Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(90)/2019
Юбілеі

«QUIS UT DEUS»

НЯХАЙ АДБУДЗЕЦЦА ВЯРТАННЕ

У ПІНСКУ ЎНЕБАЎЗЯТЫМ
У святле Бібліі
Культура
Прэзентацыя

«АД РЭНЕСАНСУ ДА БАРОКА»
На кніжнай паліцы

ДУХ ХРЫСТА І ДУХ АНТЫХРЫСТА
Падзея

У БОГА НЯМА ВЫПАДКОВАСЦЯЎ

УЗАЕМНАСЦЬ
Культура

КУДЫ ВЯДЗЕ РАДАВОД?
Асобы
Музыказнаўства
Паэзія

ВЕРШЫ

ПАВОДЛЕ...
Пераклады

ДЗЯЎЧЫНА З РОДАСА
Прэзентацыя

«АЛЬБОМ ДЛЯ ЦЁТКІ МАРЫЛІ»
Спадчына

«СА МНОЮ, БОЖА, БУДЗЬ...»

ПАННА Р*
Нашы святыні

Біскупская сакра з рук
папы Яна Паўла ІІ.
Ватыкан, 20 кастрычніка 1989 г.

Глыбокапаважаныя чытачы часопіса «Наша вера»!

Каталіцкі Касцёл у Беларусі перажыў сваю Галготу ў ХХ стагоддзі, калі рэжым ваяўнічага атэізму імкнуўся перамяніць нашу Краіну ў духоўную пустыню. Беларусь прыняла хрысціянства больш за 1000 гадоў таму і апынулася ў вялікай духоўнай небяспецы: зачыняліся касцёлы і кляштары, не вялася падрыхтоўка святароў, веруючы чалавек быў чалавекам другога гатунку, якому цяжка было паступіць ва ўніверсітэт і атрымаць добрую пасаду, ён быў абмежаваны ў прафесійнай кар’еры, шматлікія святары, кансэкраваныя асобы і свецкія прайшлі праз ссылкі і лагеры, не адзін з іх заплаціў цаною свайго жыцця за вернасць Богу і Касцёлу.

Здавалася, што са смерцю апошняга святара Касцёл перастане існаваць на нашай зямлі. Так думаў чалавек, але думкі Божыя — гэта не думкі чалавечыя, і тое, што немагчыма для чалавека, становіцца магчымым для Бога.

У фатальным 1917 годзе — годзе бальшавіцкай рэвалюцыі, якая прынесла незлічоныя беды нашаму грамадству і пераслед рэлігіі, у далёкай Фаціме Марыя дала людзям надзею, што Яе Беззаганнае Сэрца затрыумфуе і наша зямля навернецца да Бога. Фацімскае прароцтва стала новай надзеяй нават насуперак надзеі. Гэтай надзеяй людзі жылі доўгія тры пакаленні. Нягледзячы на пераслед, яны клапаціліся пра тое, каб захаваць веру. І сапраўды, яна не знікла, хаця вельмі аслабла. Не шматлікія, у большасці старэйшага ўзросту і часта хворыя, святары «дваіліся» і «траіліся», каб падтрымаць веру. Людзі, у сваю чаргу, таксама дбалі, чувалі і няспынна маліліся. У простых малітвах, ружанцы, Крыжовым шляху, літаніях і г.д. яны не толькі захавалі яе, але і перадалі маладому пакаленню. Сёння трэба схіліць свае галовы перад бабулямі, якія былі галоўнымі вартаўнікамі і пераказчыкамі веры.

З абраннем Кракаўскага кардынала Караля Вайтылы Папам Рымскім у 1978 г. з’явілася новая надзея на ажыццяўленне Фацімскага прароцтва. Добра памятаю той дзень: тады я вучыўся на другім курсе Каўнаскай духоўнай семінарыі, якая была духоўным цэнтрам у атэізаваным грамадстве. У першыя дні пасля выбару новага Пантыфіка людзі пыталіся, ці сапраўды, што адзін з нашых, гэта азначае той, хто добра ведае атэістычную сістэму, абраны Папам? Калі гэта так, казалі яны, то павінны адбыцца змены.

І людзі не абмануліся ў сваіх спадзяваннях. У той час, калі многія апусцілі рукі, Ян Павел ІІ, даверыўшы Марыі сваё служэнне на катэдры св. Пятра, верыў у перамогу дабра над злом. Ужо першыя словы яго Пантыфікату — «Адчыніце дзверы Хрысту», сталі новай надзеяй на тое, што дадзеная ў Фаціме ў 1917 г. прароцтва аб навяртанні нарэшце ажыццявіцца. І так сталася. Папа Вайтыла своечасова і добра чытаў знакі часу і імгненна на іх адказваў. Заклапочаны складаным станам Касцёла ў былым Савецкім Саюзе, у тым ліку і на Беларусі, ён пачаў адраджаць касцёльную іерархію. 25 ліпеня 1989 г. Ян Павел ІІ прызначыў мяне Мінскім біскупам і Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі. Усведамляючы ролю старэйшага пакалення ў захаванні веры ў часы ганенняў, калі яно, нягледзячы на пераслед, на першае месца ставіла Бога, і разумеючы заданні, якія стаяць перада мною, дэвізам свайго служэння я выбраў словы: «Quis ut Deus» — «Хто ж як Бог».

Ніколі не забудуся словаў Яна Паўла ІІ, які 20 кастрычніка 1989 г. пасля біскупскай кансэкрацыі ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане каля выявы «П’ета» моцна ўзяў мяне за рукі і сказаў: «Тадэвуш, не бойся, я малюся за цябе!» Яго малітву я адчуваю заўсёды.

З даверам да Бога і Божай Маці, а таксама з малітвай Святога Айца для мяне распачаўся час «першапраходца» без адпаведных касцёльных структураў, біскупскай практыкі, святароў, кансэкраваных асобаў, касцёлаў, семінарыі, каталіцкіх медыя, дабрачынных арганізацый, адпаведна сфармаваных свецкіх вернікаў, але з непрыхільнымі да Касцёла ўладамі.

Аднак Бог благаславіў. Паўтара года біскупскай паслугі ў Беларусі сталі часам ласкі. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, за гэты час удалося вярнуць каля 100 раней канфіскаваных касцёлаў, адкрыць у Гродне духоўную семінарыю, падрыхтаваць і выдаць 50 тысяч асобнікаў парадку св. Імшы і 90 тысяч кароткага катэхізіса на беларускай мове, распачаць пры парафіях катэхізацыю дзяцей, арганізаваць дабрачынную дзейнасць, атрымаць дазвол на прыезд святароў з-за мяжы.

Такія знакавыя касцёльныя аб’екты, як касцёл святых Сымона і Алены ў Мінску і катэдра Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве, былі нарэшце перададзены Касцёлу. Распачаліся набажэнствы на трэцім паверсе ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. 12 красавіка 1991 г. была падпісана дамова аб супольным выкарыстанні філармоніяй і вернікамі касцёла Святой Тройцы і св. Роха на Залатой Горцы ў Мінску.

Рэкансэкрацыя мінскай архікатэдры.
21 кастрычніка 1997 г.

На наступны дзень, 13 красавіка, папа Ян Павел ІІ адрадзіў касцёльныя структуры ў Расіі і ў Сярэдняй Азіі. У той сам дзень ён прызначыў мяне арцыбіскупам і Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду ў Еўрапейскай частцы Расіі. Я пакінуў Беларусь з парафіяльнымі і іншымі структурамі, якія пачыналі адраджацца, і з двума каталіцкімі біскупамі — арцыбіскупам, пазнейшым кардыналам Казімірам Свёнткам, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі, і біскупам Аляксандрам Кашкевічам — ардынарыем Гродзенскай дыяцэзіі. Для мяне распачаўся новы этап біскупскага служэння на абсалютна знішчанай атэізмам расійскай зямлі, якая адчувала духоўны голад. І тут Бог таксама благаславіў: распачалося адраджэнне парафій і іншых структураў. У 1991 г. быў заснаваны Каледж каталіцкай філасофіі, тэалогіі і гісторыі імя св. Тамаша Аквінскага, які потым быў ператвораны ў Тэалагічны інстытут. У 1993 г. у Маскве была заснавана Духоўная семінарыя «Марыя — Каралева Апосталаў», якая ў 1995 г. была пераведзена ў гістарычны будынак Санкт-Пецярбугскай духоўнай семінарыі. У 1999 г. была кансэкравана адноўленая катэдра Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Маскве. Каталіцкія медыя занялі належнае ім месца ў расійскай рэлігійнай медыяпрасторы. Вельмі добра працуюць розныя выдавецтвы, якія да 2007 г. выдалі больш за 600 найменняў розных рэлігійных кніг. Падрыхтоўка і выданне расійскай каталіцкай Энцыклапедыі сведчыць аб духоўнай, інтэлектуальнай і арганізацыйнай сталасці Касцёла ў Расіі. Дабрачынная арганізацыя «Карытас» мае заслужаную славу ў расійскім грамадстве. Распачалася актыўная душпастырская праца сярод моладзі, інтэлігенцыі і сем’яў.

Сёння Касцёл у Расійскай Федэрацыі складаецца з чатырох дыяцэзій — Архідыяцэзіі Божай Маці ў Маскве і дыяцэзій св. Клімэнта ў Саратаве, Перамянення Пана ў Новасібірску і св. Юзафа ў Іркуцку. Яны аб’яднаны ў Мітраполію з цэнтрам у Маскве. Колькасць парафій з некалькіх у 1991 г. вырасла да больш як 230-ці. Колькасць святароў таксама з некалькіх дасягнула каля 300.

Каталіцкі Касцёл у Расіі ажыў і сёння з’яўляецца інтэгральнаю часткаю расійскага грамадства. Ён надае вялікае значэнне ў сваёй дзейнасці развіццю адносінаў з іншымі веравызнаннямі, асабліва з Рускаю Праваслаўнаю Царквою.

Адраджэнне і развіццё Касцёла ў Расіі стала магчымым дзякуючы ахвярнаму служэнню замежных святароў і кансэкраваных асобаў, якія складаюць абсалютную большасць духоўных і дапамагаюць пакуль што яшчэ нешматлікім расійскім, актыўнаму служэнню свецкіх вернікаў, і асабліва інтэлігенцыі, плённаму супрацоўніцтву ўсяго расійскага епіскапата і розным дабрачынным фондам.

З 10 лістапада 2007 г. па волі Святога Айца Бэнэдыкта XVI я ізноў служу на сваёй Радзіме. Пасля 16-ці з паловай гадоў я ўбачыў Касцёл у Беларусі з добра развітымі структурамі. Ён складаецца з 4-х дыяцэзій — Мінска-Магілёўскай, Гродзенскай, Пінскай і Віцебскай, якія аб’яднаны ў Мінска-Магілёўскую мітраполію. Колькасць парафій са 110 ў 1989 г. павялічылася да 500. Колькасць святароў — з 60-ці да 500. Існуюць дзве духоўныя семінарыі — у Гродне і Пінску, тэалагічныя каледжы ў Мінску і Гродне і катэхетычны — у Баранавічах. Адраджаецца дзейнасць манаскіх супольнасцяў. На сённяшні дзень сваё служэнне нясуць 26 мужчынскіх і 26 жаночых супольнасцяў. Добра развітая выдавецкая дзейнасць, у якой вядучую пазіцыю займае выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Про Хрысто». Штогод яно выдае каля 30-ці розных кніг рэлігійнага, літургічнага, гістарычнага і духоўнага, хрысціянскага зместу. Развіваюцца і электронныя медыя. Каталіцкія парталы дзейнічаюць у дыяцэзіях, парафіях, касцёльных рухах, дабрачынных арганізацыях і манаскіх супольнасцях. Не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі вядомы партал Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі «catholic.by».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч уручае Кампендый Каталіцкага Касцёла папу Бэнэдыкту XVI.
Ватыкан, 27 мая 2010 г.

Вялікую ўвагу Касцёл у Беларусі надае адносінам з рознымі веравызнаннямі, найперш добрым і сяброўскім адносінам з Беларускаю Праваслаўнаю Царквою. Мы сумесна выступаем за захаванне Божага Закону і разам баронім правы вернікаў. Адносіны з нехрысціянскімі рэлігіямі ў апошні час выйшлі таксама на новы ўзровень.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі сёння мае заслужаную павагу ў грамадстве. Ён цвёрда стаіць на сваіх нагах і прымае актыўны ўдзел як у евангелізацыі, так і ў вырашэнні розных, перадусім сацыяльных і маральных, праблемаў, якія ёсць у нашай краіне.

Падмурак для адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і Расіі заклалі шматлікія веравызнаўцы і мучанікі, кроў якіх з’яўляецца насеннем хрысціянаў, як кажа Тэртуліян, а таксама старэйшае пакаленне святароў і свецкіх вернікаў у часы ганенняў.

Адражэнне Касцёла ў Беларусі, як і ў Расіі, стала магчымым дзякуючы служэнню епіскапата, мясцовых і замежных святароў і кансэкраваных асобаў, а таксама свецкіх вернікаў, у тым ліку актыўнай моладзі і інтэлігенцыі, а таксама ахвярнасці вернікаў і дапамозе дабрачынных арганізацый.

Сёння я дзякую Богу за тое, што ў сваім неспасцігальным для чалавека Провідзе Ён прызначыў мяне стаць каля вытокаў адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і Расіі і прымаць у гэтым працэсе актыўны ўдзел. За ўсё тое, чаго ўдалося дасягнуць, хвала Богу і Марыі, якая ўсе гэтыя 30 гадоў майго біскупскага служэння ахінала мяне плашчом сваёй апекі. Дзякую ўсім, хто ўвесь гэты час быў побач і ўсяляк дапамагаў. Перапрашаю тых, каго чымсьці пакрыўдзіў. Хачу запэўніць, што заўсёды кіраваўся толькі дабром Касцёла і служыў справе збаўлення людзей. Прашу аб малітве на далейшае плённае служэнне.

Для вас, дарагія браты і сёстры, заўсёды стараўся быць біскупам, а разам з вамі — хрысціянінам, як кажа св. Аўгустын. Калі мы разам, то мы моцныя. Будуйма разам наш Касцёл, па-за якім няма збаўлення! Дзякуючы яго служэнню ў новыя часы свабоды веравызнання і адначасова нябачнага дасюль негатыўнага ўплыву секулярызму, маральнага рэлятывізму і дабравольнага адыходу ад веры мы, наследуючы нашага нябеснага апекуна св. Міхала, будзем жыць праўдаю, што Бог заўсёды на першым месцы. «Quis ut Deus!» — «Хто ж як Бог!»

Пасля ўручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне». 9 студзеня 2019 г.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY