гаю», знайшоў у крыві абраз Маці Божай з Дзіцяткам. Ён упрыгожыў абраз у сваёй будзе і маліўся перад ім і за вяскоўцаў, і за тых разбойнікаў. З часам і людзі сталі шанаваць абраз, а месца з «Будагая» стала Гудагаем. Пазней на месцы буды вернікі пабудавалі драўляную каплічку, дзе і змесцілі абраз. У 1656 г. шведскі «патоп» знішчыў капліцу, але тагачасныя ўладальнікі маёнтка Развадоўскія ўратавалі абраз.

У XVІІ ст. капліцу ў Гудагаі, які належаў Развадоўскім, абслугоўвалі кармэліты старога статута з недалёкай адсюль парафіі Слабодка. 25.09.1735 г. Людвіка Ганна з Сулістроўскіх, Козел-Паклеўская па першым мужы, набыла Гудагай у Развадоўскіх і ўжо ў 1736 г. пабудавала для абраза капліцу на месцы стражытнай, спаленай шведамі. А ў 1763 г. тут быў узведзены драўляны касцёл, асвечаны пад тытулам Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Амаль адразу, 19 студня 1764 г., Юзаф Крыштаф Война, абозны полацкі, і Людвіка Ганна, стаўшая яго жонкаю, зрабілі фундацыю на заснаванне пры касцёле кляштара кармэлітаў босых. Сярод іншых фундатараў былі Амброзій Козел-Паклеўскі, староста дзісненскі і сын Людвікі Сулістроўскай ад першага шлюбу, Юзаф, паручнік пяцігорскі, Тадэвуш, староста мядзянскі. Так вось і сталася, што амаль у суседніх паселішчах (паміж Гудагаем і Слабодкай каля 5 км, сёння гэта адна парафія) існавалі два кляштары кармэлітаў, але з XVІ ст. кармэліты старога статута і босыя (новага статута) былі ўжо двума рознымі ордэнамі.

Ужо 8 жніўня (па інш.зв. — верасня, на свята Нараджэння НМП) 1764 г. адбылася ўрачыстая інтрадукцыя кармэлітаў, для якіх злева ад касцёла пабудавалі кляштарны дом, разлічаны на 3-4 законнікі. Кляштар быў залічаны да Літоўскай правінцыі ордэну, і нарэшце, 21 верасня 1777 г., Віленскі біскуп Якуб Ігнацы Масальскі зацвердзіў заснаванне гудагайскай парафіі — на той час каля 1500 вернікаў.

Драўляны комплекс кляштара, абнесены штакетнай агароджаю, складаўся з касцёла, брацкага корпуса, двух’яруснай чацверыковай званіцы (там былі 3 званы, адзін з якіх быў адліты ў 1792 г. стараннем кс. Раймунда пры дапамозе парафіянаў, і некалькіх гаспадарчых пабудоваў з садам. У 1800 г. пры кляштары адчыніўся шпіталь, дзейнічала і школа для сіротаў, дзе навучалі рэлігіі, чытанню, пісанню і матэматыцы. У гэты час у кляштары ўжо было 13 братоў.

Касцёл Наведзінаў НМП у той час уяўляў з сябе невялікі залавы двухвежавы храм у стылі барока, прамавугольны ў плане, з пяціграннай апсідай і дзвюма невялікімі і нізкімі сакрыстыямі, на бутавым атынкаваным падмурку. Галоўны фасад з выяваю Глорыі на трохвугольным франтоне фланкавалі дзве чацверыковыя вежы пад барокавымі купаламі. Інтэр’ер пад плоскай падшыўной столлю ўпрыгожвалі 5 алтароў — галоўны са слынным цудамі абразом Маці Божай Гудагайскай копія XVІІ ст. абраза Маці Божай Уладзімірскай на дубовай дошцы памерамі 31,2 × 27,7см; срэбраная з пазалотай шата на абраз была створана яшчэ ў 1746 г. віленскім майстрам Анджэем Эўрэліем, кароны аздобленыя рубінамі) і 4 бочныя алтары. Над уваходам на 2 слупы абапіраліся хоры з арганам.

Кляштар дзейнічаў да 18 жніўня 1832 г., да часу ліквідацыі разам з іншымі кляштарамі. Гудагайскі ж касцёл як парафіяльны працаваў яшчэ да 1867 г. (да 1850 г. дзейнічаў як капліца ад слабодскай парафіі, потым быў прыватнай капліцай, а ў 1870-я гг. выкуплены пробашчам з Солаў), але царскія ўлады ліквідавалі і парафію (будынкі былі адабраныя ў дзяржаўную казну і прададзеныя габрэям на разборку). Аднак будынак касцёла захаваўся (зніклі алтары і былі разабраныя вярхушкі вежаў) і ў якасці капліцы быў далучаны да сольскай парафіі. Цудадзейны абраз Маці Божай перанеслі ў касцёл у Ашмянах, дзе апошні гудагайскі прыёр а. Урбан Кляпацкі стаў вікарыем з правам нашэння габіта.

На пач. ХХ ст. намаганнямі кс. Даната Сямашкі з Солаў касцёл паднавілі: над франтонам галоўнага фасада з’явілася прыгожая вежа; у інтэр’еры ўсталявалі тры новыя двух’ярусныя алтары ў стылі г. зв. станіславаўскага класіцызму; у галоўным змясцілі абраз Маці Божай Шкаплернай (перанесены 9 чэрвеня 1856 г. з ліквідаванага касцёла ў Слабодцы), а над ім — копію цудадзейнага абраза. З 1878 г. святыня дзейнічала ўжо як філіяльны касцёл. У 1904 г. злева ад касцёла была пабудаваная новая драўляная званіца, а касцёльную тэрыторыю абнеслі бутавай атынкаванай агароджаю.

Адразу ж пасля царскага маніфеста 1905 г. аб свабодзе веравызнання гудагайскім вернікам дазволілі аднавіць парафію, і з жніўня 1906 г., пасля прыезду кс. Фелікса Мінгіна, тут паўстала парафія Ашмянскага дэканата. У наступным, 1907 г., 2 жніўня, касцёлу быў вернуты славуты абраз Маці Божай.

Касцёл Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў мястэчку Гудагай.
Фота А. Яроменкі.

У 1927 г. касцёл быў рэстаўраваны (галоўны ўваход упрыгожылі дзверы з дэкорам у выглядзе мальтыйскага крыжа), у 1938 г. быў усталяваны арган. У тыя гады да гудагайскай парафіі былі прыпісаныя капліцы ў Лошы і Слабодцы, а колькасць парафіянаў складала амаль 6 000 вернікаў.

Касцёл дзейнічаў і падчас Другой сусветнай вайны. У 1944 г. нават планавалася пабудаваць новы комплекс касцёла-санктуарыя паводле праекта віленскага архітэктара Яна Бароўскага, аднак прыход савецкай улады адмяніў гэтыя планы, хоць старажытны касцёл працягваў сваю дзейнасць, толькі з 1973 г. (16 ліпеня памёр кс. Адам Вайцэхоўскі, які служыў тут з 1956 г.) тут не было пастаяннага ксяндза.

У наш час паўнацэннае каталіцкае жыццё гудагайскай парафіі нармалізавалася. З 1991 г. тут ізноў адроджаны мужчынскі кляштар кармэлітаў босых, для якіх побач з касцёлам пабудаваны кляштарны дом з капліцаю. Як і ў старажытны час, у парафіі працуюць 3–4 законнікі. З 1991 г. тут працуюць і сёстры кармэліткі ад Дзіцяткі Езуса.

Сёння касцёл Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі зноў рэстаўраваны; у цэнтры галоўнага алтара змешчаны цудадзейны абраз Маці Божай Гудагайскай (фэст 16 ліпеня, а 14 ліпеня 2007 г. быў каранаваны абраз Маці Божай Шкаплернай), у 2-м ярусе — абраз Наведзінаў; па баках стаяць фігуры св. Марыі Магдалены і св. Барбары. Упрыгожваюць святыню і бочныя алтары: св. Казіміра і Божай Міласэрнасці. Як і раней, да гудагайскай парафіі належаць капліцы ў Лошы і Слабодцы.

Вёска Лоша. Капліца пад тытулам Божай Міласэрнасці ў Лошы, вядомая з міжваеннага часу, драўляная, прамавугольная ў плане, з трохграннай алтарнай часткай, перакрытая двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром, пад падлогай — крыпта; побач — чацверыковая званіца.

Пасля вайны капліца была зачынена і занядбаная, а пахаванні разрабаваныя. У 1989 г., дзякуючы намаганням гудагайскага пробашча айца Бэрнарда Радзіка, вернікі адрадзілі сваю святыню, пабудавалі новую званіцу. Капліца была нанава асвечаная 21 верасня 1997 года.

 

ЛІТАРАТУРА І КРЫНІЦЫ

  1. Ochmański J. Biskupstwo Wileńskie w średniowieczu: Ustrój i uposaźenia. — Poznań. 1972.
  2. Памятная книжка виленского генерал-губернаторства на 1868 г. Под ред. А. М. Сементовского. — Санкт-Пецярбург, 1868.
  3. Калекцыя фотаздымкаў канца XIX – пач. XX ст. з аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. BAN 23-2-24.
  4. A. Hlebowicz. «Kościoł w niewoli». — Warszawa. 1991.
  5. Збор помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi. — Мінск. 1985–1988.
  6. C. Jankowski. «Powiat Oszmiański». Tom I–III. — Kraków. 1896–1898.
  7. Jan Kurczewski. «Biskupstwo Wileńskie». — Wilno. 1912.
  8. А. М. Кулагін. «Каталіцкія храмы на Беларусі». — Мінск. 2000.
  9. «Наша вера»: Юры Туронак. «Фармiраваньне сеткi рыма-каталiцкiх парафiй на Баларусi ў 1387–1781 гг.». № 1, 1995. Аркадзь Куляха OCD. «Санктуарый Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі». № 2, 2007.
  10. «Materiały do dziejów sztuki sakralnej na ziemiach wschodnich dawnej Rzeczypospolitej». Redaktor naukowy serii Jan K. Ostrowski, redakcja naukowa Maria Kałamajska-Saeed: Część III. «Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa Wileńskiekiego». Tom 1. — Kraków, 2005.
  11. Rocznik informacyjny diecezji Grodzieńskiej. — Grodno, 2005.
  12. Słownik Geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T 1–14. — Warszawa. 1880.
  13. Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi. — Мінск. 1994–2001.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY